Знайсці
03.09.2014 / 16:162РусŁacБел

У Мінску ўшанавалі памяць Генадзя Бураўкіна

Больш за 200 чалавек удзельнічала ў вечарыне памяці памерлага тры месяцы таму паэта Генадзя Бураўкіна. 

Мерапрыемства, якое прайшло 2 верасня ў сталічным Палацы мастацтваў, было арганізавана Беларускім саюзам мастакоў, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду». 

Каля трох гадзін сябры і калегі Генадзя Бураўкіна — пісьменнікі, мастакі і музыканты — успаміналі паэта цёплымі словамі, вершамі і гісторыямі з жыцця. Перад гасцямі выступілі Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Георгій Ліхтаровіч, Зінаіда Бандарэнка, Уладзімір Сіўчыкаў, Сяргей Законнікаў, Рыгор Сітніца і іншыя. 

Таццяна Матафонава з сынам Адасем, Зміцер Вайцюшкевіч, Павел Аракелян і Пётр Клюеў выканалі ў памяць пра Бураўкіна некалькі песень. 

У гутарцы з БелаПАН Зміцер Вайцюшкевіч адзначыў, што яму заўсёды было радасна працаваць з Генадзем Бураўкіным. З ім было «смешна, таму што яму заўсёды было што ўспомніць», і музыкант заўсёды слухаў яго расповеды «з растапыранымі вушамі». «Ён ніколі не быў злапамятным, нават калі варта было б на кагосьці пакрыўдзіцца з артыстаў, хто здраджваў калі не яму, то яго жыццёвым ідэалам», — сказаў Вайцюшкевіч. 

«Я вельмі сумую, што яго няма побач, але пасля яго шмат засталося — песні, сябры, спадчына. Для мяне ён быў, верагодна, адзіным настаўнікам», — дадаў Вайцюшкевіч. 

Як заявіў у інтэрв'ю БелаПАН паэт, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, калі б на вечарыне памяці прысутнічаў сам Бураўкін, ён уручыў бы яму пасведчанне ганаровага члена кампаніі. «Гэта не нейкі сімвалічны жэст, бо Бураўкін разам з Барадуліным былі заснавальнікамі нашай кампаніі», — заявіў Някляеў. Гэтыя паэты, сказаў ён, былі «не толькі сур'ёзнымі, але і вясёлымі, жыццярадаснымі людзьмі», якія заставаліся «аптымістамі да апошніх імгненняў жыцця». 

«Перад самым канцом, ён [Бураўкін] патэлефанаваў мне і доўга расказваў пра сваё жыццё, — успомніў Някляеў. — А потым сказаў, што за ўсё жыццё ні разу не піў тэкілы. Гэта гаварыў чалавек, які ляжаў у рэанімацыі ў анкалагічным корпусе ў Бараўлянах. Я зразумеў сітуацыю, купіў тэкілу і на машыне да яго. Класіка — чарка, соль, лімон. Ён выпіў і сказаў: «Ведаеш, Валодзя, чакаў большага». Я сказаў яму тады, маўляў, Генадзь, дык можна ж сказаць і пра жыццё, што ты чакаў ад яго большага. А ён сказаў: «Так, але ў гэтым выпадку, галоўнае — тэкіла». 

Паводле слоў лідара «Гавары праўду», Бураўкін быў «бліскучы мужчына, яго любілі жанчыны», ён быў «паэт ад Бога, таленавіты адміністратар і сябар». «Ён быў тым, каго, на жаль, у мяне і яго сяброў не стала. Але нам ёсць што ўспомніць і з сумам і з усмешкай», — дадаў Някляеў. 

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Першыя вершы надрукаваў у 1952 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі і прозы, кніг для дзяцей, сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1972), Дзяржпрэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2005), узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Дружбы народаў, медалямі. 

Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», кіраўніком Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Больш за 10 гадоў узначальваў Дзяржкамітэт БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, прыкладна столькі ж быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у 1990-я гады прадстаўляў Беларусь у ААН. 

Памёр 30 мая пасля працяглай хваробы на 78-м годзе жыцця. Пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930