Знайсці
05.12.2013 / 14:4024РусŁacБел

«City-cafe Boulevard» і «Pub Club Mixx»: што ўяўляюць сабой кавярні сына Канаплёва

Нядаўна малодшы сын віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Уладзіміра Канаплёва Дзяніс набыў мінскую кавярню «City-cafe Boulevard».

Акрамя таго, ён уладальнік вядомага «Pub Club Mixx», што на вуліцы Чырвонай. Цягам апошніх месяцаў рэстаран быў зачынены: перажываў рэбрэндынг, але з месяц таму зноў запрацаваў пад назвай «Wine&whiskey bar Mixx». Карэспандэнтка «Нашай Нівы» паабедала ў абедзвюх установах.

«Boulevard» з прыходам новага гаспадара не змяніўся: дызайн і цэны засталіся ранейшымі, афіцыянткі ў кавярні ветлівыя ды ўважлівыя, а замову з дзвюх страваў падчас абеду неслі роўна 15 хвілін.

У меню па-ранейшаму пануе еўрапейская кухня, з 12 да 16 гадзін можна замовіць бізнэс-ланч. На абед наведнікам прапануюць салат з гародніны з алеем за 19 000 рублёў ці класічны «Цэзар» за 44 000.

На першую можна замовіць курыны булён (25 000) ці суп з фрыкадэлькамі (28 000). З гарачага ёсць ялавічная выразка, тушаная з апельсінамі (58 000), і філей індычкі з гароднінай (57 000).

Цэны на гарачыя стравы ў «City-cafe Boulevard» пачынаюцца ад 119 тысяч.

Дорага? У цэнтры Мінска цэны абедзеннага меню скрозь такія. А вось за вячэру ў «Boulevard» давядзецца заплаціць даражэй.

Салата «Цэзар» у абедзенным меню за 44 000, вечарам каштуе ў два разы даражэй.

У вечаровым меню той жа «Цэзар» будзе каштаваць амаль удвая больш, а цэны на супы пачынаюцца ўжо ад 44 000 за звычайны булён з грэнкамі.

У меню прысутнічаюць як вытанчаныя салаты з маладой капусты з ракавымі шыйкамі і клубніцамі ўсяго за нейкія 69 000, так і суп з цыбулі, які вельмі любілі французскія сяляне ХІХ стагоддзя (а вы яго можаце палюбіць тут і цяпер за 54 000).

У меню шмат рэцэптаў італьянскай кухні: на закуску — капрэзэ (77 000) ці брускета з начынкай на выбар, у якасці асноўнай стравы — спагеці (баланьезэ – 74 000, карбанара – 69 000), некалькі відаў фетучыні і лазанья.

Інтэр'ер кавярні «Boulevard» выкананы ў цёплых колерах.

Цэны на стравы з мяса ў кавярні спадара Канаплёва не маленькія: за ялавічную выразку «Шатабрыян» наведнік заплаціць 249 000, за цялячую выразку — 199 000. На птушцы ці рыбе сэканоміць таксама наўрад ці атрымаецца. Курынае філе ў таматным соусе з гратэнам з гарбуза каштуе 119 000, філе 3-х відаў рыбы — 239 000.

Такім чынам, давайце падлічым самы танны набор страваў для сытнай вячэры. Самы просты салат пад назвай «Лёгкі зялёны салат» будзе каштаваць 54 000, суп — курыны булён за 44 000, з гарачага возьмем курыцу: палова кураняці альбо курынае філе ў таматным соусе будзе каштаваць 119 000 за порцыю. А на дэсерт — самую танную каву эспрэса за 19 000 ці любую гарбату за столькі ж. Да яе — прафітролі за 44 000. Трэба зазначыць, што нават самая танная гарбата падаецца тут у імбрычку, а не пакецікавую — дробязь, але прыемна.

Гарбату падаюць у імбрычку, а не пакецікавую.

Алкаголь не бяром — і ў нас атрымліваецца 280 000 на чалавека, або 30 даляраў.

Такім чынам, «Boulevard» — не самая танная кавярня, але з густам, і кухар там добра ведае сваю справу.

Змена гаспадара простым наведнікам незаўважная, хіба што ўладальнікі дысконтных картак засталіся пакрыўджаныя. Выявілася, што цяпер немагчыма скарыстацца былой зніжкай – магчыма, калі змяніўся ўладальнік, уся кліенцкая база была ануляваная, і гэта непрыемна здзіўляе.

Другая ўстанова Канаплёва-малодшага называецца «Wine & Whiskey Bar Mixx». «З акцэнтам на бездакорны густ. З тонкімі смакавымі нюансамі ў кожнай страве», — такое напышлівае апісанне мае бар на сваёй вэб-старонцы.

Літаральна за пару месяцаў месца змянілася да непазнавальнасці: раней у адной з залаў стаяў музычны аўтамат і калекцыя піўных кубкаў з розных куткоў свету, а цяпер паб перапрафіляваўся ў лаўнж-бар «з атмасферай высокага стылю». Шкада, канечне, што аўтамат прыбралі — дзе яшчэ такую аўтэнтычную рэч у Мінску знойдзеш. Але затое ланч-меню ў бары больш разнастайнае, чым у першай кавярні Канаплёва.

У абедзенным меню спагеці баланьезэ каштуюць усяго 55 000, гуляш са свініны з бульбянымі долькамі і марынаваным гурком — 45 000, а вялікая талерка крэм-супу з брокалі з труфельным алеем — 26 000.

Крэм-суп з брокалі з труфельным алеем і грэнкамі за 26 000 можна замовіць у абедзенным меню.

Гучыць апетытна, словазлучэнне «труфельны алей» надае страве загадкавасці, ды і каштуе ўсяго на тысячу рублёў даражэй за курыны булён ад «Boulevard». Што дзіўна, у гэтым меню ёсць і дэсерт: тварожны мус з клубнічным соусам за 23 000.

Як водзіцца, вечаровае меню нашмат даражэйшае за дзённае. Так, любы гарнір тут каштуе 25 000: можна замовіць зялёную салату з аліўкавым алеем, запечаную бульбу з травамі і часнаком, пюрэ з пармезанам ды гароднінай. Параўнайце: за адны і тыя ж грошы ў бары «з высокім стылем» можна набыць адразу два зялёныя салаты, а ў «Boulevard» — толькі адзін (пры тым, што складаў меню ў абедзвюх кавярнях адзін і той жа шэф-кухар).

Але не будзем сквапнымі, хай у «Wine & whiskey bar Mixx» мы сэканомілі на салаце, затое паесці ўвечары таннай пасты тут ужо не атрымаецца. Будзьце гатовыя выкласці 100 000 за спагеці з вэнджанымі кілбаскамі і фірмовым соусам (напэўна, аўтарскі варыянт карбанара) ды 140 000 за хатнія тальятэлі з труфельным соусам.

Самая дарагая салата каштуе тут больш за пасту і салату разам узятыя — будзьце ласкавыя, 160 000 за грудзінку качкі з апельсінамі. Ну, ці 80 000 за салату «Айсберг» з вострымі вэнджанымі кілбаскамі і фасоляй.

Падлічваць самы танны чэк з улікам грыль-карты не падымаецца рука: самы танны стэйк з філе сёмгі з лімоннай соллю будзе каштаваць 110 000, па астатніх пазіцыях тут і блізка няма такіх цэн.

Салаты ў «Wine&whiskey bar Mixx» — ад 80 000 за порцыю.

Самы дарагі стэйк — «Портэр-хаўс» за 600 000 (ЗША, 110 дзён зерневага адкорму — тлумачыцца ў меню). Для аматараў міжземнаморскай кухні бар прапануе смажаных каракаціц з авакада і чылі — зноў жа, па боскіх, можна сказаць, цэнах — 130 000 за порцыю.

Амерыкана і эспрэса каштуюць прыкладна столькі ж, колькі ў іншых кавярнях горада — 20 000, латэ тут трошкі даражэйшае — 35 000, айрыш-кава з віскі абыдзецца ў 60 000. Любую гарбату можна замовіць за 25 000.

Такім чынам, абедзве кавярні Канаплёва-малодшага таннымі не назавеш. Разлічаныя яны, напэўна, на прадстаўнікоў класа, трошкі вышэйшага за сярэдняга выбарца, які выбіраў ягонага тату ў палату (на сярэднестатыстычны, паводле Белстата, заробак у 5 547 075 рублёў можна з’есці роўна 9 стэйкаў «Портэр-хаўс» ці штодня цягам месяца есці каракаціц і два салаты).

Яшчэ ў 2011 сын экс-старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Канаплёва быў намдырэктара (па ідэалагічнай працы) у мінскай кавярні, а цяпер ён паспяховы рэстаратар з дзвюма нятаннымі ўстановамі ў цэнтры сталіцы.

Плюс трэба ўлічыць, колькі грошай было ўкладзена на давядзенне піўнога паба да «бара з высокім стылем» — цікава, як называецца гэты рэцэпт звышпаспяховага бізнэсу?

Настасся Храловіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930