Патрушаў: Праўда на нашым баку, усе мэты ва Украіне будуць выкананыя, нацызм трэба выкараніць на 100%
«Англасаксы рэалізуюць дактрыну залатога мільярда», «праўда на нашым баку». У інтэрв’ю «АіФ» сакратар Савета бяспекі РФ Мікалай Патрушаў заявіў, што ліквідацыя Украіны будзе даведзеная да канца, незалежна ад часу, які гэта зойме.
Мікалай Патрушаў. Фота: AP
Заходнія краіны «працягваюць дыктаваць свае ўмовы свету, па-хамску зневажаючы суверэнныя правы дзяржаў», сказаў у інтэрв'ю Мікалай Патрушаў.
Так званыя «англасаксы», па версіі Патрушава, «выракаюць на голад мільёны чалавек у Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амерыцы, абмяжоўваючы ім доступ да збожжа, угнаенняў і энергетычных рэсурсаў», «правакуюць беспрацоўе і міграцыйную катастрофу ў Еўропе», «незацікаўленыя ў росквіце еўрапейскіх дзяржаў, робяць усё для іх знікнення з пастамента эканамічна развітых краін».
Паводле яго, англасаксы, «прыкрываючы свае дзеянні словамі пра барацьбу за правы чалавека свабоду і дэмакратыю, на самай справе рэалізуюць дактрыну «залатога мільярда», якая прадугледжвае, што квітнець ў гэтым свеце можа абмежаваная колькасць людзей. Доля ж астатніх — гнуць спіну ў імя іх мэты».
Традыцыйна не абышлося без канспіралогіі. Патрушаў падтрымлівае версію, што «заходнія фармацэўтычныя кампаніі зацікаўленыя ў распаўсюджванні небяспечных захворванняў» дзеля прыбытку, а ў лабараторыях Пентагона пры садзейнічанні шэрагу найбуйнейшых транснацыянальных фармацэўтычных кампаній магла быць створаная каранавірусная інфекцыя. Адбывалася гэта, паводле расійскага сілавіка, пры падтрымцы фондаў Клінтанаў, Ракфелераў, Сораса і Байдэна.
Адказваючы на пытанне журналіста, што азначае дэнацыфікацыя ва Украіне, якую, па прызнанні журналіста, не ўсе разумеюць, Патрушаў сказаў, што Расія ставіць перад сабой такія ж мэты, як і ў 1945-м.
«Усё стане зразумела, калі ўспомніць гісторыю. Падчас Патсдамскай канферэнцыі СССР, ЗША і Англія падпісалі пагадненне аб выкараненні германскага мілітарызму і нацызму. Пад дэнацыфікацыяй разумеўся цэлы шэраг мер. Акрамя пакарання нацысцкіх злачынцаў, адмяняліся законы Трэцяга рэйха, што легалізавалі дыскрымінацыю на аснове расы, нацыянальнасці, мовы, рэлігіі, палітычных перакананняў. Са школьнай адукацыі выдалялі нацысцкія і мілітарысцкія дактрыны. Наша краіна ставіла такія мэты ў 1945-м, ставім гэтыя ж мэты і цяпер, вызваляючы Украіну ад неанацызму», — сказаў Патрушаў.
Журналіст перадаў занепакоенасць чытачоў «зацягваннем тэрмінаў спецаперацыі ва Украіне».
«Мы не гонімся за тэрмінамі. Нацызм трэба альбо выкараніць на 100%, альбо ён падыме галаву ўжо праз некалькі гадоў — прычым у яшчэ больш выродлівай форме», — адказаў Патрушаў.
«Усе мэты, пастаўленыя прэзідэнтам Расіі, будуць выкананыя. Інакш і быць не можа, бо праўда, у тым ліку гістарычная, на нашым баку. Нездарма ж генерал Скобелеў у свой час сказаў, што толькі наша краіна можа дазволіць сабе такую раскошу, як ваяваць са спачування. Спачуванне, справядлівасць, годнасць — гэта магутныя аб'яднаўчыя ідэі, якія мы заўсёды ставілі і будзем ставіць у аснову», — сказаў Патрушаў.
Таксама ён пракаментаваў заявы прэзідэнта Украіны аб тым, што Расія павінна выплаціць Украіне рэпарацыі.
«Гэта Расія мае права патрабаваць рэпарацый ад краін, што спансавалі нацыстаў на Украіне, і злачыннага Кіеўскага рэжыму. «ДНР» і «ЛНР» павінны патрабаваць ад іх пакрыцця ўсёй матэрыяльнай шкоды за восем гадоў агрэсіі. І сам украінскі народ заслугоўвае рэпарацый ад асноўных завадатараў канфлікту, г. зн. ЗША і Англіі, якія прымушаюць украінцаў змагацца, падтрымліваюць неанацыстаў, забяспечваюць іх зброяй, накіроўваюць сваіх вайсковых дарадцаў і наймітаў», — лічыць Патрушаў.





