Брэст: што паглядзець у 1000-гадовым беларускім Карфагене ШМАТ ФОТА 25

Аўтар: Сяргей Мікулевіч, фота Сяргея Гудзіліна, матэрыял з архіву НН

Адзін з трох самых старажытных беларускіх гарадоў сёлета святкуе тысячагоддзе — нягледзячы ні на што. Бо Брэст можна назваць беларускім Карфагенам: яго, як вядомы з антычнай гісторыі горад, 180 год таму разбурылі дазвання. Праўда, пасля адбудавалі на новым месцы.

Брэст варты наведвання ў год свайго 1000-годдзя.

Ажыўленая доўгая пешаходная вуліца ў цэнтры з крамамі, галерэямі і кавярнямі.

Раскошныя вуліцы старых асабнякоў у цэнтры, якіх не знойдзеш у Мінску.

Характэрныя берасцейскія двары.

Сімвалічны край Рэспублікі Беларусь: месца зліцця ржавых вод Мухаўца і наравістых вод Буга.

І памяць пра вайну, і савецкія культурныя наратывы, увасобленыя ў бетоне.

Усё гэта — Брэст, Берасць, Брест-Литовскъ, горад, у якім шмат чаго можна адкрыць.

Рэдкая з’ява: у сярэднявечных хроніках Берасце ўпершыню згадваецца не таму, што яго спалілі якія-небудзь ворагі, а ў сувязі з візітам высокага госця. У 1019-м у горад прывезлі князя Святаполка Уладзіміравіча. Сын Уладзіміра Святога, прайграўшы барацьбу за кіеўскі сталец свайму брату Яраславу, ён быў аслаўлены ў летапісах «Акаянным» і звінавачаны ў забойстве братоў Барыса і Глеба. Хоць некаторыя дэталі таго старажытнага дэтэктыву сведчылі пра датычнасць да забойства якраз Яраслава.

Уцякаючы ад брата пасля паразы ў бітве, Святаполк ад стрэсаў захварэў. «Расслабіліся яму косткі, не мог далей ехаць», напісаў летапісец. І Берасце дало князю часовы прытулак.

Рэшткі берасцейскага дзядзінца, дзе спыняўся Святаполк, дрэмлюць за Холмскімі варотамі Брэсцкай крэпасці. У сярэднявеччы тут стаяў не апошні па магутнасці і значэнні замак.

Тут кіеўскія князі не раз вялі перамовы з палякамі. Галіцка-валынскія князі паставілі тут «стоўп каменны» — вялізную вежу, накшталт Камянецкай.

Камянецкая вежа на літаграфіі Напалеона Орды, 1876 год.

Берасцейскі «стоўп каменны»

Змуравалі на загад князя Уладзіміра Васількавіча. Вызначыць, дзе стаяла вежа, сёння складана. Той князь, дарэчы, праславіўся гуманізмам. Гэта яму ў галодны год пісалі суседзі-яцвягі: «Гаспадару, не перамары нас, але перакармі нас сабе, пашлі, гаспадзіне, нам жыта сваё прадаваць, а мы за тое купім, за што захочаш, за воск, за вавёрак, за баброў, за срэбра». І князь загадаў адправіць па Бугу караблі з берасцейскім хлебам, хоць яцвягі і былі неспакойнымі суседзямі.

На помніку Тысячагоддзя Брэста пад покрывам Анёла-ахоўніка — князь Уладзімір Васількавіч, вялікі князь літоўскі Вітаўт, а таксама Мікалай Радзівіл Чорны. Узвялі манумент у 2009-м на скрыжаванні Гогаля і Савецкай.
Валынскі князь Уладзімір Васількавіч трымае ў руках Брэсцкую вежу.

У 1409-м у Брэсце сустрэліся польскі кароль Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт, каб спланаваць паход на крыжакоў, што меў вынікам перамогу пад Грунвальдам. Пазней тут адбываліся Соймы ВКЛ.

Вялікі князь літоўскі Вітаўт.

Археалагічны музей «Берасце»

Цікавы тым, што дазваляе зірнуць праз стагоддзі не на храм ці княскі палац, а на жыццё звычайнага гарадскога мікрараёна ХІІ стагоддзя — накшталт якой Малінаўкі ці Серабранкі. Але і ў такім не самым прэстыжным раёне археолагі знаходзілі скураны абутак ды шахматныя фігуры — відавочна, берасцейцаў ужо тады займалі пытанні гардэробу ды інтэлектуальнага развіцця.

Музей расчароўвае і ўражвае адначасова. Расчароўвае, бо хочацца большага маштабу. Маленькае акенца ў старажытнасць: пара дзясяткаў зрубаў, дзве вуліцы, плот. А горад ляжыць шырэй ва ўсе бакі, хаваецца пад зямлёю. Дзесьці там — падмуркі першых берасцейскіх храмаў, дзесьці парэшткі «стаўпа каменнага», што высіўся над замкам.

Уражвае памер некаторых пабудоў старажытнага Бярэсця: яны не меншыя за сучасныя аднапакаёўкі. Праўда, трэба ўлічыць, што ў такой «кватэры» жыла не толькі сям’я, але і кароўкі з свінкамі. І, ясная справа, вокнаў жытло не мела — толькі невялікія дзверы-дзірку: хату з вокнамі дорага было ацяпляць узімку.

Побач з музеем пасадзілі малы вяз (Úlmus mínor), па-мясцоваму «бэрэсть» — ад яго, магчыма, пайшла і назва горада.

Найбольшы турыстычны аб’ект

Кажам «Брэст» — думаем «крэпасць». Фартэцыя, збудаваная на загад расійскага імператара пасля шоку напалеонаўскага паходу, стала на месцы старажытнага горада. У 1835-м Брэст цалкам разбурылі і адсялілі на некалькі кіламетраў.

Крэпасць, як многія збудаванні такога кшталту, не прыдалася да Другой сусветнай вайны. Сёння тут мемарыял. Цёмна-чырвоныя сцены і ўздыблены бетон помнікаў абароне 1941-га вядомыя ва ўсім свеце. Сёння гэта адзін з найбольшых у Беларусі турыстычных аб’ектаў. Асабліва заўважана ў майскія дні, калі сюды аўтобусамі вязуць школьнікаў і вялікімі групамі едуць расійскія турысты.

Калі прайсці ўздоўж сцяны крэпасці, можна пабачыць, як павольны балоцісты Мухавец упадае ў імклівы Буг. Вада рознага колеру пазначае месца іх зліцця.

Тут рашаўся лёс Усходняй Еўропы

У крэпасць варта завітаць, нават калі гісторыяй Другой сусветнай не цікавіцеся. На яе тэрыторыі адбыліся дзве падзеі, якія ў свой час змянілі гісторыю Усходняй Еўропы.

У Мікалаеўскай царкве (стаяла яна паблізу помніка «Смага») у 1596 была падпісаная Берасцейская Унія. Праваслаўныя і каталіцкія іерархі паспрабавалі дасягнуць рэлігійнага міру ў Рэчы Паспалітай, аддаючы Праваслаўную царкву пад уладу Рымскага Папы, але з захаваннем традыцыйнай абраднасці. Працэс далучэння выклікаў новыя спрэчкі і крывавыя сутыкненні. Але ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, на момант скасавання Уніі расійскімі ўладамі, абсалютная большасць беларусаў была ўніятамі.

А ў Белым палацы, руіны якога стаяць пры ўваходзе ў крэпасць, у пачатку сакавіка 1918-га быў падпісаны Брэсцкі мір паміж кайзераўскай Германіяй і бальшавіцкай Расіяй — ён скончыў крывавую Сусветную вайну ва Усходняй Еўропе і апасродкавана прывёў да абвяшчэння беларускай незалежнасці. Так што Белы палац варта згадваць сярод знакавых для нашай дзяржаўнасці месцаў.

Першае ж замірэнне ўклалі ў маляўнічым Скокаўскім палацы, за некалькі кіламетраў ад горада. У свой час ён належаў славутаму ад’ютанту і сябру Касцюшкі Юльяну Урсын Нямцэвічу. Палац ацалеў дзякуючы таму, што нашчадкі Нямцэвіча адмовіліся пакідаць свой дом у 1915-м.

Хоць Брэсцкая крэпасць і лічылася найлепшай у імперыі ды магла вытрымаць аблогу ў восем месяцаў, перад наступам кайзераўскіх войскаў Брэст татальна эвакуіравалі. Будынкі знішчалі, пакідаючы немцам выпаленую зямлю. Дзясяткі тысяч беларусаў апынуліся тады ў бежанскіх абозах, тысячы загінулі. Але гаспадыня Скокаў не пагадзілася выязджаць. Камандзір казацкай дывізіі, які меў загад знішчыць палац, вымушаны быў саступіць шляхцянцы.

З прыходам немцаў на паўтара года — ад верасня 1916 да мая 1918 — тут была стаўка Галоўнакамандуючага Усходнім фронтам, прынца Леапольда Баварскага. «Замачак Шкокі» прычараваў старога нямецкага фельдмаршала сваёй практычнасцю «без асаблівых прэтэнзій».

У Скоках у снежні 1917 было падпісана замірэнне між бальшавіцкай Расіяй і Германіяй — першае ў сусветнай вайне. Баявыя дзеянні спыніліся на ўсім Усходнім фронце ад Балтыкі да Чорнага мора.

Тут жа 2 лютага 1918 быў падпісаны першы мір — з Украінай, што толькі абвясціла незалежнасць. Згодна з тым мірам, да Украіны мусілі адысці тэрыторыі на поўдні Гродзенскай губерні, а таксама Пінскі, Мазырскі і Рэчыцкі паветы Мінскай губерні і Гомельскі павет Магілёўскай губерні. Гродзеншчыну і Віленшчыну планавалі аддаць Літве, Усход — РСФСР, Міншчына і Віцебшчына былі акупаваныя нямецкімі войскамі.

Ніякай Беларусі тут не планавалася, яна мелася быць падзеленая між чатырма дзяржавамі. І абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918-га, а пасля і з’яўленне Савецкай Беларусі, паказвае, што не ўсё залежыць ад жадання моцных суседзяў, калі народ мае ўласную палітычную волю. Насуперак усяму, Беларусь змагла паўстаць у ХХ стагоддзі.

У Скоках захаваўся цудоўны, хоць і трохі запушчаны, парк з рэдкімі грабавымі алеямі: гэта мо трэцяе ці чацвёртае пакаленне дрэваў, якое расце на старым карэнні. Яны памятаюць шпацыры Касцюшкі, размераныя крокі прынца Леапольда, хаваюць дыпламатычныя сакрэты 1918-га.

Готы і Кацін Бор

Леапольд Баварскі — не першы германец, што пакінуў след у берасцейскай гісторыі. Дзве тысячы год таму гэтыя мясціны засялялі готы — брэсцкія Трышынскія могілкі ды частка Маскоўскай вуліцы стаяць на іх старажытным магільніку.

Так выглядалі готы. Фрагмент мазаікі з Канстантынопаля.

Яшчэ адзін парадаксальны след нямецкай прысутнасці — раён Кацін Бор. Колісь была тут карчма, якую трымаў немец, і звалася яна «Кальтэнберг», «камяністая гара», — але дзе ж ты выгаварыш такое слова. Давялося спрасціць.

Брэст і Брыск

Горад Брыск, як спяваецца, «не пабачыш на мапе сучасных гадоў». Гэтак на сваёй мове называлі Брэст яго насельнікі з 600-гадовым стажам — яўрэі. Запрошаныя яшчэ вялікім князем Вітаўтам, яны атрымалі ад яго прывілей сяліцца ў Брэсце і займацца вольна гандлем ды пазычаннем грошай. Магчыма, той прывілей і быў пазнейшай падробкай, аднак неаспрэчна, што ў Брэсце ўзнікла адна з першых яўрэйскіх грамад у ВКЛ ды сінагога.

У XVI стагоддзі Брэсцкім кагалам кіраваў легендарны Шаўль Вааль — прадпрымальнік, авантурнік і «агент уплыву». Згодна з легендай, пасля смерці караля Рэчы Паспалітай Сцяпана Баторыя, калі выбары новага кіраўніка дзяржавы зацягнуліся, было прапанавана абраць «каралём на адну ноч» менавіта Вааля. І той за сціслы час паспеў надаць супляменнікам мноства прывілеяў…

Захавалася ўнікальная гравюра з выявай Брэста XVII стагоддзя — на ёй паказаная аблога горада войскамі шведскага караля. Цікава, што каналы, якія баранілі бастыёны тагачаснага Брэста, дзе-нідзе захаваліся дагэтуль.

Іх можна бачыць на сучаснай карце:

Яўрэі складалі большасць сярод брэсцкіх купцоў. (Хоць былі сярод іх і славяне, і нават грэк, які вазіў балканскія тавары.)

Найлепшыя гешэфты даваў гандаль хлебам — збожжа сплаўлялі баркамі па Бузе ў Данцыг. Добрыя грошы прыносіў і гандаль венгерскім віном, якое масава спажывала шляхта і магнаты. Найбяднейшыя ж яўрэйскія купцы, не меўшы ўласных крамаў, проста хадзілі з сваім таварам па хатах. (У купцы ў царскія часы было выгадна запісвацца яшчэ і таму, што іх не бралі ў салдаты.)

Яўрэйскае насельніцтва Брэста ў пачатку ХІХ ст. ужо ўтрая пераўзыходзіла хрысціянскае. Адзіны на той час гарадскі шпіталь таксама быў яўрэйскі. Ён месціўся ў цэнтры горада, на доўгай і цеснай Жыдоўскай вуліцы, у спарахнелым доме.

Досыць многа брэсцкіх яўрэяў жылі ў вёсцы і займаліся сельскай гаспадаркай. Праўда, гэта часта было маскіроўкай для гандлю алкаголем…

Што засталося ад гэтага вірлівага жыцця?

Нечаканы яўрэйскі след у сучасным Брэсце — кінатэатр «Беларусь». Хто мог бы здагадацца, што новых «Мсціўцаў» паказваюць у перабудаванай сінагозе?

А непадалёк у дварах — бюст Менахема Бегіна, прэм’ер-міністра Ізраіля і нобелеўскага лаўрэата, які нарадзіўся ў суседнім доме. Гэта тэрыторыя знішчанага ў вайну яўрэйскага гета…

Дух прыватнага бізнэсу

Але дух прадпрымальніцтва ў Брэсце жывы. Мноства прыватных крамак, салонаў, кантораў — у Мінску ўсё схавана ў вялікіх гандлёвых цэнтрах, у Брэсце расцярушана і лакалізавана.

Гэта добра заўважна на Савецкай — найбольшай гарадской пешаходнай вуліцы ў краіне.

Працуюць крамы і кавярні, іграюць вулічныя музыкі, расце проста над уваходам у двор вінаград.

Зеляніна — увогуле фішка Брэста. Мала таго, што цэнтр фарміруюць вялікія бульвары Гогаля і Міцкевіча з старымі каштанавымі алеямі, тут ёсць сапраўдная аранжарэя пры ўніверсітэце: білет каштуе тры рублі, магчымасць фатаграфаваць — 30. Тут парнасць, працуюць студэнткі, крычаць рознакаляровыя папугаі ды гучыць паланэз Агінскага.

Сённяшняя плошча Свабоды была цэнтрам Брэста ў часы Расійскай імперыі, пасля пераносу на новае месца. Старыя дубы памятаюць тыя часы.

Рэклама, нават сацыяльная, тут мясцовая. На білбордах скрозь — гандбалісты-чэмпіёны з БГК імя Мяшкова, а на мосце праз Мухавец — увогуле білборд з панк-рокерам Стыльскім, лідарам берасцейскага гурта «Дай дарогу!».

Брэсцкі мадэрн

Павятовы-«раённы» Брэст, істотна пабураны ў Першую сусветную, адбудоўваўся ў польскія часы як цэнтр ваяводства — вобласці па-сучаснаму. Адміністратыўныя будынкі сённяшняй вуліцы Леніна, створаныя ў стылі тагачаснага канструктывізму, амаль не пацярпелі за Другую сусветную і дагэтуль выкарыстоўваюцца па прызначэнні.

Захаваліся і асабнякі для дзяржслужбоўцаў, збудаваныя ў «закапанскім стылі» — непадалёк ад гарадскога парку іх цэлыя кварталы — хоць ты кіно здымай пра Беларусь у міжваенныя часы.

Цікава, што сучасныя катэджы ў Шэбрыне пад Брэстам збудаваныя з рэплікамі міжваеннага стылю. Пазнаюцца пілястры, што пашыраюцца данізу, дахоўка, франтоны. Берасцейскі стыль.

Прыватны сектар тут — асобная песня. Уласнікі катэджаў у Красным Двары, Царскім Сяле, Шэбрыне, Тэльмах арыентуюцца на польскія ўзоры: платы тут ніжэйшыя, чым у прымінскіх пасёлках, увага да газонаў, экзатычных раслінаў ды ландшафтных знаходак — большая. Напрыклад, апошняя берасцейская мода — юка.

Нават у берасцейскай прамзоне, уздоўж безаблічнага ангара, давялося пабачыць пастрыжаны газон і туі…

Скарына і касманаўт

Абмінулі старыя вуліцы і перабудовы савецкага часу. Галоўная вуліца горада — Маскоўская-Машэрава — будавалася ўзбоч Брэста, абапал старой Маскоўскай шашы, а не прасякалася праз гістарычны цэнтр, як у Мінску.

Тым не менш, і на Маскоўскай ёсць што паглядзець. Напрыклад, праваслаўны сабор, у якім архітэктары імкнуліся перадаць традыцыі валынскай храмавай архітэктуры, характэрныя для гэтай зямлі. А ў абрысах званіцы можна ўгадаць той самы «каменны стоўп», што стагоддзямі бараніў Брэст.

Тут жа непадалёк — Палац воднага спорту з найбольшым у краіне басейнам. Якасць дазваляе трэніраваць алімпійскія зборныя, а цэны для наведнікаў — удвая меншыя за мінскія. Непадалёк ёсць лядовы палац і нават бейсбольны стадыён. Цікава, што ўсе спартовыя аб’екты стаяць на штучным узвышшы, насыпаным у 1970-я з пяску, выбранага з Мухаўца.

Палац воднага спорту.

Яшчэ адна візітоўка Брэста — трыптых «Зямля» мастакоў Крываблоцкага і Багушэвіча на фасадах Электрамеханічнага завода. У гэтай манументальнай візантыйскай мазаіцы часоў БССР ёсць штосьці ад лацінаамерыканскага мастацтва. Побач з традыцыйнымі сюжэтамі вайны і аднаўлення, тут ёсць фантасмагорыя, на якой касманаўт Клімук суседнічае з Скарынам, Коласам і Купалам, ды цёзкам мастака, Францішкам Багушэвічам.

А непадалёк, таксама на Маскоўскай, можна падсілкавацца пасля падарожжа ці закупіцца перад вяртаннем дамоў у «Кароне» — самым заходнім гіпермаркеце краіны.

Падарунак да 1000-годдзя

Брэст, трэці па старажытнасці пасля сталічных Полацка і Турава, ад самага свайго пачатку быў вялікім транспартна-гандлёвым скрыжаваннем: па Мухаўцы ішоў водны шлях да Дняпра і Чорнага мора, па Бугу — у Віслу і ў Балтыку. У часы Рэчы Паспалітай праз горад праходзіла каралеўская дарога, што злучала сталіцы Кракаў і Вільню, у савецкі час — магістральная траса Масква-Варшава. Праз Брэст праклалі адну з першых у Расійскай імперыі чыгунак.

Але сёння чыгункі сталі транспартнай праблемай для самога горада. І на 1000-годдзе Брэст падарыў сам сабе два новыя масты над чыгункамі: пашыраны Кобрынскі мост і вялізную транспартную развязку, якая дапаможа аўтамабілістам пераадольваць пуці без чакання перад семафорамі. Каб паспець яе скончыць, нават юбілейныя святкаванні адклалі да восені.

Таксама да 1000-годдзя за чыгуначным — новы аўтавакзал — лёгкі і густоўна-празрысты, у якім неба адбіваецца… Дзе яшчэ, апроч Брэста, усё гэта пабачыш?

Чытайце таксама: Ад Белых Росаў да Ласасянкі: 25 адрасоў каралеўскага Гродна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?