Знайсці
03.11.2022 / 11:573РусŁacБел

«Я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны». Моцнае апошняе слова старшыні АГП Мікалая Казлова

Суд Першамайскага раёна Мінска сёння вынес прысуд тром лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Аксане Аляксеевай, Мікалаю Казлову і Антаніне Кавалёвай. Мікалая Казлова асудзілі на два з паловай гады калоніі. Прыводзім яго апошняе слова ў судзе.

«Для пачатку скажу, што, у прынцыпе, гэта чакана. Жаданне пазбавіць людзей волі — гэта чакана, гэта якраз у трэндзе, цяпер гэта модна. Выступіла дзяржаўнае абвінавачванне. З ягонага выступу я зразумеў, што правы грамадзян, якія гарантаваныя Канстытуцыяй, міжнародным правам, абавязацельствамі ў сферы правоў чалавека — у нас гэта не працуе.

Я ўчора казаў пра тое, што мне было цікава, мне было прыемна ў цэнтры горада паглядзець на людзей, якія сабраліся нечакана для мяне так масава. І я там быў, але цяпер не пра гэта.

З якой жа цікавасцю я назіраў, як расследуецца гэта справа. Вы, напэўна, ведаеце, і я згадваў пра гэта, што я 17 гадоў прапрацаваў у крымінальным вышуку і я трошкі ўяўляю, як гэта ўсё робіцца: вышук злачынцаў, збор доказаў і ўсяго астатняга. Але гэтая крымінальная справа мяне здзівіла.

Значыць, у нас зыходнае — гэта фатаграфія, на якой я зафіксаваны, гэта акт тралейбуснага парка і расстаноўкі транспарту. Далей ідзе нейкая дзіўная логіка, я б сказаў — нездаровая логіка і бясконцы палёт фантазіі. Я не ведаю, як растлумачыць довад, што «Вы дайшлі ў цэнтр горада», «А як вы ішлі назад?». Ну калі я жыву побач з цэнтрам горада, то я вымушаны неяк ісці, я не магу пераляцець ці пераплыць. А калі я туды ішоў, то я ў гэтым удзельнічаў цалкам свядома. Ну прыкладна такая логіка.

Вось спынены транспарт. Кім спынены — тут адвакат абгрунтавана задаваў пытанне. І абвінавачванне на яго не адказала: хто спыняў? з якой мэтай спыняў? Калі людзі прыйшлі ўжо пасля спынення, можа быць, гэта дало нагоду, каб пазбавіцца ад таўкучкі і выйсці на вольнае месца, якім з'яўлялася ў той сітуацыі праезная частка. Бо гэта так проста. Але калі задача стаіць абавязкова пасадзіць у турму, таму што знаходжанне людзей супярэчыць нейкай рэвалюцыйнай мэтазгоднасці, бо гэта, на думку кагосьці там, нейкая там бяспека дзяржавы — тады вось з'яўляюцца падобныя справы, за якія сорамна.

Я ўпэўнены, што я буду рэабілітаваны. Я адсяджу, нічога страшнага. Усе сядзяць, і я адсяджу. І я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны, і я ведаю дакладна, што вось такія справы будуць нагодай судовага разгляду, я ў гэтым упэўнены. Таму што ў любым іншым выпадку гэта будзе несправядліва, будзе незаконна ні паводле чалавечых, ні паводле божых законаў.

Я размаўляў шмат з кім, у тым ліку і з юрыстамі, якія маюць навуковыя веды, мы абмяркоўвалі гэту праблему. Яна ва ўсіх выклікае нуду, ніхто не можа растлумачыць з юрыдычнага пункту гледжання вось гэту непаўнавартасную логіку і гэты нейкі дзіўны збор доказаў, якія такімі не з'яўляюцца. Вы мне кажаце: «У вас быў намер». А я сцвярджаю, што ў мяне намеру не было.

Таму што, калі б у мяне быў намер спыніць транспарт, я б знайшоў вуліцу, на якой ходзіць транспарт, і спыніў бы. Але Мінск вялікі, там не адна вуліца. Але не. Мне кажуць, што ў мяне быў намер ісці вось роўна туды, і там быў спынены. Вось я ішоў з такім намерам. Але чаму вам не ўявіць, што ў гэты час на вуліцы Арлоўскай ішлі тралейбусы і, калі б я жадаў спыніць тралейбусы, то я б выйшаў і спыніў. Ну, напэўна, калі б мне прыйшла такая цудоўная думка вар'яцкая. Але не, вось чамусьці мы апелюем такімі фактамі. Можа быць, ёсць хоць 10 адсоткаў, якія датычацца неяк, астатняе, па-мойму, набор макулатуры, прабачце мне, але я так успрымаю.

Таму я не магу пагадзіцца. Я хачу сказаць, і цяпер я кажу цалкам шчыра, я лічу, што справа распачатая незаконна, я лічу, што я пазбаўлены волі незаконна. У дачыненні да мяне здзяйсняецца злачынства. Таму што калі чалавека пазбаўляюць волі незаконна, значыць у дачыненні да яго здзяйсняюць злачынства.

І мне гэта не падабаецца, і я спадзяюся, што ўрэшце рэшт прафесійныя якасці, чалавечыя якасці перамогуць, і гэтаму будзе пакладзены канец, таму што з гэтым немагчыма мірыцца. Пры гэтым звяртаю ўвагу, у гэтым судзе прагучала некалькі сітуацый, якія, скажам, кажуць пра тое, што ў той час, калі мы гэтыя рэчы, я нават не ведаю як гэта назваць, нават адміністрацыйна з вялікай нацяжкай можна казаць пра гэта, паведамілі пра злачынства, якое адбываецца ў ІЧУ, пра катавальныя ўмовы, пра збіванні… Слухайце, ну ніякай рэакцыі ў дзяржаўнага абвінаваўцы. Вось наогул ніякай. Вось мы абураемся, чаму людзі выйшлі на праезную частку — і зусім не звяртаем увагі на тое, што вакол дзеецца…

Вельмі складана казаць пра рэчы, якія выклікаюць абурэнне. Вось мая пазіцыя. Я не ведаю, пра што прасіць суд, таму што я ведаю з моманту пачатку суда, і з моманту завядзення крымінальнай справы я ведаў, што гэта скончыцца пазбаўленнем волі, таму на гэтым я заканчваю».

Чытайце таксама:

Вынесены прысуд Мікалаю Казлову і іншым членам Аб’яднанай грамадзянскай партыі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
58
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
11
0
Нейкі сюр/адказаць/
03.11.2022
Мужны і разумны чалавек!
0
Мойша/адказаць/
03.11.2022
Вядома будзеш, пытанне калі
0
даведка/адказаць/
03.11.2022
Боже, тридцать лет на невиновных фабриковали дела, а теперь столько же придётся их реабилитировать и сажать за фальсификации оперативников, следователей, экспертов, прокуроров, судей и, главное, бенефициаров всего этого террора против собственного народа.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930