Забаранілі ўезд у Беларусь журналістцы Марыі Барзуновай. А ў Расіі яна «іншаагент» за пераводы з Беларусі
Марыя ў 2020 годзе як карэспандрэнтка тэлеканала «Дождь» асвятляла беларускія пратэсты, а пасля выпусціла фільм «Страна в изгнании» пра тых беларусаў, якія з'ехалі ад палітычнага пераследу. Пра забарону наведавання Беларусі яна паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.
Марыя напісала:
«Даслалі скрыншот з базы МУС Беларусі, аказваецца я там значуся ў спісе як асоба, якой уезд у краіну «забаронены і непажаданы». Самае пацешнае, што сайт гэты без VPN адкрываецца толькі на тэрыторыі Беларусі, гэта значыць, каб даведацца, што ты неўязны ў Беларусь, табе спачатку трэба ўехаць у … Беларусь!
Што ж, з улікам таго, што я стала іншаагентам праз пераводы ад грамадзянкі Беларусі, атрымліваецца, што я агент краіны, у якую мне нават забаронены ўезд. У цэлым, што здзіўляцца, калі абодва гэтыя рашэнні могуць паспаборнічаць па ўзроўні абсурднасці.
Ну, а Беларусь я люблю, яна заўсёды ў маім сэрцы, а ўсё гэта дзярмо не вечнае».





