Знайсці
24.06.2022 / 13:10РусŁacБел

Пачысціў універсітэт, адпраўляў перавыхоўвацца на парад. Хто такі Алег Раманаў, новы кіраўнік «Белай Русі»

У кішэнным аб'яднанні «Белая Русь» памянялі кіраўніка: на месца дэпутата Генадзя Давыдзькі паставілі прафесара філасофіі Алега Раманава. Чаго чакаць? Раманаў — прыхільнік рускага свету, а ў «Белую Русь» прыйшоў пасля паспяховай зачысткі іншадумства ў Полацкім універсітэце. Расказваем пра асобу новага кіраўніка праўладнай арганізацыі.

Біёлаг-філосаф

Алегу Раманаву 46 гадоў. Ён ураджэнец Гродна, маці працавала педагогам, бацька быў інжынерам, «займаў кіруючыя пасады ў будаўнічых і жыллёва-камунальных арганізацыях горада», як пісала мясцовая прэса.

Раманаў — доктар філасофскіх навук, прафесар. Казаў, што з будучай жонкай пазнаёміўся яшчэ ў школе, але ажаніўся толькі калі яму было 22 гады. Мае дзвюх дарослых дачок.

Скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў 1997 годзе, праўда, вучыўся там на біялагічным факультэце. Нейкі час Раманаў працаваў псіхолагам у гродзенскай сярэдняй школе, затым перакваліфікаваўся на філосафа: быў выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам і прафесарам кафедры філасофіі ГрДУ. Паралельна абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У 2012 годзе скончыў дактарантуру Інстытута філасофіі НАН Беларусі і праз тры гады абараніў доктарскую на тэму «Усходнеславянская цывілізацыя як суб'ект сучасных глабальных сацыяльных трансфармацый». 

Далей — толькі ўверх па чыноўніцкай кар’ернай лесвіцы.

У 2017-м Раманаў атрымаў прэзідэнцкую стыпендыю, праз год заняў пасаду прарэктара ГрДУ. 

Затым сенатарства. У 2019 годзе Алег Раманаў стаў членам Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання ад Гродзенскай вобласці. 

А ў сакавіку 2021 года быў прызначаны рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Менш чым праз паўтара года Раманава паставілі кіраваць палітычным утварэннем пад назвай «Белая Русь» замест Генадзя Давыдзькі.

Выхаванец адэпта рускага свету

«Наша Ніва» ўжо звяртала ўвагу на Раманава. У 2018 годзе яго лічылі магчымым новым рэктарам ГрДУ, але ўсё ж гэтага не адбылося.

Раманаў — выхаванец загадчыка кафедры філасофіі Часлава Кірвеля. Гэта адзін з самых адыёзных прыхільнікаў рускага свету ў Гродне. Кірвель пісаў, што Францішак Скарына, Якуб Колас, Васіль Быкаў — частка рускага свету.

Раманаў публікаваўся сумесна з Кірвелем і часткова пераняў яго погляды.

У 2014 годзе ён адначасова выдаў дзве манаграфіі. Адну ў Гродне пад назвай «Усходнеславянская цывілізацыя ў гарызонце адкрытай гісторыі». Другую ў нямецкім Саарбрукене — «Усходнееўрапейская цывілізацыя і глабальная дынаміка». Кнігі практычна ідэнтычныя па змесце. Нямецкае выдавецтва LAMBERT Academic Publishing адметнае тым, што за грошы выдае без рэдактуры і карэктуры рускамоўныя манаграфіі.

У назвах прац Алега Раманава Беларусь фактычна не згадваецца, адсылкі ідуць выключна да «ўсходніх славян» ці Расіі.

Вось некаторыя іншыя публікацыі гэтага аўтара: «Імперская парадыгма ў перспектыве палітычнага развіцця ўсходнеславянскіх народаў», «Да праблемы духоўна-ментальных падстаў гаспадарчай дзейнасці ўсходнеславянскіх народаў», «Мадэрнізацыйная стратэгія ўсходнеславянскіх грамадстваў: сусветны вопыт і цывілізацыйная спецыфіка», «Руская філасофія ў духоўным вопыце ўсходнеславянскіх народаў: мінулае, сучаснасць, будучыня», «Сацыяльныя ідэалы ўсходнеславянскіх народаў як адказ на выклікі глабалізацыі» і г.д.

«Каб «перавыхаваць» падначаленых, ён траім загадаў прыняць удзел у парадзе 9 мая»

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт Раманаў узначальваў нядоўга. Але запомніўся зачысткай выкладчыкаў.

Былы дэкан з Полацкага ўніверсітэта Дзяніс Кандакоў кажа:

«Я сышоў з універсітэта да прызначэння Раманава рэктарам. Але тады ўжо хадзілі чуткі, што менавіта ён узначаліць нашу ВНУ. Сярод філосафаў ён быў «знакаміты» сваімі поглядамі пра рускі свет, і людзі ведалі, што ён звышлаяльны да ўлады, раней душыў іншадумства ў Гродзенскім універсітэце.

Пра новага рэктара казалі яшчэ на пачатку лютага. Хадзілі размовы, што гэта будзе нехта ў пагонах альбо Раманаў. Тое, што альбо сілавік, альбо Раманаў — даволі красамоўная дэталь пра апошняга, мне здаецца».

Кандакоў быў дэканам гуманітарнага факультэта. Ён прынцыпова звольніўся ў жніўні 2020 года, патлумачыўшы свой крок так: «Паколькі ў цяперашні час улада паслядоўна звужае прастору маральнага, эстэтычнага, палітычнага выбару, то я адчуваю сваім абавязкам яго па меры сіл пашыраць».

Але і пасля звальнення Кандакоў падтрымліваў кантакты з былымі калегамі. Яны расказвалі, што адбывалася з прыходам Алега Раманава.

«Ва ўніверсітэце пачаўся ціск на людзей, якія былі заўважаныя ў пратэстах. Аднаго маладога выкладчыка проста пачалі адсочваць: кожны прыход і сыход з працы, усё фіксавалася. Ён у выніку звольніўся, — кажа Дзяніс Кандакоў. — Ну і ў верасні 2021 года звольнілі дацэнта Віктара Якубава: ён сядзеў на сутках, гэта палічылі прагуламі».

Іншы экс-супрацоўнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта расказвае такую дэталь:

«Якубаў даслаў з ізалятара ліст на працу, у ім прасіў, каб яму далі адгул за свой кошт на час адсідкі. Я пасля бачыў гэты ліст. На ім было напісана «Пярэчу» і стаяў подпіс Раманава».

«Трэба разумець, што Раманаў быў ва ўніверсітэце чужы, ён не меў падтрымкі ані сярод адміністрацыі, ані сярод выкладчыкаў. Таму, можа, Раманаў і пайшоў на канфлікт адразу. Пазней ён ужо змяніў прарэктараў на тых, хто быў згодны праводзіць яго палітыку, — працягвае Кандакоў. — 

У асноўным ён займаўся тым, што сачыў за сваімі выкладчыкамі. Ведаю, што ён праглядаў нават сацсеткі супрацоўнікаў. Аднойчы былая калега пракаментавала мой пост у фэйсбуку, яе адразу выклікалі на размову да Раманава. Пасля вынеслі вымову».

У маі 2022 года былыя калегі запрасілі Кандакова выступіць на канферэнцыі памяці Аляксандра Гугніна (прафесара філалогіі, літаратуразнаўцы), якая праходзіла ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. 

Выступаць Кандакоў мусіў анлайн — але не змог падключыцца.

«Пасля мне расказалі, што адбывалася. Раманаў увогуле не мусіў удзельнічаць у канферэнцыі. Але за дзень да пачатку ён заявіў, што будзе адкрываць канферэнцыю сам, замест прарэктара па навуковай працы.

І пасля казалі, што калі Раманаў ўбачыў маё імя ў спісе выступоўцаў, то быў раз’юшаны, — сцвярджае Кандакоў. — Пазней Раманаў выклікаў да сябе загадчыцу кафедры філалогіі і іншых калег, пытаўся ў іх, чыя была ідэя запрасіць Кандакова. Казаў ім: «Вы не разумееце, каго вы запрашаеце! Прыкрываецеся навукай, але гэта палітыка! Вы не перавыхаваныя!»

І каб «перавыхаваць» падначаленых, ён траім загадаў прыняць удзел у парадзе 9 мая! Вось такая дысцыплінарная мера. Праўда, людзі адмовіліся гэта рабіць». 

Яшчэ адзін былы супрацоўнік Полацкага ўніверсітэта выказаўся рэзка і ёміста:

«Калі прыйшоў Раманаў, было відавочна, хто ён такі. І неўзабаве пачалося: звольнілі некалькіх супрацоўнікаў, выгналі пару студэнтаў.

Раманава прыслалі да нас, каб «пачысціць» універсітэт. Вось і ўсё».

«Усё правільна з каранавірусам, за мірнымі пратэстамі хаваецца гвалт»

Раманаў падтрымлівае курс Лукашэнкі. Вакол ворагі і фэйкі, толькі ў нас усё робяць правільна. 

Вось толькі некалькі яго цытат.

«Я перакананы, што ў нашай краіне знайшлі аптымальную мадэль барацьбы з каранавірусам. У часы антычнасці палкаводзец Пір у барацьбе з персамі нанёс ім паразу, але пры гэтым страціў войска. І ў наступнай бітве быў пераможаны.

Нельга вырашаць праблему любой цаной, у прыватнасці з дапамогай паралічу ўсяго жыцця, знішчэння эканомікі. У нашай краіне, з аднаго боку, ідзе барацьба з эпідэміяй, а з другога — мы захоўваем у жывым выглядзе сацыяльныя працэсы: медыцыну, адукацыю, эканоміку», — казаў Раманаў.

«Цяпер пачалася каранавірусная істэрыя. Усе сайты мільгаюць навінамі пра гэта. Але калі разабрацца: розныя вірусныя захворванні могуць даваць ускладненні, але хто пра гэта кажа? 

Уся неабходная інфармацыя па каранавірусе ў нас маецца. Ва ўмовах сацыяльных сетак, інтэрнэту што-небудзь утаіць няпроста. Так што падстаў для недаверу да ўлады няма», — дадаваў ён.

«Сёння не менш важная інфармацыйная абарона дзяржавы ад скажэнняў гісторыі, фэйкаў, якія спрабуюць укараніць у галовах моладзі», — вяшчаў ён.

Падчас крызісу з бежанцамі на беларуска-польскай мяжы ўвосень 2021 года Раманаў заяўляў: вінаваты Захад, бо праводзіць палітыку неакаланіялізму! 

«Размова пра тое, што Беларусь з'яўляецца прычынай канфлікту на мяжы, — гэта цынізм. Гэта зусім свядомае скажэнне сутнасці пытання. Адказнасць за гэтую праблему павінны несці тыя, хто яе спараджаў і спараджае на працягу многіх гадоў і дзесяцігоддзяў», — сцвярджаў Раманаў.

Таксама ён быў адной з афіцыйных асобаў, якія сустракаліся з гродзенцамі пасля жнівеньскіх пратэстаў у 2020 годзе. 

Тады ж Раманаў казаў:

«Пад выглядам мірных акцый хаваецца досыць дасканалы гвалт.

Размовы пра тое, што людзі проста выйшлі, каб выказаць сваю волю, адстаяць праўду, вельмі часта адводзяць ад сутнасці таго, што адбываецца. Зразумела, суб'ектыўна ў некаторых менавіта такое ўяўленне пра свае дзеянні, але рэальна гэтая актыўнасць накіраваная на разбурэнне грамадскай сістэмы, змену канстытуцыйнага ладу, разварот нашай краіны ў кірунку, які не адпавядае карэнным інтарэсам беларускага народа».

Пасля свайго прызначэння ў «Белую Русь» Раманаў запэўніў — будзе рабіць тое, што загадае ўлада.

«Мы будзем працаваць над дбайным захаваннем гістарычнай памяці і праўды аб подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, абараняць традыцыйныя каштоўнасці, забяспечваць суверэнітэт нашай краіны ва ўсіх сферах: інфармацыйнай, палітычнай, ідэалагічнай, прапагандысцкай. І ўсе тыя задачы і грозныя выклікі, якія сёння стаяць перад нашай краінай, будуць задачамі і для грамадскага аб'яднання. Усё гэта будзе адлюстраванае ў праграме нашай дзейнасці, — казаў Алег Раманаў. — «Белая Русь» рэалізоўвае ідэалогію, на якой яна грунтавалася на працягу ўсяго свайго існавання. Гэта падтрымка палітычнага курсу прэзідэнта Беларусі, дзяржаўнай ідэалогіі, рэалізацыя сацыяльна значных праектаў і ініцыятыў».

Будзе рабіць з «Белай Русі» партыю?

Чаго чакаць ад Раманава? Верагодна, большай актыўнасці ў руху па зададзеным курсе — ён маладзейшы і больш спрытны за Давыдзьку.

Магчыма, павялічаць колькасць акцый і мітынгаў, канцэртаў і іншай дэкаратыўшчыны. Тым больш, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Сергяенка адкрыта заклікаў «Белую Русь» павысіць прысутнасць у інфапрасторы. 

Раманаў з кветкамі ў руках

Таксама верагодна, што менавіта Раманаў будзе займацца перафарматаваннем «Белай Русі» ў праўладную партыю, кшталту пуцінскай «Адзінай Расіі».

«Наша важная задача — пранесці на доўгатэрміновую перспектыву ідэі Аляксандра Лукашэнкі. Якія гэта ідэі? 

— сацыяльная справядлівасць;

— стабільнае суверэннае развіццё;

— мір і вяршэнства закона;

— славянская еднасць і саюз з братняй Расіяй. 

Гэтую праграму падтрымае кожны сумленны грамадзянін Беларусі, а такіх абсалютная большасць!» — запэўніваў Раманаў у сваім выступе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера