Ад 290 да 670 рублёў. Топ пухавікоў ад беларускіх дызайнераў
Галоўная рэч у гардэробе на халодны сезон — пухавік. Супераб'ёмны, прыталены, са штучным футрам… Паглядзелі навінкі ад айчынных брэндаў і цэны на іх.
Zibra
Гэты моладзевы брэнд — за дзёрзкасць і зручнасць. Яны шыюць пухавікі розных колераў — ад спакойнага мока і малочнага да зялёнага і блакітнага. Ёсць укарочаныя і даўгія мадэлі. Асабліва ўтульна выглядаюць паліто з сацінавай тканіны, аксамітавай навобмацак.
Цана — ад 470 да 520 рублёў
LSD
Дызайнеры на гэту зіму выпусцілі максі-пухавікі. «Мы натхняліся легендарным пухавіком-коўдрай 1999 года Martin Margiela, а таксама самым утульным месцам дома — цёплым ложкам», — падзяліліся яны. У паліто здымны падшываны шалік. Пухавік разлічаны нават на суровыя маразы да -25.
Цана — 650 рублёў
Брэнд выпускае таксама кажухі з эка-скуры — у ізумрудным, чорным і бэжавым колерах.
Кароткі кажух прадаецца за 590 рублёў, даўгі — за 720.
Citydzen
Пухавікі-аблокі выпускае Citydzen. Калі любіце аб’ёмныя рэчы і яркія колеры — тое, што трэба. У дызайнераў ёсць і незвычайная мадэль — кейп-палатка. Модны, цёплы і добра глядзіцца на фоне шэрых панэлек і белага снегу.
Цана — 520 рублёў
MURMUR
Гэты брэнд прапануе класічны прыталены пухавік з поясам. Стрыманыя колеры (пясочны, шэра-блакітны) лёгка ўпішуцца ў дзелавы ці штодзённы дрэс-код.
Цана — 550 рублёў
Achinovich
Дызайнерка стварае адзенне для тых, хто стаміўся ад звычайнай базы і любіць графічны дызайн. Зімовыя паліто — не выключэнне. Асабліва ўтульна выглядае мадэль са штучным футрам. Паліто добра спалучаюцца і з грубымі чаравікамі, і з класічнымі лодачкамі.
Цана — 430-450 рублёў
Элема
Пры выпуску навінак фабрыка зрабіла стаўку на А-сілуэт, каўняры з футра трусіка і колер металік. У такім пухавіку вам гарантаваны вобраз саліднай жанчыны. Калі шукаеце больш разняволены варыянт, прыгледзьцеся да папярэдніх калекцый.
Фабрычныя паліто каштуюць ад 290 да 670 рублёў
ZNWR
Так, напэўна, выглядаў бы пухавік касманаўта, у якім нястрашна выходзіць у адкрыты космас. Але і для беларускай зімы, дзе часам здараюцца моцныя завеі і маразы, удалы варыянт. Высокі каўнер-стойка абароніць ад ветру, а падкладка са стылёвым прынтом — ад хандры.
Цана — 560 рублёў





