Знайсці
10.08.2022 / 18:001РусŁacБел

«Убачыўшы здымкі з Бучы, зразумеў, што любой цаной мне трэба сыходзіць». Беларускі салдат збег з войска, каб яго не адправілі на вайну ва Украіну

Руслан Касцевіч — малады талент з Чэрвеня. У 2018-м, калі яму было 15 гадоў, многія выданні расказвалі пра юнага прадпрымальніка. А праз пяць гадоў хлопец зноў трапіў у навіны. Праўда, з бізнэсам яны зусім не звязаныя. У маі 2021-га маладога чалавека прызвалі ў войска. Пасля таго, як ва Украіне пачаліся баявыя дзеянні, іх часць адправілі ў Ельскі раён, да мяжы. Руслан не хацеў удзельнічаць у вайне, таму самавольна пакінуў месца службы. Ён гатовы быў адсядзець на гаўптвахце, абы толькі не ісці ва Украіну, але план праваліўся. У выніку ён апынуўся пад «крыміналкай» і вымушаны быў пакінуць Беларусь. У інтэрв'ю выданню «Зеркало» ён падрабязна расказвае сваю гісторыю.

Фота: асабісты архіў Руслана Касцевіча

Цяпер Руслану Касцевічу 19 гадоў, ужо тры тыдні ён жыве ў Грузіі. У планах — зрабіць візу, паляцець у Еўропу і паступіць ва ўніверсітэт.

Пра патэнцыйную спецыяльнасць хлопец пакуль не кажа, але талентаў у яго хапае. Яшчэ ў школе ён заснаваў праект па пошуку працы, кіраваў школьнай бізнэс-кампаніяй, займаўся ў бізнес-школе Deti-MBA. 

Але затым, насуперак стандартнаму для многіх беларусаў жыццёваму шляху, вышэйшую адукацыю хлопец вырашыў не атрымліваць. Па-першае, да беларускіх ВНУ ў яго «было шмат пытанняў». Па-другое, ён і так разумеў, як развівацца далей.

— Служыць у войску я таксама не планаваў: падчас абследавання хірург з раённай паліклінікі сказаў, што ў мяне кіфоз 3-й ступені, гэта значыць, скрыўленне груднога аддзела пазваночніка. З такім дыягназам, растлумачыў ён, служыць не бяруць. Так што я быў спакойны і пасля школы шчыльна заняўся сваімі праектамі, — расказвае Руслан. — Аднак бліжэй да прызыву мяне адправілі на праверку ў Мінскую абласную бальніцу, дзе высветлілася, што ў мяне кіфоз 2-й ступені, — і я аказаўся прыдатны.

Да адпраўкі ў часць заставалася два тыдні. Руслана прызвалі ў маі 2021-га і адправілі ў Віцебскую вобласць, у 19-ю брыгаду ў вёсцы Заслонава. Служыць яму трэба было паўтара года.

— Да 24 лютага 2022-га і нават у гэты дзень у часці было ўсё спакойна. З навін мы ведалі, што пачалася вайна, але камандзіры нам нічога не тлумачылі, — апісвае тое, што адбывалася, суразмоўца выдання. — Памятаю, як ляжаў пасля адбою і думаў: няўжо праўда пачалося. Я з такім ніколі не сутыкаўся і раптам апынуўся вельмі блізка да ўсіх гэтых падзей.

Праз два тыдні, працягвае малады чалавек, у часці «дні на два—тры» аб'явілі баявую гатоўнасць. Салдатам выдалі аўтаматы, і яны насілі ў казарму радыётэхніку, боепрыпасы. У Руслана было адчуванне, нібы кіраўніцтва чакае нейкага сігналу, быццам хлопцы вось-вось павінны кудысьці паехаць.

— Але ўсё раптам рэзка сціхла, — апісвае тое, што адбывалася, Руслан. — Мы спакойна пражылі яшчэ нейкі час, а потым нас сабраў камандзір узвода і сказаў: едзем на мяжу. Адзінае, ён папярэдзіў: вы, галоўнае, мяне слухайце.

Па словах Руслана, бацькам яны павінны былі паведаміць, што едуць на вучэнні. Перад тым, як пакінуць часць, усіх папрасілі здаць тэлефоны.

— У мяне былі два мабільныя. Статутны я аддаў, а смартфон пакінуў. Мне было важна падтрымліваць сувязь з блізкімі і чытаць навіны: жыць у інфармацыйным вакууме цяжка, — тлумачыць сваё рашэнне хлопец.

«Убачыўшы здымкі з Бучы, зразумеў, што любой цаной мне трэба сыходзіць з лагера»

На календары быў сакавік. Колькі менавіта чалавек з часці паехала на мяжу, Руслан не ведае: «Можа, палова, можа, больш». Яны разбілі лагер у Ельскім раёне. Казалі, што недалёка размяшчаліся расіяне.

Фота ілюстрацыйнае

— Калі лагер быў уладкаваны, выставілі патрулі, якія складаліся з сямі чалавек. Двое ахоўвалі з аднаго боку лагера, двое — з іншага, яшчэ двое былі занятыя растопкай і падтрыманнем печак у палатцы, і адзін стаяў на ўваходзе ў яе, — апісвае сітуацыю Руслан. — Я таксама ўвайшоў у адзін з патрулёў. За парадкам мы сачылі з пустымі аўтаматамі: патроны нам не выдалі. Але, калі шчыра, я б ніколі не адважыўся забіць чалавека. Да таго ж, за дзевяць месяцаў, колькі я на той момант быў у арміі, я страляў усяго тры разы. А наогул, калі мы былі яшчэ ў часці, у нас ніхто не пытаўся, ці гатовыя мы ехаць на мяжу. У нас служыў хлопец, у якога былі сур'ёзныя праблемы з ціскам, плюс ён не мог знайсці агульную мову з людзьмі, ён іх баяўся. І яго таксама адправілі з намі.

— Для чаго быў патрэбны ваш лагер?

— Кіраўніцтва нам не тлумачыла.

Праз два тыдні, працягвае Руслан, іх лагер крыху перасунулі бліжэй да мяжы, і салдатам выдалі па 120 патронаў.

— У гэты момант стала страшнавата. Не ўсе калегі мне здаваліся адэкватнымі, і мяне пужала, што яны аказаліся з боепрыпасамі. У першы ж дзень хтосьці кінуў у печку скрынку ад патронаў. Аказалася, адзін застаўся ўсярэдзіне. Добра, што ў выніку ніхто не пацярпеў.

— Не было страху, што вас могуць адправіць у бой?

— Калі мы былі яшчэ ў часці, камандзір казаў, што, магчыма, нас накіруюць абараняць аб'екты, адваяваныя расіянамі. Такое, думаю, магло быць, а тое, што нас пашлюць на баявыя заданні, мне здавалася малаверагодным. Але, калі шчыра, я наогул не хацеў трапіць ва Украіну. Я не хацеў прымаць ніякага ўдзелу ў вайне.

— І таму паспрабавалі збегчы?

— Да такога рашэння мяне прывяла сукупнасць фактараў. Па-першае, у мяне быў тэлефон, таму я чытаў навіны і кантактаваў са знаёмымі. У выніку я ведаў, што адбываецца ва Украіне і ў Беларусі. Разумеў: усё кепска і лепш ужо не будзе. А служыць мне заставалася яшчэ восем месяцаў. Да таго ж нам не казалі, колькі мы яшчэ прабудзем на мяжы, і гэтая невядомасць палохала.

Па-другое, у лагеры берцы Руслана «зжылі сябе», і хлопцу давялося хадзіць у гумовых ботах. Па словах маладога чалавека, ён паведамляў пра гэта афіцэрам, але сітуацыя не вырашылася. Па-трэцяе, з салдатам адбыўся непрыемны інцыдэнт. Ноччу, калі ён павінен быў сачыць за печкай, ён заснуў, пабудзілі яго толькі пасля таго, як агонь патух.

— Пачалася канфліктная сітуацыя, што вось я такі дрэнны. Ніякія мае папярэднія старанні ніхто не ўлічваў, — расказвае Руслан. — Плюс на наступную раніцу, калі я яшчэ павінен быў спаць пасля ночы, па загадзе аднаго з афіцэраў я нарыхтоўваў дровы.

Напружанне расло. Апошняй кропляй для Руслана сталі фота ахвяр з Бучы.

— Убачыўшы здымкі, зразумеў, што любой цаной мне трэба сыходзіць з лагера, — успамінае Руслан. — Але, адразу скажу, уцякаць з войска я не збіраўся. Прачытаў, што калі салдат адсутнічае на месцы службы менш за двое сутак, то яго чакае дысцыплінарнае пакаранне. Мая тактыка заключалася ў тым, каб на час пакінуць лагер, а затым вярнуцца. Пасля гэтага адправіўся б на гаўптвахту, а адтуль у часць у Заслонаве. Быў упэўнены: пасля такога ўчынку ва Украіну мяне ўжо дакладна не пашлюць.

«Я разумеў, што гаўптвахты мне не мінуць, але мая мэта была дасягнутая»

Дзень, а дакладней раніцу, для таго, каб пакінуць часць, Руслан не выбіраў. Разуменне, што час, прыйшло вокамгненна. Здарылася гэта тады, калі ён ноччу дзяжурыў ля печкі. Хлопец пакінуў зброю на нарах, сабраў трохі ежы ў рэчмяшок і сышоў.

Здымак ілюстрацыйны

— Першы час афіцэры правяралі тых, хто ўначы дзяжурыць, але, калі працэсы былі ўжо адладжаныя, нас не тузалі. Гэта дазваляла незаўважна сысці. Плюс дзякуючы таму, што я быў у патрулі, прыкладна разумеў карту мясцовасці і ведаў, куды ісці, — успамінае Руслан і ўдакладняе, што ў выніку ўсё прайшло не так спакойна, як ён разлічваў.

— На выхадзе з лагера мяне заўважыў адзін з вайскоўцаў. Ён пабег следам, але я аказаўся хутчэйшым. Мне пашанцавала, што ён не стаў крычаць і страляць. Хоць думкі ў мяне ў той момант былі розныя. Я нёсся на адрэналіне. Абадраў рукі, падаў, падымаўся і працягваў. У лагеры, дарэчы, гучна працавалі электрагенератары. Я чуў, што гукі ўсё далей ад мяне, і рабіў выснову, што рухаюся правільна.

Гадзін праз пяць-шэсць Руслану патэлефанаваў камандзір узвода. Хлопец трубку не падняў. На званкі таварышаў па службе таксама не адказваў.

— Чакаў, пакуль пра тое, што здарылася са мной, даложаць кіраўніцтву і са мной звяжацца хтосьці з іх. У выніку праз 20-30 хвілін у Вайберы мне напісаў ідэолаг нашай брыгады. Спытаўся, што здарылася. Я патлумачыў, што супраць вайны і не хачу ў гэтым удзельнічаць. Ён сказаў вяртацца ў лагер і паабяцаў адправіць у частць у медроту, — перадае тую гутарку малады чалавек. — Гэта ж мне паабяцаў і камандзір брыгады, з якім мы тады пагаварылі па тэлефоне. Я разумеў, што гаўптвахты мне не мінуць, але мая мэта была дасягнутая.

— Як яны з вамі размаўлялі?

— Спакойна, нармальна. Афіцэры пісалі, пыталіся, дзе я, прапаноўвалі выслаць за мной машыну. Я спрабаваў зразумець сваё месцазнаходжанне і адправіць ім каардынаты. А потым убачыў УАЗік. Думаў, можа, нашы, але з салона выйшлі два амбалы. Узялі мяне пад рукі і зацягнулі ў машыну. Аказалася, гэта вайсковая камендатура.

Па словах Руслана, яго павезлі да галоўнага каменданта. Расказу салдата пра тое, што яго ўчынак — гэта следства нежадання адпраўляцца ва Украіну, вайсковец не паверыў, крычаў і патрабаваў казаць праўду.

— Потым прыехалі хлопцы з маёй брыгады і забралі ў лагер. Там мяне дапытваў супрацоўнік КДБ. Мы з ім гаварылі пра Украіну. Ён трансляваў прапагандысцкія лозунгі, пераконваў, пасля чаго мне дазволілі вярнуцца ў палатку да хлопцаў, — успамінае суразмоўца «Зеркала». — Было адчуванне, што іншыя вайскоўцы мяне падтрымліваюць і здзіўленыя маёй рашучасці.

У той жа дзень Руслан даведаўся, што яго адпраўляюць у Мінск на гаўптвахту на 10 сутак. Сядзеў ён у адзіночнай камеры. Калі тэрмін скончыўся, яму «накінулі» яшчэ столькі ж. 

— Ужо там мяне выклікаў афіцэр, з якім мы добра размаўлялі, і распавёў, што тэлефанавалі з вайсковай камендатуры, запытвалі пра мне некаторую інфармацыю, таму што ў дачыненні да мяне заведзеная крымінальная справа за дэзерцірства (ч. 1 арт. 446), — расказвае Руслан. — Пазней мяне вазілі ў Лепель у Следчы камітэт, дзе са мной зноў размаўляў прадстаўнік вайсковай камендатуры. Тут я зразумеў: мне тэрмінова патрэбны адвакат. У мяне былі зберажэнні і новы нестатутны тэлефон, таму я стаў шукаць абаронцу.

— І знайшлі?

— Знайшоў. Як яна патлумачыла, асноўная праблема ў маёй сітуацыі была ў тым, што немагчыма даказаць той факт, што я не хацеў уцякаць, а планаваў вярнуцца. 

«Думаю, у доўгатэрміновай перспектыве гэта правільнае рашэнне»

Пакуль Руслан з адвакатам думалі, што рабіць далей, хлопца адправілі на медагляд, які павінен быў засведчыць, ці быў салдат прыдатны да службы на момант уцёкаў.

Фота: Асабісты архіў Руслана Касцевіча

— Я быў у вайсковым шпіталі ў Мінску і ў Барысаве. У Барысаве на УГД высветлілася, што ў мяне ідыяпатычная недастатковасць аартальнага клапана з регургытацыяй 1-й ступені, то-бок сур'ёзныя праблемы з сэрцам. У выніку па рашэнні УКК я аказаўся не прыдатны да вайсковай службы ў мірны час, — расказвае Руслан. — Падобны дыягназ стаяў у мяне і на момант прызыву. Толькі тады гэта была лёгкая форма, а цяпер, скажам так, завяршальная стадыя.

Вытрымка з выпіснога эпікрызу, выдадзенага Руслану ў 592-м вайсковым клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных сілаў. Фота дакумента прадастаўленае Русланам Касцевічам

З вайсковага шпіталя, дзе Руслан правёў паўтара месяца, яго на два дні адправілі ў часць, каб сабраць рэчы і здаць форму. А ўжо адтуль у ліпені бацькі забралі яго дадому.

— Адвакат казала, калі даказаць, што на момант уцёкаў у мяне ўжо быў дыягназ, які паставілі ў Барысаве, атрымліваецца, мяне абавязаныя былі камісаваць. Адпаведна, калі мяне прыцягнулі па вайсковым артыкуле, я дэ-факта з'яўляўся ўжо цывільным. І, значыць, «крыміналку» з мяне павінны зняць. Вось толькі як гэта даказаць? Па размовах з лекарамі разумеў, што гэтае захворванне наўрад ці раптам з'явілася ў мяне ў чэрвені.

Тры тыдні Руслан правёў дома. На допыты яго не выклікалі. Хлопец стаў верыць, што сітуацыя вырашыцца. А потым атрымаў паведамленне ў Вайберы ад следчага з СК Лепельскага раёна. На той момант вайсковая камендатура ўжо перадала яго «папачку» туды.

— Следчая пісала, што справу за дэзерцірства закрыюць, але ёсць іншае пытанне. Уцякаючы, я ўзяў з сабой рэчмяшок. А гэта ўжо іншы артыкул — крадзеж. Мяне прасілі прыехаць на допыт.

У выніку я зразумеў: мяне пасадзяць любой цаной. Думаю, раз пра справу даведаліся наверсе, было выгадна раскруціць мой прыклад і паказаць, чаму рабіць так, як зрабіў я, нельга.

Сітуацыя прывяла Руслана да думкі пакінуць Беларусь. Хлопец звязаўся з BYSOL, спытаў, што рабіць. Яму прапанавалі паехаць у Грузію. Маршрут такі: Мінск, Масква, Уладзікаўказ, Тбілісі.

— Я паглядзеў на сайце МУС, аказалася, у мяне няма ніякіх забаронаў на выезд з Беларусі. Фонд прапаноўваў мне ехаць на маршрутцы, але я падумаў, што гэта занадта доўга, і рызыкнуў паляцець у Расію самалётам. Усё атрымалася.

— З якімі думкамі вы прыляцелі ў Грузію?

— У мяне ёсць дакладны план, і я яго прытрымліваюся. На шчасце, у мяне былі зберажэнні, і ёсць на што жыць. Праўда, усё гэта досыць хутка заканчваецца, таму я адкрыў збор на BYSOL.

— Не шкадуеце, што наважыліся на ўцёкі з лагера?

— Не. Думаю, у доўгатэрміновай перспектыве гэта правільны ўчынак. Я працягваю кантактаваць з некаторымі хлопцамі з часці. Неяк адзін з хлопцаў напісаў, што знайшоў пляшку з маёй біркай. Сказаў, гэта вялікі гонар. Кажа, яны мяне памятаюць, але не чакаюць.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
38
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
10
10.08.2022
Маладзец хлопчык. Ад фашысцкай гiдоты у форме трэба трымацца як мага далей. Хай дзяцi гэтых следчых i пракурораў гнiюць ў iншаземных канавах. А ты абараняй свой гонар, сумленне i сям`ю.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930