Знайсці
02.06.2022 / 20:48РусŁacБел

«Многія немцы пытаюцца ў мяне, калі ж Расія на танках уедзе ў Берлін». У прапаганды — новы персанаж

«Вельмі многія немцы хацелі б з'ехаць з Германіі», — цытуюць дзяржСМІ «нямецкую журналістку» Аліну Ліп. Яна прасоўвае прапагандысцкія ўводныя адносна крызісу на Данбасе, вайны ва Украіне ды русафобіі ў Германіі. «Наша Ніва» пацікавілася яе асобай. Ліп лічыць вакцынацыю злом і збегла ў ДНР ад нямецкіх парадкаў.

Цытаты Ліп прыводзіць БелТА. Дзяўчына, якая сама год таму пераехала ў Данецк, кажа, што пра пераезд задумваецца і яе маці.

«Кажа, што больш не можа трываць тое, што цяпер адбываецца», — прычытае Ліп пра сітуацыю ў Германіі.

«Вельмі многія немцы хацелі б з'ехаць з Германіі. Шмат немцаў пытаюцца ў мяне, калі ж Расія на танках заедзе ў Берлін і вызваліць іх ад гэтай дзяржавы. Ці пытаюцца, як можна пераехаць у Расію і атрымаць від на жыхарства», — прыводзяць яе словы.

Немка з расійскімі каранямі

Ліп нарадзілася на поўначы Германіі, у Гамбургу. Бацька паходзіў з Санкт-Пецярбурга, а вось маці ўсё жыццё правяла на нямецкіх землях. Пазнаёміліся яны на Балтыйскім моры напрыканцы 80-х, на савецка-германскім мерапрыемстве. Вынікам стаў шлюб — і сям’я пачала жыццё ў Заходняй Еўропе.

Аліна ўсё дзяцінства размаўляла выключна на нямецкай мове, аднак пры камунікацыях з аднагодкамі «заўсёды адчувала сцяну між сабой і таварышамі па школе». Па словах блогеркі, толькі калі яна бавіла час з дзецьмі рускіх немцаў, адчувала сябе сваёй — датычнай як да працэсу зносінаў, так і да сапраўднай культуры.

Прымкнула да «зялёных», але хутка расчаравалася

Цікавасць да палітыкі ў Ліп абудзілася ў 2013-м падчас навучання ва ўніверсітэце. Дзяўчыну, якая вывучала ахову навакольнага асяроддзя і прытрымлівалася вегетарыянства, зацікавілі ідэі «зялёных». Да таго ж прываблівала атмасфера: «Зяленыя» — усе на «ты», як сям’я. Пры сустрэчах радыя адно аднаму, падтрымліваюць пазітыў у асяроддзі, нясуць смачняшкі», — узгадвала Ліп.

Аднак надоўга ў палітыцы яна не забавілася. Па меркаванні блогеркі, у партыі ніхто не хацеў чуць думак звонку і не прымаў пазіцый, якія разыходзіліся з генеральнай лініяй. Асабліва калі гэтыя погляды тычыліся Расіі. Таму пасля шэрагу паездак на радзіму бацькі Аліна вырашыла парваць з «зялёнымі» і скончыла палітычную дзейнасць.

Працавала ў Эрмітажы, вандравала на Байкал

Пасля заканчэння школы Ліп вырашыла бліжэй пазнаёміцца з Расіяй, для чаго выправілася ў Санкт-Пецярбург. Там, жывучы разам з бабуляй, яна колькі месяцаў працавала ў Эрмітажы і сама практыкавалася ў выяўленчым мастацтве. «Менавіта ў гэтыя часы адчула, што гэта мой народ. І зразумела, што ў мяне руская душа», — сцвярджае Ліп.

Менавіта з-за гэтага па вяртанні на радзіму пачала самастойна вучыць рускую мову па кнігах і даволі хутка ёй авалодала. Акрамя таго, ужо ў часы адукацыі ВНУ блогерша часта вандравала па Расіі — і асабліва ўпадабала Байкал, а таксама анексаваны Крым.

«Тады на сто адсоткаў зразумела, наколькі вясёлыя і цёплыя людзі тут жывуць — без нямецкай жорсткасці ды халоднасці. У рускіх на першым плане стаяць добрыя адносіны між людзьмі, а не праца. Яны заўсёды дапамагаюць адно аднаму», — запэўнівала Аліна ўсіх падпісчыкаў.

Дарэчы, у 2016-м Ліп нават дыплом бакалаўрыята вырашыла пісаць у Крыме — і разлічвала атрымаць на гэта стыпендыю. Бо ўніверсітэт звычайна заахвочваў студэнтаў рабіць выніковую працу за мяжой ды выдаткаваў на гэта сродкі. Аднак блогерцы адмовілі ў данатах, з-за чаго яна за ўласныя грошы давяла справу да канца.

Абвінавачвала нямецкія СМІ ў прапагандзе

Падзеі 2014 года сталі пераломнымі ў жыцці ды светапоглядзе Ліп. Анексія Крыма, на яе думку, пачала асвятляцца нямецкімі СМІ аднабока. Дзяўчына на спецыяльна адкрытым пад гэта ютуб-канале транслявала іншыя думкі.

«Я размаўляла з жыхарамі, здымала іх на відэа — і чула ў адказ на пытанне пра стаўленне да Расіі толькі пазітыўныя водгукі. Пасля транслявала гэта ў Германію, бо там няма інфармацыі і відэа пра тое, як сапраўды жывуць людзі. На радзіме мне не верылі — нават рэдактары буйных выданняў», — тлумачыла Аліна свой кар’ерны выбар.

Дарэчы, у 2018-м у Крым пераехаў і бацька Ліп. Па словах блогеркі, у Германіі ён меў усё, нават уласны паруснік, але быў нешчаслівы.

«Аднак пасля таго, як перабраўся ў Крым, ён стаў самым шчаслівым чалавекам на свеце», — расказвае блогерка.

Пераехала на Данбас, атрымала грамадзянства ДНР

У 2021-м Ліп выправілася на Данбас, бо не разумела «чаму з Крымам так хутка вырашылася сітуацыя, а на Данбасе усё расцягнулася на восем гадоў». Даследаванне зацягнулася, што падштурхнула блогерку атрымаць грамадзянства ДНР і пэўны адрэзак жыцця прабавіць у Данецку.

За гэты час Ліп, як сама падкрэслівае, «нідзе не знайшла інфармацыі, што восем гадоў украінцы страляюць па мірных жыхарах».

Таму адчула сваім абавязкам як адзіная немка на Данбасе пра гэтую тэму распавядаць Захаду. «У Германіі наконт гэтага было прамыванне мазгоў: нічога не паказвалі і не распавядалі. Таму людзі заставаліся ў інфармацыйнай ізаляцыі. Я ж, калі ездзіла на фронт, размаўляла з мірнымі жыхарамі — і ўсё запісвала».

Засталася без сяброў, не можа вярнуцца ў Германію

Сцверджанні кшталту «ўсе на Данбасе былі рады, што расіяне іх вызвалілі» прывялі да ізаляцыі Ліп на радзіме. У прыватным жыцці яна згубіла вялікую колькасць сяброў, паколькі тыя «выступаюць супраць спецаперацыі і падтрымліваюць прапаганду з лейтматывам «Пуцін забівае мірных людзей».

Што ж да бытавога ўзроўню, то там блогерка «адчула ціск з боку дзяржавы» — напрыклад, праз блакаванне рахунка Paypal. 

«Мяне могуць пасадзіць без аніякай на тое прычыны. Ведаю некалькіх людзей, якія такім чынам пацярпелі — і праседзелі паўгода», — пужае аўдыторыю Ліп. Ды настойвае, што ў Германію цяпер ёй не прыехаць: «Там няма свабоды слова, сення гэтая краіна цалкам таталітарная».

Бачыць у немцах нацыстаў, а ў жыхарах Данбаса — расіян

Праз свае каналы, аўдыторыя якіх, на думку Ліп, складае некалькі мільёнаў чалавек, блогерка даносіць радыкальна прарасійскія пазіцыі. А часамі ўвогуле паўтарае рыторыку Кісялёва ды Салаўёва. Напрыклад, тыражуе гісторыі пра русафобію, у выніку якой рускім людзям забараняюць уваход у рэстараны ды пошты, а таксама адмаўляюць у рэгістрацыі ў. бальніцы.

«Гэтыя людзі — нацысты, нічым не лепшыя за тых, што існавалі ў часы Другой сусветнай вайны. Гледзячы на гэта, немцы мараць пераехаць у Расію. І не толькі рускія немцы, але і карэнныя — разумныя ды адукаваныя — пра гэта мараць», — запэўнівае Ліп.

Не менш агнявыя спічы блогеркі тычацца жыхароў Данбаса.

«Жыхары Данбаса ненавідзяць Украіну. І ні ў якім разе не жадаюць яднання: альбо незалежнасць, альбо жыццё ў складзе Расіі. Яны пілі шампанскае ды святкавалі 24 лютага як дзень вызвалення. Бо раней крышку былі расчараваныя дзеямі РФ, маўляў, чаму федэрацыя хутка дапамагла Крыму, але не здолела аператыўна вырашыць пытанне Данбасу», — даводзіла дзяўчына.

Марыць пра грамадзянства РФ, крыўдзіцца на мянушку «пуцінскі інфавоін»

Амаль усе родзічы Аліны пераехалі ў Расію — за мяжой застаецца толькі маці, якая таксама чакае дазволу на змену краіны. Пры гэтым Ліп называе сваёй марай атрыманне пашпарту і грамадзянства РФ. Праўда, звярнуцца да Уладзіміра Пуціна з гэтым запытам перснальна у яе «пакуль не ўдалося»: блогерка са шкадаваннем адзначае, што ўжывую кіраўніка дзяржавы не бачыла.

А вось нямецкія СМІ — Spiegel, Kölner Stadt-Anzeiger і шэраг іншых — наадварот, лічаць Ліп крэатурай Крамля і называюць самай важнай фігурай прапаганды РФ у Германіі. Нават мянушку «пуцінскі інфавоін» блогерцы далі, на якую Ліп сур’ёзна крыўдзіцца.

Падтрымлівае антываксераў, лічыць РФ самай бяспечнай у свеце

Адзіны мінус, які Ліп здолела адшукаць за ўвесь час жыцця ў Расіі, звязаны з недахопам пунктуальнасці ў людзей. Маўляў, дамаўляюцца на сустрэчу, а пасля могуць змяніць планы. У астатнім РФ блогерка называе ледзьве не ідэальнай краінай для жыцця, бо не можа ўзгадаць ніводнай дрэннай сітуацыі, з ёю звязанай. Лічыць аладкі самай годнай стравай у свеце, а Пецярбург і Маскву — найпрыгажэйшымі гарадамі.

Расія падабаецца блогерцы яшчэ і «высокім узроўнем свабоды». Як актывіст руху Querdenker («іншадумцы») яна ўхваляе адмову ад прымусовай вакцынацыі і каранавірусных абмежаванняў. Ды і ў цэлым сцвярджае, што свету мае сэнс браць прыклад з Расіі ў арганізацыі жыцця ды свабод грамадзян.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031