Знайсці
10.11.2022 / 00:398РусŁacБел

«Агент мог бачыць асабістыя даныя людзей, якія дасылалі інфармацыю ў бот». Вячорка і «Інфапойнт» пракаментавалі сітуацыю з ЧКБ

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і каманда «Інфапойнта» пракаментавалі адкрыты ліст-зварот Яніны Сазановіч да яго. У ім былая рэдактарка «Чорнай кнігі Беларусі» выставіла шэраг патрабаванняў. 

Супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко быў укаранёны ў «Чорную кнігу Беларусі»

Скандал разгарэўся вакол сітуацыі з ЧКБ (ініцыятыва па апублічванні даных тых, хто датычны да рэпрэсій), у якую змог укараніцца супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко. Ён атрымаў доступ да чатаў, кантактаў інфарматараў, а таксама нейкі час нават кіраваў арганізацыяй. Адзін з супрацоўнікаў ЧКБ — Даніла Багдановіч — не верыфікаваў агента належным чынам і ігнараваў сігналы калег аб падазронасці новага чальца каманды. 

Гайко таксама атрымаў доступ да працы агенцтва «Інфапойнт», стваральнікам якога быў Франак Вячорка. 

У адкрытым лісце Яніна Сазановіч, апроч іншага, патрабавала аказаць фінансавую дапамогу сем'ям затрыманых інфарматараў ЧКБ, дапамагчы эвакуяваць тых інфарматараў, якіх пакуль не арыштавалі. Таксама адхіліць ад працы ў «Інфапойнце» людзей, якія ўваходзяць у Офіс Святланы Ціханоўскай, каб выключыць канфлікт інтарэсаў, і звольніць Данілу Багдановіча.

«Мяне абурае сітуацыя з ГУБАЗіКам не менш за Яніну»

Франак Вячорка кажа, што прэтэнзіі не да яго. Па яго словах, ён не мае дачынення да «Чорнай кнігі Беларусі» і да з'яўлення супрацоўніка ГУБАЗіКа ў камандзе. 

«Я разумею крык душы Яніны. Мяне абурае сітуацыя з ГУБАЗіКам не менш за яе. Гэта замоўчваць нельга, трывожны званок усім, хто працуе ў дэмакратычным руху — дбаць найперш пра бяспеку людзей: і тых, хто з вамі працуе, і тых, хто ў Беларусі.

Я ўжо казаў раней, што ў «Інфапойнце» не ўплываю на нешта і не прымаю рашэнні. На планёрках рэдакцыі быў адзін раз, дзе расказваў пра палітычныя пазіцыі Офіса. Тлумачыць сітуацыю павінны самі ўдзельнікі ЧКБ і «Інфапойнту», — сказаў Франак Вячорка.

«Супрацоўнік, які прыняў на працу ў ЧКБ агента спецслужбаў, адхілены ад працы»

Таксама сёння пасля адкрытага ліста-звароту Яніны Сазановіч каманда Infopoint Media Network пракаментавала інфармацыю аб агенце спецслужбаў. 

«Infopoint Media Network быў зарэгістраваны ў чэрвені 2021 года, праз месяц пасля выкрыцця агента. Але існаваў чат з аднайменнай назвай у тэлеграме, куды ўваходзілі ўдзельнікі шэрагу праектаў, некаторыя з іх пазней сталі часткай Infopoint Media Network. У чаце было некалькі дзясяткаў чалавек: актывісты, блогеры, рэдактары, журналісты, эксперты. У чат быў уключаны і персанаж, які, як было ўстаноўлена ўдзельнікамі праекта, аказаўся агентам спецслужбаў. 

Сцвярджэнні аб тым, што ён нібыта кіраваў службай бяспекі нашай арганізацыі, не адпавядаюць рэчаіснасці. Ён займаўся рэдагаваннем кантэнту для «Чорнай кнігі Беларусі», — паведамілі ў Infopoint Media Network.

«Мы апыталі супрацоўнікаў праекта і ўстанавілі, што агент мог бачыць асабістыя даныя карыстальнікаў тэлеграм (нікнэйм і нумар тэлефона, калі ён не быў схаваны), якія дасылалі інфармацыю ў бот, — расказала каманда. — 

Актывісты прасілі людзей выкарыстоўваць ананімныя акаўнты і VPN, але не ўсе карыстальнікі бота, на жаль, гэта рабілі. Гэтыя людзі маглі пацярпець. 

Дакладная іх колькасць невядомая, паколькі мы разумеем, што звычайная практыка беларускіх спецслужбаў заключаецца ў выкарыстанні выдуманых абвінавачанняў, у тым ліку і абвінавачанняў у перадачы інфармацыі ў ЧКБ. А ў якасці доказнай базы выкарыстоўваюцца атрыманыя пад катаваннямі і ціскам прызнанні».

Даніла Багдановіч, па словах каманды Infopoint Media Network, які прыняў на працу ў ЧКБ агента спецслужбаў і падтрымліваў кантакт з ім, адхілены ад працы з праектамі і камандамі Infopoint Media Network з 19 кастрычніка 2022 года. 

«Мы працягваем займацца журналісцкімі расследаваннямі, але цяпер больш асцярожна падыходзім да набору супрацоўнікаў, разумеючы ўсе магчымыя наступствы і ўлічваючы сумны досвед. Як і ўсім нашым калегам у беларускіх медыя, нам давялося перабудоўвацца і вучыцца, у тым ліку на сваіх памылках.

Мы шкадуем аб тым, што адбылося, і прыносім прабачэнні ўсім, хто мог пацярпець. 

Калі ласка, не пытайце нас аб імёнах, людзях, якія мелі дачыненне да сітуацыі, і дэталях. Мы не хочам ствараць новую патэнцыйную пагрозу ўсім, хто працуе з намі, і дапамагаць спецслужбам і прапагандыстам. Мы разумеем, што сілы спецслужбаў накіраваныя на тое, каб нацкоўваць людзей, якія працуюць на дасягненне адной мэты.

Заклікаем усіх беларусаў — дзе б вы ні знаходзіліся — выконваць базавыя правілы бяспекі: не выкарыстоўваць сапраўдныя імёны пры рэгістрацыі ў тэлеграм, чысціць чаты, выкарыстоўваць двухфактарныя аўтэнтыфікацыі і думаць пра бяспеку ў першую чаргу. Дзякуй беларускім незалежным медыя, якія ўзнялі праблему, — мы правялі ўнутранае расследаванне і прынялі меры», — пракаментавала каманда Infopoint Media Network. 

Чытайце таксама:

«Звольніце Багдановіча, аддзяліце «Інфапойнт». Былая рэдактарка ЧКБ апублікавала патрабаванні да Франака Вячоркі

«Казаў, што ў яго маці ў закладніках і мы нічога не разумеем». Былая рэдактарка ЧКБ пра сітуацыю з агентам у камандзе

Губазікавец дзевяць месяцаў быў у камандзе Чорнай кнігі Беларусі. І ўрэшце ўзначаліў яе

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Жыве/адказаць/
10.11.2022
Теперь инцидент с агентом в ЧБК можно считать исчерпанным.
0
Ну да ну да/адказаць/
10.11.2022
Злілі народ, а цяпер апраўдваюцца.
6
Мойша/адказаць/
10.11.2022
gfer, отстранілі і пальчіком погразілі вот такіе оні у нас соровые. Вячорка такі вячорка, што бацька, што сын
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера