Знайсці
25.08.2020 / 14:585РусŁacБел

Звольнены супрацоўнік пасольства Беларусі ў Індыі, які прыйшоў на акцыю пратэсту: Не шкадую пра зробленае

Андрэю Місюру 30 гадоў, ад 2017 года ён працаваў у статусе трэцяга сакратара пасольства Беларусі ў Індыі.

Андрэй Місюра. Фота vk.com.

«Я пачаў працу ў МЗС у 2015 годзе, да гэтага я скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МГІМО). Туды я быў накіраваны па так званым «прэзідэнцкім наборы», то-бок усведамляў, што буду працаваць у нашым Міністэрстве замежных спраў», — кажа Андрэй Місюра.

Паводле профілю, Андрэй Місюра — усходазнаўца, ягоныя працоўныя мовы — англійская і японская. Ад пачатку працы ў МЗС ён стаў куратарам менавіта Індыі, а ў 2017 годзе быў накіраваны туды на працу. Місія Андрэя Місюры павінна была скончыцца ў лістападзе, але ў Беларусь ён вярнуўся раней.

Спадар Місюра кажа, што не можа ў падрабязнасцях расказваць пра акалічнасці звальнення, бо некаторая звесткі могуць разглядацца як «службовая інфармацыя».

Але вядома, што ён падтрымаў мірную акцыю супраць гвалту, што адбывалася ў Дэлі.

«У персанальным статусе я падтрымаў гэтую акцыю. Гэта была не палітычная акцыя, а мірная акцыя супраць гвалту. Вельмі кароткі час я на ёй прысутнічаў. Мне як дыпламату таксама важна было засведчыць, што гэта была выключна мірная акцыя. Гэта не падтрымка кандыдата А і не агітацыя супраць кандыдата Б. Я быў сведкам, хай і не пры выкананні, мірнай акцыі», — гаворыць ужо былы дыпламат.

Якая менавіта была рэакцыя супрацоўнікаў пасольства і МЗС, Андрэй Місюра лічыць за лепшае не гаварыць. А вось звычайныя людзі, якім дыпламат дапамагаў з эвакуацыяй з Індыі падчас каранавіруса і стыхійных бедстваў, накіроўвалі на адрас пасольства і МЗС шмат словаў падтрымкі. Праўда, гэта не дапамагло.

«Я лічу, што не парушаў ніякіх пунктаў заканадаўства, але ўсё можа быць кваліфікавана па-іншаму. Нічога з гэтым рабіць не планую, я падзякаваў кадравай камісіі за той час, калі я быў супрацоўнікам МЗС», — гаворыць Місюра. З працы ён быў звольнены 24 жніўня. Літаральна за дзень да гэтага ён прыляцеў у Мінск з Дэлі.

«Я адчуваў падтрымку сяброў як з беларускага, так і з індыйскага боку. Зусім не шкадую пра зробленае. Я рады, што быў часткай беларускай дыпламатычнай службы, і рады, што сыходжу менавіта цяпер», — адзначае экс-дыпламат.

Персанальнай размовы з міністрам Макеем у яго не было. Што тычыцца планаў аб далейшым працаўладкаванні, то гаварыць пра гэта яшчэ цяжка. «Не да канца зразумела, што цяпер адбываецца ў краіне, мяне тут не было тры гады».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера