Знайсці
07.05.2022 / 19:48РусŁacБел

Беларус-пастар выйграў вялікі забег у Польшчы. Пасля гэтай гутаркі вы яго дакладна палюбіце 

Палітуцякач Тарас Цялькоўскі жыве ў Польшчы з верасня мінулага года. З радзімы беларус прывёз у Варшаву як сваю шчырую веру (Тарас — пастар евангельскай царквы), так і захапленне спортам, бо хлопец — былы член юніёрскай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы.

Фота тут і далей: архіў героя

3 мая хлопец выйграў традыцыйны забег у Варшаве, прысвечаны Дню Канстытуцыі ў Польшчы. Асаблівасць сітуацыі ў тым, што Цялькоўскага як грамадзяніна Беларусі дапусцілі да спаборніцтваў толькі ў нейтральным статусе і пасля асуджэння вайны ва Украіне. Пагутарылі з Тарасам пра спорт, «зямлю чыноўнікаў» і тое, наколькі Беларусь — хрысціянская краіна.

«Дзяржаве выгадна, калі людзі настолькі стомленыя, што не могуць падумаць пра свае свабоды»

«Наша Ніва»: Цяжкі атрымаўся забег?

Тарас Цялькоўскі: Не, 5 кіламетраў — гэта не цяжкая дыстанцыя для мяне, тым больш што я бегаю марафоны і даўжэйшыя дыстанцыі. На забегу ў 5 кіламетраў, нават калі табе стане цяжка ў самым пачатку, трэба будзе пацярпець толькі недзе 15 хвілін, хаця так бывае вельмі рэдка. У гэтым выпадку мне было патрэбна добра папрацаваць і пацярпець толькі на апошніх 500-600 метрах.

«НН»: Якраз на гэтым адрэзку вы і абагналі канкурэнта-паляка.

ТЦ: Абагнаў яго метраў за 300 да фінішу. У мінулую нядзелю я бег марафон у Лодзі, таму не быў упэўнены, што маё цела добра аднавілася, не хацеў эксперыментаваць і занадта рана набіраць хуткасць перад фінішам. Раней я бегаў на сярэднія дыстанцыі і таму ведаю, што на фінішы магу павысіць хуткасць і збегчы ад канкурэнтаў.

Тарас Цялькоўскі — у чорным

«НН»: Прызавыя атрымалі?

ТЦ: Калі я бег марафон у Лодзі, прызавыя былі — 3 тысячы злотых (каля 670 даляраў, 20% з іх Тарас перадаў свайму трэнеру, а 80% — на карысць украінскай сям'і, якая страціла дзяцей падчас вайны. — «НН»). Што да варшаўскага забегу, то тут проста атрымаў падарункі ад спонсараў (за ўдзел хлопец заплаціў каля 15 даляраў. — «НН»).

«НН»: Часта ўдзельнічаеце ў такіх забегах?

ТЦ: Калі я ў добрай форме і ведаю, што магу ў спартовым плане паказаць зубы супернікам, то стараюся даволі часта спаборнічаць. Маё жыццё не пабудаванае вакол спорту, таму выбіраю забегі, на якія маю час у графіку. Калі жыў у Беларусі, стараўся ўдзельнічаць ва ўсім, у Варшаве часта атрымліваецца тое ж самае.

«НН»: Напэўна, у Беларусі пагаджаліся на ўсе забегі яшчэ і таму, што там іх было не надта шмат.

ТЦ: Так, там менш стартаў, чым у той жа Польшчы, і зусім іншая бегавая культура, не кажучы ўжо пра арганізацыю і стаўленне да спартоўцаў.

«НН»: Што маеце на ўвазе пад іншай бегавой культурай?

ТЦ: Мне здаецца, чым вышэй узровень дабрабыту насельніцтва, тым больш розных актыўнасцей для вольнага часу яны могуць сабе дазволіць. На прыкладзе славянскіх народаў бачна, што небагатыя людзі часцей выкарыстоўваюць вольны час для таго, каб паглядзець тэлевізар і выпіць. А тут людзі маюць больш фінансавых магчымасцей і дазваляюць сабе іншыя актыўнасці, і ўвогуле неяк больш думаюць пра сваё здароўе.

Ёсць вялікая розніца і ў арганізацыі спаборніцтваў. Калі ў Беларусі ладзяцца старты, нават нечаму прысвечаныя, арганізацыя вельмі часта не проста кульгае, а ёй пераязджае ногі трамваем. Няма нармальных кабінак для пераапранання, ніхто не думае пра душ, на фінішы не заўсёды даюць ваду.

Усё гэта сведчыць пра фундаментальна іншае стаўленне да чалавека, маўляў, мы арганізавалі старт — паглядзіце, якія мы малайцы! У Польшчы, калі праводзяць старт, самае важнае — гэта сам чалавек, а не жаданне зрабіць карцінку і справаздачыцца ў аблвыканкаме. Гэта дэманструе і тое, як да людзей увогуле ставяцца ў нашых краінах.

«НН»: Чаму ўзровень дабрабыту ўплывае на жаданне займацца спортам? Здаецца, трэба не так шмат грошай, каб набыць красоўкі і выйсці на прабежку.

ТЦ: Часцей за ўсё людзі з высокім узроўнем дабрабыту маюць больш вольнага часу, чым бедныя людзі. Вельмі шмат беларусаў пасля працы прыходзяць дахаты і думаюць, як яшчэ можна зарабіць грошы. У той час у развітых краінах, калі ты працуеш, ты зарабляеш дастаткова, каб забяспечыць свае патрэбы, і тады пасля працы можаш падумаць пра тое, як правесці свой вольны час. Так разумею, што шмат людзей у Польшчы выконваюць інтэлектуальную працу, таму фізічная нагрузка для іх — рэч жыццёва неабходная.

Чытаў у некаторых дысертацыях пра сувязь паміж дабрабытам і цікавасцю да фізічнага здароўя. Небагатыя людзі спрабуюць закрыць базавыя патрэбы накшталт хлеба ці камуналкі, вельмі часта, на жаль, яны не маюць ні часу, ні магчымасці падумаць пра іншыя рэчы. Думаю, Беларусь гэтаму яскравы доказ.

«НН»: Напэўна, размова тут не толькі пра спорт.

ТЦ: Так. Не хочацца разводзіць канспіралагічныя тэорыі, але для дзяржавы выгадна, каб людзі зараблялі зусім капейкі. Тады гэтыя людзі не думаюць пра тое, што ў грамадзянскай супольнасці яны маглі б мець больш свабодаў, што яны маглі б ствараць агульную прастору і разам жыць, займацца творчасцю і развівацца. Дзяржава часта бачыць такія ініцыятывы як пагрозу сваёй уладзе, і таму ёй выгадна, калі людзі настолькі стомленыя, што не могуць падумаць пра свае свабоды.

«Маеш справу з амаральным монстрам, якога нічога не стрымлівае»

«НН»: Вы ўжо шмат гадоў знаходзіцеся па-за прафесійным спортам. Навошта працягваеце займацца бегам?

ТЦ: Веру, што чалавек — псіхасаматычнае цэлае, і мая псіхіка непарыўна звязаная з маім целам. Калі я бегаю, я пачынаю часцей дыхаць, і ў выніку мой арганізм, у тым ліку і галаўны мозг, насычаецца кіслародам. Унутры мяне падчас бегу вырабляецца шмат гармонаў, у тым ліку дапамін і сератанін, якія паляпшаюць агульны псіхаэмацыйны стан. Усе бегуны кажуць пра пачуццё эйфарыі пасля трэніроўкі.

Калі я сышоў з прафесійнага спорту і спыніў рэгулярныя трэніроўкі, пачаў адчуваць апатыю. Знаёмы фізіёлаг патлумачыў мне, што мой арганізм проста прывык атрымліваць рэгулярную нагрузку, і без яе ў мяне змяніўся гарманальны фон. Тады я аднавіў трэніроўкі і адчуў сябе нашмат лепей.

Бег патрабуе дысцыпліны і пастаянства, і гэтыя рэчы потым пераносяцца на іншыя аспекты твайго характару і жыцця. Ты не адмаўляешся ад нейкіх цяжкіх рэчаў, а разумееш, што каб дасягнуць хаця б мінімальнага прагрэсу ў іх, табе трэба дастаткова доўга працаваць. Вельмі ўдзячны спорту за тое, што ён сфарміраваў у мяне такія правілы паводзінаў.

Заўсёды калі ты кажаш «так» спаборніцтвам і трэніроўкам, табе трэба сказаць «не» чамусьці іншаму. Адмовіцца ад трэшовага харчавання, дрэннага сну. Думаю, гэта фарміруе правільную структуру жыцця.

«НН»: Зараз, у Польшчы, вы застаяцеся пастарам?

ТЦ: І так, і не. Застаюся, бо пастарства — гэта прызванне, а не нешта, з чаго цябе могуць проста выкінуць абставіны. І не застаюся ў тым сэнсе, што больш не клапачуся пра членаў нашай царквы, хутчэй, проста навучаю некаторых людзей і малюся за іх. Але ж пры гэтым я працягваю прапаведваць у розных цэрквах тут, і зараз мы працуем над тым, каб адкрыць новую суполку для бежанцаў і эмігрантаў у Варшаве. Акрамя гэтага нейкі час займаўся спартовымі дабаўкамі.

«НН»: Як і калі трапілі ў Польшчу?

ТЦ: Прыехаў у верасні мінулага года, атрымаў ва Украіне гуманітарную візу. Падчас пратэстаў мяне затрымлівалі і штрафавалі, але гэта мяне не надта турбавала. Потым пачаў заўважаць, што кола вакол мяне сціскаецца. Мяне запрасілі на допыт і зрабілі сведкай па крымінальнай справе, потым зноў паклікалі на допыт, але я з’ехаў.

На той час мы ўсё яшчэ мелі надзею вярнуцца. Але, пакуль мяне не было ў краіне, маіх знаёмых арыштоўвалі, у іх выпытвалі інфармацыю пра мяне, і я быў не надта ўпэўнены, чым гэта скончыцца. З улікам, што ў мяне трое дзяцей, быў не зусім гатовы пайсці ў не надта аддаленыя месцы…

Цяжка з’ехаць, калі цябе вымусілі абставіны. Адчуваеш крызіс ідэнтычнасці. Аказваецца, што ты быў гатовы ўзвысіць голас супраць несправядлівасці, няпраўды і прыгнёту, але так выйшла, што ты не да канца гатовы пакутаваць за гэтую праўду. Я разумеў, што не цалкам гатовы ахвяраваць сваёй сям’ёй ці будучыняй з ёй. Былі нейкія чырвоныя лініі, пра якія я не думаў, калі пачаў узвышаць голас.

Гэта не значыць, што я шкадую пра тое, пра што рабіў, ні ў якім выпадку. Калі б вярнуўся назад, рабіў бы тое ж самае, проста яшчэ б раз ацаніў, ці разумею ўсе рызыкі, што мяне чакаюць. Здаецца, я іх не цалкам разумеў.

Тым больш што беларуская дзяржаўная машына — абсалютна амаральная, тыя, хто ёй служыць, не маюць ніякіх законаў ці межаў у сваіх учынках. Як выразіўся Лукашэнка, «часам не да законаў».

Тарас з сям'ёй

То-бок іх не стрымліваюць ні законы, ні мараль. Пасадзіць маці пяці дзяцей і даць ёй крымінальны тэрмін, годы зняволення — што гэта такое? Выстраліць у нагу журналістцы, якая ні на кога не нападае? Стрэліць у грудзі бяззбройнаму чалавеку? Раздаваць налева і направа тэрміны па 3, 5, 7 гадоў? Засоўваць дубінкі ў анальныя адтуліны, пагражаць жанчынам згвалтаваннем, маніпуліраваць тым, што дзяцей забяруць з сям’і? Ты разумееш, што маеш справу з амаральным монстрам, якога нічога не стрымлівае.

«Калі казаць пра ўсю нашу нацыю, я не бачу яе хрысціянскай»

«НН»: Беларусь — гэта хрысціянская краіна?

ТЦ: Не, што ў ёй хрысціянскага? Калі ў першым стагоддзі людзей называлі хрысціянамі, гэта значыла, што такі чалавек — паслядоўнік Ісуса Хрыста і яго вучэння, і ён імкнецца ўвасабляць каштоўнасці Хрыста ў сваім жыцці. Беларусь касмічна далёкая ад гэтага. Вазьміце 10 запаведзяў і вы пабачыце, што мы правальваемся па ўсіх франтах. Я б хутчэй сказаў, што Беларусь — гэта свецкая дзяржава з рэлігійнымі атрыбутамі, якія зараз проста дапамагаюць тым, хто ва ўладзе, дасягаць палітычных і геапалітычных мэтаў.

«НН»: Але лагер валанцёраў пад Акрэсціна і сотні лістоў палітвязням — гэта ўсё таксама Беларусь. Няўжо гэтыя рэчы — не пра хрысціянства?

ТЦ: Я захапляюся альтруізмам, ахвярнасцю, высакароднасцю і мужнасцю беларусаў, шмат хто з іх вельмі рызыкаваў і шмат чым ахвяраваў. І шмат хто з беларусаў насамрэч былі апанаваныя хрысціянскімі ідэаламі, калі яны супрацьстаялі несправядлівай дзяржаўнай машыне. Але калі казаць пра ўсю нашу нацыю, я не бачу яе хрысціянскай.

Не бачу, каб на розных узроўнях беларускага грамадства дзейнічалі ідэалы хрысціянскай веры. Іх абсалютна няма ў нашай палітыцы. Калі недзе ёсць столькі няпраўды, гвалту, прыгнёту і адсутнасці даравання, нельга казаць пра наяўнасць там хрысціянскай веры.

Наша праваслаўная царква дабраслаўляла АМАП, але ніколі не была разам з пакутнікамі, за выключэннем мітрапаліта Паўла, які ў першыя дні пасля выбараў наведаў параненых пратэстоўцаў у бальніцы. Гэта паказала мне, што царква больш жадае абслугоўваць інтарэсы дзяржавы, чым клапаціцца пра паству, якую Бог іх паставіў пасвіць.

Бачу шмат людзей, кім падчас пратэстаў кіравалі хрысціянскія каштоўнасці, хаця часта гэта быў проста гуманістычны альтруізм, не абавязкова звязаны з хрысціянствам. Хрысціянства — гэта не толькі пра мараль, гэта ў першую чаргу пра ласку Бога да ўсіх людзей, нават ва ўладзе. Грэх ёсць не толькі ў людзей ва ўладзе, але і ў тых, хто па іншы бок барыкадаў, усім патрэбная вызваліцельная ахвяра Хрыста. У Беларусі хрысціянства часта зводзіцца толькі да маралі, але ад гэтага яно губляе сваю сутнасць.

Таму я не бачу Беларусь хрысціянскай. Магчыма, у будучыні ўсё зменіцца, мы сыдзем ад фармальнай рэлігійнасці і пяройдзем да шчырай і інтэлектуальна асэнсаванай веры.

«НН»: Як успрынялі тое, што вас дапусцілі да забегу толькі пасля асуджэння вайны і ў нейтральным статусе?

ТЦ: У асноўным пазітыўна. Хаця трохі адчуваў раздражненне, маўляў, яшчэ паўгода таму ўсе былі салідарныя з беларусамі, а тут нас нібыта пачалі ўспрымаць як саўдзельніка крывавага рэжыму, які надаў сваю зямлю як плацдарм для нападу на суседнюю дзяржаву.

З іншага боку, у Польшчу зараз прыехалі 4 мільёны ўцекачоў, і магу зразумець некаторыя дзеянні палякаў. Яны не хочуць даваць тым, хто падтрымлівае рэжым, платформу для таго, каб яны ўзносілі свой голас, і я з гэтым згодны. Што да таго, што мы падпісалі паперу з асуджэннем расійскай агрэсіі, то я яе і так асуджаю, таму не адчуваў ніякіх унутраных супярэчнасцяў.

«Царква павінна нагадваць дзяржаве, што ўлада не абсалютная»

«НН»: Для вас спорт — у тым ліку і сродак адстойвання ідэалаў?

ТЦ: Так. Я люблю бегаць, адчуваю ад гэтага задавальненне, мне падабаецца камунікацыя ў бегавых кам’юніці, мне цікава пастаянна правяраць, на што здольнае маё цела. Разам з тым выкарыстоўваю любую магчымасць узвысіць свой голас за тых, хто па розных прычынах не можа гаварыць сам за сябе. Не надта аналізірую, хто мяне пачуе, проста раблю тое, што магу і лічу правільным.

Думаю, хрысціянскі служыцель заўсёды павінен быць з тымі, хто пакутуе ці знаходзіцца пад прыгнётам. Ён павінен суперажываць гэтым людзям і па меры сваёй магчымасці прыносіць ім палёгку.

Быў такі Дытрых Банхёфер, вядомы лютэранскі прапаведнік, які змагаўся з Трэцім рэйхам і заснаваў разам з іншымі хрысціянамі Спавядальную царкву, якая супрацьстаяла мэйнстрымнай царкве Германіі, што падтрымлівала Трэці рэйх. Дык вось, Банхёфер казаў, што царква ў адносінах да дзяржавы можа выконваць некалькі функцый. Перш за ўсё, яна можа ставіць пад сумнёў легітымнасць дзеянняў дзяржавы, а таксама абараняць людзей, якія сталі ахвярамі рэпрэсіўнай машыны. І трэцяе — царква можа ўстаўляць палкі ў колы рэпрэсіўнай машыне. Мне вельмі імпаніруе гэтае меркаванне.

«НН»: Калі царква гэта ўсё не робіць, то што?

ТЦ: Словы Банхёфера — гэта ўсё-такі не прамыя словы Бібліі. Але царква павінна нагадваць дзяржаве, што ўлада дзяржавы не абсалютная. Ёсць найвышэйшая ўлада, што стаіць над прэзідэнтам, над чыноўнікамі, — Божая.

Гэтая зямля — не зямля чыноўнікаў і прэзідэнтаў, гэта Божае стварэнне. І Бог паставіў нас на зямлю, надзяляючы адказнасцю за тое, як мы будзем будаваць адносіны адно з адным, з тым, што ён стварыў і, нарэшце, з ім самім. І царква павінна нагадваць дзяржаве: спадарства, ёсць улада над вамі, і вы павінны памятаць, што аднойчы вы будзеце справаздачыцца перад ёй за тое, як вы будавалі жыццё і сваю палітыку тут, на зямлі.

Царква — пасольства Бога на зямлі, яна расказвае пра каштоўнасці Божага царства. Калі яна перастае пра гэта казаць, яна проста ператвараецца ў сацыяльны клуб. Магчыма, людзям там камфортна, яны атрымоўваюць экстаз ад рэлігійных перажыванняў і ім прыемна быць разам. Але калі царква не сведчыць Божае слова, яна перастае быць царквой і робіцца рэлігійна-сацыяльным інстытутам. Ці, што адбываецца часцей за ўсё, ператвараецца ў рэлігійна-палітычны інстытут, які абслугоўвае ўладу. На жаль, так было ўжо шмат разоў на працягу гісторыі.

У выніку цар ці чыноўнік робіцца богам, якому служыць такая царква. Яна яму пакланяецца, і яна яго слухаецца.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«Яны проста абалонка ў выглядзе чалавека». Легендарны футбаліст і трэнер Хацкевіч — эмацыйна пра вайну і саўдзел: «Трэба яшчэ больш жорсткія санкцыі»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера