Знайсці
03.12.2022 / 09:10РусŁacБел

Мінчанка пераехала ў Варшаву і праводзіць парфумерныя сустрэчы. «Хобі пачало прыносіць мне грошы»

У Мінску ў Дашы было 260 флаконаў духоў — 115 з іх ужо пераехалі з ёй у Варшаву. Усё гэта не толькі дзеля ўласнай асалоды: у Польшчы дзяўчына ўзялася за арганізацыю парфумерных сустрэч, піша citydog.io.

Як пераезд з Беларусі дапамог знайсці новую справу

У Беларусі Даша доўгія гады займалася выкладаннем — была настаўніцай па вакале, дырыжыраванні і вакальна-харавых дысцыплінах. А яшчэ паціху фарміравала мінскую парфумерную супольнасць: у лістападзе 2021-га яна пачала рабіць парфумерныя сустрэчы — і каб знайсці круг зносін з падобнымі інтарэсамі, і каб дзяліцца ведамі, назапашанымі за гады захаплення парфумерыяй.

У 2022 годзе Даша, як і многія, з’ехала з Беларусі. Спачатку яна разам з сям’ёй апынулася ў Батумі — і там, распавядае дзяўчына, яна шмат пра сябе зразумела. Самым галоўным і важным усведамленнем, прызнаецца Даша, стала разуменне таго, што, дзе б яна ні апынулася, яна ўсюды зможа знайсці сябе і сваю справу — таму што, куды б яна ні паехала, з ёй заўсёды будзе яна сама.

А яшчэ дзяўчына зразумела, што яна перагарэла і больш не хоча займацца музыкай — але хоча яшчэ больш заглыбіцца ў свет парфумерыі:

— Я не хачу казаць, што маё хобі стала маёй працай, але так, яно пачало прыносіць мне грошы. Я дзялюся з людзьмі сваімі ведамі, заражаю іх любоўю да пахаў, водараў, парфумерыі — настолькі, што некаторыя потым ідуць вывучаць гэтую сферу, ідуць на курсы парфумераў. Па сутнасці, зараз я перадаю людзям увесь той багаж ведаў, які збірала гадамі.

Пра сілу нетворкінгу ў эміграцыі

Яшчэ жывучы ў Батумі, Даша і яе муж зразумелі, што хацелі б пераехаць у ЕС, і неўзабаве яны аказаліся ў Польшчы. Праўда, ідэя аб стварэнні парфумернага клуба ў Варшаве з’явілася яшчэ да таго, як Даша туды патрапіла, — і ўсё па волі выпадку.

— Яшчэ да пераезду я пазнаёмілася з Антоніем, прадстаўніком праекта Locals. Антоній ладзіць у Варшаве сустрэчы для беларусаў і ў цэлым імкнецца знаёміць цікавых людзей, каб яны надалей маглі разам адаптавацца ў Польшчы.

Мяне вельмі натхніла праца Антонія, і я стварыла для яго гід па парфумерыі — проста хацелася падзяліцца чымсьці добрым. Яму гэта вельмі спадабалася, і ён сказаў: «Ведаеш, гэта вельмі класна, у Варшаве шмат людзей, каму гэта будзе цікава. Давай я табе дапамагу з арганізацыяй мерапрыемства». Ён пазнаёміў мяне з аднымі людзьмі, яны — з іншымі, і ў выніку так паволі і пачалося фарміраванне парфумернага кам’юніці ў Варшаве.

Аказалася, гэта і праўда цікава людзям. Мне прыйшло шмат заявак на ўдзел, я пачала арганізоўваць сустрэчы, ламаць галаву над фарматамі, прыдумляць розныя тэмы, далучаць усіх да дыялогу, знаёміць людзей паміж сабой.

Хто і навошта прыходзіць на парфумерныя сустрэчы

Даша расказвае, што на сустрэчы прыходзяць і ўкраінцы, і беларусы, якіх, вядома, значна больш. Прычым гэта не абавязкова беларусы, зацікаўленыя менавіта парфумерыяй. На думку дзяўчыны, людзі ў першую чаргу шукаюць кампанію сваіх суайчыннікаў, шукаюць новых сяброў і спосаб сфарміраваць на новым месцы новае кола зносін.

— Вельмі шмат людзей апынулася ў Польшчы не па сваім жаданні, і ім хочацца жывых зносін, зносін на знаёмай ім мове. Так, людзі хутка вучаць польскую або як мінімум крыху яе разумеюць, але ўсё роўна, калі бачаць перад сабой беларуса, гатовы лягчэй раскрывацца, больш расказваць, больш слухаць.

Таму так, на мае сустрэчы людзей прыводзіць не толькі любоў да водараў, але і туга па радзіме. Аднак у працэсе яны ўцягваюцца і ў парфумерыю.

У далейшым мне б хацелася супрацоўнічаць з мясцовымі парфумернымі крамамі, але я разумею, што для гэтага патрэбная польская мова, а яе я пакуль не пачала вучыць.

Як арганізаваць сваё мерапрыемства ў незнаёмай краіне

— Цяпер я не займаюся ўсімі арганізацыйнымі момантамі: мне дапамагае і Антоній, і ўкраінскія дзяўчынкі з жаночага клуба Inspire Me — і мне, вядома, даспадобы такі фармат. Але зараз я пачынаю паціху і сама вывучаць месцы, дзе магла б праводзіць свае сустрэчы.

Ізноў-ткі дапамагае нетворкінг і проста адкрытасць: ты прыходзіш у бар, у кафэ, бачыш прыдатнае месца — і проста пытаеш уладальнікаў аб магчымасці арандаваць памяшканне. Менавіта так, напрыклад, я нядаўна знайшла класную прастору: я проста выпівала ў бары, зразумела, што хацела б там арганізаваць івэнт, — і проста пра гэта спытала.

У Польшчы няма ніякіх перашкод, я не сустракала ніякіх праблем з камунікацыяй: усе добразычлівыя, разумеюць англійскую, так што дамовіцца з уладальнікамі ўстаноў можна без праблем.

Бонус: дзе ў Варшаве шукаць класную парфуму

— У Варшаве шмат добрых парфумерных крам і добры выбар водараў. Ёсць нават месцы, дзе парфуму можна купіць на распіў па мілілітрах, — і там прадаюцца часам вельмі рэдкія і незвычайныя кампазіцыі.

Яшчэ ў мясцовых сеткавых Douglas і Sephora ёсць асаблівасць: у розных крамах выстаўлены розныя лінейкі і брэнды, так што трэба ездзіць па ўсёй Варшаве.

Mood Scent Bar

Galiluo

Perfumeria Impressium

Perfumeria Quality

Mon Credo

House Of Merlo

Mo61 Perfumelab

Чытайце таксама:

На плошчы Незалежнасці паставілі ёлку. На ёй ёсць нешта незвычайнае

Беларуская айцішніца атрымала бальнічны па выгаранню: «часам думаю: «цяпер бы на працу»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера