Знайсці
27.04.2022 / 00:18РусŁacБел

Вар'яцтва ў Манчэстэры: «Сіці» ды «Рэал» забілі сем галоў, Бензема паўтарыў абсалютны рэкорд Ліянэля Месі ў Лізе чэмпіёнаў

Першы матч паміж топ-камандамі Англіі ды Іспаніі завяршыўся мінімальным трыумфам гаспадароў 4:3. Пры гэтым гранды прадэманстравалі гульню касмічнага ўзроўню — і пакінулі адкрытым пытанне пра пераможцу ў пары да 4 траўня, даты паўторнага двубою.

«Манчэстэр Сіці» двойчы засмуціў «Рэал» ужо пасля 11 стартавых хвілін гульні. Фота: Uefa.com

Пра тое, што сустрэча на «Эціхадзе» атрымаецца незвычайнай, стала зразумела ўжо на 93-й секундзе, калі адзначыўся Кевін дэ Брэйнэ. Так знянацку «Рэал» у паўфіналах Лігі чэмпіёнаў ніколі не прапускаў, хаця выступае на гэтай стадыі ледзь не цэлую вечнасць.

Кевін дэ Брэйнэ ў першым тайме адзначыўся голам і выніковым пасам. Фота: Uefa.com

Праз дзевяць хвілін для Мадрыда сітуацыя пагоршылася: Габрыэл Жэзус наноў узрадаваў фанаў «Сіці», бо аформіў самы хуткі дуплет у браму «бланкас» за усю гісторыю іх удзелу ў топ-турніры.

Але каманда Карла Анчалоці захавала самакантроль — і праз чвэрць гадзіны скараціла адрыў.

На дапамогу «Рэалу» рушыў Карым Бензема, які правёў 40-ы мяч у сезоне. З часоў, калі клуб пакінуў Крышціяну Раналду, ніхто ў Мадрыдзе так плённа ў наступе не дзейнічаў.

Да таго ж ветэран выбраўся на лідарскую пазіцыю ў спісе бамбардзіраў ЛЧ: Бензема мог пахваліцца 13-ю трапнымі стрэламі — нароўні з Робертам Левандоўскім ды Артура Кабралам.

Упершыню з моманту сыходу Крышціяну Раналду з «Рэала» гулец мадрыдскага клуба забівае 40+ галоў за сезон. Фота: Uefa.com

Вялікі перапынак не астудзіў эмоцый супернікаў. На мяч Філа Фодэна ў дэбюце другога тайма амаль імгненна адказаў вундэркінд «Рэала» Вінісіус. І, як падаецца, футбалісты, што маюць па 21 году ад нараджэння, сваім моладзевым драйвам натхнілі больш вопытных партнёраў на подзвігі.

З боку «Манчэстэра» яго здзейсніў Бернарду Сілва, а за «Рэал» наноў заступіўся Бензема. Француз выканаў пенальці ўдарам «паненкай» (па цэнтры брамы, з выклікам для галкіпера) ды правёў 14 мяч за сезон ЛЧ.

Гэта паўтарэнне абсалютнага рэкорду Ліянеля Месі ўсіх часоў!

Напрыканцы сустрэчы бакі абмяняліся яшчэ шэрагам небяспечных момантаў, але вырашылі пакінуць колькі галоў і на матч у адказ. Ён адбудзецца на мадрыдскім «Санцьяга Бернабэў» 4 траўня. Цікава, што сем трапных стрэлаў паўтарылі рэкорд выніковасці паўфіналаў турніру.

Нагадаем, што ў фінале Лігі чэмпіёнаў пераможца пары «Ман Сіці» — «Рэал» згуляе з наймацнейшым у тандэме «Ліверпуль» — «Вільярэал».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера