Знайсці
14.08.2008 / 12:15РусŁacБел

«Зьбянтэжаны Саўка» ў ХХІ стагодзьдзі

Выйшла кніга выбраных твораў Леапольда Родзевіча, укладзеная Віктарам Яцухнам.

Леапольд Родзевіч. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты; укладаньне, прадмова і камэнтары Віктара Яцухны. — Менск, Мастацкая літаратура. Наклад 2000 асобнікаў, 344 стар.

Сям’я Леапольда Родзевіча была каталіцкая, мела шмат польскіх кнігаў, але разам з тым не цуралася беларускай мовы. Бо якіх іншых кніжак можна было знайсьці ў каталіцкіх сямейных гнёздах у Беларусі прыканцы ХІХ стагодзьдзя? І толькі ў «нашаніўскую» эпоху пачалі зьяўляцца беларускія кнігі, быццам залаціста-крамянымі баравікамі засяляцца адвечна беларускія дубровы.

У 1910 годзе 15-гадовы Леапольд прыехаў ў Вільню, падзарабляў на цукеркавай фабрыцы «Вікторыя», потым чарцёжнікам пры зямельнай камісіі Сялянскага банку. Тады ж у «Нашай Ніве» былі публікаваныя першыя допісы й сцэнічныя абразкі Родзевіча .

Тое, што адразу трое Родзевічаў – старэйшы брат Часлаў, сястра Ядвіня і Леапольд – уліліся ў слынны вандроўны тэатар Ігната Буйніцкага, прадвызначыла драматургічны шлях апошняга. «Несумненна, што ўражаньні ад першых беларускіх вечарын, у якіх Л. Родзевіч браў актыўны ўдзел, разьвілі ў ім цікавасьць да тэатру, пэўным чынам падштурхнулі да напісаньня сцэнічных твораў. Першай ластаўкай стала п’еса «Блуднікі» (1912), якая засьведчыла, што ў літаратуру прыйшоў малады і таленавіты пісьменьнік­драматург», – піша ў прадмове Віктар Яцухна.

Яно так і ня так. Так – бо чытаючы цяпер твор, цяжка даць веры, што напісаны ён 17-гадовым юнаком. Гэткая трапнасьць, мастацкасьць, вобразнасьць, зь якой маладзён удала лепіць вобразы. Вось сцэнка ў карчме:

«Шлёма: Ну, а што ён рабіў у горадзе?

Андрэй: А Бог яго ведае. Ці ж ты зь ім разгаворысься. Яму гавары, а ён дагары. (У в а х о д з і ц ь Ю з ю к, а д з е т ы ў ч о р н ы м, у к а ц я л к у.) А вось і ты, Юзюк, дзе ж ты быў?

Юзюк: Чорта з жабай жаніў….»

Ня так – бо гэты твор амаль паўстагодзьдзя (!) праляжаў у архіве і ўпершыню быў надрукаваны толькі ў 1960 годзе. Хоць яшчэ ў студзені 1913-га сам Янка Купала падаў у аддзел драматычнай цэнзуры Галоўнага ўпраўленьня па справах друку ў Санкт-Пецярбургу рукапіс гэтага твора з просьбаю дазволіць яго пастаноўку. П’еса была падпісана не сапраўдным прозьвішчам аўтара, а псэўданімам Мікула Грымот. Празь некаторы час цэнзар даў сваё заключэньне:

«Гэта нескладаны зьмест драмы, які не ўяўляў бы сабою нічога нецэнзурнага, калі б не тэндэнцыя драмы, якая зводзіцца да таго, што ўсе няшчасьці, гора, пакуты, няўдачы сялянаў зыходзяць ад дваранаў… З прычыны выкладзенага я прапанаваў бы не дазволіць п’есу да пастаноўкі, якая нацкоўвае адно саслоўе на другое, тым больш, што яна напісана беларускай гаворкай, разьлічаная на гледачоў-сялянаў».

Цэнзарскае заключэньне можа служыць своеасаблівай рэцэнзіяй на п’есу «Блуднікі». Добра, што расейская забарона не перарэзала творчую пупавіну маладога беларускага драматурга. Цягам дзесяцігодзьдзя ім былі напісаныя, бадай, усе значныя творы: «У кавалёвай хаце», «На шляху да сонца», «Сказ аб гусьлях». Ну і вядома ж, «Зьбянтэжаны Саўка», які дасюль ставіцца на сцэнах нашых тэатраў.

Што да прозы (а ў кнізе гэта акурат дзясятак апавяданьняў на паўсотню старонак) і асабліва паэзіі – яны не вышэйшага гатунку. Вылучу толькі адзін твор, апублікаваны ў міжваеннай Польшчы ў абыходак цэнзуры пад акадэмічнай назвай: «Адам Хмель. Беларуская народная песьня. Адбітак з IV тому 1 часткі «Матэрыялаў і працаў мовазнаўчай камісіі Акадэміі навук у Кракаве», 1928 год». На другой, ніжняй вокладцы, якая зьмяшчалася пад першай, стаяла: «Л. Родзевіч. На паняволеных гонях». Як гаспадарылі санацыйныя пілсудчыкі на забраных заходнебеларускіх гонях, і якія пачуцьці нараджалі ў працоўнага люду, выяўляюць радкі верша:

«Цяпер іх сіла – наша кроў,

Чырвоніць мур, цьвіце на гонях.

Яны нам сэрцы рвуць з грудзёў,

Прыкладам б’юць – друзгочуць скроні.

На трэсках вырубленых пушч

Сьляды расстрэленых паўстанцаў.

Пакору ад працоўных гушч

З жыцьцём вымушваюць пазнанцы.

Зацялі губы да крыві,

Нутро сасьмягла дамаганьнем:

«Бі акупанта, з корнем рві!»

Зьдзек страшны іх, ды горш – чаканьне.

Што ж, акупант, бушуй пакуль, –

А мець мы будзем перамогу,

На вас усіх нам хопіць куль.

На помсту нашу – вас нямнога».

Сярод публіцыстычных матэрыялаў у аднатомніку не сустрэнем мы артыкулаў з парадаксальнай Родзевічавай кнігі «Беларускі нацыянал­фашызм: яго вытокі, тэорыя і практыка», выдадзенай у Менску ў 1930 годзе. Адзінокую вытрымку зь яе ўкладальнік В. Яцухна падае ў сваёй прадмове (с. 10): «У цягнік, які імчыць па сацыялістычным шляху, нельга ўлезьці з нашаніўскім багажом. Кампартыя, якая кіруе гэтым цягніком, рашуча выкідвае нашаніўскі, буржуазны баляст пад колы цягніка».

Гэтак рашуча публіцыст Лявон Жыцень (пад гэтым псэўданімам і хаваўся заходнебеларускі бальшавік, сакратар Гарадзенскага падпольнага камітэту КПЗБ Леапольд Родзевіч) заклікаў да чуйнасьці, патрабуючы заняць пазыцыю «наглядчыка і абаронцы пралетарскай ідэалёгіі» ў адносінах да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» — як твора «падкулачнага». Прадчуваю: калі б мы пазнаёміліся з усёй творчай спадчынай Л. Родзевіча, – самі апынуліся б у становішчы «зьбянтэжанага Саўкі». Спрабуючы зразумець: чаму творца, які адметна пачынаў пад крылом легендарнай «Нашай Нівы», выракся сваіх каранёў?!

Нам жа, народу, які прыканцы ХХ стагодзьдзя чарговым разам выявіў нязломнае памкненьне да волі і сувэрэнітэту, належыць шанаваць кожнага, хто выявіў сябе барацьбітом у змаганьні за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Язэп Янушкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031