Знайсці
07.08.2022 / 11:338РусŁacБел

Нарколаг — пра бяспечныя дозы выпіўкі, самы шкодны від алкаголю і тое, калі варта звярнуцца па дапамогу

Многія любяць прыгубіць крыху віна ці прабавіць вечар у бары з келіхам піва. Як зразумець, калі гэтая традыцыя пераходзіць у шкодную звычку? Пагутарылі пра гэта і пра папулярныя міфы вакол алкаголю з нарколагам Канстанцінам Мінкевічам.

Фота: pixabay.com

Як зразумець, што ты ці твой блізкі — алкаголік?

Канстанцін папярэджвае, што без дапамогі спецыяліста немагчыма вызначыць наяўнасць алкагалізму. Але ёсць некалькі прыкмет таго, што для чалавека надышоў час звяртацца па кансультацыю.

«Няма дакладных крытэрыяў таго, колькі ці як часта трэба піць, каб можна было казаць, што чалавек залежны ад алкаголю, дыягназ вызначаецца на падставе шэрагу прыкмет. Вядучая прыкмета любой залежнасці — тое, што чалавек губляе кантроль над тым, як ён ужывае тое ці іншае рэчыва. Страта кантролю — гэта калі чалавек выпівае больш, чым ён збіраўся, калі ён п’е даўжэй, чым планаваў, калі ён п’е ў непрыдатных да гэтага сітуацыях, і гэтак далей», — тлумачыць нарколаг.

Яшчэ важна адсочваць, ці ёсць у чалавека праблемы ў жыцці праз тое, што ён ужывае алкаголь. Калі алкаголь замінае працы ці сям’і, уплывае на здароўе, калі ўсе гэтыя наступствы відавочныя, але чалавек працягвае піць, гэта паказвае, што нешта ідзе не так.

«Звяртайце ўвагу на прыкметы фізічнай залежнасці, то-бок на сітуацыі, калі арганізм рэагуе на алкаголь не так, як раней. Размова, напрыклад, пра рост колькасці алкаголю, які чалавек можа выпіць. Калі нехта спакойна выпівае літр гарэлкі, такім прынята ганарыцца. Насамрэч гэта адзін з сімптомаў залежнасці, бо арганізм прыстасоўваецца да таго, каб перапрацоўваць большую колькасць алкаголю, гэта частка паталагічнага працэсу.

Яшчэ адзін сімптом звязаны з абстыненцыяй, то-бок са станам адмены алкаголю. У такім выпадку чалавек шмат выпівае і на наступны дзень адчувае сябе дрэнна, калі не вып’е зноў», — расказвае медык.

Канстанцін Мінкевіч. Фота суразмоўцы

Калі вы сумняваецеся, ці няма ў вас алкагольнай залежнасці і ці не прыспеў час схадзіць на кансультацыю, скарыстайцеся вельмі простым тэстам CAGE, у якім усяго 4 пытанні. Ён, вядома ж, не заменіць кансультацыю спецыяліста, але дазволіць вам зразумець, ці існуе ў ёй патрэба.

Ці сапраўды існуюць «функцыянальныя алкаголікі» — людзі, якія рэгулярна п’юць, але пры гэтым ходзяць на працу і падтрымліваюць добрыя стасункі з іншымі?

Эксперт расказвае, што існуе пастаянная форма алкагольнай залежнасці, калі чалавек п’е адносна няшмат, але кожны дзень. Размова, напрыклад, пра 2 літры піва ці 200 грамаў каньяку на дзень. Пэўны час можа складвацца ўражанне, што гэты алкаголь ні на што не ўплывае, чалавек можа хадзіць на працу і не дэманстраваць ніякія сімптомы алкагалізму. Гэта можа працягвацца вельмі доўга.

Але калі чалавек штодзень п’е, у яго на гэта сыходзіць пэўны час, які ён не прысвячае чамусьці іншаму. Такі чалавек надае менш увагі сям’і і сваім асабістым справам, то-бок нават такое лайтовае ўжыванне алкаголю ўплывае на жыццё чалавека. Ён можа выпіваць і падчас працы — моцна не нап’ецца, але і не будзе абсалютна цвярозым: вып’е, напрыклад, у абед 50 грамаў віна.

Канстанцін папярэджвае: «Калі такая звычка існуе доўга, яна ўсё роўна часцей за ўсё пачынае ўплываць на сямейнае жыццё, бо родныя разумеюць, што не ўзаемадзейнічаюць з чалавекам так часта, як бы ім хацелася. У чалавека таксама можа губляцца матывацыя, ён будзе працаваць менш якасна.

Нарэшце, пры такім ужыванні алкаголю ў чалавека рана ці позна ўзнікаюць праблемы са здароўем. Алкаголь — універсальны таксін, ён можа ўплываць на любыя сістэмы арганізму, пытанне ў тым, якая з іх найбольш слабая ў канкрэтнага чалавека. Тыя, у каго слабое сэрца, могуць атрымаць праблемы з ім, у кагосьці можа пацярпець нервовая сістэма».

Колькі алкаголю піць бяспечна?

Такіх доз, мяркуе Канстанцін, не існуе: «Любое ўжыванне алкаголю, нават самае малое, уплывае на арганізм адмоўна. Да таго ж варта мець на ўвазе, што на сённяшні дзень мы ведаем адзіны надзейны спосаб пазбегнуць алкагольнай залежнасці — гэта цалкам пазбягаць ужывання алкаголю, бо патэнцыйна любы, хто ўжывае алкаголь, можа дапіцца да залежнасці, хаця, вядома ж, і не кожны».

З іншага боку, нарколаг прызнае: «Тое, наколькі алкаголь шкодзіць здароўю, залежыць ад колькасці выпітага. Шмат ад чаго ёсць шкода, і не ўсе з гэтых прадуктаў мы выключаем з ужывання».

Таму існуюць, няхай і вельмі ўмоўныя, лічбы таго, колькі можна выпіць, каб не прынесці вялікай шкоды сабе. Гэта каля 10-20 грамаў чыстага алкаголю ў суткі і пажадана не больш за 5 разоў на тыдзень. Можна перавесці гэтыя 10-20 грамаў у 25-50 мілілітраў гарэлкі, недзе 50-100 мілілітраў віна або каля паўлітра піва. Варта разумець, што гэта не рэкамендацыі, колькі трэба піць, а вымушаны кампраміс, на які пагаджаюцца медыкі.

Які від алкаголю бяспечнейшы?

Нарколаг тлумачыць, што такога напою няма, небяспека хутчэй залежыць ад колькасці алкаголю і таго, як чалавек яго ўжывае. Адзінае — больш моцны алкаголь спрыяе таму, каб чалавек больш выпіваў. У такім алкаголю менш вадкасці, і адпаведна ім прасцей напівацца, але гэта зусім не выключае шкоды таго ж піва ці віна.

І наадварот: піўны алкагалізм не адрозніваецца па цяжкасці ад іншых відаў алкагольнай залежнасці, іншая справа, што піва — гэта больш ухвальны ў грамадстве напой. Не кожны чалавек адважыцца піць сярод дня гарэлку сам з сабой, а вось піць так піва нібыта можна.

Ці можа алкаголь у малых дозах быць карысны для здароўя?

«Калі няма бяспечных доз, то няма і карысных доз. Часам выходзяць даследаванні, якія паказваюць, што ўжыванне некаторых доз алкаголю можа быць для чагосьці карысна. Але найбольш маштабныя даследаванні гэта ўсё не пацвярджаюць», — расказвае Канстанцін.

Адкуль узнікае алкагалізм?

Развіццю алкагольнай залежнасці спрыяюць некаторыя псіхічныя разлады. З дэпрэсіяй алкагалізм звязаны ў меншай ступені, на яго развіццё ў большай ступені ўплывае наяўны біпалярны разлад, разлады асобы і сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Трыгерам таксама можа быць жыццёвы крызіс або нейкія працяглыя сістэматычныя праблемы.

Разам з тым трыгерам, як мяркуе Канстанцін, можа з’яўляцца таксама адсутнасць праблем і наяўнасць вольнага часу і сродкаў, калі чалавек можа дазволіць сабе выпіваць і гэта ўваходзіць для яго ў звычку. Частка людзей пачынае выпіваць у студэнцкія гады, калі атрымліваюць свабоду ад бацькоўскага кантролю, ды і сама студэнцкая атмасфера гэтаму спрыяе.

«Пры гэтым усё індывідуальна, бо ёсць вельмі шмат гісторый, калі алкагалізм пачынаецца нібыта ні з чаго. Вельмі цяжка выявіць яго канкрэтную прычыну, ды і не надта зразумела, ці трэба гэта рабіць», — кажа Канстанцін.

У цяжкія (крызісныя) часы людзі пачынаюць піць больш?

«Апроч крызісаў, шмат што яшчэ ўплывае на ўжыванне алкаголю, на людзей і іх паводзіны. Але калі адбываюцца нейкія падзеі, якія моцна змяняюць жыццё, людзі пачынаюць шукаць спосабы супакоіцца і неяк да гэтага прыстасавацца, і алкаголь можа быць адным з такіх спосабаў. Калі алкаголь даступны і ёсць нешта, што можа павярнуць чалавека ў бок выпіўкі, то падчас глабальных крызісных падзей людзі сапраўды могуць пачынаць піць часцей», — прызнае нарколаг.

Жаночы алкагалізм сапраўды іншы, як кажуць?

Біялагічна — не, але ён крыху іншы сацыяльна, бо пакуль што жаночыя і мужчынскія ролі ў грамадстве не зусім супадаюць. Жаночы алкагалізм, як тлумачыць эксперт, мае тэндэнцыю да таго, каб быць больш мяккім, звязаным з больш лёгкімі напоямі — шампанскім, кактэйлямі. Але ёсць жанчыны, якія п’юць па два літры гарэлкі і сыходзяць у запоі, ёсць мужчыны, якія ўжываюць тыя ж кактэйлі і п’юць часта, але акуратна.

Яшчэ, дзеліцца Канстанцін, жанчыны часцей саромеюцца свайго ўжывання алкаголю і адчуваюць за яго сваю віну. Мужчыны часцей дазваляюць сабе піць, і калі з імі не адбываецца зусім ужо трэш, яны будуць упісвацца ў сацыяльныя нормы. Для жанчын больш жорсткія патрабаванні, таму яны адчуваюць больш віны і сораму. Гэта часткова замінае ім звяртацца па дапамогу, бо яны ўспрымаюць сваю хваробу як нешта няёмкае.

Што важна ведаць пра алкаголь

Людзі ужываюць для рэлаксацыі шмат розных псіхаактыўных рэчываў. У адрозненне ад шмат чаго з іх, алкаголь з’яўляецца даступным, і таму яго небяспеку крыху недаацэньваюць у параўнанні з іншымі рэчывамі. Маўляў, калі нешта забароненае, то яно небяспечнае, калі не — можна яго ўжываць.

Але ж гэта зусім не так, сцвярджае Канстанцін. Ёсць моцныя шматвекавыя традыцыі ўжывання алкаголю, яго проста так не забароніш, акрамя таго, яго можна вельмі проста атрымаць у бытавых умовах. Коку для вырабу какаіну так проста не вырасціш, а алкаголь вырабляецца лёгка.

«Алкаголь — легальны, а іншыя псіхаактыўныя рэчывы — не, але пры гэтым ён з’яўляецца галоўнай прычынай сацыяльных, крымінальных і медыцынскіх праблем, звязаных з ужываннем псіхаактыўных рэчываў. Усе астатнія рэчы накшталт гераіну і какаіну, якіх людзі звычайна больш баяцца, складаюць для Еўропы толькі маленькую долю шкоды ад таго, што робіць алкаголь.

Алкагольная залежнасць — адна з самых цяжкіх залежнасцяў чалавека. Яна іншая, таму яе не так проста параўноўваць, але па цяжкасці яна падобная да залежнасці ад апіятаў, гераіну. Праз даступнасць алкаголю, яго сацыяльную прымальнасць ён з’яўляецца адным з самых небяспечных рэчываў», — папярэджвае медык.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Колькі грошай атрымлівае бюджэт ад шкодных звычак беларусаў?

Даследаванне: мужчынам да 40 гадоў нельга піць больш за чарку (не келіх!) піва ў дзень

Расійскі нарколаг параіў заядаць алкаголь бульбай. І гэта мае навуковы грунт

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
9
Максим Дизайнер/адказаць/
07.08.2022
Какой алкоголизм в РБ?Страшный и бессмысленый. Токасириозные атнашения!Все и сразу!Алкоголиками же невозможно манипулировать. Свободные люди, если знать меру. А тут в менталитете у всех подсидеть, нагреть, кинуть, обобрать, все война никак не закончится. Поэтому пьют одни, на кухне, на облезлом летище, в депрессняк, лишь бы на развод собутыльника/цы не попасть. Люди не умеют общаться. Может быть поэтому здесь такой плохой алкоголь. Чтобы быстрее в животных превращались, и тепленькие в руки доброжелателей. Нигде в мире я не пил такого плохого пива и крепкого спиртного, как здесь. Как и нигде. мире не видел таких скучных баров, как в колхозе и в Москве
4
Manly man/адказаць/
07.08.2022
Няма чаго трэсціся за сваё нішчымнае жыццё. Бухаць разам з іншымі людзямі гэта адзін з найлепшых заняткаў. Цвярозыя мы ніхалеры не кажам і думаем зашмат пра тое як нас успрымаюць.
0
Абыр/адказаць/
08.08.2022
Полезные эффекты у алкоголя имеются, не надо врать, хоть и во благо. Это неплохой анксиолитик в первую очередь. А тревожность - чума мегаполисов. Но дозы конечно надо соблюдать. За раз столовой ложки или маленькой рюмки вполне достаточно.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера