Ката, які знік у Брытаніі, знайшлі па мяўканні ў тэлефоннай слухаўцы
Кот, які знік без вестак восем месяцаў таму, уз'яднаўся са сваёй гаспадыняй пасля таго, як яна пазнала яго мяўканне падчас тэлефоннай размовы з ветэрынарам.
Фота PA Media
Рэйчэл Лоўрэнс з Эсэкса (Брытанія) кансультавалася з ветэрынарам наконт сваёй іншай кошкі, калі пачула на заднім плане характэрны крык ката, які знік раней, піша Бі-бі-сі.
Ёй патлумачылі, што гэта бадзяжны кот, але яна патэлефанавала яшчэ раз і папрасіла яго апісаць. Так Барнабі вярнуўся дадому.
Лоўрэнс кажа, што была ўпэўненая, што пазнала мяўканне зніклага ўлюбёнца, таму патэлефанавала ветэрынару і спытала, ці быў той знойдзены кот, чый голас яна пачула ў слухаўцы, чорны з белай плямай на задняй лапе.
Калі апісанне пацвердзілася, яна ўзяла фота Барнабі і адправілася ў клініку.
Жанчына кажа, што «пазнала яго, як толькі яго завялі ў пакой».
«Я не магла стрымаць эмоцый і расплакалася ўслых, — успамінае яна. — Мы не бачылі яго восем месяцаў».
Трое яе дзяцей называлі Барнабі таўстуном, але калі яго прывялі, ён быў «худы, без футра» і «ўвесь пакрыты язвамі», кажа Лоўрэнс.
«Цяпер нам трэба адкарміць яго, каб ён зноў стаў таўстуном», — дзеліцца планамі жанчына.
Яна сцвярджае, што заплаціла за чыпаванне Барнабі, перш чым ён знік без вестак, але сумняваецца, што працэдуру выканалі належным чынам.





