Знайсці
08.03.2021 / 11:10РусŁacБел

«Стэндап — гэта новы рэп». Адзін з самых дасведчаных беларускіх комікаў Нарышкін — пра валанцёрства пад Акрэсціна, жарты пра Лукашэнку і зайздрасць да Усовіча

Зміцер Нарышкін — 35-гадовы бабруйчанін, адзін з самых дасведчаных беларускіх комікаў, амаль два гады таму адкрыў у Мінску першы стэндап-клуб. У свой час ён працаваў промапрадзюсерам на TNT, пазаштатна рабіў у Comedy Club, але ўсё ж застаўся ў Беларусі і вырашыў развіваць камедыйны жанр тут. 

Напярэдадні сольніка «Я застаюся» сустрэліся з комікам, каб распытаць, як Stand-Up Comedy Hall перажыў каранавірус і падзеі пасля выбараў, а сам ён — працягвае жартаваць са сцэны, папрацаваўшы ў складзе каманды ByCovid19, а пасля — ночачы як валанцёр пад Акрэсціна.

Зміцер Нарышкін

«Уключыў дурня, як рабіла 90% насельніцтва, і жыў»

— Мы пераносілі гутарку, таму што табе трэба было «сабраць морду», як ты пісаў пасля апошніх навін пра новыя прысуды. Табе цяжка даецца сённяшняя рэальнасць?

— Я нічым не адрозніваюся ад іншых беларусаў: мая раніца пачынаецца з чытання навін, ад якіх морда проста рассыпаецца, вобразна кажучы. І пасля яе трэба збіраць. Відаць, я неяк залішне добра выхаваны: ёсць тут уплыў бацькі, былога савецкага афіцэра тых часоў, калі былі актуальныя гонар і сумленне. Я думаў, у майго пакалення ў прынцыпе абвостранае пачуццё справядлівасці — мы ж раслі на добрых фільмах, мульціках. Але аказваецца, хапае тых, хто працягвае рабіць выгляд, быццам нічога не адбываецца. Мне складана зразумець гэтых людзей і гэтую пакору, абыякавасць.

Ты адкрыў для сябе нешта новае пра ўладу і беларусаў, развозячы маскі і рэспіратары для дактароў як валанцёр? Ды і агулам у 2020-м годзе.

— Я зацікавіўся палітыкай яшчэ, здаецца, калі быў васьмігадовым шчанюком, і тата ўключаў мне ў Бабруйску «Время» на расійскім «Першым канале». А пасля тлумачыў, хто хлусіць, хто добры, а хто дрэнны. Мне даўно было зразумела, што ад палітыкі скача ўсё — культура, адукацыя, бізнэс, так ці інакш. Але я неяк жыў сабе сам і ўсё. Уключыў дурня, як рабіла 90% насельніцтва, мне здаецца.

33 гады я здзяйсняў вельмі неўсвядомленыя ўчынкі. А вось 2019, 2020 гады ўпершыню прайшлі для мяне асэнсавана. Спачатку я зрабіў сольнік, і заробленыя грошы патраціў на неабходныя побытавыя рэчы дзецям з Вясноўскага дома-інтэрната для дзяцей з інваліднасцю пад Глускам. Пасля далучыўся да каманды ByCovid19, якую збіраў мой сябра Андрэй Ткачоў. Асэнсавана закрыў клуб, каб перачакаць пік пандэміі, асэнсавана пагадзіўся валанцёрыць пад Акрэсціна, бо патрэбныя былі хлопцы, гэтак жа дапамагаў падвозіць ваду, калі з ёй у Мінску былі праблемы. Падтрымаў пратэст і галасаваў за Ціханоўскую, таму што гэтай краіне патрэбныя рэформы і перамены.

Я схлушу, калі скажу, што нешта ведаю пра дзяржаву і беларусаў. Мяне і людзі, і сістэма працягваюць здзіўляць кожны дзень. Але мы сапраўды ведаем пра адзін аднаго больш з лета-2020, хай гэта і папсовы ўжо выраз. І я мару, каб асэнсаванасць, што прыйшла да мяне, напаткала ўсіх беларусаў. Бо як ні круці, калі дзяржава не рабіла нічога з пандэміяй, людзі самі прынялі рашэнне не насіць маскі.

«Мяне бамбанула, калі бел-чырвона-белы сцяг захацелі прызнаць экстрэмісцкім»

— Увесь жнівень 2020-га ваш стэндап-клуб не працаваў. Як давалася рашэнне зноў вяртацца на сцэну і весяліць публіку?

— З 10 па 20 жніўня я быў у шэрагу валанцёраў, якія дапамагалі затрыманым і іх сваякам пад ізалятарамі на Акрэсціна, у Жодзіне, Баранавічах. Мяне вельмі моцна ўсё гэта падкасіла, і я на нейкі час паехаў у Кіеў — стараўся асэнсаваць, што здарылася і як з гэтым жыць далей. Як і многія, быў напалоханы. У Кіеве мне прапаноўвалі працу, застацца там. Але мы адкрывалі клуб з партнёрам. У мяне ёсць абавязкі перад ім, перад комікамі. І галоўнае — у нас былі абавязкі перад гледачамі. Не згаворчваючыся, мы вырашылі, што наша місія ў тым, каб адцягваць людзей ад падзей навокал. Мы павінны былі стаць тым месцам, дзе людзі змогуць адпачываць. У верасні і кастрычніку на сцэне амаль не закраналася палітычная павестка (у нас нават слоган быў: «Прыходзьце адпускаць мазгі»). Перагружанасць навінамі прыгнятала (усе сумуюць па часах, калі мы дружна абмяркоўвалі, як у Драгічыне карова выйшла на трасу і спыніла рух). Але паступова у выступах ўсё ж пачала з’яўляцца палітыка — ужо як аналіз падзеей. Як ні круці, фармат стэндап-камедыі — гэта заўсёды лакмусавая паперка, якая паказвае, што адбываецца ў грамадстве.

Калі хочаце даведацца, што хвалюе людзей, прыходзьце на стэндап. Стэндап — гэта новы рэп, калі хочаце. 

— Самацэнзуры і параноі з’явілася больш? Бо нават раней ты казаў, што крыху перажываеш пасля жартаў са сцэны пра Лукашэнку.

— Прырода параноі такая, што збольшага мы накручваем яе самі, нават калі падстаў няма. Але ліберальнасці ў гумары да выбараў было больш, пасля сапраўды ўключылася самацэнзура. Хаця ёсць рэчы за межамі здаровага сэнсу, калі стрымацца ніяк немагчыма. Мне вельмі моцна бамбанула, напрыклад, калі пракуратура заявіла, што бел-чырвона-белы сцяг хочуць прызнаць экстрэмісцкім. Нібыта гэта сімвал гістарычных зверстваў і калабарантаў, пад ім сустракалі нацыстаў. Так у гісторыі усё можна выкруціць на сваю карысць. І ў мяне лагічнае сустрэчнае пытанне да тых, хто хоча забараніць сцяг: чаму прэтэнзій да Mercedes-Benz, BMW і іншых брэндаў, звязаных з немцамі, у вас няма? Тады я на гэтую тэму запісаў стэндап і мы яго выклалі.

Мяне ўвогуле радуе, што ва ўсім змроку мы працягваем жартаваць. Узяць той жа твітар, забаўляльныя каналы кшталту «Советской Белоруссии», «Чая з малинавым варэннем», «Ха-ха я тут жыву» і іншых. Умець жартаваць, калі навокал трэш, адна з самых лепшых рысаў беларусаў. Гэта дае нам энергію ўсё перажыць.

Увогуле, можна забраць сцяг-сімвал, беларускую мову, але тое, што людзі сёння адчуваюць, ужо не выкараніць. Выкасіць мільён людзей? Гэта немагчыма. Рубікон пройдзены, перавярнуць старонку не атрымаецца.

— У 2019 годзе ты тлумачыў сваё вяртанне ў Беларусь тым, што тут шмат добрых прыкладаў, калі людзі змаглі. Напрыклад, Wargaming, Вадзім Пракоп’еў са сваімі рэстаранамі. Пракоп’еў з’ехаў, Wargaming адчыніў новы офіс у Вільнюсе, куды перавёз частку супрацоўнікаў. Твая матывацыя змянілася?

— Калі я рыхтаваў да адкрыцця стэндап-клуб, я сабраў пэўнае кола людзей вакол, амаль што ночыў тут. Мы самі закупалі крэслы, шукалі астатнюю мэблю, выбудоўвалі сцэну, рабілі дэкарацыі. Цяпер гэта для мяне як дзіця. Калі яго адбяруць, тады будзе іншая справа. Я буду ведаць, што зрабіў усё, што змог, вазьму пад руку свайго сабаку Ракету (Ліду) і буду ратаваць нас. Але пакуль мы працуем, людзі наведваюць гэта месца, збіраецца поўная зала.

Калі ёсць патрэба прыходзіць на стэндап, як я магу ўсё закрыць?

З сабакам Ракетай

Акрамя таго, калі выключыць палітычны кантэкст, у Беларусі вельмі шмат крутых людзей. Многія праявілі сябе як сапраўдныя героі. Адной Вользе Хіжынковай дагэтуль хачу пакланіцца ў ногі пасля таго, што яна перажыла на сутках. І з падобнымі асобамі разам можна зрабіць вельмі шмат.

Я ўвогуле хачу глядзець на ўсё аптымістычна. Усё ж, калі б Лукашэнка намаляваў сабе хаця б 55% галасоў, усё б развівалася, як і раней. Паводзінаў дзяржавы ад пандэміі да рэгістрацыі Святланы Ціханоўскай не мог прагназаваць ніхто — ні Арцём Шрайбман, ні Сяргей Чалы, ні палітолагі і сацыёлагі ад дзяржавы.

Магчыма, нехта скажа, што я пераабуўся, але агучу такую думку. Штаб Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, тэлеграм-каналы і іншыя асабліва нічога страшнага не змаглі зрабіць гэтай агрэсіўнай сістэме. Яна зрабіла кучу памылак сама і працягвае страляць сабе ў нагу. Мабыць, варта пачакаць, і мы ўбачым, як яна страляе ў артэрыю. Хочацца ў сувязі з гэтым звярнуцца да сілавікоў, чыноўнікаў, суддзяў. Вы павінны ведаць, што мы ўсе тут застанемся жыць. Разам з вамі. Гэты перыяд скончыцца, а пасля будзе перыяд асэнсавання і пакарання.

— Сёння некаторыя беларускія сем’і сварацца праз розныя палітычныя погляды. У вас з бацькам такога не было? (Бацька Змітра — Эдуард Нарышкін узначальваў «Беллегпрам», «Спамаш», быў сенатарам, адзін з кіраўнікоў пралукашэнкаўскай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — «НН»).

— Бацька мне ніколі нічога не забараняў. У жніўні пастаянна тэлефанаваў і пытаўся: «Жывы, не падстрэлілі?» І прапаноўваў заехаць на боршч, каб праверыць, ці сапраўды я нармальна сябе адчуваю, бо спаў тады па тры гадзіны.

Ëн у мяне да мозгу костак афіцэр, а афіцэр як мінімум жанчыну і дзяцей не пакрыўдзіць. Я не магу ўявіць, каб мой бацька ўхваляў той гвалт, што адбываецца. Ëн адразу падпісаў ліст супраць гвалту. І, я ўпэўнены, шмат хто на пасадах зверху не ўхваляе падзеі. Проста яны апынуліся ў заганным коле, адкуль няма выхаду.

«Памятаю часы, калі «Еўралігу» КВЗ вёў Мукавозчык»

— У якім стане цяпер беларускі стэндап?

— Баюся сурочыць, але пасля Новага года людзі вярнуліся на адкрытыя мікрафоны, выступы. У нас з’явілася вельмі шмат новых гледачоў, якія раней не цікавіліся стэндапам. Як бы пафасна не гучала, адчуваецца нейкі рэнесанс. Прычым, акрамя Stand-Up Comedy Hall, хапае іншых пляцовак, дзе праходзяць тыя ж адкрытыя мікрафоны. 

— Хто з нашых мясцовых комікаў сёння круты? За кім параіш сачыць?

— Найлепшае, што я мог зрабіць для развіцця беларускага стэндапа — прыцягнуць да нас на паўтара года Андрэя Шчэгеля, аднаго з найлепшых комікаў Украіны. Яго супраца з намі дала ўсім вельмі добры рост.

Мне б не хацелася вылучаць кагосьці асаблівага. Але адзначу, што ў стэндапе з’вілася шмат крутых дзяўчат. Трэнд на жанчын пачаўся пару год таму, а ў Беларусі на фоне апошніх падзей ён увогуле абвостраны.

У нас выступаюць вельмі розныя па характары стэндаперкі: Саша Барсук з яе фанабэрлівай падачай, Саша Пашкевіч — дарослая жанчына, у якой не складваецца з мужчынамі, Даша Пуня — маладая, дзёрзкая. Я неяк выпадкова заўважыў іх на адкрытых мікрафонах, яны і вельмі гарманічна ўліліся ў клуб. У прынцыпе я і партнёра выпадкова сустрэў. Дый сам заняўся стэндапам толькі таму, што паступіў на маркетынг у БДЭУ і аднойчы на курылцы сустрэў Славу Камісаранку. Ëн спытаў: «У КВЗ гуляеш? Не? Тады будзеш». З гэтага ўсё і пачалося.

— У цябе ёсць адказ, чаму з БДЭУ выпусцілася такая вялікая колькасць комікаў?

— Іх нават больш, чым многія думаюць. Наргас даў свету Славу Камісаранку, крэатыўнага прадзюсера ТNТ Змітра Няўзорава, Пашу Крыўца, Андрэя Скарахода, Максіма Варанкова, Максіма Канавалава, Ваню Усовіча, Андрэя Калмачэўскага, які выйграў «Лігу смеха». Мабыць, гэта была хіба часу такая. З іншага боку, у нас была крутая КВЗ-каманда «Вдребезги». Мы з ёй выйгралі «Еўралігу», і я ведаю, што многія пасля паступалі ў наргас, таму што там была такая каманда «Вдребезги». Ваня Усовіч, напрыклад, прама так і казаў.

Дарэчы, у тыя часы «Еўралігу» вёў Андрэй Мукавозчык. Так што я памятаю яшчэ таго Мукавозчыка, які любіў пажартаваць з сістэмы Аляксандра Рыгоравіча.

— У цябе няма нейкай зайздрасці, што калегі з’ехалі за мяжу і стэндап Вані Усовіча «Яшчэ адзін дзень» паглядзела 9 мільёнаў чалавек, а вы робіце свой ютуб-канал«Усе свае» і там менш пяці тысяч падпісантаў?

— Калі я пражываў свой неасэнсаваны перыяд, мне, канечне, было зайздросна і крыўдна. Але ж ты робішся дарослым, мудрым і разумееш, што сам вінаваты, што «не там». Мог лепш працаваць і апынуцца на тым жа ўзроўні. Няма нічога дзіўнага ў тым, што людзі цікавяцца больш папулярнымі асобамі.

Відаць, мы павінны выдаць вельмі класны прадукт у рускамоўным ютубе, які зойдзе не толькі беларусам. І мы працуем над гэтым. Ютуб — вельмі складаная штука, насамрэч. У галаве я сабе адвёў, што гатовы эксперыментаваць з ім недзе тры гады з разлікам на 100 тысяч падпісантаў.

Хаця сам па сабе жанр стэндапа — гэта марафон. Не бывае, што раз — і ўсё атрымалася. Гэта забег на далёкую дыстанцыю. Ëсць маса комікаў, якія выстрэльвалі толькі ў сярэдзіне кар’еры. Можа, я займаюся самападманам, кшталту: ну, аднойчы і ў мяне прарве? Але прыкладаў сапраўды хапала. Мая любімая гісторыя — пра коміка Марка Мэрана, які ўжо хацеў засіліцца праз няўдачы. Але пачаў запісваць падкаст у сваім гаражы, і той стрэліў. Пасля да яго на гутарку завітваў нават Барак Абама. 

— Можна зарабляць сабе на жыццё, займаючыся ў Беларусі стэндапам?

— Я не скарджуся. Нават магу назваць сябе шчаслівым чалавекам: я на сваім месцы, мне ўсяго хапае. Але канечне, у мяне няма жонкі, дзяцей, крэдытаў. Мне прасцей, чым многім.

У Беларусі можна мець на стэндапе ўмоўныя 500 даляраў, але трэба вельмі шмат працаваць. Пастаянна пісаць, выступаць, удзельнічаць у шоу, карпаратывах, з’яўляцца на афішах, рабіць замовы для брэндаў, браць халтуры. Карацей, рваць дупу. Але ў Лондане, Парыжы і любым іншым горадзе свету комікам таксама трэба яе рваць. Табе ці адразу шанцуе, ці ты ўсё ж бяжыш марафон.

— У цябе ёсць нейкая глабальная мара?

— Калі шчыра, у будучыні хацелася б займацца развіццём культуры ў цэлым, шоу-бізнэсу на дзяржаўным узроўні. Я не імкнуся быць міністрам культуры, але стаць адным з намеснікаў і адказваць за рэгіёны не адмовіўся б. У мяне вельмі баліць сэрца за правінцыю і моладзь там. Вельмі хачу, каб і невялікія гарады, вёскі развіваліся. Каб там з’явіліся свабодныя эканамічныя зоны, прыйшлі брэнды, якія рабілі б там фестывалі. Патэнцыял Беларусі і нашых людзей каласальны, таму ўсё гэта магчыма.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера