Знайсці
22.05.2022 / 08:43РусŁacБел

«Першыя месяцы заробак можа быць 300-400 даляраў». Як стаць айцішнікам у 2022 годзе

Стаць айцішнікам проста? Запісаўся на курсы, і праз паўгода ты ўжо круты спецыяліст з саліднай зарплатай — такі пасыл часта сустракаецца ў рэкламе навучальных курсаў. «Наша Ніва» спытала ў дасведчанага hr-спецыяліста, што неабходна для ўваходу ў прафесію цяпер і як быць пачаткоўцам, калі джуніяраў мала хто чакае.

Што запатрабавана найбольш?

Для працы ў ІТ-сферы трэба добра ведаць ангельскую

«Гэта своеасаблівы падмурак, паколькі вывучыцца з нуля на таго ж тэсціроўшчыка за 3-6 месяцаў можна, а вывучыць з нуля мову за такі перыяд — не», — кажа hr-спецыялістка (імя не называецца па яе просьбе).

Калі з ангельскай у вас усё добра і вы маеце намер працаваць у ІТ, то варта вызначыцца, да чаго менавіта ў вас ляжыць душа. Кожная спецыяльнасць прадугледжвае пэўны склад розуму. Распрацоўшчык у ідэале павінен быць з профільнай ІТ або матэматычнай адукацыяй. Тэсціроўшчыкам стаць крыху прасцей.

Бізнэс-аналітык — гэта чалавек, які з'яўляецца сувязным звяном паміж камандай распрацоўшчыкаў і кліентам. Ад такіх спецыялістаў патрабуецца меншы ўзровень паглыбленасці ў розныя тэхнічныя нюансы, але яны ўсё адно павінны добра цяміць ў ІТ-сферы.

Па словах суразмоўцы, тры самыя запатрабаваныя спецыяльнасці цяпер — front-end developer, Java developer і Python developer (розныя віды распрацоўшчыкаў).

Усяго ў беларускай ІТ-галіне цяпер больш за 1670 вакансій (па даных сэрвісу rabota.by).

Курсы каштуюць каля 500 даляраў. Але гэта таксама бізнэс

Калі вы не вучыліся на праграміста ва ўніверсітэце, то ваш шлях айцішніка будзе пачынацца з курсаў. У сеціве хапае мноства якасных урокаў. Прычым як бясплатных, так і недарагіх.

«Пры жаданні можна вывучыцца і такім чынам, але для гэтага трэба мець вялікую сілу волі, таму часцей за ўсё людзі выбіраюць варыянт наведвання платных курсаў. Школ, якія гатовыя даваць веды шмат, бо продаж платных курсаў гэта таксама бізнэс», — заўважае суразмоўца.

Акрамя непасрэднага наведвання курсаў, спецыялістка адзначае важнасць пастаяннага самаразвіцця. Яна рэкамендуе ўсім жадаючым паспрабаваць сябе ў ІТ чытаць шмат профільнай літаратуры, глядзець тэматычных блогераў і, вядома ж, удасканальваць узровень ангельскай.

«Самі курсы каштуюць каля 500 даляраў. Але трэба разумець, што ў большасці выпадкаў пачатковага ўзроўню будзе недастаткова для таго, каб уладкавацца на працу. Таму спатрэбіцца працягваць навучанне на наступным этапе. Некаторыя вучні, якія бачаць перспектыву для развіцця ў гэтым кірунку, за асобную плату наймаюць сабе ментараў, якія іх вучаць і дапамагаюць у прыватным парадку.

У прынцыпе, калі казаць аб прафесіі тэсціроўшчыка, то пры ўмове валодання ангельскай мовай і схільнасці да гэтай прафесіі ў вас будзе шанец уладкавацца пасля 3-6 месяцаў курсаў. Але не варта забываць, што з кожным годам становіцца ўсё больш людзей, якія маюць такія сертыфікаты. Таму знайсці працу будзе не так ужо і проста».

Адразу пасля кароткіх курсаў, кажа hr-спецыялістка, прасцей за ўсё ўладкавацца на тэсціроўшчыка, якога ўжо згадалі, і фронт-энд распрацоўшчыка.

Усё проста толькі ў рэкламе

Наймальнікі найбольш ахвотна бяруць на стажыроўку выпускнікоў ВНУ профільных спецыяльнасцяў, чым больш дарослых людзей, у якіх за плячыма ёсць толькі нейкія курсы.

