Найти
11.08.2022 / 17:0360РусŁacБел

Куропаты: на сегодня известно почти всё

О Куропатах историки — и следователи прокуратуры — знают уже многое. Когда расстреливали, как расстреливали, рассказывает журнал «Наша гісторыя». Остается только поименно назвать имена похороненных. И сведения об этом в архивах тоже есть.

«Станавісь!»

Цёплым летнім днём кампанія вясковых дзяцей збіралася ў ягады. Найменшай было якіх дзесяць гадоў, яе звалі Вольгай. Завадатарам быў старэйшы хлопец, Сашка. Ён падгаварыў астатніх ісці за ім: маўляў, ведае месца, дзе надзвычай шмат ягад, настолькі, што збанок можна назбіраць ледзь не адразу. Яму паверылі.

Сашка павёў іх да высокага плота, добра ўсім вядомага, і паказаў лаз. А ягад там і праўда было шмат. Буйныя і смачныя, яны раслі паўсюль.

Ад плота далёка не адыходзілі: не было патрэбы. На каленях поўзаючы па пагорку, дзеці збіралі поўныя далоні лясных пачастункаў, калі прагучаў крык Сашкі:

— Атас, дзеўкі! — і вокамгненна хлопец перакаціўся праз падкоп, у які кампанія пралезла некалькі хвілін таму.

Усе паспелі вылезці, толькі дзесяцігадовая Воля яшчэ заставалася па той бок. Нырнуць у дзірку яна не паспела: на паляну выехала легкавая машына, а адразу за ёй — крыты грузавік. Дзяўчынка ўпала пад елку і амаль перастала дыхаць ад страху.

З легкавіка выйшлі некалькі чалавек. Яны накіраваліся да чорнай грузавой машыны і пачалі выводзіць адтуль людзей. Рукі апошніх былі сцягнутыя за спінамі. Вывелі спачатку чалавек з шэсць, пашыхтавалі. Адзін з канваіраў стаяў наводдаль. Прагучала каманда:

— Станавісь!

Першую ахвяру схапілі пад рукі і падцягнулі наперад. Рукі развязалі — і чалавек упаў на калені, быццам страціўшы апошнія сілы. Ён склаў далоні перад сабой і залямантаваў:

— За што? Скажыце, за што? У чым я вінаваты, божа мой, скажыце мне?!

Сухі стрэл абарваў лямант. Укленчанага штурхнула наперад, і ён быццам праваліўся пад зямлю.

— Станавісь!

Людзі знікалі пад зямлёй адзін за адным, ажно пакуль не засталіся толькі двое. Яны плакалі ад страху і бяссілля, калі ім усунулі ў рукі па рыдлёўцы і загадалі закапаць яму. Можа быць, у іх галовах з’явілася адчайная думка, што пякельны канвеер скончыўся. А можа, яны не маглі ні пра што думаць ад страху і адчаю.

Яма была амаль закапаная, калі гэтых дваіх схапілі за рукі. Праз секунду і яны ўпалі на жоўты пясок.

Канваіры прысыпалі іх без асаблівага энтузіязму. Лясная рана закрылася.

Воля не памятае, ці страчвала яна прытомнасць ад страху. Не памятае, як выбралася за плот, калі людзі з наганамі пагрузіліся ў машыны і з’ехалі. Але праз усё жыццё яе пераследаваў страшны крык: «За што? Божа мой, у чым я вінаваты?..» «Станавісь!»

Крыжы, прывезеныя жыхарамі розных рэгіёнаў Беларусі. 

Да вайны — толькі Брод

Вольга Цімафееўна Бароўская была той самай дзесяцігадовай Волечкай. Праз паўстагоддзя яна расказала гэтую гісторыю следчым пракуратуры БССР.

Брод — так мясцовыя звалі той лес. На паўночным усходзе ўрочышча, на бязлесым пагорку, раслі белыя пралескі, якія цвітуць у маі. Воліны аднавяскоўцы звалі іх «курапаты». Той пагорак з кветкамі ў 1988-м годзе даў імя ўсяму ўрочышчу. Цалкам новая назва настолькі ўкаранілася, што сёння падаецца, нібыта гэта месца называлася Курапатамі заўсёды. На момант падзей, апісаных у гэтым артыкуле, не было Курапатаў. Не было тут і правалаў у зямлі. Быў толькі Брод.

Калі пачатак?

Знайсці пункт адліку, калі багаты ягадамі Брод ператварыўся ў залітыя крывёй могілкі, не так проста. Прынамсі, пакуль архівы закрытыя.

Паводле сведчанняў Вольгі Бароўскай, расстрэлы пачаліся ў Курапатах яшчэ ў 1932 годзе. Праверыць гэтую інфармацыю цяжка. Трэба памятаць, што сведцы было на той момант усяго пяць, да таго ж, яе словы не пацвярджаюцца іншымі сведчаннямі. Яшчэ адзін жыхар Цны-Ёдкава Зміцер Бароўскі казаў, што першыя расстрэлы пачаліся ў 1935—1936-м. Так ці інакш, напачатку расстрэлы былі эпізадычнымі. Але ўсё змянілася з надыходам страшнага 1937-га.

Сведкі сцвярджаюць, што спачатку стрэлы было чутно толькі па начах, а потым страляць пачалі і ўдзень.

Расстрэльвалі ў падвалах турмаў. Расстрэльвалі і ў саміх Курапатах. Асабліва ў пікавыя моманты рэпрэсій, калі штодзень забівалі вялікую колькасць людзей.

Напачатку лес не быў абгароджаны. Вядома, гэта стварала нязручнасці выканаўцам. Па-першае, ім непатрэбныя былі выпадковыя сведкі, а па-другое, паводле чутак, здараліся нават уцёкі з-пад расстрэлу. Таму ў другой палове 1937-га тут з’явіўся плот вышынёй тры метры, збіты з грубых дошак стык у стык. Адзіным праездам на тэрыторыю палігона стала брама. Яна размяшчалася на паўночна-заходнім участку лесу, недалёка ад грунтоўкі Заслаўе — Калодзішчы.

Дзе стралялі?

Тут мы дазволім сабе крыху адступіць ад асноўнай тэмы, каб паглядзець на тапаграфію ўрочышча, якая можа многае сказаць нам пра гісторыю гэтага месца. Яна амаль не змянілася. Пацвярджэннем служаць савецкія і нямецкія карты 30—40-х гадоў, нямецкія і амерыканскія аэрафотаздымкі (нямецкі — з прыватнай калекцыі Паўла Растоўцава, зроблены 23 чэрвеня 1941 года, амерыканскі спадарожнікавы — 6 кастрычніка 1964-га), а таксама сучасныя спадарожнікавыя здымкі. Паглядзім на іх уважліва.

Савецкая тапаграфічная карта 1933 года. На ёй можна бачыць вышыню 231,9 м. Гэта і ёсць пагорак, кветкі на якім далі назву ўрочышчу.

Нямецкі здымак 1941 года. З прыватнага збору Паўла Растоўцава.

Нямецкая карта 1944 года, выкананая на падставе савецкай ад 1933 года з карэкціроўкамі аэрафотаздымкаў 1942 і 1943 гадоў. Раён Курапат мы вылучылі авалам.

Амерыканскі спадарожнікавы здымак 1964 года.

Мы бачым, што абрысы Броду заставаліся амаль нязменнымі з 1933 года. Пасля вайны вырас лес на паўночным усходзе ўрочышча: менавіта там, дзе быў пагорак з курапатамі, а таксама на поўначы ад шашы Заслаўе — Калодзішчы.

Цяжка праверыць інфармацыю, што лес у Курапатах быў паступова высечаны, а новы падняўся пасля вайны. Вынікі дэндрахраналагічнай экспертызы, праведзенай адначасова з іншымі даследаваннямі ў 1988—1989 гадах, адназначна сведчаць, што ўзрост дрэваў вакол пахаванняў складаў ад 35—46 гадоў (на момант правядзення экспертызы). Паводле сведкаў, новыя дрэўцы высаджваліся проста на магілах. Сведчанням аб поўнай высечцы супярэчаць, аднак, аэрафотаздымкі і карты часоў вайны, на якіх лес стаіць у тых жа самых межах, што і да вайны. Як бы там ні было, на месцы масавых пахаванняў лес стаяў і да вайны, і падчас яе, і пасля.

Намаганнямі рэстаўратараў Вадзіма Глінніка і Рамана Забелы стала магчымым вызначыць абрысы расстрэльнага палігона, яго асноўныя пункты і лагістыку руху машын, якія прывозілі асуджаных.

У большасці выпадкаў апошні шлях арыштанта пачынаўся ад турмаў — «Унутранкі» («Амерыканкі»), унутранай турмы НКВД, або «Валадаркі» — цягнуўся па вуліцы Савецкай (цяперашні праспект Незалежнасці) да Камароўкі, затым па Лагойскай шашы да Зялёнага Луга, потым па грунтавой дарозе да шашы Заслаўе — Калодзішчы. Даследчыкі падлічылі працягласць гэтай дарогі смерці — 10555 м.

Цікава, што апошні ўчастак — ён цяпер ідзе па полі, ад дарогі Заслаўе — Калодзішчы ў бок кальцавой, перпендыкулярна ім, па краі Курапацкага лесу між ім і рэстаранам «Паедзем паядзім» — дагэтуль праглядаецца са спадарожніка і нават на мясцовасці. Вясной і восенню гэтае ўзвышэнне на полі добра бачнае нават з узбочыны кальцавой дарогі. Заараць дарогу смерці няпроста.

Як стралялі

Большасць курапацкіх ахвяраў забітыя стрэлам у галаву. У судова-медыцынскай справаздачы ад 1988 года даюцца наступныя звесткі:

— Даследавана 311 чарапоў і фрагментаў. На 222 выяўленыя кулявыя адтуліны дыяметрам каля 7—9 мм з адкладаннямі медзі і свінцу па краях.

— На 188 чарапах і фрагментах выяўлена па адной адтуліне, на 29 — па дзве і на пяці — па тры.

— У 192 выпадках стрэл быў выкананы ў патыліцу, у 26 — у скроню (правую ці левую).

На многіх нефрагментаваных чарапах, апрача ўваходных акуратных адтулін, ёсць таксама рваныя выходныя насупраць.

Існуюць розныя сведчанні, як выконваліся расстрэльныя прысуды. Апроч працэдуры, апісанай Вольгай Бароўскай, мы ведаем і пра іншыя метады. Кіроўца камендатуры НКВД Міхаіл Давідсон распавядаў следчым, што вязняў са звязанымі за спінай рукамі саджалі па краях прастакутнай яміны так, каб ногі звешваліся ўніз. Затым супрацоўнік камендатуры страляў кожнаму асуджанаму ў патыліцу, і ахвяра падала на дно. Давідсон сцвярджаў, што ў той раз, калі ён прывёў у Курапаты грузавік, было расстраляна 20 чалавек — больш, чым па нормах магло змяшчацца ў яго кузаве.

Іншы супрацоўнік камендатуры НКВД Сяргей Захараў распавядаў, як аднойчы яму давялося канваіраваць асуджаных у Курапаты. Моманту выканання прысуду ён не бачыў, таму што вартаваў асуджаных у кузаве. Іх забіралі з машыны па адным.

Такім чынам, мы ведаем як мінімум тры метады выканання смяротнага прысуду, якія, верагодна, выкарыстоўваліся рознымі зменамі чэкістаў.

У абсалютнай большасці выпадкаў расстрэлы рабіліся з рэвальвера сістэмы Нагана ўзору 1895 года. На месцы расстрэлаў выяўлена таксама гільза ад пісталета ТТ. Усе гільзы для нагана, паводле экспертаў, вырабленыя ў Савецкім Саюзе з 1928 па 1939 год.

Нельга не ўзгадаць, што падчас раскопак 1997 года пад кіраўніцтвам археолага Алега Іова былі выяўленыя дзве гільзы ад пісталетаў сістэмаў Вальтэра і Браўнінга калібраў 6,35 і 7,65 мм, вырабленыя да вайны. Вядома, што супрацоўнікі НКВД выкарыстоўвалі зброю не толькі айчыннай, але і замежнай, у тым ліку нямецкай, вытворчасці. Так, адзін з выканаўцаў расстрэлаў Іван Ермакоў, намеснік начальніка камендатуры НКВД, у 1940-м застрэліўся з імяннога браўнінга.

На месцы расстрэльных ям утварыліся западзіны. 

Старыя чэкісты ўспаміналі, што савецкія наганы вырабляліся з няякаснай сталі і пры частай стральбе хутка пераграваліся. Іх закліньвала. А вось нямецкія вальтэры і амерыканскія браўнінгі стралялі безадмоўна.

Чатыры следствы, праведзеныя з 1988 па 1997 год, прыйшлі да аднолькавых высноў: расстрэлы рабіліся супрацоўнікамі камендатуры НКВД з 1937 па 1940 год. Дзякуючы аналізу знаходак, персанальных рэчаў, гільзаў, можна дакладна вызначыць год, калі магілы ўтварыліся. Пры гэтым мы ведаем, што самыя раннія даследаваныя пахаванні выяўленыя ва ўсходняй частцы ўрочышча, а з боку «Паедзем паядзім», дзе ў часы расстрэлаў быў уезд на палігон, — самыя познія, за 1940 год. Такім чынам, урочышча запаўнялася расстрэльнымі ямамі сістэмна — з усходу (ад далёкага, калі пачынаць адлік ад уязной брамы, кута ўрочышча) на захад. Ахвяры 1937 года, імаверна, ляжаць на ўсходзе лесу, а ахвяры 1940 года, з катынскага спісу ў тым ліку, імаверна, — на захадзе і поўдні лесу.

Існуе вялікая імавернасць, што ў Мінску была расстраляная і пахаваная частка палякаў з катынскага спісу. Сімвалічная магіла іх знаходзіцца ў паўднёвай частцы некропаля. 

Змесціва магіл

Знаходкі, зробленыя падчас эксгумацый, могуць даць мноства цікавай інфармацыі. На жаль, вынікі раскопак 1997—1998 гадоў збольшага закрытыя, пра іх ёсць толькі ўрыўкавыя звесткі. А вынікі сакрэтнага следства, якое адбылося ў 2000-х гадах, пакуль зусім не былі апублікаваныя.

Кулі з курапацкіх магіл. Захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Знаходкі ў ранніх расстрэльных ямінах маюць пераважна савецкае паходжанне. Сярод іх — гумавы і скураны абутак, элементы вопраткі, манеты, грабеньчыкі, зубныя шчоткі, мыльніца, гузікі, гаманцы, фарфоравыя кубкі, самаробныя гумавыя галёшы, кулі і гільзы ад рэвальвераў сістэмы Нагана і пісталета ТТ. Знаходкі сведчаць, што тут пахаваныя былі як прадстаўнікі найбяднейшых слаёў (саматужны абутак), так і інтэлігенцыі (зубныя шчоткі). Знойдзеныя як мужчынскія, так і жаночыя парэшткі. Найбольш парэшткаў прадстаўнікоў інтэлігенцыі было знойдзена ў раскопе №1 у 1988 годзе, у той час як раскопы №2 і №3 змяшчалі збольшага парэшткі сялян.

Раскопкі ў Курапатах, 1988 год.

Кардынальна адрозніваецца сітуацыя ў раскопах №5 і №6 на 200 метраў на паўднёвы захад. Тут знайшлі вялікую колькасць рэчаў замежнай вытворчасці: шмат абутку з маркіроўкай лацінскімі літарамі (як скуранога, так і гумавага), грабеньчыкі, у тым ліку ў пластмасавых футаралах, зубныя шчоткі (толькі на дзвюх савецкія клеймы, на астатніх — маркіроўка лацінскімі літарамі), мыльніцы, кубкі (на адным з іх надпіс MadeinPoland), акуляры, манокль, партманеты, заручальныя пярсцёнкі.

Кубкі, знойдзеныя ў Курапатах. Захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Акуляры, знойдзеныя ў Курапатах. Захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Мыльніца, знойдзеная ў адной з магіл. Захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе тры медалікі, знойдзеныя ў раскопе №7. На двух — выява Маткі Боскай Чанстахоўскай, трэці — так званы «Цудоўны медалік», які каталікі па ўсім свеце лічаць цудадзейным. На ім — выява Дзевы Марыі ў поўны рост з апушчанымі рукамі, ад якіх разыходзяцца промні святла. Выява акружана радком з польскамоўнай малітвы: «O Maryjo bez grzechu poczęta módl się za nami, którzy się do Ciebie uciekamy». На адваротным баку — манаграма з літарай «М» (Марыя), крыжам, дванаццаццю пяціканцовымі зоркамі (якія сімвалізуюць дванаццаць апосталаў) і двума сэрцамі: Ісуса пад цярновым вянком і Марыі — прабітае мячом.

Яшчэ адзін знакавы прадмет — грабеньчык, на якім надпісы па-польску «Цяжкіяхвілінывязня. Мінск 25.04.1940. Думка пра вас даводзіць мяне да адчаю» і «26.IV. Расплакаўся. Цяжкі дзень». Такім чынам, можна дакладна зрабіць выснову, што гэтая магіла ўзнікла не раней за красавік 1940 года. Зыходзячы з характару рэчаў расстраляных, мы можам сказаць, што ў гэтай частцы ўрочышча яўна пахаваныя выхадцы з Заходняй Беларусі, далучанай да БССР у 1939 годзе.

Грабеньчык з надрапанымі надпісамі «Цяжкія хвіліны вязня. Мінск 25.04.1940. Думка пра вас даводзіць мяне да адчаю» і «26.IV. Расплакаўся. Цяжкі дзень». Захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Самая вялікая магіла з вядомых на сённяшні дзень была вызначана падчас эксгумацый 1997 і 1998 гадоў (усяго тады было закладзена 15 раскопаў). У ёй былі знойдзеныя парэшткі 373 чалавек. Знойдзеныя ў адным з раскопаў рэчы дазволілі высветліць асобы двух чалавек. Гэта турэмныя квітанцыі аб адабранні каштоўных рэчаў за 1940 год, выдадзеныя Мойшу Крэмеру і Мардэхаю Шулькесу. На сёння гэта адзіныя ахвяры Курапатаў, асобы якіх пацверджаныя дакументальна.

Футбольная бутса, знойдзеная ў адной з магіл. Фота Міколы Крывальцэвіча. 2009 год.

Пэўную інфармацыю можна таксама атрымаць па разрабаваных пахаваннях, якія рэгулярна з’яўляюцца на тэрыторыі ўрочышча. У красавіку 2009-га з’явілася інфармацыя аб раскапанай магільнай западзіне ў цэнтральнай частцы ўрочышча. Сярод рэчаў, якія не зацікавілі рабаўнікоў, супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі археолаг Мікола Крывальцэвіч знайшоў пластмасавы грабеньчык, папяросніцу з рэшткамі папяроснай паперы і нават… футбольную бутсу. Застаецца толькі здагадвацца, адкуль забралі яе ўладальніка на расстрэльны палігон.

Па той бок расстрэльнага рэвальвера

На сённяшні дзень у адкрытым доступе крайне мала інфармацыі пра выканаўцаў прысудаў. Доступу да закрытых дакументаў КГБ БССР у даследчыкаў пакуль няма. Прозвішчы, згаданыя далей, вядомыя выключна з успамінаў сведкаў (у першую чаргу супрацоўнікаў НКВД): І. Кміт — вахцёр камендатуры НКВД, С. Харытановіч — «вывадны» ўнутранай турмы НКВД, А. Знак — наглядчык «Амерыканкі», С. Захараў — вахцёр камендатуры НКВД і іншыя.

Напэўна, самым вядомым з выканаўцаў з’яўляецца Сцяпан Коба (1908 — 9 мая 1953). Напрыканцы 30-х ён служыў начальнікам унутранай турмы НКВД у Мінску («Амерыканкі»). Падчас вайны быў камендантам асобнага аддзела НКВД па Заходнім фронце. Мяркуючы па ўзнагародных дакументах ад 1942 года, ён асабіста выконваў загады аб расстрэлах «здраднікаў». Памёр 45-гадовым у сваім кабінеце 9 мая 1953 года. Пастаўлены яму жонкай помнік можна ўбачыць на Вайсковых могілках у Мінску.

Іван Ермакоў (1888—1940), намеснік начальніка камендатуры НКВД. З 1937-га — малодшы лейтэнант дзяржбяспекі БССР, у 1938-м узнагароджаны знакам «Ганаровы супрацоўнік УНК-АДПУ». Застрэліўся з імяннога браўнінга (да пытання аб знаходках гільзаў ад зброі несавецкіх сістэм) у 1940-м.

Уладзімір Нікіцін (1898 — дата смерці невядомая). У 1937-м — малодшы лейтэнант дзяржбяспекі БССР. Кіраваў камендатурай НКВД БССР да Кобы. Вайну скончыў падпалкоўнікам, начальнікам турэмнага аддзела УНКВД Стаўрапольскага края. Дата смерці невядомая, але Нікіцін дакладна дажыў да распаду СССР і сустрэў яго ў сваёй кватэры ў Маскве ва ўзросце 93 гадоў.

Іван Бачкоў, у 1940 годзе дзяжурны камендант камендатуры НКВД, малодшы лейтэнант дзяржбяспекі, у 1942-м узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Андрэй Астрэйка — нарадзіўся ў 1905 годзе, дата смерці невядомая. У 1938-м узнагароджаны знакам «Ганаровы супрацоўнік УНК-АДПУ».

Сярод прозвішчаў сустракаюцца таксама Мігна, Дуброўскі, Бацян, Фама Абрамчык. На жаль, інфармацыі па іх (даты нараджэння і смерці, узнагароджанні, месцы праходжання службы) у адкрытым доступе няма.

Сцяпан Коба расказваў пасля вайны намесніку міністра ўнутраных спраў БССР Івану Стэльмаху, што пасля расстрэлу выканаўцам выдавалі спірт, які яны выпівалі ў сталовай камендатуры.

Па словах жонкі Бачкова, муж рэдка вяртаўся з працы цвярозым і ад яго нібыта «пахла свежай крывёй».

Колькі было расстраляна?

Пытанне аб колькасці ахвяраў, якія знайшлі апошні прытулак у Курапатах, — найбольш дыскусійнае. Называліся розныя лічбы — ад 7 да 250 тысяч чалавек.

Найбольш абгрунтаваная на сённяшні дзень версія гаворыць пра 30 тысяч расстраляных. Імаверна, калі адкрыюцца архівы і будуць зробленыя дакладныя падлікі, канчатковая лічба будзе адрознівацца ад яе на некалькі тысяч. Гэта лічба вынікае са звестак пра колькасць расстраляных у межах БССР за гады тэрору. Яна таксама супадае з высновамі следства 1988 года, якое зыходзіла з лічбы магіл і сярэдняй колькасці парэшткаў, знойдзеных у іх.

Аднак, на нашу думку, гэтае пытанне не галоўнае. Няважна, ідзе размова «толькі» пра дваццаць тысяч ці пра чвэрць мільёна: і адна, і другая лічба тычацца злачынства супраць чалавецтва.

Нават калі б выявілася, што Курапаты — далёка не самае вялікае месца расстрэлаў у Беларусі (хоць на сённяшні момант усё гаворыць аб адваротным), то яны мусяць быць сімвалам, як, напрыклад, вёска Хатынь, якая сімвалізуе не толькі ўласную трагедыю, але і ўсе спаленыя паселішчы на тэрыторыі Беларусі падчас вайны. Сімвалам, які яднае месцы масавых расстрэлаў у розных населеных пунктах Беларусі.

«Лава Клінтана» была пастаўленая ў знак памяці ад імя амерыканскага народа. На жаль, яна стала ахвярай вандалізму. 

Змена палітыкі ў дачыненні да архіваў КДБ у Беларусі (па аналогіі з архівамі спецслужбаў таталітарнага перыяду ў краінах-суседках Беларусі) дасць вычарпальную інфармацыю адносна таго, як адбылася адна з найбольш страшных трагедый у гісторыі нашай краіны. Вельмі важна, каб гэта адбылося.

Дарога, якой вязняў везлі на расстрэльны палігон, ішла прыкладна там, дзе цяпер сцежка з боку «Паедзем паядзім». 

***

Крыж на сімвалічнай магіле Тодара Кляшторнага. Дачка паэта, архітэктарка Мая Кляшторная, шмат зрабіла для ўвекавечання памяці пра Курапаты. Яна дагэтуль не ведае, у якой канкрэтна магіле ляжыць яе тата.

 ***

Што выявіла Пракуратура БССР у 1988 годзе

14 чэрвеня 1988 года Пракуратурай БССР была заведзена крымінальная справа. Гэта адбылося пасля апублікавання ў газеце «Літаратура і мастацтва» артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты. Дарога смерці».

Следства ўзначаліў следчы па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры БССР Язэп Бролішс.

У сярэдзіне ліпеня 1988-га Савет Міністраў БССР заснаваў Дзяржаўную камісію па расследаванні злачынстваў у Курапатах. У склад камісіі ўвашлі пісьменнікі Васіль Быкаў і Іван Чыгрынаў, былая падпольшчыца, Герой Савецкага Саюза Марыя Осіпава, кіраўнікі Міністэрства юстыцыі і МУС БССР, Вярхоўнага суда, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, вучоныя, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Камісію ўзначальвала намесніца старшыні Савета Міністраў БССР Ніна Мазай, намеснікам старшыні камісіі быў генеральны пракурор БССР Георгій Тарнаўскі.

Падчас следства на тэрыторыі каля 30 гектараў былі выяўленыя 510 меркаваных пахаванняў памерамі 2х3, 3х3, 4х4, 6х8 метраў і большыя. Падчас выбарачнай эксгумацыі былі выяўленыя чалавечыя парэшткі (313 чарапоў, косці шкілетаў, 340 зубных пратэзаў з жоўтага і белага металаў), асабістыя рэчы (грабянцы, зубныя шчоткі, мыльніцы, кашалькі, абутак, рэшткі вопраткі), а таксама 177 гільзаў і 28 куляў. 164 рэвальверныя гільзы і 21 куля, страляныя з рэвальвера сістэмы Нагана, 1 гільза з пісталета ТТ — штатнай зброі супрацоўнікаў НКВД. Таксама былі знойдзеныя некалькі страляных гільзаў з пісталетаў сістэм Браўнінг і Вальтэр, зброя гэтых сістэм выпускалася ў тым ліку і да 1941 года. Нярэдка такой зброяй узнагароджваўся кіраўнічы склад НКВД. 55 сведак з вёсак Цна-Ёдкава, Падбалоцце, Драздова засведчылі, што ў 1937—1941 гадах супрацоўнікі НКВД прывозілі ў Курапаты людзей на закрытых машынах і расстрэльвалі іх.

Следства вызначыла колькасць забітых у не менш як 30 тысяч чалавек. Пасля заканчэння следчых дзеянняў Генпракуратура крымінальную справу па Курапатах спыніла: «Дакладна даказана, што расстрэлы пакараных ажыццяўляліся супрацоўнікамі камендатуры НКВД БССР… Беручы пад увагу, што вінаватыя ў гэтых рэпрэсіях кіраўнікі НКВД БССР і іншыя асобы былі прыгавораныя да смяротнага пакарання або да гэтага часу памерлі… кіруючыся арт. 208, п. 1 і арт. 5 п. 8 КПК БССР, крымінальная справа, заведзеная па факце выяўлення пахаванняў у лясным масіве Курапаты, спыненая».

 ***

Ці праўда, што знаходка ў Курапатах парэштак жанчын ставіць пад сумнеў версію пра савецкія расстрэлы?

Па-першае, у Курапатах следчыя не выявілі парэшткаў дзяцей. А немцы, калі расстрэльвалі яўрэяў, расстрэльвалі і жанчын, і дзяцей.

Па-другое, доля жанчын у пахаваннях Курапат невялікая. Меркаванне, што жанчын у 30-я да расстрэлу ў БССР не асуджалі, распаўсюдзіў старшыня КДБ Беларусі ў 1990—1994 гадах генерал Эдуард Шыркоўскі. Але калі следчыя Генеральнай пракуратуры напісалі запыт у ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР, то выявілася, што ў 1937 годзе ў Мінск два разы на месяц выязджала выязная калегія Вярхоўнага суда. Узначальваў яе такі брыгваенюрыст Комадаў. З ім былі два «засядацелі». Ім НКВД рыхтавала спісы.

Калі ў спісах былі важныя персоны, яны праходзілі ўзгадненне Палітбюро. Сталін пісаў на кожным спісе рэзалюцыі: «К расстрелу б..дей» або проста «За». Свае подпісы ў знак згоды ставілі і іншыя члены Палітбюро: Вячаслаў Молатаў, Лазар Кагановіч, Мікіта Хрушчоў… Яны ўсе былі ўцягнутыя ў гэты канвеер.

Гэтая выязная калегія асуджала людзей толькі па 58-м артыкуле (у БССР ён быў 76-ы) у ч. 1, 2, 3 — здрада радзіме, шкодніцкая дзейнасць, тэрор. І па іншым выключным артыкуле — контррэвалюцыйная прапаганда.

Дык вось, у спісах асуджаных да расстрэлу, якія следства атрымала з ваеннай калегіі з Масквы, — прыкладна 20% жанчын.

Мікола Бугай

 ***

«Асобыя карпусы», дзе трымалі жывых мёртвых

Па загадзе Мікалая Яжова ў турмах НКВД былі створаныя «асобыя карпусы». У Мінску такі існаваў на 2-м паверсе «Валадаркі». Ён быў аддзелены ад рэшты турмы, ад агульнага калідора, сцяной у дзве цагліны.

Там трымалі людзей, якія па дакументах ужо былі расстраляныя і знятыя з усіх улікаў. Для жывых іх ужо не існавала. Але іх трымалі — для «аператыўнай работы».

Права заходзіць у «асобыя карпусы» не меў амаль ніхто, нават турэмны доктар. Мелі права заходзіць туды толькі наркам унутраных спраў і яго памочнік, а таксама група правераных наглядчыкаў — здаецца, у Мінску іх было 6 чалавек. Гэтых шасцёх пасялілі побач з турмой, у будынку на Валадарскага, дзе цяпер Тэхнабанк.

У гэтым будынку на вуліцы Валадарскага ў 1937—1938 гадах пасялілі наглядчыкаў, якія катавалі зняволеных у «асобым корпусе» «Валадаркі». Фота Google Maps.

Асуджаныя ў «асобым корпусе» ведалі пра смяротны прысуд сабе, але ім казалі, што яны могуць заслужыць перагляд яго, могуць захаваць жыццё, калі дапамогуць НКВД у выкрыцці іншых «ворагаў народа». Ад іх дабіваліся паказанняў на максімальную колькасць людзей. Ім падсаджвалі вязняў, каб яны іх «раскручвалі» на «прызнанні». Зняволеных тут білі канвеерам па 24 гадзіны.

У асобым корпусе мінскай «Валадаркі» доўгі час трымалі беларускага дзеяча, аўтара першай беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча.

Страшныя папкі з паказаннямі гэтых людзей яшчэ чакаюць свайго адкрыцця.

Калі турмы НКВД былі пеклам, то асобыя карпусы — пеклам пекла. У Мінску гэты корпус быў разлічаны на 180 чалавек. У Магілёве, Гомелі — да трыццаці. У Оршы — на дзесяць. Існавалі яны і ў Старобіне ды Ветрыне, дзе таксама дзейнічалі вялікія вязніцы.

Калі 25 лістапада 1938 года Сталін замяніў Яжова на Лаўрэнція Берыю, адным з першых загадаў было: з 12.00 спыніць усе расстрэлы. А тут у асобых карпусах — 400 чалавек, якія па дакументах былі ўжо расстраляныя. У Мінску на той час наркамам быў Аляксей Наседкін. Яго папярэднік, Барыс Берман, ужо быў адкліканы ў Маскву і арыштаваны. Наседкін даў загад тэрмінова расстраляць 400 чалавек. Але чэкісты ўжо баяліся: яны бачылі, чым скончылі іх папярэднікі. Намеснік Наседкіна патрабуе: «Дайце пісьмовае ўказанне!» Тады Наседкін выклікаў намесніка і павёў дамоў, у інтэрнат на Камсамольскай. Там яго напаіў, пасля чаго той стаў больш згаворлівым.

Вязняў з асобага корпуса пасадзілі ў грузавікі і павезлі. Цэлы дзень і паўночы стралялі. Асобных супрацоўнікаў НКВД таго часу, напрыклад шафёра Давідсона, следчы пракуратуры Бролішс яшчэ паспеў у 1988 годзе апытаць.

Мікола Бугай

 ***

Расстрэльныя дакументы вывезеныя ў Маскву

Да 1964—1969 года дакументы пра месца пахавання кожнага з асуджаных ляжалі ў Мінску. Пасля іх загадалі перадаць у Маскву. У дасье на кожнага вязня захоўваліся так званыя «першы канверт» і «другі канверт». У першым дагэтуль захоўваецца рашэнне трыбунала. У «другім» — даведка з камендатуры «Решение приведено в исполнение … года в г. Минске на спецучастке № …» і подпісы. Змесціва гэтых канвертаў і было перавезена ў Маскву. Але некаторыя іншыя дакументы, на аснове якіх можна аднавіць дакладныя лічбы расстраляных у Мінску, імаверна, можна выявіць у архівах КДБ Беларусі.

У суседніх з Беларуссю краінах задачу раскрыцця гістарычнай праўды пра рэпрэсіі выканалі Інстытуты нацыянальнай памяці. Яны ўпарадкавалі архівы і апублікавалі выяўленыя дакументы.

 ***

Ад рэдакцыі

Сталінскія рэпрэсіі былі не проста злачынствам, ахвярай якога сталі нявінныя людзі. У Беларусі яны мелі характар мэтаскіраванага вынішчэння нацыянальнай і дзяржаўнай эліты. Яны не толькі аслабілі краіну перад вайной, яны падарвалі патэнцыял нацыі на дзесяцігоддзі. Татальна вынішчылі кіраўніцтва БССР, эліту сялянства і інтэлігенцыю. Адбылася падмена базавых паняццяў пра мараль, законнасць, абароненасць чалавека законам і справядлівасць, якія ляжаць у аснове поспеху любога сучаснага грамадства. Найцяжэйшыя наступствы 1930-х наша грамадства адчувае дагэтуль.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Пятрусь/ответить/
13.08.2022
Абыр,

Твой шэф табе і адкажа. 
1
Reynier/ответить/
14.08.2022
Are there other bolshevik (mass) graves sites in Belarus 1917-1954 ?

And even today unrevealed ones ?

Are their location known ?

0
Максим Дизайнер/ответить/
25.08.2022
Абыр

Криминал стрелял политических.
Показать все комментарии
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера