Знайсці
18.06.2022 / 12:28РусŁacБел

«Уключылі «Рукі ўверх» — палова хлопцаў слухаюць са слязамі на вачах». Замалёўкі ад Ягора Марціновіча

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч цяпер у бабруйскай калоніі. У адным з нядаўніх лістоў ён з гумарам апісвае абставіны і суседзяў, з якімі давялося сутыкнуцца. А таксама расказвае, у якім беларускім райцэнтры канцэнтрацыя дзікіх гісторый.

Прыкметы рэальнага жыцця

Ведаеце, якія дробныя моманты могуць раптоўна адстрэліць у мозг флэшбэкам з 11-месячнага мінулага? Сёння адчуў носам пах свежаскошанай травы! Не здагадваюся, адкуль данесла, але было вельмі нечакана. А ўначы даляцеў гук нейкай мігалкі. Канечне, радасці няшмат, калі хуткая некага едзе ратаваць альбо пажарнікі ляцяць на выклік, але сірэна лілася як бальзам на душу — прыкмета рэальнага жыцця, пра якую паспеў забыць.

«Рукі ўверх» і хлопцы, асуджаныя за наркотыкі

Па радыё гучыць «Тапаліны пух». Сусед-пацанчык кажа, што краем вуха некалі чуў, але гэта песня была нашмат раней за яго нараджэнне. Для мяне некалі было псіхалагічным шокам, што людзі, народжаныя ў 21 стагоддзі, ужо пайшлі ў школу. Цяпер я звыкаюся з тым фактам, што іх усіх пасадзілі за наркотыкі (пасміхаецца ў лісце). Пакуль не апынешся тут, нават не здагадваешся пра аб'ёмы 328.

Услед уключылі «Рукі ўверх» пра «Чужыя губы», палова маладых наркаманаў з 10—15 гадовымі тэрмінамі слухаюць са слязамі на вачах.

Загадка Касцюковічаў

Я тут перасёкся ўжо больш чым з сотняй суседзяў. Дзіўнае супадзенне, але дзве найдзікунскія жыццёвыя гісторыі былі ў двух чалавек з Касцюковіцкага раёна. Наўрад ці пераказ пройдзе цэнзуру, проста ўявіце, што іх расповеды маглі б трапіць у топ украінскай праграмы «Дэтэктар хлусні».

[Гэта тэлешоу, дзе ўдзельнік адказвае на пытанні і мусіць сказаць непрыемную ці сарамлівую праўду пра асабістае жыццё, каб выйграць грошы. Яго словы правярае паліграф, а ў студыі сядзяць блізкія.]

Дэгустацыя сала

За ўсё жыццё не пакаштуеш столькі відаў сала, колькі тут за тыдзень сумесных дэгустацый. Самому цікава, ці захочацца мне працягваць банкет пасля вызвалення.

* * *

Пішыце нашаніўцу! 

Адрас: вул. Сікорскага, 1а, папраўчая калонія №2
213800, г. Бабруйск, Магілёўская вобл.
Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Важна: на канвертах пакідайце пазнаку «Каранцін», пасля будзе вядомы нумар атрада.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера