Знайсці
03.01.2022 / 13:22РусŁacБел

Якія траўмы беларусы паспелі атрымаць у новым годзе — ЛІЧБЫ

На прэс-канферэнцыі супрацоўнікі МУС, ДАІ, МНС і Мінздароўя распавялі, як іх службы спрацавалі ў навагоднюю ноч. Больш за ўсё няшчасных выпадкаў прынесла дрэннае надвор’е: за ўчора да беларускіх медыкаў з галалёднымі і холадавымі траўмамі звярнулася 335 чалавек. І, як кажуць у Мінздароўя, такая статыстыка чакаецца штодзённа, пакуль надвор’е не зменіцца. Асобна журналісты задалі пытанне па факце смерці ў навагоднюю ноч жыхара Рэчыцы Зміцера Усхопава.

Па інфармацыі МУС, навагоднія ёлкі наведала каля ста тысяч чалавек. Ад неасцярожнага абыходжання з піратэхнікай у навагоднюю ноч пацярпела дзевяць чалавек. Усё гэта адбылося ў дварах: пры гэтым трое з пацярпелых — непаўналетнія, яшчэ трое былі ў стане алкагольнага ап’янення. Усе траўмы аказаліся лёгкімі, і пасля атрымання медыцынскай дапамогі людзі вярнуліся дадому. 

У месцах масавага святкавання Новага года пажараў не здарылася, але ў дамах, пачынаючы з новага года, ужо было зафіксавана 240 узгаранняў. 38 беларусаў пры гэтым загінула. Сярод асноўных прычын МНС называе паленне ў ложку і неасцярожнае абыходжанне з агнём у нецвярозым стане.

Неспакойнай праз галалёд была сітуацыя на дарогах: за першыя два дні Новага года на трасах памерлі трое чалавек, 32 атрымалі раненні. Пры гэтым супрацоўнікамі ДАІ былі выяўленыя 162 нецвярозыя кіроўцы.

Машыны хуткай дапамогі ў святы таксама працавалі ў рэжыме ўзмоцненай гатоўнасці: толькі ў Мінску былі задзейнічаныя 11 асноўных брыгад і 4 рэзервовыя. Асноўная праца медыкаў тычылася галалёдных і холадавых траўм — толькі за мінулыя суткі іх налічылі 335. Больш за ўсё — у Віцебску і вобласці (119).

«Агулам гэта пакуль «норма» — каля 300 галалёдных і холадавых траўм за суткі па рэспубліцы», — адзначыў начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Мінздароўя Аляксандр Панцюхоў.

«Наша Ніва» асобна даслала на пошту Прэс-цэнтра пытанне наконт абноўленых звестак па факце смерці жыхара Рэчыцы Зміцера Усхопава. Але прадстаўнік МУС Аляксандр Купчэня амаль паўтарыў афіцыйную заяву Следчага камітэта:

«Падзея ў Рэчыцы, звязаная з затрыманнем і дастаўленнем грамадзяніна, які знаходзіўся ў моцнай ступені ап'янення, сапраўды мела месца. Грамадзянін аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам.

Цяпер па факце смерці грамадзяніна СК праводзіць праверку, прызначаныя патрэбныя экспертызы».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера