Знайсці
08.09.2020 / 17:2042РусŁacБел

Мінская настаўніца — вучням: Бабарыка — пачвара, паглядзіце на яго морду! Яе сын: Улада павінна памяняцца

У сеціве распаўсюджваецца цікавае аўдыя: на ім настаўніца рускай мовы і літаратуры мінскай школы №143 Алена Ураева дзеліцца з вучнямі сваімі жыццёвымі поглядамі. Напрыклад, цытуе Гебельса і прызнаецца, што ёй цяпер сорамна за сына-айцішніка.

Алена Ураева

«Наша Ніва» звязалася з былымі вучнямі настаўніцы, яны пацвердзілі: на запісу прамаўляе сапраўды Ураева.

Вось самыя цікавыя цытаты з выступу Ураевай.

«Моладзь схільная да экстрэмізму».

«Я сама падпісаная на ўсе гэтыя суполкі. […] Але я чытаю ўсё гэта з пыхай, бачу тэхналогіі, праз якія вамі кіруюць, бачу, як з вамі працуюць. Не ўсе дарослыя могуць бачыць гэта. Я з 2014 года гэтым цікаўлюся, калі тое ж самае здарылася ва Украіне. Шэсць гадоў я вывучаю гэтыя пытанні, цікаўлюся. І бачу ўсё як пад капірку. Тое ж самае было ў Лівіі, у Югаславіі, тое ж было ў постсавецкіх краінах».

«Што смешнага? Я расказваю рэчы, якія не прачытаеце ў інтэрнэце!»

«Я заклікаю быць асцярожнымі, дзесяць разоў падумаць, што ўкладваюць у тваю галаву. Вы не вінаватыя, бо ў вашыя галовы мы не ўкладвалі. Гэтыя гадзіны інфармавання, ад якіх мяне трэсла… Згадайце, як яны праводзіліся і якія тэмы былі. Я заўсёды казала: калі ў гэтыя галовы не ўкласці тое, што трэба, туды будуць укладваць іншыя.

Ну і ніхто не адмяняў словы Гебельса, гэта галоўны ідэолаг фашысцкі. Ён сказаў: хочаш перамагчы ворага, трэба выхаваць яго дзяцей».

«У нас вырасла два пакалення каструлягаловых, якія сёння ў нас на вуліцы. Ходзяць, не разумеючы, за што ходзяць».

«У мяне з маім айцішнікам тое ж самае (гаворка ідзе пра аднаго з сыноў. Ён падпісаў зварот айці-супольнасці аб спыненні гвалту — Рэд.). Я яму кажу: «Я табой ганарылася, ты быў гонар сям’і. Цяпер мне сорамна за цябе, ты нас ганьбіш».

«У Літве згубілі 2/3 насельніцтва. Моладзі працы няма, едуць у Еўропу, працуюць афіцыянтамі, кухарамі, прыбіральшчыкамі ў лепшым выпадку. А ў горшым — какашкі за хворымі бабулямі і дзядулямі нямоглымі прыбіраюць. Бо дома зусім няма працы. Заводы закрылі, сельскую гаспадарку развалілі — усё, нуль!»

«Я свайму [сыну] казала, калі ён крычаў, што яго голас скралі і конкурс на самую сінюю дупу быў: мала! Я б не проста дупы адбіла. Я б адбіла ўсё жаданне вякаць! Я б языкі паадразала ім усім, каб яны проста мычалі. Бачна, што непалоханыя і не бітыя. Невінаватых не было, хай не расказваюць!».

«Вы бясплатна ездзіце сёння! Нават у савецкі час школьнікі плацілі за праезд! Пачатковая школа харчуецца бясплатна! Хай тыя, хто вякае, вярнуць тады грошы!»

«Мамкі з каляскамі, іх увогуле трэба пазбаўляць бацькоўскіх правоў… Швэндаюцца, прыкрываючыся дзецьмі. Якіх вырадкаў, неўрасценікаў яны выгадуюць! Бо ў 1-2 гады дзіця не разумее, а пасля ідзе на падкорку!»

«Я яшчэ тыдзень таму казала, што будуць раздаваць наркату, гарбату, каву, ваду, пячэнькі. Усё, ужо раздаюць!»

«ЛГБТ не было, Еўрасаюзаў не было, я казала: будуць! Усё, на гэтых выходных усе павылазілі! Сцягі украінскія, сцягі амерыканскія, ЛГБТ-суполкі, уся гэтая педэрастыя і жаночая, і мужчынская! Да! Да! Да! Вы ж бачылі гэта ўсё!

Беларусы, што вы, атупелі? Усе такія дэбілы ці што? Што са студэнтамі робяць? Ідыятызм!

З прававога поля намагаюцца выйсці і расхістаць!

«Я 10 гадоў не магу беларускае тэлебачанне глядзець, калі прэзідэнт выступаў, я намагалася пераключыць. Цяпер, калі я яго бачу, я спыняюся, слухаю. Бо адзіны разумны прэзідэнт, дай Бог яму здароўя, каб ён вытрываў гэта ўсё і яму дапамаглі тыя сілы, на якія ён абапіраецца».

«Мой малы крычаў пра Бабарыку. Я кажу: ты паглядзі на яго морду! Ён жа канкрэтная пачвара, прабачце, і брыда!».

Сын Алены Ураевай, на якога яна шмат разоў спасылалася ў сваіх прамовах, пагадзіўся пракаментаваць для «Нашай Нівы» словы маці.

«Мой каментар з нагоды запісу: любы пункт гледжання мае права быць, тым больш плюралізм меркаванняў — гэта тое, што хацелася б бачыць у новай Беларусі.

Але сапраўды немагчыма апраўдаць незаконны гвалт ніводным аргументам. Я думаю, што менавіта з-за пары фраз, якія ўскосна апраўдалі метады задушэння пратэстаў, гэты запіс трапіў у сетку.

І я думаю, што гэтыя фразы былі сказаны проста на эмоцыях, як ахоўная рэакцыя. Ахоўная рэакцыя ад бяссілля, што ўсё ж такі бягучая палітычная сістэма бурыцца. Для людзей, хто гэтай сістэмай быў задаволены, балюча на гэта глядзець.

Таму хацелася б заклікаць успрымаць гэтыя крыху эмацыйныя фразы не як апраўданне гвалту, а проста як частку эмоцый. А па ўсім астатнім сказаным — проста прыняць, што ёсць іншы пункт гледжання. Хутчэй за ўсё, нейкая частка праўды там таксама будзе. Такія шаблоны паводзін, з абразай апанентаў, транслююцца нам з боку цяперашніх уладаў. А многія людзі на розных пасадах у нас гэта міжвольна капіруюць. Таму давайце задумаемся аб корані праблемы.

Чаму мама сказала, што я ганьблю сям'ю — гэта толькі з-за таго, што я прытрымліваюся іншага пункту гледжання, не больш за тое. Я прыхільнік таго, што ў нас павінна памяняцца ўлада.

Гэта праўда, што, працуючы ў IT, я адчуваю сябе добра пры ўладзе Лукашэнкі. Але мне здаецца, улічваючы бягучыя пратэсты, што ў нас ужо няма выбару адкаціць усё назад і жыць як раней.

Я бачу выбар паміж пагаршэннем эканамічнай сітуацыі, калі пратэсты будуць працягвацца, і паміж чымсьці нявызначаным, калі бягучая ўлада зменіцца. Я падтрымліваў кандыдата Бабарыку, бо мне блізкая асноўная ідэя ягонага штаба, што ў кожнай справе павінен працаваць прафесіянал. І я не бачу прафесіяналізму ў дзеяннях бягучай улады па зніжэнні пратэстаў. Таму я раблю высновы, што пры захаванні цяперашняй улады эканоміка нашай краіны будзе толькі пагаршацца».

«Наша Ніва» спрабавала звязацца з самой настаўніцай. Алене Ураевай перадалі, што яе шукае карэспандэнт, але яна не захацела выйсці на сувязь.

У школе №143 паведамілі, што ў курсе палымянай прамовы настаўніцы. Наступствы будуць, але якія, пакуль незразумела.

«З запісам мы азнаёміліся. Гэта не пакінуць проста так. Але пакуль без каментароў: мы самі асэнсоўваем гэта», — паведаміла намесніца дырэктара Аксана Петрусевіч.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930