Еўракамісія падрыхтавала дзявяты пакет антырасійскіх санкцый, рэжым Лукашэнкі яны не закрануць
Карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Бруселі Рыкард Ёзвяк паведаміў, што Еўракамісія падрыхтавала новы праект санкцый супраць Расіі.
Па словах Ёзвяка, у санкцыйны спіс гэтым разам трапяць каля 180 расійскіх юрыдычных асоб. Гаворка ідзе пра банкі, тэхналагічныя кампаніі і СМІ.
У той жа час санкцыі не закрануць рэжыму Лукашэнкі, які дапамагае Расіі весці вайну ва Украіне, аднак пакуль не наважыўся накіраваць на фронт свае войскі.
Польшча і краіны Балтыі прапаноўвалі ў рамках дзявятага санкцыйнага пакета абмежаваць супрацоўніцтва ў галіне ядзернай энергетыкі, а таксама ўвесці забарону на продаж Расіі любых беспілотных лятаючых апаратаў, у тым ліку грамадзянскіх. Ці ўвойдзе нешта такое ў пакет, пакуль не паведамляецца.
Чакаецца, што санкцыі будуць канчаткова ўзгодненыя на сустрэчы кіраўнікоў МЗС Еўразвяза 12 снежня.