Знайсці
05.05.2021 / 12:54РусŁacБел

Знаходка архівістаў: маршал Ракасоўскі нарадзіўся не ў Варшаве, а ў беларускіх Целяханах

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адшукалі запіс аб нараджэнні маршала Савецкага Саюза і маршала Польшчы Канстанціна Ракасоўскага.

Запіс адшукаў ураджэнец вёскі Соміна Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Уладзімір Міхайлавіч Абрамчук у час працы ў чытальнай зале НГА Беларусі пры даследаванні ўласнага радаводу.

Як сведчаць новаадшуканыя дакументы, Канстанцін Канстанцінавіч (Ксавер'евіч) Ракасоўскі нарадзіўся на беларускай зямлі — у мястэчку Целяханы Пінскага павета Мінскай губерні (сёння Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці).

Сам маршал у розныя часы падаваў розныя месцы і нават даты свайго нараджэння. Згодна з аднымі звесткамі, ён нарадзіўся 9 (21) снежня 1894 г., згодна з другімі — 9 (21) снежня 1896 г. Месцамі нараджэння значыцца то Варшава, то Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці Расіі. Паколькі біёграфам маршала ніяк не ўдавалася знайсці запіс у метрычных кнігах, пытанне аб дакладным месцы і часе нараджэння заставалася адкрытым.

Згодна са знойдзеным запісам, хлопчык Канстанцін, сын двараніна Ксаверыя Вікенцьевіча Ракасоўскага, рымска-каталіцкага веравызнання, і яго жонкі Антаніны Іванаўны, праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся 3 (15) верасня 1889 г., а 4 (16) 1889 г. і быў ахрышчаны ў Свята-Троіцкай Целяханскай царкве.

Атрымліваецца, Канстанцін Ракасоўскі быў на пяць ці нават на сем гадоў старэйшым, чым гэта было занатавана ў яго пазнейшых дакументах. Даследчыкам было вядома, што маці будучага маршала Антаніна Аўсянікава, якая памерла ў 1911 г., была родам з Целяханаў. Аднак ніхто не мог падумаць, што ў гэтым жа мястэчку нарадзіўся і сам Канстанцін.

Як высветлілі архівісты, каранямі род маці Ракасоўскага паходзіць з маёнтка Туляцічы суседняга Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці).

Для генеалогаў і ўсіх аматараў гісторыі радавод Канстанціна Ракасоўскага абяцае шмат адкрыццяў. Тым не менш вельмі важным з’яўляецца факт таго, што адзін з маршалаў Перамогі, камандуючы войскамі 1-га Беларускага фронту, камандуючы Парадам Перамогі 1945 г. нарадзіўся на беларускай зямлі і меў беларускія карані, адзначаецца ў паведамленні ў фэйсбуку НГАБ.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера