Ягайла, Касцюшка, Дамейка — экзатычныя жыццёвыя маршруты слынных беларусаў 10

Аўтар: Сяргей Мікулевіч

Няма такога кутка на Зямлі, дзе за апошнюю тысячу год не бываў бы наш суайчыннік. Часам на падарожжы сыходзілі месяцы і гады, сёння ж вандраваць можна нашмат хутчэй і камфортней. Разам з сервісам па пошуку танных авіяквіткоў aviasales.by расказваем пра самыя экзатычныя жыццёвыя маршруты слынных беларусаў.

Торвальд Вандроўнік: Ісландыя Канстанцінопаль — Полацк

Торвальд Вандроўнік быў не зусім беларус, ён нарадзіўся ў Ісландыі. Але, па-першае, бываў у Полацку, па-другое, прынёс туды такую новую і прагрэсіўную ў Х стагоддзі з’яву, як хрысціянства.

Торвальд быў тыповым вікінгам: жыў у Нарвегіі, ваяваў на Балтыцы, стаў хрысціянінам і спрабаваў загітаваць землякоў хрысціцца таксама. Але тыя цвёрда верылі ў Одзіна і пагналі Торвальда. Абражаны, ён даехаў да Візантыі, дзе ўладкаваўся ў ахову самога імператара. З Канстантынопаля праз нейкі час трапіў у Полацк, дзе казаў усім, што ён афіцыйны імператарскі прадстаўнік.

Калі хто не ведае, Канстанцінопаль, сталіца Візантыйскай імперыі, — гэта сённяшні горад Стамбул. 2225 кіламетраў адлегласці між ім і Полацкам сучасным транспартам можна пераадолець за некалькі гадзін. Але ўявіце, што вам трэба правеславаць супраць плыні ўвесь Дняпро, адмахваючыся ад печанегаў, пасля несці човен на плячах, круціцца па малых рэчках, пакуль выплывеш у Дзвіну… Падарожжа расцягвалася на некалькі месяцаў. Дзіва што Торвальд з’ездзіў так у Полацк толькі двойчы. Прычым на другі раз вырашыў застацца там назаўсёды: заснаваў манастыр, пры якім і дажыў ва ўсеагульнай пашане. А калі б яму захацелася вярнуцца ў Ісландыю? 4323 кіламетры, ды яшчэ непрадказальным марскім шляхам…

Наколькі хутчэй сёння пашыраюцца прагрэсіўныя ідэі!

Што цяпер? Сёння можна даволі хутка апынуцца ў краіне гейзераў і вадаспадаў — падарожжа з Вільні ў Рэйк'явік зойме крыху больш за 4 гадзіны. Каб пералёт аказаўся танным, ёсць дзве парады: купляць квіткі загадзя і карыстацца сервісам aviasales.by.

Што тычыцца Стамбула, то танней будзе планаваць ваш трып з Кіева або Масквы

Святая Еўфрасіння: Полацк — Іерусалім

Святая Еўфрасіння, як мы ведаем з яе гісторыі, была княская дачка. Але яна не захацела стандартнага лёсу прадстаўніц свайго класу — стаць жонкай-матронай і ўсё жыццё чакаць мужа з міжусобных княскіх разборак. Прадслава (так яе спачатку звалі) сышла ў манастыр, памяняла імя на Еўфрасіння і ўсе сілы кінула на асвету роднага Полацкага княства: будавала школы, замовіла ювеліру Лазару Богшу ўнікальны крыж, якім мы ганарымся дагэтуль, хоць і не можам адшукаць пасля апошняй вайны.

Пад канец жыцця Еўфрасіння выправілася ў паломніцтва ў Іерусалім. Гэта быў сапраўдны подзвіг, улічваючы, што ёй было за 60, а пенсійны век у ХІ стагоддзі быў — 35.

4200 кіламетраў, з улікам неспакойнай абстаноўкі ў тагачаснай далёка не курортнай Балгарыі, яна пераадольвала каля года.

Што цяпер? У 14 кіламетрах ад Тэль-Авіва і ў 50 — ад Іерусаліма знаходзіцца галоўны ізраільскі аэрапорт Бэн-Гурыён, куды прылятае большасць турыстаў.

Туды з Мінска хутка можна даляцець без перасадак самалётамі Белавія. Але калі хочаце зэканоміць — паспрабуйце пералёт з Кіева, але спатрэбіцца перасадка ў Стамбуле. 

Ягайла: Вільня — Кракаў

Вялікія літоўскія князі, нягледзячы на занятасць, таксама знаходзілі час для падарожжаў. Прычым не толькі на чале ўзброенага да зубоў войска. Вось напрыклад вялікі князь Ягайла Альгердавіч ездзіў у сталіцу Польшчы (у XIV стагоддзі гэта быў Кракаў) — жаніцца з каралевай Ядвігай.

Для сучаснага чалавека адлегласць у 840 кіламетраў між Вільняй і Кракавам — глупства. Але калі ты вялікі князь літоўскі, то не паляціш вось так легкадумна на крылах кахання і палітычнага разліку. Трэба світа, ахова. Пакуль едзеш па сваёй тэрыторыі — робіш інспекцыю, прымаеш знакі павагі і падарункі ад васалаў. Калі едзеш па спрэчнай тэрыторыі — ёсць небяспека, што цябе могуць не пазнаць (або яшчэ горай — могуць пазнаць, калі бываў там раней з войскам).

Што цяпер? Цяпер да Кракава з Вільні можна даляцець за дзве з паловай гадзіны з улікам перасадкі ў Варшаве. Тое ж самае, калі захочаце ляцець з Мінска

Танней за ўсё — ляцець адразу з Варшавы або з Кіева

Соф’я Вітаўтаўна: Мальбарк — Масква

Прыкладна ў тыя самыя гады, калі Ягайла жаніўся, яго стрыечны брат Вітаўт бавіў час на Балтыйскім узбярэжжы. Ён не мог знаходзіцца ў адной дзяржаве з Ягайлам па прычыне псіхалагічнай несумяшчальнасці. А той ніяк не хацеў саступіць яму ўладу. Маральную і вайсковую дапамогу Вітаўту давалі суседзі-крыжакі, якія радаваліся, што ў ВКЛ бардак. У крыжацкай сталіцы Марыенбурзе Вітаўта і заспелі сваты з Маскоўскага княства — іх малады князь Васіль І хацеў узяць у жонкі яго 20-гадовую дачку Соф’ю.

Гэта сёння ёсць самалёты і аэрапорты. А ў канцы XIV стагоддзя нявесту везлі морам і рускай Поўначчу, праз Пскоў і Ноўгарад. Але доўгае падарожжа было вартае высілкаў: у новай айчыне Соф’я зрабіла бліскучую кар’еру, адстаяўшы для сваіх нашчадкаў права на маскоўскі трон. Ворагі называлі яе «шалёная літвінка», нават у 80-гадовым веку яна камандавала абаронай горада ад татараў.

Што цяпер? Бліжэйшы да Мальбарка аэрапорт знаходзіцца ў горадзе-прыгажуне Гданьску. Паўтарыць шлях Соф'і Вітаўтаўны можна з перасадкай або ў Рызе або ў Варшаве.

Уладзіслаў IV Ваза: Варшава — Вена

У мінулыя часы жыццё караля Рэчы Паспалітай лічылася такім лёгкім, што ў яго не было афіцыйнага адпачынку. Гэту заганную практыку зламаў Уладзіслаў IV Ваза. Абраны ў 1633-м каралём польскім і вялікім князем літоўскім, ён з жонкай Цэцыліяй Рэнатай, нікога не папярэдзіўшы, узяў і з’ехаў на воды ў Аўстрыю.

У дзяржаве быў страшэнны пярэпалах: лічылася, што кароль мусіць увесь час сядзець дома, мірыць шляхту з магнатамі ды слухацца «ліберум вета». Але калі пасвяжэлы пасля адпачынку кароль вярнуўся і сходу адбіў Смаленск, захоплены маскоўскім царом, магнаты і шляхта, відаць, задумаліся: ці не варта зрабіць каралеўскія адпачынкі рэгулярнымі?

Што цяпер? Калі надумаеце паехаць у адпачынак у Вену, то не раім ляцець туды з Мінску: атрымліваецца вельмі дорага. Нашмат танней будзе паўтарыць шлях караля Рэчы Паспалітай — з Варшавы.

Багуслаў Радзівіл: Вільня — Амстэрдам — Парыж

Князь Багуслаў Радзівіл быў увасабленнем свайго авантурнага і куртуазнага XVII стагоддзя. Рана асірацеўшы, ён рос у Вільні, пры двары дзядзькі, слаўнага гетмана ВКЛ Крыштофа Радзівіла Перуна. У 17 год Багуслаў выправіўся ў Амстэрдам вучыцца. Але якая вучоба, калі ідзе вайна з іспанцамі! Атрымаўшы баявы досвед, ён перавёўся ў Парыж, у рыцарскую акадэмію. Там таленты прынца Радзівіла па належнасці ацанілі арыстакраткі Беатрыс дэ Кюзанс, Шарлота дэ Ла Форс, Маргарыта дэ Раган… У іх салонах і парыжскіх корчмах Багуслаў, відаць, не раз сутыкаўся са сваім аднагодкам, капітанам каралеўскіх мушкецёраў д’Артаньянам.

На радзіме арыстакрата Багуслава пабачылі толькі праз 11 гадоў.

Што цяпер? Сёння з Вільні можна ўляцець амаль у любы куток свету. Амстэрдам і Парыж — сярод папулярных напрамкаў.

Тадэвуш Касцюшка: Брэст — Парыж — Нью-Ёрк

Небагаты беларускі шляхціц Тадэвуш Касцюшка за мяжу ехаў не лынды біць. Па-першае, змяніць абстаноўку змушала фіяска ў асабістым жыцці: фанабэрысты сенатар Сасноўскі, у доме якога Касцюшка быў хатнім настаўнікам, адмовіўся выдаць за яго замуж дачку. Па-другое, Тадэвушу з яго рэдкай спецыяльнасцю вайсковага інжынера-артылерыста не знаходзілася нармальнай працы ў Рэчы Паспалітай канца XVIII стагоддзя.

З Парыжа тады можна было з'ехаць на працу ў Амерыку — і Касцюшка на практыцы прымяніў у Новым Свеце свае веды, стаўшы героем вайны за незалежнасць ЗША. Яму стаіць дзясятак помнікаў у розных гарадах Злучаных Штатах. А калі б Касцюшку так не цягнула на радзіму, магчыма, яго выява зараз была б і на амерыканскіх далярах — некаторыя яго добрыя знаёмыя туды трапілі.

Што цяпер?  Бліжэйшы да Брэста аэрапорт знаходзіцца ў Варшаве. Адтуль можна лёгка злётаць у Парыж. А ў Нью-Ёрк танна можна паляцець з Кіева.

Ігнат Дамейка: Гродна — Дрэздэн — Парыж — Санцьяга (Чылі)

Яшчэ большага поспеху ў Амерыцы (толькі Паўднёвай) дасягнуў наш зямляк Ігнат Дамейка. Зрэшты, у Санцьяга ён апынуўся не зусім з сваёй волі. Гарачы патрыёт і студэнт Віленскага ўніверсітэта, ён запісаўся ў таемнае таварыства філаматаў.

Шкоды ад асветніцкага таварыства не было ніякай, але ў паліцыі спрацаваў прынцып «ташчыць і не пушчаць»: філаматаў выкрылі, пасаджалі, пассылалі, а Дамейка трапіў на 9 год пад хатні арышт. І так занудзіўся, што, ледзь скончыўся тэрмін арышту, узяў удзел у паўстанні 1830-га. Пасля паразы Дамейкаў маёнтак канфіскавалі, а сам ён збег у Дрэздэн, а пасля ў Парыж. Там ён вывучыўся на горнага інжынера ды атрымаў запрашэнне на працу ад універсітэта па той бок Атлантыкі…

У Чылі Дамейка за тры месяцы вывучыў іспанскую мову, адшукаў у пустыні метэарыт, у гарах — золата і салетру, у джунглях — індзейцаў-араўканаў, пра якіх выдаў кнігу, а ў Санцьяга — на трыццаць год маладзейшую прыгажуню Энрыкету Сатамаёр, з якой шчасліва ажаніўся.

У Чылі сапраўдны культ Дамейкі — у яго гонар названыя малая планета, горад, універсітэт, мінерал, кактус, парода лісаў і нават выкапнёвы дыназаўр!

Што цяпер? Калі захочаце паўтарыць трып славутага земляка, то ў першую чаргу трэба ўсё прадумаць. Падарожжа з Мінска зойме з усімі перасадкамі больш за суткі.

Тамаш Зан: Вільня — Арэнбург — Екацерынбург

Падобнае па выніках падарожжа, толькі ў процілеглы бок, здзейсніў Тамаш Зан, віленскі ўніверсітэцкі выкладчык і лідар руху філаматаў. Калі іх паарыштоўвалі, ён узяў на сябе віну за ўсіх і гэтым выратаваў ад зняволення, напрыклад, Адама Міцкевіча.

Трапіўшы ў Арэнбург, Тамаш Зан па ўстойлівай ужо звычцы адшукаў мясцовае таемнае таварыства і ўліўся ў яго. У халодных стэпах ён пражыў 13 гадоў. Як чалавек асвечаны і дзейны, знайшоў там поклады нафты і золата, запісваў башкірскія песні, уладкаваў у Арэнбургу музей і нават хацеў напісаць кнігу пра паўстанне Пугачова, але не склалася: мусім цяпер чытаць «Капітанскую дачку».

Што цяпер? Сёння такі, не самы турыстычны, маршрут лепш пачынаць з Масквы. Унутрырасійскія рэйсы будуць найхутчэйшымі і найтаннейшымі.

Вінцук Адважны: Друя — Харбін — Лондан

«Напрамілы Бог, куды я папаў!» — пісаў у пачатку 1930-х беларускі святар Язэп Германовіч. З мілага сэрцу кляштара марыянаў у Друі над Дзвіной ён трапіў аж у Маньчжурыю, у Харбін. Такая нялёгкая доля святара: служыць там, куды адправіць біскуп. Тым больш, што ў міжваеннай Польшчы на місію айцоў-марыянаў, якія маліліся па-беларуску, каталіцкае начальства глядзела коса.

Падарожжа ў Харбін тады было мала не кругасветным. Айцец Германовіч успамінаў, што ехалі праз Варшаву, Рым, Марсэль, Суэцкі канал, Сінгапур, Шанхай і Далянь… З Друі ён выправіўся ў ліпені, а на месца прыбыў толькі ў маі наступнага года.

У Харбіне быў вялікі эмігранцкі асяродак, шмат бежанцаў з былой Расійскай імперыі. Германовіч стаў дырэктарам Ліцэю святога Мікалая — школы для дзяцей бяздомных і бедных.

Яго праца працягвалася да канца 1948-га, калі харбінскіх святароў-беларусаў выдалі савецкім уладам. Германовіч прайшоў праз ГУЛАГ. Пасля смерці Сталіна яго вызвалілі, але на радзіме, у Друі, ужо ішла барацьба з рэлігіяй. Праз Польшчу і Рым стары святар трапіў у Лондан, дзе яшчэ доўгія гады браў удзел у культурным жыцці беларусаў замежжа.

Што цяпер? У Харбін танней за ўсё вам абыйдуцца пералёты з Масквы. А ў Лондан прасцей дабрацца з Вільні.

Яўстах Сапега: Гамбург — Найробі (Кенія)

Пра Сапегаў, якія займаюцца жывёлагадоўляй у Афрыцы, згадваў Уладзімір Караткевіч у рамане «Чорны замак Альшанскі». Адкуль у Кеніі ўзяліся беларускія арыстакраты? Пра гэта расказваў сам князь Яўстах Севярын Сапега, які ў пачатку 2000-х наведваў Беларусь.

Ён — нашчадак ружанскай лініі роду Сапегаў — нарадзіўся пад Гроднам у 1916-м. Яго бацька быў дыпламатам, паслом Польшчы ў Вялікабрытаніі. Яўстах скончыў прэстыжную вайсковую вучэльню, пасля была вайна, нямецкі палон… Сям’я Сапегаў страціла ўсе свае багацці, і бацька ў 1948-м пастанавіў ехаць у Афрыку — пачынаць усё з нуля.

У Кеніі сам бацька заняўся жывёлагадоўляй, а Яўстах пачаў са збору металалому. У Афрыцы, дзе рушыўся каланіялізм, умовы бізнэсу былі падобныя на постсавецкія ў 1990-х: на лом здавалі цэлыя заводы і чыгункі. Яўстах расказваў, як парэзаў і адправіў у Японію мост праз Ніл… Падзарабіўшы трохі, ён заняўся каштоўнымі камянямі, займеў шахту па здабычы рубінаў, якія пастаўляў пасля ў Парыж. На дзіва, вялікіх грошай гэта не прынесла, але хапіла, каб адкрыць урэшце фірму, якая займалася арганізацыяй паляванняў-сафары для багатых еўрапейцаў.

Да апошніх дзён жыцця Яўстах Сапега ўспамінаў дзяцінства на радзіме, у Спушках пад Гроднам. Як, відаць, і кожны са згаданых тут герояў успамінаў Беларусь у далёкіх вандроўках.

Што цяпер? Як амаль любое далёкае падарожжа, вандроўка ў Кенію на самалёце будзе складацца з некалькіх перасадак. Напрыклад, калі вы захочаце ляцець з Мінску, то перасадкі будуць у Расіі і ў ААЭ, а ў Найробі вы патрапіце больш, чым праз суткі.

Пішыце ў каментарах, у якіх экзатычных краінах вы былі і як дабіраліся туды.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?