Знайсці
24.07.2022 / 19:016РусŁacБел

«Пад 400 рублёў на месяц». Беларускі расказалі, колькі грошай трацяць на касметыку і чым карыстаюцца

Сярод дзяўчат знойдуцца тыя, у якіх самы адчувальны артыкул выдаткаў, — траты на доглядавую і дэкаратыўную касметыку. «Наша Ніва» даведалася ў беларусак, якія маркі яны купляюць і колькі гатовыя выкласці за памаду, танальны крэм і туш.

Касметыка адноў з суразмоўцаў

«За 20 рублёў і даражэй купляць памады пакуль не гатовая»

Святлане (імя зменена) 23 гады. Найбольш актыўна дзяўчына выкарыстоўвае касметыку для твару. 

«У мяне тоўстая скура, і, каб на ёй не было высыпанняў і бляску, трэба пастаянна карыстацца ўмывалкамі, тонікамі, лёгкімі крэмамі. Цяпер пераходжу на польскую аптэчную касметыку Eva Derma, пару месяцаў таму купляла польскую Eveline Cosmetics — гэта быў узровень мас-маркету, але з пастаўленымі задачамі яна спраўлялася нядрэнна. Прынамсі, лепш расійскага «Прапелера», з якога я пачынала догляд скуры», — расказвае яна. 

Рукі і ногі з надыходам лета Святлана пачала штодня мазаць малачком для цела. 

«Адмысловых пераваг у мяне не было, — кажа яна. — Купіла на E-mall за 4 рублі паўлітровую бутэльку нейкага іспанскага малачка Amalfi. Назва ні пра што не гаворыць, але іспанскае, напэўна, лепшае за беларускую. Плюс скуру яно сапраўды добра ўвільгатняе.

Валасы мыю шампунем Synergetic — гэта класны расійскі брэнд, які выпускае эка-касметыку. Я вельмі люблю ўсякія эка-сродкі, прычым не толькі ў касметыцы, таму аддала перавагу ім. Таксама перад мыццём апрацоўваю валасы какосавым маслам Parachute. 

Духі зараз ад «Азмірлі Масла Парфума», таму што на больш якасныя проста не хапіла грошай. Раней карысталася французскімі Cacharel Noa, яны цудоўныя і я вельмі па іх сумую (на Ozon бутэлька 50 мілілітраў зараз каштуе 276 рублёў)».

Сродкі, якімі карыстаецца Святлана

Дэкаратыўнай касметыкай Святлана амаль што не карыстаецца. 

«Бровы штомесяц афарбоўваю ў спецыяліста, а потым хаджу як ёсць, толькі расчэсваю. На вейкі часам наношу туш, французскую Bourjois. Вельмі люблю вадкія памады, у фаварытах апошнім часам — LuxVisage PIN UP, але ў шафцы яшчэ заваляліся Complimenti Relouis. Цені ад Luxvisage. Танальны крэм, пудры не выкарыстоўваю», — расказвае яна. 

У сярэднім на ўсю касметыку Святлана траціць каля 60 рублёў на два месяцы. 

«Тонік, умывалка, маска-пілінг ад Eva Derma абыдуцца прыкладна ў 30 рублёў, швейцарская асвятляльная маска ад Swiss Image — яшчэ ў 10, шампунь — 10 рублёў. 

Духоў хапае надоўга: бутэлечку я купіла ў студзені за 70 рублёў, і пакуль яны не скончыліся. Дэкаратыўная касметыка абнаўляецца яшчэ радзей: тушы хапае на паўгода і больш, а вадкія памады валяюцца ў шафе прыкладна год», — дзеліцца яна. 

Крытэры выбару касметыкі ў Святланы залежаць ад таго, для чаго яна прызначаная. Напрыклад, валасы дзяўчына мые толькі эка-шампунямі. 

«Не ўпэўненая, што яны значна лепшыя за сінтэтычныя, але мне падабаецца думка, што я даглядаю сябе з дапамогай больш-менш натуральных сродкаў, — дзеліцца дзяўчына. —

Зрэшты, калі гэта касметыка для скуры, таксама важна, каб там было паменш шкодных дадаткаў: сіліконаў, парабенаў. Яны сапраўды дрэнна ўплываюць на скуру, пасля пераходу на аптэчную Eva Derma я адчула розніцу з Eveline Cosmetics».

Для дэкаратыўнай касметыкі крытэр адзін — яна павінна падабацца дзяўчыне. 

«Калі памада ўразіць мяне колерам, напрыклад, я не буду чытаць склад. За 20 рублёў і даражэй купляць памады пакуль не гатовая.

Адзіны крытэр, які будзе актуальны для любой касметыкі, якую я выкарыстоўваю, — яна не павінна тэставацца на жывёлах. Дарэчы, наяўнасць сертыфікатаў якасці ЕС таксама будзе плюсам». 

Доглядавай касметыкай дзяўчына не карысталася да 18 гадоў. Потым схадзіла да касметолага на чыстку твара.

«Пасля чысткі стала выкарыстоўваць самыя танныя ўмывалкі, але паступова прыслухалася да касметолага і перайшла на аптэчную лінію Eva Derma, у іх добры кошт. Касметолаг паказвала мне толькі вельмі дарагія ізраільскія аптэчныя лінейкі, і я была ўпэўненая, што не змагу купіць у аптэцы добрую касметыку па цане мас-маркету», — кажа дзяўчына.

 

Дэкаратыўная касметыка, якой карыстаецца Святлана

Святлана ўспамінае, што яе першы сур’ёзны макіяж быў з ярка-ружовай памадай. 

«Нафарбавала ёй вусны і пайшла на пары. Бабуля не ўхваліла, абазвала мяне нядобрым словам. Той дзень цягнуўся вельмі доўга, мне здавалася, што ўсе глядзяць толькі на мае яркія вусны.

Касметыка для мяне — спосаб клопату пра сябе. Мне падабаецца рабіць маскі, выбіраць крэмы і на працягу ўсіх гэтых працэсаў фонам думаць, што дзякуючы гэтаму догляду я стану прыгажэйшай і лепшай. 

Дэкаратыўная касметыка, у сваю чаргу, проста спосаб самасцвердзіцца: часам нафарбую вочы, вусны — і адразу з'яўляецца адчуванне, што магу абсалютна ўсё. Аднак мне не трэба рабіць гэта ўвесь час, каб адчуваць сябе камфортна. Напрыклад, улетку я хаджу зусім без дэкаратыўнай касметыкі», — падсумоўвае яна. 

«Лепш пераплаціць, але хадзіць з чыстым тварам без алергіі»

Кацярыне (імя зменена) 27 год. Абысціся без доглядавай касметыкі дзяўчына не можа. Больш за ўсё грошай у яе сыходзіць на крэмы, скрабы і тонікі. 

«Гель для мыцця і тонікі — Caudalie. Крэм для твару ў мяне ад фірмы Payot — стандартнае ўвільгатненне, без якога нікуды. 

Дэкаратыўнай касметыкай я карыстаюся 3-4 разы на тыдзень. У мяне ў касметычцы ёсць розныя брэнды, залежыць ад настрою. 

Любімыя сродкі ад брэндаў Bobbi Brown (бляск), Giorgio Armani (губная памада і кансілер), Morphe (цені), Lancome (туш). Цяпер з парфумы ў мяне два водары: Miu Miu і Nina Ricci. Ідэальны догляд валасоў я яшчэ не знайшла, таму кожны месяц выкарыстоўваю новыя прадукты. Цяпер спрабую ізраільскі брэнд Mon Platin для афарбаваных валасоў», — расказвае Кацярына. 

На дэкаратыўную касметыку ў дзяўчыны сыходзіць каля 380 рублёў. Яе яна купляе раз на два месяцы. На догляд твара, цела і валасоў каля 200 рублёў на месяц. На духі — 250 рублёў. Іх яна купляе раз на тры месяцы. 

«Змяняць прадукты для догляду твара, цела і валасоў даводзіцца раз на месяц. Астатнія могуць пратрымацца ад двух да чатырох месяцаў. Галоўнае ў касметыцы для мяне — лаяльны склад і якасць прадуктаў. Я лічу, што лепш пераплаціць, але хадзіць з чыстым тварам без алергіі. Таму заўсёды выбіраю правераныя брэнды», — дзеліцца Кацярына. 

Дэкаратыўная касметыка, якой карыстаецца Кацярына

Увогуле дзяўчына пачала карыстацца касметыкай рана. 

«Яшчэ ў школе ў мяне ўвесь час загаралі шчочкі і нос, я выкарыстоўвала пудру самага светлага адцення, каб з гэтым змагацца. Звычайна так і выглядалі мае першыя спробы ў макіяжы. Пазней, гадоў у 14-15 перыядычна я пачала выкарыстоўваць туш», — расказвае яна. 

Для Кацярыны касметыка — гэта хобі. Яна любіць эксперыментаваць з макіяжам, часта спрабуе новыя спосабы. 

«Для мяне гэта і спосаб самавыяўлення, і, вядома, спроба схаваць некаторыя недахопы, а таксама падкрэсліць добрыя якасці. Без касметыкі вынесці смецце я магу. Тут праблем няма, не маю нейкіх комплексаў», — кажа яна. 

«У цэлым для мяне важна добра выглядаць, баюся старасці»

Тамары (імя зменена) 21 год. Карыстацца доглядавай касметыкай дзяўчына пачала некалькі гадоў таму. У сярэднім на ўвільгатняючы крэм, гель для мыцця і крэм пад вочы дзяўчына траціць каля 200 рублёў на два месяцы. 

«Спачатку купляла ўсе маркі Bioderma. У сярэднім на гэтыя тры сродкі траціла каля 150 рублёў. Пасля перайшла на La Roche-Posay. У мяне адчувальная скура, сталі з'яўляцца капіляры. У гэтай лінейцы купіла спецыяльны крэм, за некалькі дзён выкарыстання капіляры, якія былі бачныя, зніклі. Нават думала іх выдаляць лазерам, але ніхто не дае гарантыі, што яны зноўку не з'явяцца, а працэдура нятанная. Крэм дапамог.

У цэлым для мяне важна добра выглядаць, баюся старасці. І мне здаецца, што касметычныя сродкі, наведванне касметолага, працэдуры карбаксітэрапіі (насычэнне кіслародам) падтрымліваюць здаровы выгляд твару.

Цяпер карыстаюся лінейкай Avene. Трачу каля 200 рублёў на два месяцы — гэта маска, дзённы крэм з SPF, крэм пад вочы. Таксама купляю сыроватку з вітамінам C, наношу ўвечары перад сном. Вельмі добра ўмацоўвае капіляры», — расказвае яна. 

Духі дзяўчына выкарыстоўвае розныя. З фаварытаў — Chanel Chance, туалетная вада Chanel Chance Eau Tendre, Versace Bright Crystal Absolu, Lancome La Vie est Belle, Dior Addict.

«У сярэднім на год трачу каля 500-770 рублёў на нешта з гэтага. Плюс яшчэ нейкія духі раз на год мне дораць.

Карыстаюся шампунем Syoss для афарбаваных валасоў, бальзамам. Мусіць, за гэта выходзіць каля 25 рублёў. Больш валасы нейкім спецыяльным чынам не даглядаю. Няма такой звычкі, для мяне галоўнае — твар, дэкальтэ, фігура. У цэлым валасы ў мяне здаровыя. Сам шампунь падбірала доўга, мне важна, каб пры ўкладцы фенам захоўваўся аб'ём, а такое не кожны шампунь, як аказалася, можа», — кажа Тамара. 

Касметыка, якой карыстаецца Тамара

Дзяўчына любіць карыстацца дэкаратыўнай касметыкай. Але макіяж у яе заўсёды аднолькавы, яна ведае, што ёй пасуе, а што не.

«Не люблю, дарэчы, карыстацца паслугамі візажыстаў. Кожны раз фарбуюць так, што я бачу, што гэта не маё. Разумею, што яны прафесійна гэта робяць, але, відаць, у маім выпадку гэта не пасуе.

У мяне класічны, савецкі, калі хочаце, макіяж — стрэлкі, туш, памада, танальнік. Падводка — Vivienne Sabo або Rimmel London, каштуе пад 40 рублёў. З гэтымі маркамі я ўжо некалькі год. Вельмі цяжка падабраць нармальную падводку з цвёрдым пэндзлікам. Важна яшчэ, каб яна была водатрывалая.

Туш — Dior, Bourjiois або Maybelline New York. Тут у залежнасці ад брэнда аддаю ад 25 да 100 рублёў. Танальнік Eveline Cosmetics, рэкамендую. Ён не сцягвае скуру і нармальна выраўноўвае. Каштуе каля 25 рублёў. Раней карысталася некалькі гадоў маціруючым танальнікам Loreal, вельмі сушыў скуру.

Адценні памад выкарыстоўваю адны і тыя ж, рэдка нешта мяняю, кансерватыўная я. Пакуль яшчэ ў запасах Relouis, бляск для вуснаў — Dior, ёсць чырвоная памада Chanel. За гэтыя тры пазіцыі аддала каля 180 рублёў. У цэлым хапае на месяцаў 5, карыстаюся не кожны дзень.

Увогуле фарбавацца пачала яшчэ ў школе, у 15 гадоў. Першы макіяж — наклала туш. У цэлым у мяне стаўленне да касметыкі такое: гэта магчымасць быць ярчэйшай, больш прыкметнай (у маім выпадку). Асабліва, калі ёсць стрэлкі, погляд больш строгі, пранізлівы. Калі не трэба ні з кім камунікаваць, то я перыядычна з'яўляюся на людзях без касметыкі». 

Чытайце таксама: 

«Апошні раз фарбавалася 10 гадоў таму». Беларускі расказалі, чаму адмовіліся ад макіяжу і як на гэта рэагуюць мужчыны

Рэкордная спёка: Брэд Піт паказаўся ў ільняной спадніцы ФОТА

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
3
0
Доброжелатель/адказаць/
25.07.2022
Экспертиза, пускай все сбудется))
2
ну неправильная я/адказаць/
25.07.2022
Экспертиза, это вам к Свете)
я шампанское никогда не любила и не люблю.
как и не люблю срезанные цветы
0
feafania/адказаць/
25.07.2022
А я аддаю перавагу Inglot. Туш ад Chanel таксама вельмі спадабалася. З касметыкі для дагляду аддаю перавагу Vichy. Муж, канечне, аплочвае выдаткі, але я і сама добра зарабляю.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930