Знайсці
18.06.2022 / 17:57РусŁacБел

«Змены будуць тады, калі беларусы перастануць слухаць «Рускае радыё» з жудаснай рускай папсой». Вялікая гутарка з маці анархіста Мікіты Емяльянава

Палітвязню Мікіту Емельянаву нядаўна дадалі новы тэрмін — два гады зняволення. З 4 мая ён у карцэры бесперапынна. Хлопец хутка вернецца ў калонію, дзе яго чакаюць новыя выпрабаванні. Пагутарылі з ягонай маці пра Мікітавы перакананні і пра тое, як не губляць сілаў на тое, каб падтрымліваць сына і расціць яшчэ трох.

Мікіта з маці Настассяй. Фота: сямейны архіў

«Дзе б я ні была, я заўжды буду чакаць цябе»

На першых судах у лютым 2020 года я не была — толькі напрыканцы і калі мяне сведкай выклікалі. Але такога прысуду я не чакала. Я не была гатовая.

Калі я аналізавала тэрміны па такіх справах, больш за два гады не ўкладалася ў галаве. Сем гадоў невядома адкуль узяліся. Такі тэатр абсурду.

Мне хацелася Мікіту падтрымаць, калі ён пачуў пра сем год у судзе (пасля апеляцыі той тэрмін зменшылі да 4 год. — «НН»). Я і падчас суда пасміхалася яму, перадала, што я яго люблю і я з ім.

А цяпер проста чакаю. Мне сапраўды цяжка. Я не магу прыняць тое, што яго катуюць у турме. Я раблю ўсё, што магу, але ўсё гэта зацягнулася.

У нас у сям’і блізкія адносіны. Няма бабуляў-дзядуляў, і дзяцей нам ніхто не дапамагаў гадаваць. Бацькі нашы хутка пайшлі з гэтага свету. Таму мы цэнім сямейныя адносіны. Наша сям’я — гэта вялікая каштоўнасць.

Я Мікіту казала заўжды: «Дзе б я ні была, я буду чакаць цябе». Ён ведаў, што ў яго заўжды ёсць сям’я і дом.

«Страшна адпраўляць сына туды»

Я старалася падтрымаць сям’ю. Так выйшла, што муж згубіў працу, а ў нас было яшчэ тры сыны. Было цяжка.

Я хацела, каб Мікіта ведаў, што ён ні ў чым не вінаваты. Што ён змагаўся, як ён думаў, за справядлівасць і з ім, з нашай сям’ёй паступілі несправядліва.

Было страшна адпраўляць сына туды. Але я веру ў Бога і давяраю Богу. Ён усё ведае і нічога дрэннага не зрабіў бы — і сэнс ва ўсім гэтым я заўжды бачыла. Я не пыталася: за што? Я думала: для чаго нам гэта можа быць?

«Марыў быць кшталту Кастуся Каліноўскага»

Мікіта з братамі. Фота: сямейны архіў

Ён рос звычайным хлопцам. Не памятаю, каб ён неяк вылучаўся. Ён плаваў, займаўся боксам. Я спрабавала яго прывучыць да чытання і заўсёды набывала найлепшыя дзіцячыя казкі — Астрыд Ліндгрэн, Тувэ Янсан, Алана Мілна — і на беларускай, і на рускай мове.

Але болей за ўсё ён любіў энцыклапедыі. Пра дыназаўраў, космас, эльфаў… Ягоная ўлюблёная была пра старажытны свет — Егіпет, Міжрэчча, Рым.

Адгукаўся заўсёды, калі мы прасілі дапамагчы. З дзяцінства прыслугоўваў у касцёле як міністрант падчас службаў.

Сям’ёй хадзілі штонядзелю ў касцёл, Мікіта наведваў катахэзы. У старэйшых класах быў сябрам каталіцкага руху легіён Марыі.

Мікіта прыслугоўвае ў касцёле. Фота: сямейны архіў

Навучаўся ён у БНТУ на караблебудаванні і эксплуатацыі воднага транспарта. Ягоны дзед быў мараком і служыў у Балтыйскім флоце. Можа, падалося рамантычным — сувязь з караблямі, піратамі.

Ён захапляўся гісторыяй. У нас і дома былі кнігі пад рэдакцыяй Анатоля Тараса з цыкла «Невядомая гісторыя», а за кратамі ён ужо адмыслова іх замаўляў і прасіў, каб мы дасылалі бандэролямі.

Яму вельмі падабалася паліталогія, ён цікавіўся рознымі плынямі. Яму хацелася нешта змяніць у грамадстве, і ён марыў быць кшталту Кастуся Каліноўскага.

Мы гутарылі пра гэта, і я яму заўсёды казала, што не кожны чалавек можа весці народ за сабой — трэба нейкі ідэал, у які б верылі людзі. І правадыр народу мусіць быць вельмі адукаваны, вельмі разумны.

«Хацеў ехаць абараняць Украіну ад расійскай акупацыі»

Яшчэ ён казаў, што яму сімпатычны Міхась Жызнеўскі. Нават тады хацеў ехаць абараняць Украіну ад расійскай акупацыі.

Тады мне, канешне, было страшна, што яго маглі б забіць. Я яго адгаварыла. Было яму 18 хіба гадоў, калі мы пра гэта гутарылі — я распавядала, што Міхась, які пайшоў ваяваць, быў адзіным сынам і я не хачу перажываць тое, што бацькі Жызнеўскага перажылі. Але Мікіта востра ўспрымаў сітуацыю і хацеў аднавіць парушаную справядлівасць.

«Дзякуючы Мікіту ўдалося прыцягнуць увагу да справы Паліенкі»

Фарба на будынку Мінскага гарадскога суда, адзін з эпізодаў, які ставіўся ў віну Мікіце. Фота: «Вясна»

Зміцер Паліенка — Мікітаў сябра. Калі ў 2020-м Змітра збіраліся судзіць, Мікіта кінуў лямпачку ў будынак суда і пасля зрабіў сімвалічны «падпал» Валадаркі. Гэтыя акцыі былі зробленыя выключна, каб прыцягнуць увагу да палітвязняў. Мікіта нават гэтую гаручую сумесь рабіў з таго, што нічога падпаліць па-сапраўднаму не можа.

Шкода ад акцый склала каля 100 рублёў за перафарбаванне будынка суда і рубель і сорак восем капеек за пашкоджанне ганку Валадаркі. За першае Мікіта атрымаў 6 месяцаў, за другое — шэсць з паловай гадоў. На судзе ён казаў, што гэта была чыста палітычная акцыя, якая не мела на мэце рэальна пашкодзіць маёмасць. Гэта форма сучаснага акцыянізму.

Паліенка лічыць, што дзякуючы Мікіту ўдалося прыцягнуць увагу да яго справы — суд зрабілі адкрытым і Змітра фактычна вызвалілі ў залі суда.

Зміцер ладзіць акцыі ў падтрымку Мікіты за мяжой, піша лісты, але турэмшчыкі ніколі не аддаюць іх. Хочуць паказаць, нібы сын дарма зрабіў сваю акцыю ў падтрымку сябра, бо той застаўся няўдзячным і забыўся.

«Балелі суставы, што не мог устаць — далі таблетку ібупрафену»

Карцэр у Валадарцы. Фота: minsk2000.to

Са жніўня 2021-га пачаўся бясконцы карцэр. І заўжды даюць такія тэрміны вялікія. Няма коўдры, няма матрацаў, няма анічога. Нельга лісты, кнігі, газеты, паперу, ручку.

Яны заходзяць у камеру і просяць, каб вязні ўставалі і шыхтаваліся. Аднаго разу Мікіта не здолеў устаць. У перыяд, калі ацяпленне адключалі, магчыма, запаленне пачалося. А яны пачалі з яго кпіць: «Можа, зноў хочаш у карцэр?». Але пасля паверылі, мусіць, і далі таблетку ібупрафену. Да турмы суставы ў сына былі здаровыя.

Па законе больш за 10 сутак у карцэры даць немагчыма. Але яны ўсё гэта парушаюць. І калі я пішу скаргі, то яны мне дасылаюць такі адказ, быцам бы ўсё законна: «Ён сядзіць не 46 сутак, а чатыры разы па дзесяць і шэсць».

«Ён ніколі не скардзіцца»

У лістах да мяне ён бадзёрыцца. Таварышам казаў, што яму вельмі цяжка і баліць спіна, але мне ніколі не скардзіўся, шкадаваў.

Ужо ў магілёўскай турме, калі ён быў у карцэры, то я ў яго пыталася: ці баліць табе нешта? А ён адказваў, што ўсё добра, маўляў, ужо прызвычаіўся.

Мікіта ў лістах пісаў часта, што «мазгі не працуюць». Я згадала пасля, як Зміцер Дашкевіч распавядаў пра тое, што яму цяжка было думаць у карцэры, калі ён не мог спаць.

Апошні ліст ад сына быў ад 3 мая. Тады ён пісаў, што з 4-га пойдзе ў карцэр за прагулачны дворык, які ён адмаўляецца прыбіраць, бо не ён яго брудзіў. Мікіта не кідае акуркі там, не плюе і не лічыць патрэбным прыбіраць за іншымі. 

«Не скараецца, бо лічыць, што супрацоўнікі чыняць беззаконне»

Ён не скараецца, бо лічыць, што праўда за ім. Што турэмшчыкі самі парушаюць законы, а часам нават смяюцца з іх. Зняволеным не кажуць пра іхнія правы, іх вучаць толькі абавязкам. Турэмшчыкі фактычна катуюць іх, і гэта бесчалавечна.

Да Мікіты не пускалі святара. Нават да таго хлопца, які жорстка забіў настаўніцу, святар прыходзіў раз на тыдзень, хоць рэжым у яго быў больш строгі.

Мікіта зразумеў, што з такімі людзьмі нельга дамаўляцца. І ён адмыслова пачаў парушаць іхнія правілы, бо лічыць, што калі яны іх не выконваюць, то і ён не мусіць.

Мікіта ад слова «зусім» не хоча падпарадкоўвацца ім. Ён не прызнае ўлады і не баіцца. А яны яго хочуць зламаць.

Калі яны заходзілі ў камеру, то ён не ўставаў, пратэставаў. І за ягоныя пратэсты яму дадалі тэрмін.

Мікіта Емяльянаў. Фота: сямейны архіў

Думаю, што Мікола Статкевіч для яго мог стаць такім прыкладам чалавека, які не падпарадкоўваецца беззаконню, мае гонар і пазіцыю.

Калі да яго прыходзяць прасіць падпісаць нейкія паперы, то сын заўжды адмаўляе. Нават у афіцыйных заявах ён піша «суд» у двухкоссі, бо не вызнае гэты суд сапраўдным. Для Мікіты яны не аўтарытэты, бо ён бачыць, што яны чыняць беззаконне.

«Мне дае сілы тое, што я бачу ва ўсім гэтым сэнс»

Усім маці, якія чакаюць дзяцей з-за кратаў, я хачу сказаць: спадзявайцеся на Хрыста і Марыю і маліцеся. Бо без Бога зло не сыдзе. Мусіць адбыцца пакаянне за ўвесь бязбожны час — бо ніхто ж не пакаяўся ў знішчэнні святыняў пры камунізме, у тым, што адбылося ў Курапатах. І праз тое, што няма пакаяння, мы ўсё гэта маем.

Настасся і браты Емяльянавы. Фота: сямейны архіў

Мне дае сілы тое, што я бачу ва ўсім гэтым сэнс. Калі колькі гадоў таму пачалі «Малітву за Беларусь», то шмат вернікаў далучыліся да гэтай малітвы. Я бачу, што Хрыстос чуе нашыя малітвы. Я бачу, што Хрыстос дзейнічае ў гісторыі.

Я маю адказы. Я ведаю, што варта чакаць зменаў, варта рабіць тое, што ты можаш.

Беларускі народ цяпер прыносіць гэтую ахвяру за тое, каб стаць дэмакратычнай дзяржавай і займець свабоду. І Вітольд Ашурак таксама ахвяраваў сваё жыццё ў інтэнцыі таго, каб беларусы жылі лепей.

Змены не могуць адбыцца хутка. Гэта не тое, што фокуснік вымае труса з капелюша. І нават калі б у 2020 годзе людзі перамаглі, то старая сістэма нікуды б не падзелася. Людзі б жылі і не бачылі жахаў, якія адбываюцца.

У Беларусі мусіць адбыцца дэкамунізацыя. Людзі самі мусяць хацець зменаў. Калі большасці ўсё падабаецца, то нічога не будзе.

Варта ўсвядоміць, што хутка не бывае і мы плоцім за тое, што калісьці здалі сваю свабоду. Я спадзяюся, што калі мы атрымаем волю, то вернем сабе мову і нашы назвы вуліц, вёсак і гарадоў. І беларусы перастануць слухаць «Рускае радыё» з жудаснай рускай папсой.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера