13 лютага — Віктар Шалкевіч у Мінску з найлепшымі песнямі
Моладзевы тэатр эстрады (вул. Маскоўская, 18а). Пачатак а 19.00.
13-га лютага ў мінскім Моладзевым тэатры эстрады беларускі бард, акцёр, паэт і шоўмен Віктар Шалкевіч зладзіць традыцыйны канцэрт да Дня закаханых. А дапаможа Шалкевічу актор і музыка Анатоль Кандыба.
«Становішча ў Айчыне нагадвае пачатак вядомага рамана: «Всё смешалось в доме Облонских…» Тым не менш, паміраць збірайся, але жыта сей, — заўважаюць музыкі. —
Канцэрты online — не найлепшае выйсце з сітуацыі, таму што артыстам патрэбная публіка, гледачы і слухачы, якія жыва рэагуюць на тую ці іншую метафару, параўнанне, дасціпна сказанае слова…
Таму, канешне, маюць права на жыццё нейкія напаўмасавыя глядовішчы, канцэрты, выставы, бо інакш здзічэем, аклопімся і заўшывеем, але і на канцэртах павінныя ўжывацца дзейсныя сродкі абароны ад віруса. Гэтым будуць займацца адмыслова абучаныя людзі.
Што тычыцца нас, выканаўцаў, то тут мы прадэманструем і традыцыйнае старое, але вечна зялёнае, і добрае, але трошкі падзабытае, і новае, не чутае зусім, і пра патрона ўсіх закаханых святога Валянціна не забудземся.
Калі маеце ахвоту і фірмовую маску ад 3М, то запрашаем».
Канцэрт пачнецца а 19:00.
Квіткі каштуюць ад 19 да 33.00 рублёў, іх можна набыць анлайн.
Інфармацыя: (44) 5517706, (29) 8517706.





