Знайсці
03.05.2022 / 17:18РусŁacБел

У беларускім YouTube запускаюць новае ток-шоу. Расказваем, што за яно

Галоўная рэдактарка The Village Яўгенія Сугак запусціла ток-шоу «Мне таксама не падабаецца». Даведаліся ў яе, пра што яно будзе і хто з герояў там будзе спрачацца.

Калегі Яўгеніі даўно схілялі яе нешта пачаць рабіць на YouTube. Але яна «спускала ўсё на тормазах».

«Потым яны нейкім чынам абвялі мяне вакол пальца. Я і сама не заўважыла, як прыдумала тэму, знайшла герояў і вось ужо сяджу ў студыі.

Калі спытаць у маіх сяброў, знаёмых, што яны глядзяць на YouTube, то яны назавуць Кацярыну Шульман, Іллю Варламава, Аляксея Венедыктава. Вядома, Мікіту Мелказёрава, кагосьці яшчэ з беларускіх ютубераў, але іх будзе менш, чым расійскіх. Я не прэтэндую на ролю Шульман ці папулярнасць Дудзя, але мне проста хацелася, каб беларусы глядзелі больш свайго і каб быў выбар», — кажа яна.

Яўгенія Сугак. Фота: Фэйсбук

Назва ток-шоу «Мне таксама не падабаецца», з аднаго боку, адсылае да мема, у якім пажылая пара стаіць на беразе мора, а перад ім адкрываецца цудоўны від. Бабуля кажа: «Непрыгожа», а дзядуля адказвае: «Мне таксама не падабаецца».

З другога боку, гэта фраза падаецца Яўгеніі моцнай.

«Люблю, калі людзі дэкларуюць аб тым, што ім нешта не падабаецца адкрыта, калі яны не церпяць і не пакутуюць, а знаходзяць аднадумцаў, абмяркоўваюць гэта. І думаюць, што можна зрабіць, каб стала лепей, — кажа яна. — Гэта рубрыка, дарэчы, у нас ёсць у шоу, называецца «Ужо лепш».

Сам фармат — гэта дыскусія з трыма героямі. Важныя не самі людзі, а тэма, якая вісіць у паветры, пра якую мы думаем, але не гаворым. Запрашаю беларусаў, якія могуць па ёй сказаць нешта цікавае. Мы тут не адштурхоўваемся ад нейкай медыйнасці, зорнасці чалавека. Гэта можа быць проста эксперт па тэме ці чалавек, які перажыў падобны досвед».

У першым выпуску ў студыі — былы адвакат Ілля Салей, бізнэсовец Аляксандр Кныровіч і адна з арганізатарак жаночых маршаў Анастасія Касцюгова.

Ток-шоу будзе выходзіць раз на тыдзень. Тэмы — не толькі пра палітыку, але звязаныя з ёй, паколькі ўсё жыццё беларусаў зараз яе датычыцца. 

«Калі калегі даведаліся, што ў мяне будзе па тры героі ў кожным выпуску, сказалі, што я адсекла сабе абедзве нагі. Часам цяжка знайсці аднаго чалавека, а тут адразу некалькі. Але з улікам таго, што я не выбіраю толькі медыйных людзей, мне здаецца, што герояў будзе дастаткова. Людзей, якім ёсць што сказаць, многа. Іх не ведаюць, але іх цікава паслухаць.

Беларускага кантэнту на YouTube не хапае. Яшчэ я думаю, што мала прысутнасці ў гэтым жанчын. Трэба, каб іх было больш, бо, калі праблему абмяркоўвае жанчына, гэта зусім іншы погляд. Мужчыны могуць нешта ўпускаць. Тым болей класных беларусак вельмі шмат. Мяркую, што трэба паказваць жаночую экспертнасць», — кажа вядучая. 

На пытанне, ці будзе нешта ў ток-шоу, што «падабаецца», Яўгенія адказвае, што падчас размовы пра гэта таксама разважаюць. 

«Гэта не відэа з нейкім хэйтам, скаргамі. Ёсць і пазітыў», — кажа яна.

Чытайце таксама: 

Топ-15 беларускіх акаунтаў у Твітары — каго варта пачытаць

Якую рэкламу круцяць на дзяржаўным ТБ у прайм-тайм? Займальны агляд

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031