«Цікавая гісторыя, шмат у чым не звязаная з Расіяй»: як прыдзяржаўная структура рэкламуе краіну за мяжой
На старонках буйнога расійскага інтэрнэт-выдання «Лайфхакер», якое піша «пра карысць», нядаўна з’явіўся артыкул з назвай «Шэсць прычын наведаць Беларусь». Партнёрам (чытайце — рэкламадаўцам) артыкула пазначаны інтэрнэт-партал «Ветліва» — сэрвіс анлайн-браніравання і каталог турыстычных паслуг Беларусі, створаны дзяржаўным турыстычным аператарам «Цэнтркурорт».
Якія асаблівасці нашае краіны ўлады лічаць неабходным прарэкламаваць жыхарам Расіі? Мы выбралі асноўныя тэзісы з усіх шасці апісаных прычын, якія малююць карціну Беларусі ў вачах нашых усходніх суседзяў. Як вам?
1. Цікавая гісторыя, шмат у чым не звязаная з Расіяй
Фота тут і ніжэй — vetliva.by
Акцэнт зроблены на вялікай колькасці «тыпова еўрапейскіх славутасцяў», да якіх аднеслі «ўтульныя вузкія вулачкі з брукаванымі тратуарамі і невялікімі дамамі», а таксама касцёлы, сінагогі і пратэстанцкую кірху.
«Казачны лес з дзіўнымі раслінамі» — менавіта так у артыкуле называюць Белавежскую пушчу.
2. Запаведнік СССР
Аўтары артыкула раяць наведаць Беларусь тым, хто не заспеў часы існавання Савецкага Саюза, «каб паглядзець, у якой атмасферы жылі бацькі», а старэйшаму пакаленню — «з'ездзіць за настальгіяй і ўспамінамі».
3. Жыццё ў мегаполісе — гэта пастаянны стрэс
«Пара спыніцца і адпачыць» — так заклікаюць расейцаў у беларускія санаторыі, абяцаючы і плаванне ў басейне, і хваёвыя і перлавыя ванны, і прагулкі ўздоўж возера ці па хваёвым лесе.
4. Гарналыжныя курорты, як у Еўропе
Распавядаецца пра два беларускія гарналыжныя цэнтры, якія па сваім узроўні не саступаюць еўрапейскім курортам, маючы значна ніжэйшыя цэны.
5. Сыры, каўбасы і прысмакі
А яшчэ дранікі, калдуны, клёцкі са скваркамі, бігас (капусту з мясам) і бабку — вось што прапануюць пакаштаваць турыстам у Беларусі.
А набыць у якасць сувеніра раюць еўрапейскія і мясцовыя сыры, журавіны ў цукры, шакалад, фігурны цукар з карыцай, аўсяную кашу ў савецкай ўпакоўцы, вафлі «Артэк» і «Чарнаморскія», абяцаючы «той самы смак з дзяцінства».
6. Нізкія цэны
«Беларусь — недарагая краіна. Паездка сюды атрымаецца бюджэтнай, а ўражанняў будзе шмат», — запэўніваюць аўтары артыкула і абяцаюць кошт абеда ў кафэ ў межах 8-10 беларускіх рублёў.