Андрэя Макарэвіча прызналі ў Расіі замежным агентам. Але зрабілі за каментары СМІ
Лідар гурта «Машына времені» Андрэй Макарэвіч прызнаны замежным агентам за каментары ў СМІ, у тым ліку замежным. Мінюст РФ палічыў гэта «замежным уплывам», распавёў адвакат музыкі Аляксандр Перадрук.
«Замежнага фінансавання не знайшлі, але, паколькі ён даваў інтэрв'ю замежным журналістам, гэта палічылі замежным уплывам. Нібыта яны далі яму пляцоўку для распаўсюджвання думкі», — сказаў Перадрук, які перадаў копію меркавання Мінюста журналістам.
Макарэвіч стаў першым, каго ўключылі ў спіс замежных агентаў не за фінансаванне, а праз «замежны ўплыў», адзначае юрыст Павел Чыкаў. Закон, па якім замежным агентам змогуць абвясціць любога, хто знаходзіцца пад «замежным уплывам», уступае ў сілу 1 снежня.
У выпадку Макарэвіча «замежным уплывам» Мінюст палічыў яго сакавіцкія інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону і тэлеканалу «Дождь», дзе ён у прыватнасці выказваўся пра вайну ва Украіне. Таксама Мінюст заявіў, што Макарэвіч у сваім тэлеграм-канале сістэматычна распаўсюджвае негатыўныя каментары аб рашэннях расійскіх уладаў, абвінавачвае іх у ваенных злачынствах і атаясамлівае сучасную Расію і нацысцкую Нямеччыну.
Па стане на 26 лістапада 2022 года, ва ўсе пяць спісаў замежных агентаў, якія фарміруе Мінюст, уключаны больш за 340 грамадзян, СМІ, некамерцыйных арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў. Статус замежнага агента абавязвае сярод іншага штоквартальна даваць справаздачу аб руху сродкаў на асабістых рахунках і маркіраваць усе публічныя паведамленні. За памылкі ў справаздачы або адсутнасць маркіроўкі пагражае пакаранне аж да пазбаўлення волі.





