Знайсці
03.09.2014 / 19:344РусŁacБел

Гісторык Уладзімір Ліхадзедаў надрукаваў Біблію па тэхналогіях Скарыны ФОТА

Беларускі гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў з дапамогай тэхналогій XVI стагоддзя ўзнавіў Біблію першадрукара Францыска Скарыны. Унікальнае выданне аўтар праекта прадставіў 3 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Ліхадзедаў распавёў, што ідэя аднаўлення гэтай кнігі «лунала некалькі гадоў». Гісторык занурыўся ў вывучэнне друкарскай справы, звярнуўся да дакументаў, у якіх апісвалася тэхналогія стварэння паперы і працэс друку. Па гравюрах часоў Скарыны быў выраблены друкарскі варштат, спецыяльна для гэтага апарата адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі.

Па словах аўтара праекта, кніга аддрукаваная на самаробнай ільняной паперы, вырабленай па старадаўняй тэхналогіі вычэрпвання. Усяго на адноўленым станку было выраблена сем асобнікаў скарынаўскай Бібліі. «Станок дзейны, і гэта вялікая рэдкасць, паколькі ў свеце аднавілі ўсяго некалькі такіх станкоў», — падкрэсліў Ліхадзедаў.

Адноўленую кнігу Скарыны спачатку хацелі абкласці ў скураны пераплёт, адзначыў гісторык, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся, паколькі Біблія не выглядала б аўтэнтычна. Тады было вырашана зрабіць для Бібліі мяккую вокладку, таксама па старадаўняй тэхналогіі. Вокладку праілюстраваў беларускі мастак-графік Барыс Цітовіч.

«Эксперты з Санкт-Пецярбурга, Масквы, а таксама Беларусі далі кнізе высокую ацэнку, — сказаў Ліхадзедаў. — Кніга практычна не адрозніваецца ад арыгінала. Аднак варта разумець, што пры сённяшнім развіцці аргтэхнікі зрабіць факсімільнае або рэпрынтнае выданне нескладана, у той час як адноўленая кніга — рэдкасць».

На сваім варштаце гісторык марыць аддрукаваць «першыя кнігі, якія выдаваліся ў друкарнях Беларусі ў XVI-XVII стагоддзях». Ён таксама адзначыў, што ацаніць вынік яго працы «немагчыма», бо «адноўленая кніга неацэнная». «У дадзены момант купіць яе [адноўленую Біблію] нідзе нельга, але калі будзе зацікаўленая дзяржава або мецэнат, думаю, такая кніга павінна прысутнічаць у бібліятэках краіны», - падкрэсліў ён.

Друкарскі варштат разам з вырабленымі на ім кнігамі будзе прадстаўлены на фестывалі кнігі і прэсы ў рамках XXI Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 6-7 верасня ў Заслаўі (Мінская вобласць). Гасцям гэтага свята будзе прапанавана паспрабаваць самастойна вырабіць ліст ільняной паперы і паўдзельнічаць у друку.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера