Ва Украіне забаранілі расійскую музыку ў грамадскіх месцах
Вярхоўная Рада Украіны большасцю галасоў прыняла закон аб забароне расійскай музыкі ў грамадскай прасторы, медыя і грамадскім транспарце, а таксама павялічыла квоту на ўкраінскую музыку ў эфіры радыёстанцый і тэлеканалаў.
Закон забараняе публічнае выкананне і трансляцыю твораў (у тым ліку музычных кліпаў) артыстаў, у якіх было ці застаецца расійскае грамадзянства пасля 1991 года.
У выпадку парушэння гэтай нормы тэлерадыёкампаніі будуць абавязаныя заплаціць штраф у памеры 10% ад ліцэнзійнага збору.
Гэта не закране творчасць выканаўцаў, якія асудзілі ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны.
Каб патрапіць у спіс выключэнняў (і, у прыватнасці, праводзіць гастролі ва Украіне), законапраект прадпісвае ахвотным артыстам або іх прадстаўнікам падаць заяву па вызначанай форме ў Службу бяспекі Украіны (СБУ).
Разам з заявай артысты павінны будуць падпісаць дэкларацыю з асуджэннем агрэсіі і патрабаваннем неадкладна спыніць вайну. Мяркуецца, што спіс выключэнняў будзе размяшчацца і абнаўляцца на сайце СБУ.





