Знайсці
01.11.2022 / 22:00РусŁacБел

Махляры нажываюцца на салідарнасці з палітвязнямі і здолелі падмануць нават Bysol. Расказваем, як яны дзейнічаюць і як не павесціся

Яны год нажываліся на спачуванні палітвязням і нават загінулым беларусам. Сумы сягалі да тысячы даляраў. Пра іх стала вядома больш за месяц таму, але яны працягваюць «працаваць».

Гэта вельмі заблытаная гісторыя. Каб хоць троху наблізіцца да разгадкі, нам давялося пагутарыць з дзясяткамі людзей і вывучыць тысячы паведамленняў у розных чатах.

Пачатак

Усё пачалося ў канцы мінулага года. Тады група махляроў пачала рассылаць па розных чатах інфармацыю з просьбамі пра дапамогу — першае выяўленае і не выдаленае паведамленне датычыцца смерці загадкавай пенсіянеркі «Валянціны Андрэеўны» з «вуліцы Віленскай у Гродне».

Таксама яны ладзілі фэйкавыя зборы рэчаў для «дзіцячых дамоў» і «коцікаў», прычым нават у праўладным чаце «Люблю Беларусь», з якога таксама, мяркуючы па адказах, падманулі некалькі чалавек. Адны і тыя ж акаўнты, якія пастаянна мянялі імёны, вандравалі па розных чатах ды пад рознымі нагодамі спрабавалі шукаць грошы.

Схема была заўжды адна: яны з усіх сілаў спрабавалі вывесці людзей на тое, каб яны скінулі ім грошы на адзін з рахункаў. Усе спробы, да прыкладу, перадаць рэчы ці нешта для жывёлаў ані да чаго не прыводзілі.

Іх пачалі раскрываць і баніць, а ў раённых і дваравых чатах і каналах з'явіліся паведамленні пра тое, што гэта махляры. Тады яны змянілі тактыку і пачалі «працаваць» па найбольш уразлівых людзях — зняволеных і іх сем'ях.

Паведамленне пра махляроў ад 19 студзеня 2022 года

Праца па палітвязнях

Спачатку яны паспрабавалі ўбіцца ў давер да розных праваабарончых ініцыятываў ці падмануць іх, але нічога не выйшла. Да прыкладу, яны тройчы спрабавалі атрымаць дапамогу ад фонду «Краіна для жыцця» на розных неіснуючых людзей, выдаючы іх за палітвязняў (адзін з якіх нават «памёр у ІЧУ»).

Паведамленне пра махляроў ад Dissidentby

Тады яны, відаць, зразумелі, што трэба працягваць працаваць па чатах, бо арганізацыі лёгка не ашукаць.

Спачатку яны прыдумалі, што адна з жанчын, «Вольга», сядзела на Акрэсціна і ёй патрэбная дапамога — але збіралі грошы на свае рахункі. Прычым для гэтага яны скарысталіся данымі рэальнага чалавека. Неабыякавыя беларусы часта гатовыя дапамагаць зняволеным і пацярпелым ад бязладдзя, але не заўжды ведаюць, як праверыць інфармацыю.

Вольга К* сапраўды існуе, але апісанне ўзятае з сайта BYSOL і скарыстанае з акаўнта, які пасля ўдалося вызначыць як прыналежны тым жа самым махлярам.

Адкуль у іх звесткі жанчыны — невядома, а звязацца з ёй не ўдалося.

Таксама яны спрабавалі прадставіцца сваякамі ці зборшчыкамі на некаторых з вязняў — да прыкладу, «жонкай» Анатоля Мацулевіча, у якога няма жонкі, ці сябрамі «хлопца-сіраты Уладзіслава». З апошнім усё аказалася складана.

Уладзіслаў Б.

Спачатку махляры ўнеслі гэтага хлопца ў спісы затрыманых.

Пасля гэтага яны пачалі рассылаць па розных чатах дыяспар і тых, хто дапамагае палітвязням, інфармацыю пра тое, што гэты чалавек знаходзіцца ў ПК-1 у Наваполацку, яму патрэбен адвакат для візіту ў калонію і грашовы перавод, а ён сірата.

У якасці доказу яны давалі ліст, напісаны на імя невядомага чалавека, з адрасам і звесткамі зняволенага, а таксама складзеную дамову з адвакатам з фэйкавымі звесткамі адваката і чэк на перавод з Гомеля (ягоная маці, дарэчы, родам з Гомельскай вобласці).

Канверт са штампам калоніі — здаецца, нават сапраўдны, і чэк. Перавод зроблены, напэўна, махлярамі, бо прозвішча пераблытанае.

Мы спраўдзілі звесткі гэтыя чалавека ў «Кіберпартызанаў» — яму цяпер 25 гадоў і ён з Дружнага, які знаходзіцца ў Пухавіцкім раёне. Хлопец сапраўды ў зняволенні, прычым па цяжкім артыкуле. Але не палітвязень.

Згодна з матэрыяламі справы, 4 студзеня 2018 года каля 17 гадзінаў ён п'яны згвалтаваў трохгадовую дзяўчынку ў лесе каля вёскі Дукора. Мы знайшлі старонкі ў сацыяльных сетках маці гэтага хлопца і спраўдзілі, што акурат чатыры гады яна не выкладае ягоныя фота, хаця раней фатаграфавалася з ім пастаянна.

Уладзіслаў. Фота са старонкі маці ў сацсетках. На футболцы іх супольнае фота.

Пры гэтым судзімы ён не першы раз. Першую крыміналку на яго завялі ў 2015 годзе за спробу згвалтавання іншаземнай студэнткі, але яна не дайшла да суда. У 2016-м ён разам з сябрам скраў батарэі з паліклінікі, залезшы ў яе праз акно.

На Уладзіслава, мяркуючы па ўсім, купілася не надта шмат людзей. Паралельна яны працягвалі «працаваць» па старых тэмах з дзіцячымі дамамі і «коцікамі». У сваім цынізме яны зайшлі далёка: «збіралі грошы» нават на памерлых ва Украіне беларускіх дальнабойшчыкаў.

Фэйкавы збор на памерлых дальнабойшчыкаў. Апісанне ўзятае з сайта Bysol.

Мяркуючы па ўсім, справа рухалася не надта — іх пачалі хутка выкрываць. Але аднойчы ім, на жаль, пашчасціла.

Маці З.

Махляры нарваліся на даверлівую жанчыну, маці З. Падманам яны пераканалі яе, што «працуе» група валанцёраў, якія гатовыя апекавацца ейнай сям'ёй. У іх удалося выпрасіць у яе фота з пашпартам і некаторыя дакументы палітзняволенай.

Маці спачатку гэтага не разумела і нават давала кантакты гэтых махляроў іншым людзям, думаючы, што яны перасылаюць рэчы і грошы зняволенай. Але аказалася, што не — і тады яны проста стварылі фэйкавы акаўнт маці зняволенай.

Толькі прадстаўнікі адной з вядомых нам арганізацый перавялі ім не менш за 850 беларускіх рублёў, таксама вядома, што ім пераводзілі грошы дыяспары і шараговыя актывісты. Агульная сума атрыманых імі пераводаў па гэтых схемах — не меншая за дзве тысячы даляраў, але яна можа быць і большай.

BYSOL, верыфікацыя і падман

Махляры здолелі падмануць нават BYSOL. Мы запыталіся ў Андрэя Стрыжака, што адбылося:

«Атрымалася так, што яны ўцерліся ў давер да маці З. У нас ёсць сістэма верыфікацыі — чалавек мусіць пацвердзіць, што ён сапраўды сваяк палітвязня і што піша менавіта ён. Махляры пераканалі маці З. выконваць заданні і дасылаць ім тое, што атрымаецца. У выніку яны скарысталіся даверам пацярпелай і атрымалі доступ да грошай.

Для нас гэта выклік для таго, каб удасканальваць механізмы верыфікацыі і не дапусціць такіх сітуацый у будучыні».

Грошы з гэтага збору пайшлі махлярам

У выніку каманда BYSOL, па словах Андрэя, вырашыла вылучыць палітзняволенай гэтую суму са сваіх асабістых сродкаў і перадаць яе на дапамогу.

Самі махляры актыўна «піярылі» збор ва ўсіх чатах, а пасля прысабечылі сабе грошы. Для вываду яны скарысталіся крыптаабменнікам AgCash ці крыптабіржай WhiteBit. Куды пайшлі грошы далей, адсачыць немагчыма, а агулам махляры атрымалі каля тысячы долараў.

Пасля гэтага выпадку маці З. моцна зажурылася і выдалілася з усіх сацсетак.

Далейшая праца

Чуткі пра махляроў сталі распаўсюджвацца сярод дыяспар і тых, хто дапамагае палітвязням. Тады яны пачалі выдумляць розныя гісторыі — да прыкладу, што адна з «валанцёрак» памерла і цяпер «дапамагае» яе муж.

Таксама яны «працавалі» і па тэме ўкраінскіх уцекачоў, выдаючы сябе за пакутуючых абяздоленых людзей ці шукаючы дапамогу для «дзяўчынкі з астмай».

Адно з махлярскіх паведамленняў

Яны не кідалі спадзеваў і падманвалі апошніх з тых, хто пра іх яшчэ не чуў, — апошняй яны падманулі адну са студэнцкіх арганізацый.

На той момант яны ўжо стварылі фэйкавы акаўнт маці палітзняволенай з падобным адрасам і прадстаўляліся «валанцёрамі, якія дапамагаюць сям'і». Такім чынам, яны вялі перапіску ад дзвюх асоб і, маючы ўсе дакументы, здолелі яе ашукаць.

Агулам арганізацыя пералічыла ім некалькі соцень еўра.

«Рэцэпт» на імя палітзняволенай. Доктар не існуе, акаўнты «маці» і «валанцёркі» — гэта тыя ж махляры.

Хто гэтыя людзі?

Хутчэй за ўсё, гэтыя людзі — прафесійныя махляры. Яны добра ведалі, як працуюць схемы пераводу грошай, карысталіся крыптаабменнікамі і ўвогуле аніводнага разу не «засвяцілі» сваёй асобы наўпрост. Яны прафесійна ўціраліся ў давер, мелі шэраг дакументаў палітвязняў і больш-менш адпрацаваныя схемы падману. Крыху дылетанцкі почырк — тое, што яны не выдалялі «засвечаных» акаўнтаў.

Іхні разлік, відавочна, быў на тое, што людзі ў дыяспары не змогуць вярнуцца ў Беларусь, а людзі з Беларусі не стануць звяртацца ў міліцыю, бо пабаяцца (хоць насамрэч нічога нелегальнага ў іх просьбах не было). Што і адбылося.

Атрымалася даведацца чатыры тэлеграм-акаўнты гэтых махляроў, якія маюць ID: 2045073167, 2075662368, 5083242719 і 5130752495. Яшчэ адзін іх акаўнт, які некалі меў юзернэйм @thegpoq89, выдалены.

Гісторыя змяненняў імёнаў акаўнтаў

Таксама вядомыя чатыры карткі, на якія яны пераводзілі грошы, але цалкам імаверна, што яны аформленыя на г. зв. дропаў — то-бок падстаўных асоб, якіх або падманам, або за грошы ўгаварылі прымаць грошы.

Карткі, на якія збіралі грошы

Цікава таксама, што ў махляроў была падробленая пячатка доктаркі з імем «Горшкова Наталья Анатольевна». Адзіны з існуючых дактароў з такімі даным — гэта фтызіятр (доктар, які займаецца праблемамі туберкулёзу) з расійскага Іжэўска.

Асобы махляроў высветліць не ўдалося. Калі маеце больш інфармацыі пра іх, пішыце ў наш тэлеграм-бот @Nasa_Niva_Bot або на мэйл [email protected].

Хутчэй за ўсё, яны стала пражываюць у Беларусі, Расіі або Польшчы, бо працавалі па гэтых краінах. Але дакладна нарадзіліся гэтыя людзі ў Беларусі, бо добра ведаюць беларускую тэматыку і мову. Магчыма, што нехта з іх быў у зняволенні і звязаны з прафесійным крыміналам, бо ведаў сапраўдныя звесткі і месца зняволення вязня Б. Іх акаўнты ў тэлеграме і сацсетках пісьменна схаваныя і, хутчэй за ўсё, зарэгістраваныя на віртуальныя нумары.

Просьба пра дапамогу — імаверна, менавіта праз даверлівых беларусаў замежжа яны праганялі частку грошай

Агульная шкода ад іх дзейнасці, па нашых падліках, толькі па «тэме» палітвязняў сягае за тры тысячы даляраў. Колькі яны падманулі даверлівых аматараў котак, ці людзей, якія ахвяравалі «на дзіцячыя дамы», — невядома.

Як бараніцца ад махляроў?

Парада простая — спыняйцеся. Спачатку перачытайце і прааналізуйце інфармацыю: разлік злачынцаў на тое, каб націснуць на эмоцыі і каб вы дзейнічалі імпульсіўна.

Калі вы бачыце просьбу пра дапамогу палітвязням у чатах ці інтэрнэце, то спраўдзіце інфармацыю. У гэтым вам дапамогуць дзве найбуйнейшыя ініцыятывы: Вясна і Dissidentby. Яны маюць шмат рэсурсаў для гэтага, ведаюць і робяць максімальна шмат.

Калі просьба не датычыць палітвязняў і ўвогуле палітыкі, то варта звярнуць увагу на дзве рэчы.

Першая — гэта тое, што людзі, якія камусьці дапамагаюць, звычайна робяць гэта не самі, а праз нейкія арганізацыі ці ініцыятывы. Ці, прынамсі, іх нехта ведае і можа паручыцца. Такія людзі таксама не баяцца паказваць і расказваць пра сябе і вынікі сваёй працы, што цалкам натуральна. Махляры ж пад любымі адгаворкамі пазбягаюць паказваць сябе і, скажам, выходзіць на сазвоны, а таксама не могуць патлумачыць, дзе менавіта і якую дзейнасць яны вядуць.

Другая — гэта тое, што махляры заўсёды просяць грошы. Калі яны збіраюць «адзенне для дзіцячых дамоў», то адзіная іхняя мэта — гэта выцягнуць вашы грошы на асабістыя рахункі. Яны ніколі не прапануюць перавесці грошы на рахунак арганізацыі ці ініцыятывы і не прыйдуць на сустрэчу.

Гэтыя людзі «працуюць» і дагэтуль — апошнія групы, у якія яны ўступілі, звязаныя з арэндай кватэраў і пошукам мадэляў. З часу, калі яны падманвалі родных палітвязняў, яны змянілі ўжо па некалькі імёнаў — звычайна яны робяць гэта, калі іх раскрываюць або калі яны шукаюць ахвяраў у новай «тэме».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера