Расійскія СМІ: Абвясціўшы мабілізацыю, Пуцін вырашыў адпачыць
Расійская журналістка Фарыда Рустамава, спасылаючыся на крыніцы ў Крамлі, паведаміла, што пуцінскі зварот да нацыі аб мабілізацыі быў запісаны загадзя. Яго паказалі ў эфіры раніцай 21 верасня, а пасля таго, як у гэты самы дзень расійскі лідар наведаў Ніжні Ноўгарад, «у Пуціна пачаўся перапынак у публічнай дзейнасці», які будзе доўжыцца як мінімум тыдзень.
Каб адсутнасць Пуціна не кідалася ў вочы, ён нібыта зрабіў шмат так званых «кансерваў» — загадзя знятых двухбаковых сустрэч, якія прэс-служба публікуе ў патрэбны ёй час. «Кансервы» плануецца выкарыстоўваць як мінімум да будучага чацвярга, калі ў Пуціна ў графіку стаіць візіт у буйны прамысловы рэгіён, піша Рустамава.
Адзін з яе суразмоўцаў заявіў, што з вечара 21 верасня Пуцін адпачывае «душой і целам» у сваёй рэзідэнцыі на Валдаі ў Наўгародскай вобласці. 23 верасня яго не было на канцэрце ў цэнтры Масквы ў падтрымку «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны. Як заяўляў яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, прычынай гэтаму нібыта стала праца ў Крамлі.





