Знайсці
12.08.2021 / 10:29РусŁacБел

«Навошта ён страляў у галаву?» Сын забітага сілавікамі Шутава распавёў пра год без бацькі

11 жніўня 2020 года ў Брэсце сілавік у цывільным стрэліў у галаву 44-гадоваму Генадзю Шутаву. Праз тыдзень мужчына памёр. Сілавіка ніяк не пакаралі: наадварот, самога Шутава прызналі вінаватым у нападзе на міліцыянта, а яго сябра Аляксандра Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў калоніі за пакушэнне на забойства сілавіка. Амаль праз год 7 жніўня 2021 года міліцыя нечакана прыйшла да 24-гадовага Дзмітрыя Шутава, сына Генадзя. Яго закрылі на трое сутак, а пасля адпусцілі. «Наша Ніва» пагаварыла з Дзмітрыем.

«Раніцай 7 жніўня ў суботу пагрукаліся ў дзверы. Дома быў я, мама, сястра, мы спалі. Было недзе 7-я раніцы, сказалі: міліцыя. Быў участковы з раніцы і двое з Брэста. Паказалі пастанову на ператрус, было напісана пра нейкі тэлеграм-канал, дзе невядома хто агітаваў выходзіць на плошчу ў Жабінцы 9 жніўня. Не ведаю, да чаго там я: мяне не затрымлівалі раней, не штрафавалі, на сутках не быў. 

Пачалі ператрус. Я заўзею за футбольны клуб «Дынама», але я не фанат, проста бываю на стадыёне. І ў мяне былі стыкеры, пра якія я і сам даўно забыўся. Некаторыя былі з Пагоняй. Міліцыянты іх забралі. Пасля папрасілі мяне апрануцца і праехаць з імі ў аддзел для гутаркі. 

Паехалі. У аддзеле ўзялі мой тэлефон на праверку. Такіх, як я, там было чалавек 10, усе маладыя. Частку забралі, не ведаю куды, астатнія сядзелі чакалі, невядома чаго. Праз пару гадзін нам паведамілі: едзем у ізалятар у Брэст. Сказалі, што за сімволіку — я так разумею, сімволікай палічылі мае стыкеры. Суда ніякага не было.

У ізалятары я правёў трое сутак. Умовы прымальныя: бялізна і матрасы былі, кармілі. Пасля 72 гадзін мяне проста адпусцілі. І ўсё.

Чаму прыйшлі менавіта да мяне — не ведаю, не магу патлумачыць». 

Таксама Дзмітрый Шутаў распавёў, як пражыў гэты год без бацькі.

 Генадзь Шутаў

«Мы былі ў блізкіх адносінах. Заўсёды на сувязі, заўсёды на тэлефоне, бацька дапамагаў нам. Усё, як у звычайных сем’ях, хіба толькі ён не жыў з намі. Сапраўдны бацька, — згадвае Дзмітрый. — Пра тое, што здарылася 11 жніўня, я даведаўся ад маці: сказала, тата ў бальніцы ў Мінску, у коме. Я не ведаў, што адбылося. Пачаў шукаць інфармацыю. Афіцыйны камент жа быў, што група людзей напала на міліцыю». 

МУС пракаментавала гэтыя падзеі наступным чынам:

«У Берасці на супрацоўнікаў міліцыі напала група агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках. Папераджальныя стрэлы ўверх іх не спынілі. Для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў зброя была ўжыта на паразу. Адзін з нападнікаў паранены». 

«Толькі пазней са СМІ ўжо стала вядома, што адбылося насамрэч, высветліліся абставіны, — працягвае Дзмітрый. — 

Мы спадзяваліся, што бацька выжыве, хоць і была цяжкая траўма. І 19 жніўня раніцай мая старэйшая сястра збіралася ехаць у Мінск да бацькі, калі нам пазванілі [і паведамілі пра смерць Генадзя]. Гэта быў жах, шок для нас. Гэта быў самы цяжкі і самы горшы дзень у маім жыцці.

Пасля мы думалі, што будзе нейкая справядлівасць і чалавек, які страляў, панясе пакаранне. Бо гэта ўсё ж забойства чалавека. Гэта жа страшна — забіць. На маю думку, забойства мусіць карацца турмою і ніяк інакш. 

Мы дамагаліся нейкай справядлівасці, але не атрымалася. Самі мы ведаем, што тата не вінаваты ні ў чым. Але суд рашыў інакш. 

Я быў на ўсіх пасяджэннях, калі судзілі майго бацьку пасмяротна і яго сябра Кардзюкова. Я бачыў там тых сілавікоў, але не гаварыў з імі, не было такога жадання. Часам перасякаліся позіркамі, але яны нават у вочы не глядзелі, апускалі галовы.

Мы ішлі ў суд з надзеяй — разумелі, што тых сілавікоў не пакараюць, але спадзяваліся, што бацьку хаця б прызнаюць невінаватым. Каб ачысціць яго імя. Але ж… Прысуд мы абскарджвалі, нам адмовілі. 

Было вялікае расчараванне. Бо бацька — не вінаваты. У версіі, якія гучалі на судзе, я не веру. Але спадзяюся, што калі-небудзь будзе справядлівасць. Маленькая надзея, але яна ёсць.

Змірыцца і адпусціць сітуацыю я не магу: бацька — мой самы блізкі чалавек. Я вельмі сумую па ім, вельмі-вельмі, хочацца хаця б перакінуцца слоўцам… Я б шмат аддаў за такую магчымасць.

Каб я мог папярэдзіць яго год таму, то сказаў бы, каб ён нікуды не хадзіў. Але я не лічу яго вінаватым. Гэта часткова збег абставінаў, але і віна таго сілавіка, які страляў. Бо навошта ён страляў у галаву? У тое, што гэта быў выпадковы стрэл, што ён цэліўся ў плячо бацьку, я проста не веру». 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930