Знайсці
27.06.2022 / 12:20РусŁacБел

Беларускі «шпіён» ужо больш за тры месяцы пад вартай ва Украіне. Сталі вядомыя дэталі яго затрымання

Служба бяспекі Украіны 21 сакавіка паведаміла аб затрыманні на Валыні грамадзяніна Беларусі праз падазрэнне ў шпіянажы. «Свабода» даведалася некаторыя новыя дэталі гэтай справы. У паведамленні адзначалася, што беларус «збіраў для ворага інфармацыю пра размяшчэнне і перамяшчэнне тэхнікі Узброеных сіл Украіны, а таксама пра стан мабілізацыі ў рэгіёне». Затрыманне «беларускага шпіёна» праводзілі спецпрызначэнцы СБУ.

Будынак галоўнага штаба Службы бяспекі Украіны (СБУ) ў Кіеве, Фота: Schutterstock.com

Мае вышэйшую адукацыю і сям’ю ва Украіне

Затрыманы беларус пражывае ва Украіне з 2006 года на падставе віду на сталае жыхарства. Ён мае сям’ю і непаўналетняе дзіця.

Мужчына, якога падазраюць у шпіянажы на карысць «варожых спецслужбаў», нарадзіўся ў Маларыцкім раёне Брэсцакай вобласці і мае вышэйшую адукацыю.

Яго адвакат не паведаміў «Свабодзе» імя свайго падабароннага, абгрунтаваўшы гэта мэтамі бяспекі як для затрыманага, так і для яго сям’і. «Я не магу паведаміць вам яго асабістыя звесткі. Гэта нават у інтарэсах бяспекі яго сям’і», — сказаў ён.

Расследаванне справы працягнулі

Грамадзяніна Беларусі затрымалі 18 сакавіка. Дасудовае расследаванне справы мусілі закончыць 18 мая, але следчыя не змаглі своечасова правесці экспертызы, таму звярнуліся ў суд, каб працягнуць расследаванне справы да 18 ліпеня.

«Мой падабаронны звярнуўся ў СБУ, каб паведаміць, што яго маюць намер завербаваць спецслужбы Беларусі, а яго затрымалі і абвінавацілі ў шпіянажы. СБУ, замест таго, каб выкарыстаць яго як магчымага патэнцыйнага агента ў інтарэсах Украіны, паставіла сабе «птушачку» і завяла крымінальную справу», — паведаміў «Свабодзе» адвакат. Ён таксама прасіў не называць яго імя.

«Прапанавалі хатні арышт пад заклад»

У сакавіку суд пры разглядзе хадайніцтва следства аб працягу ўтрымання беларуса пад вартай ухваліў магчымасць унясення фінансавага закладу. Пры аплаце 1984800 грыўняў (на той момант амаль 67 тысяч даляраў у эквіваленце) беларуса маглі перавесці пад хатні арышт.

Але такіх грошай у сям’і няма.

«Магу сказаць, што прымяняюцца недазволеныя метады правядзення дасудовага расследавання. Дэталі, калі я гэта змагу даказаць, адпаведна змагу таксама паведаміць», — паведаміў адвакат беларуса.

Юрыст пакуль не ведае, ці дазволяць правядзенне суда ў адкрытым для журналістаў рэжыме. Неўзабаве следства мае звярнуцца ў суд, каб чарговы раз падоўжыць тэрмін утрымання пад вартай і правядзення дасудовага расследавання.

Якіх экспертыз чакаюць следчыя

Следчыя тлумачаць неабходнасць працягення тэрмінаў расследавання справы тым, што яшчэ не завяршыліся экспертызы.

У прыватнасці, ад камандуючага сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны чакаюць заключэння па выніках правядзення экспертызы ў сферы дзяржаўнай тайны.

Асобна ўкраінскі навукова-даследчы інстытут спецыяльнай тэхнікі і судовых экспэртыз СБУ праводзіць камп'ютарна-тэхнічную экспертызу мабільнага тэлефона, які забралі ў беларуса пры затрыманні.

Следчыя не выключаюць, што па выніках экспертыз грамадзяніну Беларусі могуць змяніць абвінавачанне, а таксама вызначыцца з прававой кваліфікацыяй «дзеянняў магчымых саўдзельнікаў падазраванага». Гэта адзначаецца ў пастанове суда аб працягненні расследавання да 18 ліпеня.

Згодна з украінскім заканадаўствам, грамадзяніну Беларусі пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, або без яе.

Першага «беларускага шпіёна» дагэтуль не могуць асудзіць

У чэрвені 2017 года на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы з Беларуссю, па падазрэнні ў шпіянажы затрымалі беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку. Ён адсядзеў у следчым ізалятары да кастрычніка 2019 года, пакуль яго не абмянялі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, затрыманага ў Беларусі паводле аналагічнага абвінавачання і асуджанага на 8 гадоў пазбаўлення волі.

Юрый Палітыка, як і затрыманы на Валыні грамадзянін Беларусі, таксама абвінавачваецца паводле часткі 1 артыкула 114 Крымінальнага кодэкса Украіны аб шпіянажы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
11
Сумна
3
Абуральна
10
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930