«Зараз у Купалаўскі прыходзяць людзі, якія топчуць яго нагамі» — вялікая гутарка з актрысай Крысцінай Дробыш

Аўтар: Гутарыла Ірэна Кацяловіч, фота Надзеі Бужан

З Крысцінай мы ўбачыліся пасля яе сустрэчы з іншымі «свабоднымі купалаўцамі»: яны па-ранейшаму разам і па-ранейшаму нешта прыдумляюць. Прайшлі месяцы пасля гучнага пасажа Купалаўскага, і за гэты час тэатр яшчэ дакладней выявіўся як сімвал згуртаванага супраціву. Прычым не толькі ў кантэксце тэатральнай сферы, а беларускага пратэста ўвогуле. Пра жыццё-быццё пасля звальнення, тэндары на калготкі, пах пасля выбуху гранаты, навагоднюю атмасферу і як пра апошнія месяцы яна расказвае сыну — у нашай гутарцы. 

— Як ты ўспрымаеш намеры Купалаўскага паставіць «Паўлінку»?

— Магчыма, для тых, хто застаўся, гэта важна як сімвал таго, што тэатр жывы: з «Паўлінкі» дзесяцігоддзямі пачынаўся сезон, а сёлета ён так і не быў адкрыты. На жаль, у нас розныя погляды на значэнне «жывога тэатра», але яны так вырашылі, окей. Калі гэта дапамагае ім жыць і працаваць, чаму не. Для мяне цяжкі момант у тым, хто тыя людзі, якія выйдуць на сцэну Купалаўскага.

— Значыць, гэтая тэма ўсё ж баліць?

— Мы ўспрымаем сцэну як жывую істоту. Калі ты займаешся на ёй дурыкамі, яна абавязкова адпомсціць: ты альбо тэкст забудзеш, альбо ляснешся дзе-небудзь. Так жа яна можа падтрымаць і аддзячыць, калі ставішся да яе сур’ёзна.

Зараз на тое, што я ўспрымаю жывой істотай, прыходзяць людзі, якія ў прамым сэнсе топчуць яе нагамі: для іх гэта набор пафарбаваных дошчачак, проста падлога. Я, канечне, разумела, што на сцэну Купалаўскага нехта будзе выходзіць, але тое, што менавіта там адбываецца, жахліва.

— Ты пісала, нават калі вы вернецеся ў свой будынак, Купалаўскі ўжо ніколі не будзе ранейшым. Як увогуле, на твой погляд, зменіцца тэатр ва ўмоўнай новай Беларусі?

— Калі ўсё толькі пачыналася, людзі ў тэатральнай супольнасці неяк прыціснуліся адно да аднаго, маўляў, давайце нешта рабіць. Калі мы абвясцілі пра звальненне, я разумела, што ў кожнага тэатра свой шлях і тое самае не стануць рабіць усе. Але мы былі заадно, выказвалі адны і тыя ж катэгарычныя думкі, а цяпер яны спакойна ладзяць навагоднія імпрэзы і працягваюць жыць звычайным жыццём. Калі ўсё гэта скончыцца, а яно абавязкова скончыцца, я буду па-іншаму глядзець на калег і ўжо не з кожным змагу працаваць: можна разумець чалавека, але гэта не значыць, што ты яму давяраеш.

Думаю, у нас увогуле будзе фарміравацца новае тэатральнае мастацтва: магчыма, праз свабоду слова выльецца шмат шчырага і цудоўнага і гэта стане прарывам. А ў нашага тэатра будзе асобны шлях, як раней, ён працаваць не зможа. Сама сістэма не зможа існаваць па-ранейшаму, яна ўжо даўно намякала, што перастае дзейнічаць. Нам таксама трэба не ўпусціць момант і зрабіць тэатр такім, дзе акцёр сапраўды важны, бо і па заробках, і па стаўленні тут здавалася, што гэта нейкі тавар, прадукт, што табой карыстаюцца. Можна было панапхаць рэпетыцый з ранку да ночы і прымусіць то плакаць, то смяяцца. Але, людцы, мы ж працуем не па рубільніках і не па кнопачках.

— Ты апраўдваеш тых, хто працягвае працаваць, ці табе б хацелася, каб тэатры адзін за адным пайшлі за купалаўцамі?

— Я максімальна прымаю пункт гледжання іншых людзей і разумею, што асабістыя абставіны не дазваляюць рабіць аднолькавыя крокі — для кагосьці па-іншаму было немагчыма, а хтосьці пайшоў з сабой на кампраміс. Я ведаю, што такое рашэнне вымагае вялізных сіл: асабіста я аддала шмат — працу і кватэру, а паколькі праца была маім другім домам, то аддала два дамы. Я не маю права асуджаць, але калі б мы ўсёй суполкай сказалі: «Не і ўсё!», — можа, зрушылі б гэтую махіну хутчэй.

— Чаму купалаўцы змаглі зрабіць такі крок, а большасць іншых калектываў не?

— З моманту прыходу ў тэатр у нас гадуецца адчуванне сям’і: падабаецца табе чалавек ці не, ты ў любой сітуацыі павінен абараняць сваіх. Мы тады ўсё горача абмяркоўвалі і разумелі, што мусім прыняць менавіта агульнае рашэнне. Магчыма, такія адносіны і традыцыі не паспелі выгадавацца ў іншых калектывах.

— Ці адчуваеш ты на сабе тое, што Купалаўскі стаў сімвалам пратэсту?

— Гэта быў час экстранных рашэнняў, у той момант я не думала, як яны выглядаюць збоку. Калі нехта пачынае прыпісваць нам палітычныя падтэксты, я раю паглядзець наш першы зварот, якім мы проста сказалі: «Людцы, адбываецца, прабачце, п****ец, льецца кроў». Я помню адзін з маршаў: мы згубіліся і дамовіліся сустрэцца ў канкрэтным месцы, і вось мы сустрэліся, а людзі пачалі перад намі расступацца. Гэта былі такія дрыжыкі! Вось тады я пачала ўсведамляць, што мы зрабілі нешта большае, чым проста напісалі заявы. Потым неяк мы рабілі стрым і я ўбачыла, колькі людзей нас глядзіць і што яны пішуць — мы скончылі стрым, як звычайна, сталі дзякаваць адно аднаму, і ў нас на вачах навярнуліся слёзы.

— Ты сказала, сістэма тэатра даўно намякала, што перастае працаваць. Што гэта значыць?

— Хтосьці кажа, што з боку Міністэрства культуры не было цэнзуры — ну да ладна! Як у савецкія часы, канечне, не было, але я ведаю гісторыі іншых тэатраў, калі яшчэ на этапе падачы матэрыялу ў пастаноўцы адмаўлялася. Неяк у нашым «Пане Тадэвушы» забаранілі «Пагоню», то-бок проста выкрэслілі кавалак гісторыі. Бывала, настойліва намякалі, што нешта, па іх меркаванні, не вельмі добра. Плюс тэндары: ты не можаш купіць калготкі на спектакль — трэба на іх аб’яўляць тэндар. Калі на прагоне я парвала калготкі, да заўтрашняй прэм’еры мне іх купіць не паспеюць.

Тэндары на шкарпэткі, калготкі, гузікі — гэта дайшло да маразма. Кіраваць галіной павінны людзі, што разумеюць, як яна працуе, а ў нас гэта проста — тут даць трынды, тут грошай.

— Як думаеш, ці будзе глядач ў будучыні ацэньваць тэатры паводле таго, што яны рабілі ў гэтыя месяцы?

— Я заўсёды кажу, што тэатр існуе ў першую чаргу таму, што ёсць глядач. Адпаведна глядач цяпер здзейсніць натуральны адбор, мне здаецца, гэта будзе моцны фільтр.

Для мяне самымі каштоўнымі з’яўляюцца каментары кшталту: «Я ніколі не любіў беларускую мову, а цяпер пачаў яе вучыць». Калі выйшлі «Тутэйшыя», хтосьці сказаў, гэта беспрэцэдэнтна, што беларускамоўны кантэнт працягласцю дзве з паловай гадзіны ўвайшоў у топ YouTube. Значыць, гэта патрэбна людзям.

— Як складваецца тваё жыццё пасля звальнення?

— Скажу так: упершыню за гады працы ў тэатры ў дні пасля Новага года я буду дома з блізкімі. І не будзе марафона з васьмі «Начэй на Каляды» і шасці «Паўлінак». Сыграць «Ноч на Каляды» два разы запар яшчэ можна, а на чацвёрты пачынаеш падыхаць, усміхаешся на паклоне і ў цябе скулы зводзіць. Не скажу, што я моцна пакутавала, але я працягваю жыць тэатрам, а шкала каштоўнасцяў тым часам змянілася.

Разуменне таго, што ў любы момант цябе могуць завінціць, таксама расстаўляе прыярытэты, гэтая трасяніна ўвогуле пайшла нам на карысць. З’явіліся адказы на глабальныя пытанні: навошта існуе тэатр, што я там раблю, ці гатова я быць у такім тэатры і для чаго я ёсць.

— Ты вядзеш у фэйсбуку, скажам так, хроніку рэпрэсій. Што ты там звычайна занатоўваеш?

— У першыя дні, калі я адчула на сабе, што гэта рэальна, што рвуцца гранаты, што я ў эпіцэнтры, і ўбачыла полчышчы сілавікоў, у пэўны момант узнікла патрэба некуды гэта дзяваць. Ты не можаш спаць, не можаш есці, не разумееш, як сябе паводзіць. У мяне тады з’явілся пытанне да сусвету: «Чаму ў трыццаць гадоў я ведаю пах пасля выбуху гранаты?» І я пачала пісаць, мне гэта дапамагала, а потым, калі мне сталі дзякаваць, зразумела, што яно патрэбна не толькі мне. Нарэшце гэта стала яшчэ і момантам бяспекі: мы з першых дзён былі гатовы да кропкавых рэпрэсій, таму калі ў нейкі дзень я нічога не напішу, гэта будзе значыць толькі адно.

— Ты кожны дзень садзішся і думаеш, што напісаць?

— Няма такога: «Пра што б сёння напісаць?». Далёка хадзіць не трэба, кожны дзень проста шок, кожны дзень цябе прыбівае і ты такі: «Да ладна! Сур’ёзна?». Часта словы скончваюцца, але натыкаешся на карцінку ці фотаздымак, што дакладна трапляе ў твае эмоцыі.

— Раскажы, як змянялася тваё адчуванне свету пасля 9 жніўня.

— У самым пачатку, як і ва ўсіх, гэта быў жах ад таго, што адбываецца. Потым пачалася каніцель з тэатрам, калі мозг працаваў на максімуме, бо кожнае рашэнне магло стаць жыццёва важным. Часам накрывае адчай, але ў мяне ёсць дзве ратавальныя штукі. Калі я думаю, што ўсё загінула, спрабую ўспомніць, з чаго і дзеля чаго ўсё пачыналася, а пачалі мы з гатоўнасці супрацьстаяць. Я часам пераглядаю наш першы зварот, хроніку падзей, аповеды людзей. А другі момант: я уяўляю, як буду расказваць пра гэтыя месяцы сыну ці ўнукам. І я не хачу сядзець і думаць, што б такога сказаць, каб не выглядаць у іх вачах апошняй гнідай. Не хачу, каб яны хадзілі з кляймом: «А мая маці ў гэты час сядзела на дупе роўна».

— Колькі гадоў твайму сыну?

— Пяць.

— Як ты падаеш яму апошнія падзеі?

— Казкамі. Ён неяк спытаў у мяне, чаму мы павінны з’ехаць з дома. Мне трэба было яму неяк патлумачыць, і я расказала казку пра тое, што ёсць злы дзядзька, ён забраў усе цацкі і не хоча ні з кім дзяліцца, больш за тое, калі хтосьці хоча ўзяць пагуляцца, ён іх б’е. Я сказала, што нам трэба трошкі павандраваць і цяпер у нас вандроўка ў новую кватэру.

Неяк ён спытаўся, куды я іду. Я кажу: «Памятаеш, я расказвала пра злога дзядзьку, дык вось каб злы дзядзька не крыўдзіў іншых, яго трэба перамагчы». А сын мне сказаў: «Мама, змагайся асцярожна».

— Ці адчуваеш ты калядную і навагоднюю атмасферу?

— У звычайныя гады ў мяне не было адчування ні Калядаў, ні Новага года, але сёлета ў нас усіх вялізная надзея на цуд, да таго ж вакол усё так сурова і жорстка, што хочацца простага чалавечага цяпла, таму навагодняя атмасфера адчуваецца нашмат больш. Свята насуперак — для мяне сёлета так, праўда, неяк па-чалавечы я не магу сабе дазволіць адзначаць яго напоўніцу, таму для мяне гэта будзе маленькае свята надзеі.

— Як ты для сябе ствараеш Раство і Новы год?

— У маёй сям’і больш святкавалі Новы год, а калі я стварыла сваю, у нас зарадзілася традыцыя 24 снежня збірацца толькі нашай маленькай сям’ёй, сумесна ўпрыгожваць ялінку, ладзіць вячэру ў дамашняй атмасферы і падкладваць падаруначкі тым, хто яшчэ не ведае, што Дзеда Мароза не існуе. Магчыма, праз тое, што з-за цяжкага графіка не хапала дома, мы гэта такім чынам папаўнялі. Шчасце там, дзе ўсе дома. У гэтым годзе гэта асабліва важна.

— Сын чакае святаў?

— Чакае, заўсёды чакае падаруначкаў, у яго вельмі цікавыя замовы. Ты пытаешся: «Сынок, які ты хочаш падарунак?» — «Блакітны». Усё, тупік. Ён сціплы хлопчык: «Сыночак, хочаш, купім торцік?» — «Не, не хачу» — «Можа, шакаладку?» — Не, не трэба».

— Якога цуда чакаюць беларусы?

— Таго, якое нельга вымаўляць услых.

— А сама што загадаеш?

— Калі скажу, не здзейсніцца (смяецца). Звычайна я забываю, што загадала, але гэтым разам дакладна не забуду. Мы цяпер праходзім пэўны шлях — адраджаемся, нараджаемся, зараджаемся, і я хачу, каб гэты працэс перайшоў на новую прыступку.

Калі адбудзецца тое, чаго мы ўсе хочам, нічога не скончыцца, а толькі пачнецца. Магчыма, наступіць яшчэ больш складаны працэс, з якім нам трэба будзе яшчэ больш уважліва ставіцца адзін да аднаго. Я проста хачу, каб гэты працэс пачаўся, бо ствараць — гэта добра і цікава, і ў нас вялікі патэнцыял.

— Як табе падаецца, цягам года ў нас здаралася тое, што можна было б назваць цудам?

— Ува мне частка украінскай крыві, і я заўсёды думала, да чаго я бліжэй, можа, я не ў той краіне жыву. Гэты год даў мне ўпэўненасць у тым, што я на месцы. Бо цудам для мяне сталі людзі, нават не падзеі, бо падзеі ствараюць людзі. Шмат хто дапамог мне, нават проста словам у патрэбны момант, і я сама цяпер гатова аддаць многае. Я ўбачыла, колькі добрага вакол. Што мы рабілі раней і куды мы гэта трацілі?

— У той жа час ёсць у тры разы больш людзей, якія проста прамаўчалі.

— Я таксама часам думаю: колькі мяне той дзяўчыны, пяцьдзясят кілаграм жывой вагі, але я, груба кажучы, пайшла на барыкады, а колькі больш дарослых і крэпкіх людзей маўчаць.

У мяне ёсць прафесійная якасць: у нас няма дрэнных персанажаў, кожнае дзеянне свайго героя ты мусіш зразумець і апраўдаць, таму па звычцы і ў жыцці апраўдваеш кожную скаціну. У выніку я нават злавацца не магу, толькі шкадаваць.

— У канцы года мы звычайна падводзім вынікі. Якое ў цябе дасягненне года?

— Апошнім часам у мяне з’явіўся грубы жарт, маўляў, мінулы год хіба што вілы ў сраку не ўтыркнуў. Дык вось 2020-ы ўсё ж такі ўтыркнуў, яшчэ і пракруціў. Проста са старта год пачаўся для мяне так, што лепш бы не пачынаўся. А калі толькі ўдарыў кавід, я падумала: «Прайшло тры месяцы, а мяне ўжо разы чатыры маральна забіла, што ж будзе далей». Таму дасягенне года — я выстаяла і я не зламаная. Мяне пракруціла мясарубка — гэта факт, але ў мяне яшчэ ёсць сілы і калі б я магла імі падзяліцца, падзялілася б. Думаю, яшчэ год так можна пратрываць, а калі больш, я не ведаю, тады мы станем звышчалавекамі і ў нас адкрыюцца звышздольнасці.

— А дасягненне года беларусаў?

— Я падтрымліваю агульныя высновы пра фарміраванне нацыі і згодна, што мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета. Але для мяне тое, што адбываецца, яшчэ і Залаты век мастацтва. Ёсць чорны жарцік, маўляў, калі ў Расіі няма рэпрэсій, незразумела, хто вялікі пісьменнік. Калі нас прыціснулі, мы пачалі не проста выжываць — увесь патэнцыял, які мы маглі з сябе выжаць, выліўся вонкі. Для сябе я гэта параўноўваю з Адраджэннем, толькі гэта наша асабістае беларускае Адраджэнне. Мы дагэтуль не ўсведамляем, што адбылося, але менавіта культурная частка закладае падмурак для вялікай будучыні, якую заспеюць прынамсі тыя, хто будзе пасля нас, і менавіта ад гэтай прыступкі мы потым будзем адштурхоўвацца.

— Якое ў цябе расчараванне года?

— Дарослыя дзядзькі і цёткі, якія вучылі мяне жыццю і я іх слухала, а ў пэўны момант іх словы абясцэніліся іх дзеяннямі.

Нас з дзяцінства вучаць паважаць старэйшых, але не расказваюць, што старэйшыя могуць быць мудакамі і што малады мудак часта становіцца старым мудаком. Аказваецца, чалавек у свае семдзясят можа сказаць: «Цябе трэба расстраляць» альбо «Табе мала далі».

— Калі б магла выбіраць, ты б выбрала, каб апошнія месяцы, нават са збіццямі і смерцямі, усё роўна адбыліся?

— Ахвяры — самае цяжкае. Але невядома, колькі жыццяў гэтыя падзеі ўратавалі. Усё гэта мусіла адбыцца, раней ці пазней. Страшна, але так, я б хацела, каб усё гэта здарылася.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру