Адна з самых яркіх пар Вялікага тэатра ломіць танцавальную традыцыю — чаго чакаць ад прэм’ернай пастаноўкі «Агонь і лёд» ФОТЫ

Аўтар: Ірэна Кацяловіч, фота Надзеі Бужан

Вядучыя артысты Вялікага тэатра пайшлі на авантуру: сужэнцы Марына Вежнавец і Юрый Кавалёў, маючы па шэсцьдзясят роляў у акадэмічным балеце, узяліся за спектакль, цалкам пабудаваны на імправізацыі. Яны ломяць сваю танцавальную традыцыю на рэпетыцыях, каб нязмушана расказаць гісторыю пра Майстра, Музу ды іх Стварэнне. Прэм’ера пастаноўкі «Агонь і лёд» Сямейнага інклюзіўнага тэатра «і» ад рэжысёраў Ірыны Пушкаровай і Генадзя Фаміна запланавана на 24 красавіка ў ДК «МАЗ». Падрыхтаваны спектакль пры падтрымцы кампаніі А1. У адной з грымёрак Вялікага Марына і Юрый расказалі нам пра новы досвед і як усё пачыналася.

Юрый: Асабіста мне ўвогуле не патлумачылі, што гэта будзе, а проста сказалі: «Прыйдзі». Што значыць «прыйдзі», што трэба рабіць? На першую рэпетыцыю я ішоў такі злы, ужо быў гатовы на ўсіх накрычаць. Заходжу — а там стаіць Генадзь Ханонавіч. І я адразу ўспомніў, як гадоў пятнаццаць таму быў на спектаклі, дзе гралі Віктар Манаеў, Сяргей Журавель і ён. У адным эпізодзе яны сядзелі за сталом і пілі гарэлку, а потым запрашалі выпадковага чалавека з залы выпіць з імі. Не ведаю, як так атрымалася, але Генадзь Ханонавіч тады выбраў мяне, я выпіў з ім гарэлкі і праз пятнаццаць гадоў вось так на яго нарваўся. Як рэжысёр, ён умомант нас захапіў, і мы сталі рабіць усё, што ён хоча. Я па-ранейшаму не ведаў, што з гэтага атрымаецца, але хадзіў ужо як на заняткі. А потым усё стала перараджацца ў спектакль.

— Гэта ваш першы досвед у імправізацыйным спектаклі. Чым гэта адрозніваецца ад школы Вялікага тэатра?

Марына: Калі б тое самае мне прапанаваў нехта «з вуліцы», я б папрасіла прабачэння і развіталася. Але я ведаю, які Ірына Пушкарова чалавек, таму разумела, што нічога дрэннага тут быць не можа. Гэта для нас абсалютна новы матэрыял — не балет і не танец, а сапраўды поўная імправізацыя. Калі ў прафесіі мы трэніруем, выбудоўваем і ломім сваё цела, то тут ідзём за ім. Таму ў спектаклі няма ніякай фальшы і штучнасці, а ўсе рухі натуральныя. 

Юрый: Мне ўпершыню ў жыцці даводзіцца мець справу з імправізацыяй на сцэне. Мы як бы адкрылі дзверы ў свет, у якім ніколі раней не былі, і зараз як сляпыя кацяняты намагаемся ў ім зарыентавацца. У нас з Марынай за плячыма дзясяткі роляў, дзе заўсёды парадак і выбудаваная задача, якую ты мусіш выканаць на сцэне. А гэты досвед настолькі незвычайны, што я яго наогул ні з чым не магу параўнаць.

Падчас імправізацыі мозг працуе абсалютна па-іншаму: ты не думаеш, што трэба рабіць далей і як павінна рухацца тваё цела, а наадварот адключаеш мысленне і стараешся «думаць» адчуваннямі, улавіць свой унутраны стан і выпусціць яго вонкі.

— Як вы перастройваліся на новы лад працы?

Юрый: Імправізаваць нас вучыў Генадзь Ханонавіч — ён намагаўся размяць, расслабіць наш мозг, бо мы ў пэўным сэнсе скаваныя сваім уяўленнем пра танец. Усе гэтыя нашы ўяўленні ён руйнаваў і нараджаў нас нанова. Што мы толькі не рабілі — і рохкалі, і бляялі, і бегалі, каб зразумець пластыку, якой яе бачыць менавіта тэатральны акцёр. А гэта іншае, бо ён перадусім перадае тэкст, у той час як артыст балета перадае музыку.

Марына: Тэатральны акцёр нават музыку ўспрымае па-іншаму: мы пад лірычны матыў адразу становімся плаўнымі, а ён у гэты час можа грукаць, барабаніць і крычыць. Генадзь Фамін — вялікі прафесіянал і на яго можна глядзець бясконца. Мы рабілі розныя практыкаванні, напрыклад, трэба было паказаць, што ты ловіш вялікі шар, пераўтвараешся ў нейкага звера і гэты звер перадае шар далей, а можа, гэта ўжо і не шар, то-бок тут зноў жа імправізацыя. І звычайна ўсё канчалася тым, што Генадзь паказваў нешта сам, і асабіста я чакала гэтага моманту, каб атрымаць асалоду ад таго, як па-майстэрску ён гэта робіць.

— Ці атрымліваецца ў вас паладзіць з новымі задачамі?

Юрый: Гэты спектакль для нас — вялікая загадка. У нас атрымліваецца не кожны дзень: часам мы рэпетуем, намагаемся нешта зрабіць, а нічога не выходзіць. Але калі ўсе кампаненты супадуць — там імправізуюць і артысты, і музыканты — і мы сальёмся ў адной плыні, тады зможам адкрыць дзверы гэтага свету таксама гледачу. Я ўпэўнены, у ім кожны адчуе і знойдзе нешта сваё, але як публіка будзе на ўсё гэта рэагаваць, для мяне вялікае пытанне.

— Спектакль «Агонь і лёд» даволі пачуццёвы. Ці любое пачуцце можна перадаць праз танец?

Юрый: Думаю, што любое.

Марына: Напэўна, праз танец можна перадаць усё, а ў гэтым спектаклі мы таксама задзейнічаем міміку.

— Ці прасцей танцаваць у пары з сужэнцам?

Марына: Мінус у тым, што ты можаш дазволіць сабе больш, чым з іншым партнёрам. Трэба бачыць нашы рэпетыцыі! У нейкай нервовай абстаноўцы ты можаш сказаць: «Што ты тут мне робіш?» А Юра: «Ну калі ты мне дапаможаш, колькі мне цябе цягаць?» Натуральна, чужому чалавеку ты скажаш: «Сёння мне было неяк нязручна, можа быць, давай падумаем». Але, канешне, з сужэнцам адчуваеш сябе больш свабодна і разняволена, таму табе лягчэй расслабіцца і дуэт атрымліваецца натуральным.

Гледачы Вялікага тэатра часам кажуць: «Мы абажаем, калі вы танцуеце разам». Яны глядзяць нас і паасобку і заўважаюць, што, калі мы ў пары, усё абсалютна па-іншаму.

Юрый: Калі танцуеш з чалавекам, з якім жывеш, можаш яму сказаць нашмат больш, бо ставішся да яго як да самога сябе. Калі нешта дрэнна робіш, ты нервуешся, сам з сабой спрачаешся і лаешся за тое, што занадта расслабіўся, — такі дыялог не спыняецца. Тое ж самае з блізкім чалавекам, і прэтэнзіі ты яму прад’яўляеш, якія не прад’явіш проста партнёру. Затое на сцэне ўзнікае абсалютнае паразуменне і дуэты атрымліваюцца нашмат больш зладжаныя. І хоць часам яны нараджаюцца праз страшэнную агонію, мы ў такіх выпадках абое задаволеныя вынікам. А ў спектаклі «Агонь і лёд» тое, што мы пара, тым больш дапамагае, бо якраз тут патрэбны чалавек, якога ты ведаеш дасканала.

— Вы абмяркоўваеце свае партыі па вечарах?

— Так, калі былі маладзейшыя, рабілі гэта часцей, а цяпер пасля працы ўсё абмяркуем, прадумаем, па дарозе дадому ў машыне яшчэ пасварымся. Але пакуль даедзем, усё ўжо добра — і далей толькі дом і сям’я, а мы стараемся адключыцца ад працы. 

— Пра балетных артыстаў шмат стэрэатыпаў, маўляў, з-за рэпетыцый у іх няма вольнага часу і яны пастаянна сядзяць на дыетах. Што насамрэч значыць быць балетным артыстам?

Марына: Усе артысты — звычайныя людзі: ядуць салодкае і дом для іх — гэта дом. Калі вялікая фізічная нагрузка, не маеш патрэбы ў дыетах, а калі нехта хоча сябе рэалізаваць, напрыклад, як жонка і маці, я ўпэўнена, наша прафесія гэтаму не перашкаджае. Галоўнае, каб побач быў чалавек, які цябе разумее і падтрымлівае, бо не кожнаму хочацца, каб яго сужэнца па вечарах і выходных не было дома.

Юрый: Гэта значыць вельмі вялікую фізічную і эмацыйную нагрузку, недзе і дыету, недзе і недахоп часу, бо мы працуем да дзесяці ці адзінаццаці вечара. У нас іншы рытм жыцця: гастролі, паездкі, ва ўсіх выходны — нядзеля, а ў нас панядзелак. Напэўна, мы і сваё цела, і свой мозг эксплуатуем больш, чым звычайны чалавек: звычайна пасля спектакля адчуваеш сябе эмацыйна знясіленым, а на наступны дзень наступае проста дэпрэсія.

— Марына, спектакль прысвечаны Ірыне Савельевай, якая з’яўлялася вашай настаўніцай. Ці мяняе гэта што-небудзь у вашай ролі?

Марына: Для мяне Ірына Мікалаеўна — вельмі асаблівы чалавек, гэта немагчыма патлумачыць словамі. Але аб тым, што сюжэт расказвае пра яе, мы даведаліся, калі ўсё ўжо адбылося і спектакль быў адбудаваны. У маім разуменні Ірына Пушкарова хацела перадаць, што, куды б і які чалавек не сыходзіў, жыццё працягваецца. Таму, хоць тут і ёсць нейкі жаль, у цэлым спектакль вельмі светлы.

Першы афлайн-паказ спектакля «Агонь і лёд» адбудзецца 24 красавіка на сцэне Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода. Квіткі можна набыць на сайце білетнага аператара kvitki.by. Тэлефон для даведак: +37529 622-20-90

Сямейны інклюзіўны тэатр «і» створаны ў 2016 годзе на базе тэатральнай студыі Ірыны Пушкаровай пры Генеральнай падтрымцы кампаніі A1. У межах заняткаў студыйцы, у тым ліку дзеці з аўтызмам, навучаюцца харэаграфіі, пластыцы, вакалу, акцёрскай гульні, зносінам. Асноўная задача тэатра — пастаноўка прафесійных відовішчных спектакляў для ўсёй сям'і, якія дапамагаюць прадэманстраваць гледачу мадэль грамадства роўных магчымасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?