Знайсці
03.01.2022 / 15:26РусŁacБел

«У сувязі з радыкалізацыяй антыбеларускай пазіцыі». Пасольства Беларусі выказала пратэст Украіне

Пасольства Беларусі накіравала ноту ў МЗС Украіны ў сувязі з маршам у гонар Сцяпана Бандэры. Украінскія нацыяналісты традыцыйна праводзяць шэсце ў дзень яго нараджэння, 1 студзеня.

Пасольства піша, што акцыі прайшлі «пры маўклівым папушчальніцтве ўладаў Украіны» і «масавым удзеле актывістаў беглай беларускай экстрэмісцкай апазіцыі пад сімволікай беларускіх калабарацыяністаў і прыслужнікаў Трэцяга Рэйха».

«Пасольства выказвае рашучы пратэст у сувязі з нарастаючай радыкалізацыяй антыбеларускай пазіцыі Украіны, якая выяўляецца ў патуранні дэманстратыўнаму ўшанаванню калабарацыяністаў і катаў беларускага народа, і патрабуе спыніць спробы гераізаваць злачынствы супраць чалавечнасці, якія не маюць тэрміну даўніны і не могуць быць дараваныя беларускім народам», — сказана ў ноце.

Сцяпан Бандэра быў стваральнікам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, што ў 1930—50-я гады вяла ўзброеную барацьбу за незалежнасць Украіны. Бандэру ўдалося зрабіць незалежніцкі рух папулярным.

Постаць Бандэры выклікае рэзкае непрыманне ў Расіі, бо ён арганізаваў масавы і паспяховы ўзброены супраціў саветам. 

Украінскія ж гісторыкі ў ацэнцы Бандэры падзяліліся. Нацыяналісты і дзяржаўнікі высока ацэньваюць яго постаць, лібералы і левыя ставяцца да яго негатыўна.

З аднаго боку, ён узначаліў узброеную барацьбу за незалежнасць Украіны спачатку супраць палякаў, пасля — супраць нацыстаў і саветаў. З другога боку, яго арганізацыя выкарыстоўвала тэрарыстычныя метады. У вайне супраць палякаў АУН распаўсюдзіла тэрор на мірнае насельніцтва.

У перыяд да 1941 года АУН супрацоўнічала з нямецкімі нацыстамі. Аднак немцы адправілі кіраўнікоў арганізацыі, у тым ліку Бандэру, у канцлагер, калі тыя 30 чэрвеня 1941 года абвясцілі Украіну незалежнай.

Распаўсюджаны фэйк, што гэта бандэраўцы палілі вёскі ў Беларусі. Ён не адпавядае гістарычнай праўдзе: Бандэра на той момант ужо быў арыштаваны нацыстамі. У знішчэнні Хатыні ды іншых зладзействах разам з эсэсаўцамі ўдзельнічалі калабаранцкія падраздзяленні, складзеныя з прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. У іх пераважна ўваходзілі былыя савецкія ваеннапалонныя, пастаўленыя перад выбарам: або галодная смерць у лагеры, або служба нацыстам.

Бандэру ў 1959 забіў агент савецкага КГБ, які з часам раскаецца ў сваім учынку і перабяжыць на Захад.

Прэзідэнт Юшчанка надаў Бандэру званне Героя Украіны. Януковіч гэты ўказ адмяніў.

Украінскія нацыяналісты шануюць чырвона-чорны сцяг АУН нароўні з дзяржаўным, жоўта-блакітным.

Нацыяналістычныя ідэі атрымалі новае распаўсюджанне ва Украіне ў адказ на захоп Расіяй Крыма і часткі Данбаса ў 2014-м.

Сёння постаць Бандэры ўшаноўваецца таксама ва ўкраінскіх сілавых структурах.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера