Адміністратара незалежных чатаў асудзілі на 15 гадоў
Станіслаў Кузміцкі — мінскі прадпрымальнік, які быў асуджаны 3 лістапада на 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў адміністраванні больш за 30 тэлеграм-чатаў, у прыватнасці чата «97», паведамляе Dissidentby.
Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд крымінальнай справы 36-гадовага прадпрымальніка 15 верасня.
Судовы працэс вёў суддзя Яўген Хаткевіч.
Станіслава Кузміцкага абвінавачвалі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, пісала «Вясна»:
- ч. 1 арт. 293 — масавыя беспарадкі;
- ч. 1 арт. 290-4 — стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй;
- ч. 1 арт. 361-1 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
- ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- ч. 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- ч. 3 арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.
Кузміцкі быў затрыманы напрыканцы снежня 2021 года і да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.
КДБ Беларусі ўнёс яго ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Паводле матэрыялаў следства, Кузміцкі, «маючы перакручаныя каштоўнасці і лжывае разуменне слова «патрыятызм», мэтанакіравана ўступіў у тэрарыстычную арганізацыю і ўзначаліў асобныя рэсурсы сеткі «…97». Ён адміністраваў больш за 30 чатаў <…> Мужчына фармаваў склад экстрэмісцкіх супольнасцяў, размяркоўваў ролі і арганізоўваў удзел іх сябраў у акцыях пратэсту. Акрамя гэтага, ён прымаў меры па згуртаванні і павелічэнні колькасці супольнасцяў: маральна падтрымліваў іх у гутарках прыватнага характару, арганізоўваў правядзенне сумеснага вольнага часу, распаўсюджванне агітацыйнай прадукцыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў экстрэмісцкага характару на фасады будынкаў».
Cледства сцвярджае, што ён «асабіста шэсць разоў удзельнічаў у падобных супрацьпраўных дзеяннях».