«Гэта толькі ў рэкламе саміх курсаў усё выглядае проста і прыгожа. Вядома, бывае, калі, напрыклад, нехта ў 30-40 гадоў кардынальна мяняе сферу дзейнасці, вырашае паспрабаваць сябе ў IT, праходзіць курсы, пасля чаго ўладкоўваецца на працу і становіцца паспяховым спецыялістам. Але гэта ўсё ж рэдкасць, калі ў чалавека сапраўды ёсць схільнасці, а ён проста доўга працаваў у іншай сферы і ніяк не наважваўся сысці ў ІТ», — адзначае суразмоўца. 

Тым не менш, галоўным фактарам пры пошуку супрацоўніка з'яўляецца не ўзрост, наяўнасць дыплома або розных сертыфікатаў, а тое, што суіскальнік можа паказаць у сваім GitLab (ці GitHub). GitLab — гэта сайт, дзе інжынеры-праграмісты захоўваюць код. Можна сказаць, партфолія з працамі, па якіх бачна, што чалавек умее.

Кампаніі скарацілі набор

Гаворачы аб перспектывах працаўладкавання, hr-спецыялістка зазначае, што цяпер надышлі не самыя лепшыя часы.

«Раней было даволі папулярна, калі пасля навучання і стажыровак з 20 чалавек адбіралі 2-3 найбольш таленавітых, якіх потым бралі на працу. Але цяпер сітуацыя змянілася, і ўвайсці ў ІТ чалавеку без вопыту стала значна складаней.

З пачаткам вайны многія заняліся рэлакейтам супрацоўнікаў і саміх кампаній. Нярэдка гэта вымушаная мера, якая прадыктаваная заказчыкамі, якія не хочуць, каб выканаўцы і кампаніі знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі.

З-за нестабільнасці кампаніі прыкметна скарацілі набор новых супрацоўнікаў. Многія прыпынілі набор людзей на «лаўку запасных». Яе імкнуцца фармаваць з тых супрацоўнікаў, якія ўжо маюцца ў штаце», — адзначае спецыялістка.

Акрамя гэтага, пачасціліся выпадкі, калі нават для спецыялістаў-пачаткоўцаў выстаўляюць патрабаванне адразу рэлакавацца.

«Для пачаткоўцаў гэта вялікая праблема, калі кампанія гатовая браць да сябе на працу толькі пры ўмове ад'езду ў іншую краіну. Заробкі ў ІТ на пачатковым этапе невялікія. Першыя месяцы гэта можа быць 300-400 даляраў, і толькі недзе праз год чалавек дарасце да мідла, дзе будзе зарабляць 1200-1500 даляраў».

Усе шукаюць дасведчаных спецыялістаў

Суразмоўца адзначае, што праз скарачэнне набору на рынку пачала з'яўляцца перанасычанасць кадрамі. Гэта ў сваю чаргу прывяло да павышэння патрабаванняў да кандыдатаў.

«Цяпер усе стараюцца браць людзей з вопытам і такіх шмат. Частка негатовых да рэлакейту спецыялістаў змяняюць кампаніі, каб застацца ў Беларусі. З-за гэтага у працадаўцаў з'яўляецца больш магчымасцяў выбіраць сабе супрацоўніка з ліку тых, хто ўжо паспеў папрацаваць у ІТ. Людзі без вопыту цяпер практычна не патрэбныя, таму можна сказаць, што канкрэтна ў бягучай сітуацыі ўваход у ІТ моцна ўскладніўся».

Тым не менш спецыялістка выказвае ўпэўненасць, што такая сітуацыя часовая, таму жадаючым вучыцца на праграміста не варта адмаўляцца ад задуманага.

«Гэтая прафесія ў любым выпадку застанецца запатрабаванай, паколькі ІТ-сфера працягвае развівацца. Адзінае, чаго цяпер рабіць дакладна не варта, — гэта кідаць дзеля вучобы ранейшую працу ў надзеі на тое, што па завяршэнні вучобы вы хутка знойдзеце працу і выйдзеце на салідны заробак».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Беларусы ламануліся перавучвацца ў ІТ, але рэальнасць жорсткая — нашых джуніяраў нідзе не чакаюць

«З краіны з’язджаюць тысячы людзей з зарплатай 2500—3000 даляраў». Як адток айцішнікаў паўплывае на эканоміку

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера