Знайсці
18.08.2008 / 11:31РусŁacБел

Франц Сіўко. Глямур Туры Бэргэр

Што ў кадры, што па-за кадрам — біятланістцы Туры Бэргер залішні, ды, відаць, і збольшага памяркоўны глямур падчас спаборніцтваў, бадай, не пагражае. Лоб і шчокі ў кропельках поту, абсівераныя вусны з камяком прымерзлае сьліны понізу, няправільныя абрысы твару — ці ж пра такое марыць сьпешчаны размаітасьцю праяваў жаночага хараства топ-мэнэджэр «Плэйбою»?

Унук Тодара Кляшторнага

Сустракаю яго калі-нікалі ў горадзе падчас прагулянак. Часам вітаемся, часам — не, у залежнасьці ад мэтражу між намі на ходніку і ступені звыклай, спароджанай штодзённымі клопатамі зацятасьці. Ня ўпэўнены, ці заўсёды ён мяне пазнае: бачыліся зблізку толькі аднойчы, з нагоды святкаваньня 100-гадовага юбілею ягонага дзеда, Тодара Кляшторнага. Дзіўна, але кожнага разу, спатыкаючы гэтага ўраўнаважанага і, па ўсім відаць, далёкага ад літаратурных справаў чалавека, чамусьці адчуваю перад ім няўцямна-вусьцішнаватую няёмкасьць. Быццам у нечым правініўся перад ім, а ў чым дакладна палягае тая правіна, — не знайсьці адказу. І вось, здаецца, ці не знайшоў — у вачах вязьня Тодара на турэмным здымку ў кніжцы «Сьляды дарог», выдадзенай, дарэчы, у 2003 г. на той самай менскай вуліцы Валадарскага, дзе паэта трымалі ў 1937-м. У вачах «здрадніка радзімы», чый паэтычны ды грамадзянскі дар так шмат каштаваў яму самому і ягоным блізкім і чый замглёны праявамі людзкое лютасьці пагляд так і не страціў дарэшты першароднага свайго наіву, узрошчанага шчадротамі зацішнае парэчанска-лепельскае зямлі. Гэтак зьнябожаных празь няпэўнасьць будучыні і катаваньні, што і праз дзесяцігодзьдзі засталіся здольнымі агаломшыць дакорам ад згадкі пра найвышэйшую тую, якую толькі можа ўявіць сабе чалавек, несправядлівасьць. Якая, нібыта, і не датычыць цябе наўпрост, а вось жа, ускалыхнутая неспадзеўным спатканьнем з нашчадкам рэпрэсаванага, кальне стрэмкаю ды нагоніць рабізны сумневу на ціхамірную плынь твайго штодзённага існаваньня.

Глямур Туры Бэргер

Што ў кадры, што па-за кадрам — біятланістцы Туры Бэргер залішні, ды, відаць, і збольшага памяркоўны глямур падчас спаборніцтваў, бадай, не пагражае. Лоб і шчокі ў кропельках поту, абсівераныя вусны з камяком прымерзлае сьліны понізу, няправільныя абрысы твару — ці ж пра такое марыць сьпешчаны размаітасьцю праяваў жаночага хараства топ-мэнэджэр «Плэйбою»?

Зацятаю ўпартасьцю ды несучаснасьцю хады на трасе Тура Бэргер нагадвае мне колішнюю суседку, вясковую дзеўку Тарэсу Ц.. Як для сялянскай дачкі Тарэсы натуральным было зацятае пераадоленьне стомы ў памкненьні ўсё пасьпець па гаспадарцы, так для спадкаеміцы вікінгаў Туры пераадоленьне непамыснотаў спартыўнага жыцьця — звыклыя экзістэнцыйныя варункі з каранямі ўсё ў тым жа вясковым, гэтак імпэтна ўзьнесеным аднымі ледзь не да ўзроўню горняга і гэтак жа імпэтна зрынутага другімі ў бездань саромнага, побыце.

Гарт, узрослы на глебе сялянскай рупнасьці — хараство будзённага, што і праз пакаленьні пра сябе нагадае, агаломшыць адценьнямі фарбаў натуральнага.

Цягнік жыцьця

«Як мы можам вось гэтак разлучыцца?» — сказала абражаная часовым ад’ездам каханага гераіня фільма «Цягнік Чжоў Ю» і ступіла насустрач здрадзе. Скуль было ёй, асьлепленай першым у жыцьці пачуцьцём, ведаць, што няўменьне стачыць у адно сёньня і заўтра немінуча прывядзе яе да згубы. Што заўтра, якім бы яно ні выдавала далёкім-недасяжным, непазьбежна пераліваецца ў сёньня і што быць здатным стрываць павольнасьць гэткае метамарфозы можа толькі той, у каго ёсьць хоць які-кольвек, хай сабе і найкуртаты, досьвед ад учора. Хто дасканала ведае і прымае як належнае, што быць сёньня — гэта таксама і быць заўтра з валізаю ад учора.

Цягнік жыцьця, хісткі спадзеў на мяжы явы і ўяўленьня.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Франц Сіўко, Віцебск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера