Знайсці
12.07.2020 / 10:4317РусŁacБел

Віктар Лабковіч пра адмену «Радзіва Прудок» і «Сфагнуму»: Хайп двух чалавек пашкодзіў усёй кінасферы

Генеральны прадзюсар «Першай КінаВідэаКампаніі» Віктар Лабковіч стаў аб'ектам крытыкі Андрэя Курэйчыка

Мінкульт падтрымаў праекты экранізацый кніг «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата і «Сфагнум» Віктара Марціновіча. Сцэнарыст Андрэй Курэйчык і дырэктар Тэлевізійнага прадзюсарскага цэнтра Уладзімір Бяляеў напісалі скаргі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, і Міністэрства культуры прыпыніла закуп згаданых фільмаў.

За апошні час Мінкульт правёў некалькі так званых тэндараў дзяржзакупак, праз які чатыры кінапраекты атрымалі бюджэтныя грошы — ніводны з іх не належыць «Беларусьфільму», затое адразу тры прадстаўляе «Першая КінаВідэаКампанія», вядомая дакументальным фільмам «Дэбют», стужкай «Унутры сябе», кліпам «8 Сакавіка» Уладзіміра Галыгіна і «Ленінграда» ды іншымі рэчамі. Яна ж павінна была ўзяцца за «Радзіва «Прудок», і хоць гэты праект аказаўся пад пытаннем, да рэалізацыі ўсё яшчэ рыхтуюцца серыял пра Уладзіміра Мулявіна і фільм Андрэя Кудзіненкі пра спартоўца Аляксандра Мядзведзя. Жарсці беларускай кінасферы абмяркоўваем з генеральным прадзюсарам «Першай КінаВідэаКампаніі» Віктарам Лабковічам.

— Як вы ацэньваеце дзеянні вашых калег, якія падалі скаргі ў МАРГ на вынікі тэндараў дзяржзакупак?

— Я стаміўся ад гэтых звадаў, нават не хачу прыпадабняцца тым людзям, якія быццам нешта выкрылі, сваімі лістамі адмянілі вынікі тэндара і адзін аднаго за гэта пахвалілі. Па-добраму, калі ты падаешся на конкурс, ты згаджаешся з правіламі гульні і разумееш, што не можаш фарміраваць камісію альбо рэгуляваць яе крытэрыі адбору. Некаторыя заўсёды пішуць скаргі, калі не выйграюць самі, мы з гэтым ужо сутыкаліся: летась на наш праект «Жывадзёры» скаргу ў МАРГ напісалі два разы, і ён у выніку не адбыўся.

Пакуль Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр цягам многіх гадоў перамагаў у конкурсе, яго задавальняла і камісія, і вынікі ацэнак — як толькі ён перастаў перамагаць, сталі пісацца лісты.

Гэтая грызня, хайп двух чалавек, лічы, пашкодзіў усёй кінасферы: пад пытаннем закуп двух фільмаў, то-бок праца для мінімум ста чалавек, а наступны конкурс будзе ўвосень і ўжо, я думаю, з меншымі сумамі, бо калі галіна не засвоіла гэтыя грошы, значыць, столькі ёй не трэба.

Бюджэт на кіно і без таго складае толькі 5-6 мільёнаў даляраў за год, хаця, напрыклад, яшчэ ў 2012-м было 10 мільёнаў.

— Тым не менш вы перамаглі ў трох з чатырох тэндарах — выглядае, быццам Міністэрства культуры пераарыентоўваецца з «Беларусьфільма», які дагэтуль звычайна забіраў бюджэт, на прыватныя кінакампаніі.

— Сітуацыя іншая: «Беларусьфільм» знаходзіцца на мяжы банкруцтва, яго рахункі арыштаваныя, ён мае запазычанасці па падатках, таму папросту не можа падаць заяўку на конкурс. Зразумела, калі б мы супернічалі з кінастудыяй, яна б хутчэй за ўсё перамагла: з 2012 года сярод больш за трыццаць нашых заявак у конкурсе выйгралі толькі тры, і давайце паглядзім, колькі перамог у «Беларусьфільма». Зрэшты, калі будзе абвешчаны наступны конкурс, кінастудыя, магчыма, ужо вырашыць свае праблемы і зноў забярэ ўсе выдзеленыя дзяржавай грошы.

Але мяне парадавала, што на апошнія тэндары прэтэндавалі чатырнаццаць, адзінаццаць і дзесяць праектаў — можна ўявіць, колькі арганізацый кінавытворчасці існуе ў Беларусі.

— І амаль усе грошы тым не менш атрымалі вы. «Першая КінаВідэаКампанія» такім чынам выглядае як новы манапаліст.

— Давайце пра манаполію я раскажу такім чынам… Праекту «Радзіва «Прудок» ужо чатыры гады: рэжысёр Аляксей Раковіч, які набыў правы на экранізацыю, звяртаўся і да «Беларусьфільма», і да іншых кампаній і, урэшце, прыйшоў да нас.

Праекту «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» — два гады, гэта вялікае аўтарскае кіно Андрэя Кудзіненкі, з якім мы сышліся ў разуменні, што нешта ў гэтай краіне можам зрабіць.

Праект фільма пра Мулявіна існуе з 2014 года, а Мулявін — сапраўдны герой нашага часу. Можа, у нейкай ступені мы і манапалісты, але тады давайце казаць — у інтарэсах фільмейкераў. Мы не падаём праекты на конкурс у стылі «давайце на каленцы хуценька напішам сцэнарый, ага, мільён даюць — здымем за трыста тысяч».

— Як прыватны прадзюсар вы не пабойваецеся здымаць кіно з удзелам дзяржавы? У Міністэрства могуць быць пэўныя патрабаванні альбо нават кантроль, у тым ліку за зместам.

— Кантроль ёсць, але толькі за тым, на што трацяцца выдзеленыя сродкі, іншага кантролю Міністэрства, па маім уласным досведзе, не ажыццяўляе. Я не пабойваюся, бо маю справу з буйнымі праектамі, а на гэта патрэбны грошы.

Фільм пра Мулявіна ахоплівае перыяд з 1950-х да 1990-х, «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» ўвогуле пачынаюцца з вайны — гістарычныя рэканструкцыі вымагаюць сродкаў, якіх усё роўна не хапае. Паверце, мы патрацім усе міністэрскія грошы, яшчэ і дадамо свае.

— Андрэй Курэйчык лічыць, што памер выдзеленых дзяржавай сродкаў у разы перавышае сапраўдны кошт стварэння фільмаў. Што скажаце?

— Андрэй хайпуе. За 50 тысяч даляраў сапраўды можна стварыць сучасную драму ці трылер, але акцёры тады павінны здымацца ў сваім адзенні, здымкі — праходзіць на «сваіх» аб’ектах, а аплата камандзе мусіць быць у разы меншая за адэкватную. Гэта аматарскі падыход, сітуацыю трэба мяняць у адваротны бок. Канечне, лепш здымаць больш, але рабіць усе дванаццаць фільмаў па адной схеме — нонсэнс, павінна быць і іншае кіно. Помню, на замежных пітчынгах з нашым фільмам «Дэбют» яго рэжысёру Насці Мірашнічэнка раілі замест рэальных 25 тысяч еўра бюджэту пісаць 100-150 тысяч, бо людзі ў Еўропе не разумеюць, як можна зняць кіно за такія грошы.

— Выказванне пра Ліама Нісана ў ролі Аляксандра Мядзведзя — гэта жарт ці вы насамрэч плануеце запрашаць галівудскіх акцёраў?

— Мары не пашкодзяць, у кіношнікаў нават існуе паняцце «дрымкаст». Вядома, мы пастараемся здзівіць публіку. Увогуле я ў кінабізнэсе з 2007 года і сцэнарый пра Мядзведзя, на мой погляд, адзін з найлепшых за гэты час, Андрэй Кудзіненка вялікі малайчына, я яго люблю і паважаю.

— Ці магчыма прыватнаму прадзюсару ў Беларусі зарабіць на кіно?

— Цяжка, бо ў нас маленькі рынак, а самаідэнтыфікацыя не працуе. Адзін эстонскі фільм у мінулым годзе апярэдзіў у нацыянальным пракаце галівудскія блакбастары — у нас 99,9 працэнтаў кінапракату звычайна складае заходняе і расійскае кіно, а беларускае, калі і трапляе на вялікі экран, папулярнасцю не карыстаецца. Можна зняць дзесяць фільмаў за невялікія грошы, але і яны не заробяць, бо будуць аднатыпныя. Заробім мы хутчэй, калі прададзім кіно на іншыя тэрыторыі, але яно павінна быць ім блізкім. Напрыклад, каб прадаць карціну ў Расію, трэба, каб у ёй ігралі расійскія акцёры, а як толькі ў цябе з’яўляюцца расійскія акцёры, бюджэт фільма вырастае ў некалькі разоў — замкнёнае кола.

— Які з вашых праектаў прынёс вам найбольш дывідэндаў?

— Я не атрымаў ад яго ніякай выгады, але любімым лічу «Стол» мастака Рамана Заслонава [арт-праект, што ўдзельнічаў у Венецыянскім біенале, — Аўт.], а зарабілі мы больш за ўсё на «Слядах апосталаў», які здымалі разам з «Беларусьфільмам».

— Як прадзюсар вы зрабілі і дакументальны фільм «Дэбют», і хайпанулі на кліпе «8 Сакавіка» Вадзіма Галыгіна з «Ленінградам» — даволі вялікі роскід.

— Мы ўдзельнічаем у абсалютна розных праектах — гульнявых і дакументальных фільмах, анімацыі, кліпах. Гэта называецца не «хайп», а «мне падабаецца», да таго ж папрацаваць са Шнурам і Галыгіным было прыемна.

— Ці магчыма такі праект, як серыял пра «Мулявіна», рэалізаваць без дзяржаўнай падтрымкі?

— Раскрыю тайну: калі б Міністэрства культуры не выдзеліла сродкі, мы б усё роўна знялі серыял, але з грашыма расійскай кампаніі «Газпрам-медыя», то-бок наша краіна на дзяржаўным узроўні ў праекце не была б прадстаўлена, а я лічу, што персанаж Мулявіна важны менавіта для Беларусі.

— А калі фільм «Радзіва «Прудок» у выніку не атрымае грошы з бюджэту?

— Нам падабаецца гэты праект, і мы яго рэалізуем.

— Чаму, як вы думаеце, асвоіць бюджэтныя грошы вам удасца лепш, чым «Беларусьфільму»?

— У нас з «Беларусьфільмам» розныя падыходы да бізнэсу. Кінабізнэс — такі ж бізнэс, як і любы іншы, а ў мяне гэтых бізнэсаў хапае. Мы ў асноўным працуем за кошт уласных сродкаў, а калі ўкладваеш свае грошы — іначай ставішся да таго, што ствараеш. Нядаўна са мной звязаўся супрацоўнік «Беларусьфільма» і прапанаваў сустрэцца, а падчас сустрэчы сказаў: «Чуў, што вы выйгралі тэндар на фільм пра Мулявіна, вазьміце мяне выканаўчым прадзюсарам, мне трэба толькі, каб вы арандавалі мне жыллё і плацілі заробак, невялікі — паўтары тысячы рублёў, вы ж усё роўна ў дзяржавы бераце». Вось стаўленне людзей з «Беларусьфільма» — «не мае грошы». У гэтым наша адрозненне. Да таго ж работы «Першай КінаВідэаКампаніі» даказваюць, што мы можам здымаць годныя фільмы. Калі мы ўзялі ўзнагароды нават на ангажаванай дзяржавай Нацыянальнай кінапрэміі ў 2018 годзе — значыць, мы сапраўды найлепшыя.

— Ці магчыма за дзяржаўны кошт узбагаціцца на кіно?

— Магчыма, калі правільна да гэтага падысці, — стварыць добры прадукт, прадаць яго і атрымаць прыбытак.

Гутарыла Стэфанія К. фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930