Эдуарда Пальчыса перавялі з калоніі ў турму
Эдуарду Пальчысу зрабілі больш жорсткім пакаранне і адправілі з калоніі ў магілёўскую турму №4.
Эдуард Пальчыс. Фота Сяргея Гудзіліна
Па словах яго жонкі Вікторыі, суд праходзіў па скайпе і доўжыўся пяць хвілін.
Раней на турэмны рэжым перавялі Сяргея Ціханоўскага.
Эдуард Пальчыс быў затрыманы ў канцы верасня 2020 года і асуджаны ў снежні 2021 года на 13 гадоў калоніі. Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
Арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў); арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак); арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь)
Калі Эдуард быў у зняволенні, у яго нарадзілася дачка.





