Знайсці
21.05.2015 / 17:24РусŁacБел

Карэя прымусіла ставіць шпіёнскія праграмы на тэлефоны дзяцей

Важна ўдакладніць: Паўднёвая, не Паўночная Карэя.

Некаторыя карэйскія школы канфіскуюць смартфоны ў дзяцей падчас заняткаў. Фота з сайта theverge.com

Камісія сувязі Карэі прыняла рашэнне аб прымусовым маніторынгу смартфонаў, якімі валодаюць непаўнагадовыя грамадзяне, паведамляе Associated Press.

Тэлекамунікацыйныя кампаніі мусяць у абавязковым парадку ўсталяваць на Android-смартфоны дзяцей 15 праграм, што будуць адсочваць актыўнасць апаратаў.

Рашэнне — прынамсі, пакуль — тычыцца толькі новых Android-смартфонаў, што прадаюцца дзецям. Але большасць школ разаслала бацькам лісты з просьбай усталяваць праграмы-шпіёны на старыя смартфоны. Выканаць рашэнне камісіі на iPhone не магчыма ў поўным аб’ёме.

Усталяваныя праграмы дазволяць бацькам адсочваць месцазнаходжанне дзяцей ды сайты, што яны наведваюць, а таксама атрымліваць папярэджанні, калі дзеці шукаюць у інтэрнэце фразы са словамі «суіцыд», «цяжарнасць» альбо «здзекі» (англ. bully). Акрамя таго, бацькам паведамяць, як доўга дзіцё карыстаецца смартфонам, ды дазволяць дыстанцыйна адключаць смартфоны.

Прапанаваныя Карэяй праграмы былі спампаваныя амаль паўмільёна раз. Эксперты па кібербяспецы тым часам папярэджваюць, што прапанаваныя праграмы могуць выкарыстоўвацца не па прызначэнні ды ўсталёўвацца без ведама чалавека.

Не ўсе дзеці і бацькі задаволеныя рашэннем, але аб масавых петыцыях ці пратэстах супраць яго не паведамляецца.

Аляксандр Арсёнаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера