Знайсці
30.10.2022 / 18:019РусŁacБел

«Справа АГСБ»: як КДБ арганізоўваў «тэракты»

Днямі пачаўся разгляд справы «Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі». На лаве падсудных пяць чалавек, якія абвінавачваюцца ў трох эпізодах: спробе падрыву вузла сувязі ВМФ Расіі каля Вілейкі, спробе падпалу лесанарыхтоўчай тэхнікі каля Беразіна і спробе замаху на Азаронка. Расказваем пра тое, як КДБ cправакаваў праціўнікаў тыраніі Лукашэнкі на гэтыя спробы.

Хто сядзеў у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна летам 2021 года, успамінаюць, што там не было камеры, дзе б не сядзеў чалавек, затрыманы па справе спробы падрыву расійскага вайсковага аб'екта пад Вілейкай. У кожнай камеры — па адным. Электрыкаў, фізікаў, будаўнікоў — іх трымалі паасобку.

«Атрады грамадзянскай абароны Беларусі» з'явіліся на піку пратэстаў, у верасні 2020 года як канал і прывязаны да яго чат.

Стваральнікам і адным з самых актыўных кіраўнікоў быў чалавек з нікнэймам «Дзіс» — пад гэтай мянушкай хаваўся выхадзец з Расіі і грамадзянін Германіі Дзяніс Хромаў.

Дзіс спрабаваў прыцягнуць на свой бок як мага больш людзей. З ім засвяціліся Вольга Карач, Павел Кулажанка (EXOMON), Ігар Макар ды іншыя персоны — некаторыя з іх мутныя і непераборлівыя ў сувязях, некаторыя вядомыя сваімі радыкальнымі настроямі — з ліку несістэмнай апазіцыі. Хромаў хваліўся кантактамі з рознымі высокапастаўленымі асобамі, у тым ліку ва Украіне — праўда, усё гэта на словах.

Фігуранты справы. Злева направа: Вадзім Гулевіч, Наталля Мацвеева, Аляксей Глотаў, Кірыл Ашурак, Зміцер Сасноўскі.

Спецслужбы актыўна ўзяліся за такія групы адразу пасля разгрому вулічнага пратэснага руху ў пачатку 2021 года. 

У фільме лукашэнкаўскага тэлеканала АНТ, прысвечаным разгрому АГСБ, які выйшаў год таму, сцвярджалася, што супрацоўнікі КДБ укараняліся ў групу ад самага пачатку яе існавання. Для гэтага яны нібыта прыкінуліся схаванай падпольнай ячэйкай — Дзіс прапанаваў ім зняць відэа з «баявога вышкалу». Яны згадзіліся.

Першае такое відэа было апублікаванае на канале АГСБ 22 красавіка 2021 года, другое — 17 мая, дзе яны нават страляюць з баявой зброі. Усе людзі, паказаныя на відэа, з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі КДБ, акрамя апошняй сцэны — там сярод масоўкі зняўся нават Ігар Тур.

Такім чынам сілавікі здолелі ўцерціся ў давер да мадэратараў, частка якіх на той момант жыла ў Беларусі, а частка — за яе межамі. Некалькі штатных супрацоўнікаў КДБ сталі мадэратарамі чатаў і ўвайшлі ва ўнутраны чат адміністратараў суполкі.

Ігар Тур недзе пасярод дыму. Скрыншот з фільма АНТ 

Дзіс нібыта сумняваўся ў тым, ці не «вядуць» іх чэкісты. Згодна з фільмам АНТ, у чаце адміністратараў ён гаварыў незадоўга да разгрому групы, што «або гэтыя дзве аперацыі (падрыў вышкі сувязі і напад на Азаронка. — НН) будуць паспяховымі і гэта будзе выбух, або гэта ўсё поўны правал і падстава гэбні».

Скрыншот: скрыншот з фільма АНТ 

4 мая 2021-га затрымалі 22-гадовага Ягора Дуднікава, які ў чаце меў нікнэймы «щас бы шавы» (шава — гэта шаурма на моладзевым слэнгу) і «злой бэт». Дуднікаў займаўся агучкай ролікаў АГСБ. Юнак не асабліва клапаціўся пра ўласную бяспеку — ягоны расійскі нумар «біўся» па акаўнце ў тэлеграме. Хлопцу прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі.

Ягор Дуднікаў. Фота: сацсеткі

Першым эпізодам, у якім вінавацяць цяперашніх падсудных, была спроба падпалу лесанарыхтоўчай тэхнікі.

Вядома, што Наталля Мацвеева, якая мела нікнэйм «Актавія», сама прапанавала гэта ў адкрытым чаце АГСБ. Дзіс, згодна з матэрыяламі допытаў Мацвеевай, ідэю не надта падтрымаў, але неахвотна згадзіўся.

У той момант адным з мадэратараў чата ўжо быў штатны супрацоўнік КДБ з прозвішчам, напэўна ж несапраўдным, Гардзееў. Ён пераканаў Наталлю, што гэта добрая задума.

Двое супрацоўнікаў КДБ і «Актавія»

У «нападзе» ўдзельнічалі двое супрацоўнікаў КДБ — кіроўца і той, хто мусіў зняць на відэа сам падпал. На падыходзе да месца, дзе меркавалася ўчыніць акцыю, Наталлю затрымалі, а супрацоўнікі КДБ запісалі фэйкавае відэа падпалу тэхнікі, у ролі якой выступіла спісаная з калгаса машына.

Мяркуючы па фільме АНТ, запіс яшчэ больш заахвоціў удзельнікаў чата да радыкальных дзеянняў, бо, па легендзе, за падпал нікога не затрымалі. Чэкісты працягвалі весці старонкі ў тэлеграме ад імя затрыманай «Актавіі».

Пасля гэтага Дзіс вынасіў ідэю падарваць вышку сувязі ВМФ Расіі, якая месціцца каля Вілейкі. 12 чэрвеня Дзіс прапанаваў гэта аднаму з мадэратараў АГСБ, які быў укаранёным супрацоўнікам КДБ.

Паведамленне Дзіса да супрацоўніка КДБ.

Для гэтага Дзіс замовіў цеплавізар, пісталеты Макарава, выбухоўку, дымавую шашку і выбуховыя механізмы. Забраў іх са схронаў каля ўкраінскай мяжы Аляксей Глотаў. Ён планаваў зрабіць схрон для Вадзіма Гулевіча і Кірыла Ашурка, якія мусілі здзейсніць падпал, а цеплавізар ім быў патрэбны для разведкі на мясцовасці.

Згодна з фільмам АНТ, Глотаў не здолеў намаляваць карэктную карту, і Ашурак з Гулевічам нічога не знайшлі. Тады ён прыехаў на месца сам, грэбуючы ўсімі правіламі канспірацыі, і паказаў ім, дзе ляжыць цеплавізар. Пасля гэтага Гулевіч і Ашурак разведалі мясцовасць.

Кірыл Ашурак пазней адумаецца і ад удзелу ў падрыве адмовіцца. У выніку паедуць Гулевіч і Глотаў, якога АНТ падае як «спецыяліста па выбухоўцы». Але Глотаў ім не быў — на падрыў група паехала са смартфонамі, бо насамрэч мужчына не ведаў, як абыходзіцца з выбухоўкай і Дзіс мусіў даслаць нейкія інструкцыі праз інтэрнэт.

Пасля гэтага яны заклалі выбухоўку і сышлі — на наступны дзень Гулевіч мусіў перасячы мяжу з Украінай на цягніку, а Глотаў — залегчы на дно на Гомельшчыне.

Мяркуючы па фільме АНТ, парады па выездзе і эвакуацыі з Беларусі Дзісу давала Вольга Карач.

Закладзеная выбухоўка на следчым эксперыменце. Фота: АНТ

Сілавікі ў фільме сцвярджалі, што выбух «праваліўся» і выбухоўка была абясшкоджаная супрацоўнікамі КДБ. Гэта не стыкуецца з іх жа версіяй, пададзенай у судзе — не спрацавала толькі адна з некалькіх выбуховых прыладаў, а агульная шкода, якую налічылі абвінавачаным, склала больш за 26 тысяч рублёў.

Галоўны факт заключаецца ў тым, што вышка знішчаная не была — гэта значыць, што выбухоўка апрыёры была няздольная гэта зрабіць.

Імаверна, КДБ давёў выбухі да канца толькі для стварэння легендаў.

На наступны дзень усіх трох затрымалі. У Глотава канфіскавалі пісталет, які ён мусіў перадаць Дзмітрыю Сасноўскаму, апошняму фігуранту справы, для «замаху на Азаронка».

Гэтую ідэю таксама прыдумаў Дзіс. Ён актыўна абмяркоўваў і планаваў яе ў тым ліку з адным з супрацоўнікаў КДБ, які ўкараніўся ў АГСБ.

Абмеркаванне Дзіса з супрацоўнікам КДБ

За справу актыўна ўзяўся яшчэ адзін укаранёны супрацоўнік КДБ. Ягонай задачай было «разведаць» месца жыхарства Азаронка і падрыхтаваць напад.

Для гэтага Дзіс знайшоў грошы на «левае» аўто і некалькі электрашокераў. Выглядае так, што менавіта ўкаранёны супрацоўнік «набыў» машыну за тысячу даляраў ад Дзіса, на расійскіх транзітных нумарах.

Для «падстрахоўкі» таксама быў пісталет, які мусіў даставіць Глотаў, бо пра затрыманне чальцоў групы было невядома да раскрыцця інфармацыі Лукашэнкам. Пісталет забраў менавіта той чалавек, які быў супрацоўнікам КДБ.

У прапагандысцкіх матэрыялах сцвярджалася, што мэтай Сасноўскага было «забіць Азаронка ці адрэзаць яму язык». У судзе гэта не пацвердзілася — выявілася, яны мусілі прадставіцца супрацоўнікамі ГУБАЗіК, забраць прапагандыста з сабой у машыну і запісаць з ім «пакаяннае відэа» ў губазікаўскім стылі. Сасноўскі не думаў выкарыстоўваць зброю, яна патрэбная была выключна для «саліднасці» — ён казаў гэта і ў фільме АНТ, і на судзе.

Рухавіком нападу былі супрацоўнікі КДБ. Яны забралі Сасноўскага на сваёй машыне, выдалі яму электрашокер, супрацоўнік КДБ прывёз пісталет і расказаў, дзе менавіта стаіць «левая» машына ад Дзіса. Увогуле чэкістаў там было з дзясятак: з траіх удзельнікаў нападу двое былі ўкаранёнымі супрацоўнікамі, не кажучы ўжо пра тых, хто пастаянна здымаў усе іх перамяшчэнні з некалькіх ракурсаў (нават з дрона) і пасля «круціў» Сасноўскага.

Двое супрацоўнікаў і Сасноўскі сядаюць у «левую» машыну на Паўднёвым Захадзе Мінска

Час вяртання Азаронка дадому Сасноўскаму «падказаў» укаранёны супрацоўнік КДБ, які сачыў за ім па просьбе Дзіса. Спецслужбісты таксама ўзяліся быць «аператарамі» і запісаць відэа з Азаронкам. 

Падчас нападу відаць, як няўзброены Сасноўскі пачынае нерашуча ісці следам за Азаронкам, а перад ім упэўнена рушыць узброены супрацоўнік КДБ. Сілавік кідаецца на Азаронка, а Сасноўскага адразу скручваюць іншыя супрацоўнікі.

Хто гэтыя людзі — арыштаваныя ўдзельнікі «Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі»

Наталля Мацвеева («Актавія»)

Наталля Мацвеева. Фота: сацсеткі

Пра гэтую жанчыну вядома зусім няшмат. Да таго ж паказанням, якія гучаць у судзе, трэба верыць і не верыць.

Ёй 38 гадоў, яна прадпрымальніца і мае непаўналетняе дзіця.

Пра сябе яна на судзе расказала, што да затрымання была ў цяжкім маральным стане — у жніўні 2020 года затрымалі яе знаёмага. Акрамя таго, у яе памёр бацька.

Асабліва яе абуралі расправы лукашыстаў над народам:

«Была ў дэпрэсіі. Высветліла, што шмат падзей прапусціла, стала глядзець відэа… Відэа, дзе збітыя людзі. У адной старой выбітыя зубы, іншаму зламалі руку…»

Віну яна прызнала цалкам. На судзе стала вядома, што яшчэ ў чатах АГСБ яе дэананімізавалі і распаўсюдзілі яе асабістыя даныя, але яна не змяніла свае «яўкі».

Вадзім Гулевіч (CityJack)

Вадзім Гулевіч. Фота: сацсеткі

Вадзіму 34 гады. Ён нарадзіўся ў Вілейцы, а пасля пераехаў у Мінск. Пасля заканчэння БДУ мужчына стаў праграмістам і перад затрыманнем працаваў аддалена. Вадзім займаўся спортам і прытрымліваўся здаровага ладу жыцця, а таксама запісваў рэп.

Песня праекта Вадзіма Гулевіча

Мужчыну затрымлівалі двойчы: за ўдзел у пратэстах 9 жніўня 2020 года і ў сярэдзіне кастрычніка таго ж года за расклейку налепак. Гэта значыць, ён прайшоў самае пекла здзекаў. Апошні тэрмін ён адседзеў у Жодзіне і выйшаў 1 лістапада 2020 года. У тэлеграм-чатах меў нікнэйм CityJack.

Затрымалі яго раніцай 28 чэрвеня за спробу падрыву вузла сувязі ВМФ Расіі, які месціцца каля Вілейкі. Пасля гэтага мужчына мусіў нелегальна перайсці мяжу з Украінай, але не паспеў, бо групу АГСБ, удзельнікам якой быў Гулевіч, «вёў» КДБ. Віну ён прызнаў часткова.

Аляксей Глотаў (Karlson)

Аляксей Глотаў. Фота: сацсеткі

Аляксею Глотаву 43 гады, ён нарадзіўся ў Германіі ў сям'і вайскоўца. Пасля сям'я пераехала ў Беларусь, і ён асеў у аграгарадку Камунар Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. У яго двое дзяцей, але з жонкай Аляксей даўно развёўся. Мужчына захапляецца рыбалкай.

Знаёмыя Глотава раней распавядалі «Нашай Ніве» пра яго:

«Ён калісьці працаваў будаўніком на бройлернай птушкафабрыцы, пасля працаваў на сябе: вырабляў і збіраў корпусную мэблю».

У сацыяльных сетках мужчына публікаваў і рэпосціў паведамленні ў падтрымку руху за перамены ў 2020 годзе. У тэлеграм-чаце АГСБ меў нікнэйм Karlson.

Кірыл Ашурак (SIG)

Кірылу 23 гады, ён з Мінска. Скончыў кулінарны тэхнікум і працаваў кухарам. Але незадоўга перад затрыманнем перайшоў на працу ў краму тэхнікі, а пасля звольніўся і не працаваў.

«Ён спакойны і хатні хлопец. Разам з бацькам будаваў дом, а маці заўжды дапамагаў у хатніх справах, — расказвае яго сябар. —

Кірыл аматар спорту, цікавіцца страйкболам і нават хацеў адкрыць свой страйкбольны клуб — стварыў бізнэс-план, а перад затрыманнем шукаў участак і памяшканне. Таксама ён скончыў курсы праграмавання і атрымаў сертыфікат».

У СІЗА хлопец шмат чытае — асіліў ужо больш за сотню кніг. У асноўным гэта мастацкая літаратура. Таксама Кірыл пачаў вучыць англійскую мову. Не кідае і трэніроўкі. 

«Кірыл мае праблемы са здароўем — у яго амаль не працуе адна нырка і ёсць праблемы з суставамі. Апошнім часам гэта абвастрылася: часта здараюцца ангіны, у нырках рухаюцца камяні.

Адзінае, пра што ён марыць — гэта хутчэй вярнуцца дадому», — дзеліцца сябар хлопца.

Кірыла таксама першы раз затрымлівалі 9 жніўня 2020 года і моцна збілі сілавікі. Пасля гэтага ён праходзіў шмат абследаванняў і курс рэабілітацыі.

Зміцер Сасноўскі (BlackJack, Morpheus)

Фота: сацсеткі

Гэтаму лідчуку 32 гады. Ён трохі павучыўся ў адным з мінскіх універсітэтаў, але перадумаў, кінуў вучобу і вярнуўся ў Ліду. Мае сына, якому цяпер сем гадоў.

Мужчына працаваў спачатку электрамантажнікам, а пасля пайшоў у таксі. У жніўні 2020 года яго затрымлівалі, бо падазравалі, што ён расклейваў пратэсныя ўлёткі, але неўзабаве адпусцілі без пакарання.

Яго абвінавачваюць у «замаху» на Рыгора Азаронка, які быў інсцэніраваны 1 ліпеня 2021-га. Ад самага пачатку гэта была правакацыя КДБ. 

Сасноўскі быў адміністратарам сеткі чатаў «Кіроўцы 97%» і канала «Гідра».

Вядома, што пасля затрымання на яго ціснулі, у тым ліку прыстаўлены да яго дзяжурны адвакат Яўген Паберажнюк. Адвакат угаворваў мужчыну ўзяць віну на сябе і супрацоўнічаць са следствам.

Каб схіліць яго да супрацоўніцтва, першы месяц Сасноўскага трымалі без перададзенай ежы, зменнага адзення і сродкаў гігіены, хоць сваякі перадавалі яму ўсё неабходнае. Пры гэтым Паберажнюк сустракаўся са Змітром, але хлусіў сваякам пра тое, што яму ўсё перадаюць і пабытовыя ўмовы ў яго прымальныя.

Следчым па ягонай справе быў супрацоўнік КДБ Аляксандр Акуліч.

Зміцер у лістах да родных пісаў, што «перайшоў дарогу гэтай сістэме» і што «яны нават уявіць сабе не могуць, хто ў гэтым замяшаны і хто вінаваты».

Зміцер — адзіны фігурант справы АГСБ, які не прызнае віны цалкам. Напачатку суда ён заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, бо «не мае дачынення да тэрарызму». І заплакаў.

Іншыя ўдзельнікі

Сярод затрыманых па справе АГСБ Лукашэнка называў нейкага Гаспадарыка, але аніякіх звестах пра яго няма. Сувязі з АГСБ закідаліся яшчэ дваім затрыманым — 30-гадоваму Аляксею Назаруку і 19-гадоваму Ягору Астраўцову. Сцвярджалі, нібыта яны пісалі ў бот ініцыятывы. З Аляксея абвінавачанні былі знятыя, а лёс Астраўцова невядомы.

Якая сапраўды была роля супрацоўнікаў КДБ у справе АГСБ?

Фігуранты «справы АГСБ» на судзе. Злева направа: Вадзім Гулевіч, Зміцер Сасноўскі, Наталля Мацвеева, Аляксей Глотаў, Кірыл Ашурак.

Супрацоўнікі КДБ цалкам кантралявалі арганізацыю. Яны сачылі за кожным рухам удзельнікаў, уваходзілі ва ўсе чаты і бачылі паведамленні ботаў. Ім былі вядомыя ўсе будучыя фігуранты справы.

Менавіта чэкісты прадумвалі напады, а таксама актыўна выклікаліся выконваць там нейкія ролі і імітавалі існаванне ў Беларусі радыкальных ячэек.

Да прыкладу, згодна з фільмам АНТ, першапачаткова Сасноўскі мусіў адзін прыйсці да Азаронка дадому і змусіць яго запісаць «пакаяннае відэа» там — пра гэта ведалі кадэбісты і некалькі дзён ахоўвалі Азаронка на выпадак імпульсіўнага станоўчага рашэння пра напад. Але ад гэтага плана адмовіліся, а напад на Азаронка здзейснілі 1 ліпеня — акурат за дзень да выступу Лукашэнкі.

Супрацоўнікі КДБ падбухторвалі ўдзельнікаў чата да дзеянняў. Менавіта поспех імітаванага КДБ падпалу з удзелам «Актавіі» мог навесці іншых чальцоў АГСБ на ідэю пра мэтазгоднасць наступных радыкальных крокаў.

Рух супраць дыктатуры да АГСБ заставаўся выключна мірным, і менавіта справа АГСБ стала для лукашыстаў першым падмацаваннем іх наратыву пра «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Гэта пазней ужо здарыцца штурм кватэры Зельцэра. 

Суд над групай пачаўся 19 кастрычніка 2022 года. Усім пяці фігурантам пагражае да 20 гадоў зняволення.

Ніткі вядуць да Дзіса

Стваральнік і кіраўнік сеткі каналаў АГСБ, Дзяніс «Дзіс» Хофман-Хромаў (нікнэймы DIS, Zorro, BAD) знік амаль адразу пасля затрымання ўдзельнікаў чату. Ён не выходзіў на сувязь з медыя і паплечнікамі. Праўладныя каналы асабліва акцэнтуюць увагу на тым, што ён некалі жыў ва Украіне і скончыў Запарожскі нацыянальны ўніверсітэт, але да Украіны мужчына мае няшмат дачынення.

Фота: сацсеткі Хромава

У сацсетках некалькі старонак, звязаных з Дзісам, але на іх утрымліваюцца звесткі толькі пра тое, што ён некалі пісаў песні ў стылі рэп. У Германіі ён да кавіду нібыта займаўся дробным бізнэсам, які прагарэў. Чаму ён уключыўся ў беларускую тэму — незразумела. Канал не абнаўляецца з 11 ліпеня.

Нельга выключаць, што менавіта таямнічы Дзіс быў тым кратом глыбокага бурэння, які і стварыў структуру, мэтай якой было прывабіць і справакаваць радыкальна настроеных людзей. А версія пра пазнейшае ўкараненне супрацоўнікаў была толькі прыкрыццём.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Виталик/адказаць/
31.10.2022
Отличная статья. НашаНива молодцы! 
В большинстве своём согласен с комментариями выше.
01.11.2022
Что удивляться, чат был открытый для любого пользователя.
02.11.2022
Якая ж гэта страшная і злавесная структура. Нашчадкі НКУС.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера