Знайсці
18.12.2022 / 17:4411РусŁacБел

«Так, ёсць наркаманы, дык і што?» Як беларуска працуе на хуткай у Варшаве

Настасся Калашнікава, чэмпіёнка Беларусі па тайскім боксе, восем гадоў адпрацавала на мінскай хуткай. Потым дзяўчыну звольнілі з палітычных матываў, пазней ёй давялося пераехаць у Польшчу. Там Калашнікава знайшла спосаб вярнуцца да любімай працы. Расказвае, як выглядае варшаўская хуткая дапамога знутры.

Усе фота: архіў Настассі Калашнікавай

«Калі не спрабавалі, то «немагчыма» — гэта проста слова»

Наста прыехала ў Польшчу ў кастрычніку 2021 года і спачатку займалася стандартнымі мігранцкімі падпрацоўкамі — раздачай улётак, клінінгам, мыццём посуду ў кавярнях. У снежні пачала падпрацоўваць у ІТ па некалькі гадзін на дзень. А ў красавіку пайшла на курсы польскай мовы, бо зразумела, што мае магчымасць вярнуцца на хуткую (па дазволе міністра аховы здароўя з яе дыпломам можна было пайсці ў медыкі, не перавучваючыся).

Не ўсе верылі ў тое, што дзяўчыне ўдасца.

«Калі расказвала знаёмым, што буду спрабаваць пайсці ў Польшчы на хуткую, мяне ўсе адгаворвалі: маўляў, туды нерэальна ўладкавацца, бо гэта папулярнае месца.

Вельмі часта мне так казалі, а я пыталася ў адказ: ці спрабаваў сам чалавек туды трапіць? Калі не спрабаваў, то «немагчыма» — гэта толькі слова. Раілі ісці працаваць у прыёмнае аддзяленне, бо туды трапіць лягчэй. Там больш супрацоўнікаў і там ёсць каму сачыць за новымі пацыентамі, яшчэ там часта працуюць перад тым, як пайсці на хуткую. Я ж прыйшла адразу на хуткую», — расказвае яна.

Вывучэнне польскай мовы, што пачалося ў красавіку гэтага года, стала для беларускі першым крокам да мэты.

«Мне кажуць, што я малайчына, бо ўжо навучылася трохі на ёй гутарыць, а я лічу, што ўсё жахліва, мова даецца мне вельмі цяжка. У дадатак, я і сама не вельмі камунікабельная, а цяпер такі час, што мне яшчэ менш хочацца размаўляць з людзьмі, не магу прымусіць сябе пагаварыць па-польску з калегамі — акрамя іх, больш не ведаю палякаў», — тлумачыць дзяўчына.

Калашнікава расказвае, што можа гутарыць па-польску з пацыентамі, але збольшага гэтым займаюцца яе напарнікі, бо Наста — не галоўная ў брыгадзе, а хутчэй адказная за ўкладку (сумкі). Калі ў пацыента нейкія дэфекты маўлення, ён хварэе або проста п’яны, беларусцы можа быць цяжка яго зразумець. Таксама яе задача — агляд пацыента і розныя вымярэнні.

Каб атрымаць дазвол на працу, Калашнікава падрыхтавала шмат дакументаў: дыплом і пацвярджэнні працоўнага досведу, заяву на імя міністра аховы здароўя, даведку аб прафаглядзе, заяву аб праваздольнасці і пераклады ўсіх гэтых дакументаў на польскую мову ад натарыяльнага перакладчыка. Паперы трэба аднесці ў польскае Міністэрства аховы здароўя і чакаць свой дазвол у сярэднім паўгода. Наста чакала чатыры месяцы. У міністэрстве некалькі разоў гублялі яе дакументы і кантакты, так што, хаця адказ быў гатовы ў сярэдзіне лета, яна даведалася пра яго толькі ў канцы жніўня, калі сама туды пазваніла.

Дзяўчыне выдалі часовы дазвол на медыцынскую дзейнасць. Ён дзейнічае пяць гадоў, і прадоўжыць яго нельга. За гэты час можна атрымаць адпаведны еўрапейскі дыплом і пайсці працаваць, калі ж дыплома не будзе, праз пяць гадоў трэба будзе пакінуць працу.

Гэта датычыць і сярэдняга медыцынскага персаналу, і ратаўнікоў (ratownik) — так у Польшчы называюць парамедыкаў, што працуюць на хуткай.

Наста плануе вучыцца ў наступным годзе ў прыватнай медыцынскай школе. А пакуль працуе.

«Калі я атрымала дазвол, даслала сваё рэзюмэ ў Цэнтральную станцыю хуткай дапамогі ў Варшаве, і мяне запрасілі туды прыехаць. Распавялі пра заробак, умовы, пра нюансы працы, і я пайшла рабіць медыцынскія даведкі і страхоўкі для працы. Потым мне проста знайшлі станцыю, на якой было месца».

«Гэта вялікі горад, тут пастаянна нешта здараецца»

Першае, што падмячае Настасся — на польскай хуткай вельмі малыя станцыі: на адной станцыі ля дома Насты працуе тры машыны, на другой — дзве, сама Калашнікава працуе на станцыі, дзе ёсць чатыры машыны. Для параўнання: у Мінску на адной станцыі можа быць 18 машын.

А яшчэ ў Варшаве надта размытыя межы ўчасткаў: «Часам, калі мы вязём чалавека ў бальніцу на іншым канцы горада, нам можа лёгка прыляцець выклік у тым жа раёне на нажавое ці ДТЗ. Гэта вялікі горад, тут пастаянна нешта здараецца, таму, як толькі ты мяняеш статус брыгады, табе праз дзве вуліцы прылятае выклік, бо ты проста бліжэй за ўсіх да здарэння».

Працуюць на хуткай шмат, бо, тлумачыць Наста, ратаўнікі па мерках Польшчы і Варшавы атрымліваюць мала. І запыты ў людзей іншыя. Яны могуць шмат працаваць, бо хочуць, напрыклад, набыць дом, думаюць іншымі сумамі, чым беларусы.

«Я працую ў раёне Прага, яго мала хто любіць, але мне Прага падабаецца. Гэта, як лічыцца, крымінальны раён, там шмат старых дамоў і сацыяльных кватэр. Усё, як дома, мне звыкла. Так, ёсць наркаманы, дык і што?»

Што да ўзроўню жыцця і заробку, тут, расказвае беларуска, параўноўваць з радзімай цяжка. Апошнія гады ў Мінску Наста зарабляла добра, бо мела кавідныя даплаты. Але потым іх у дзяўчыны забралі: кажа, адзін з намеснікаў галоўнага доктара пачаў ёй помсціць:

«Аформіў на мяне скаргу па нязначных падставах, прытым што да таго ў мяне за восем гадоў працы не было ніводнай скаргі. У выніку я страціла ўсе даплаты, і мне пакінулі недзе 400 рублёў заробку».

Калі ў Насты былі даплаты, яна не брала дадатковыя змены і працавала толькі тады, калі прасілі на працы. Кажа, што не хацела прыйсці да выгарання, бо змены былі вельмі цяжкія, дужа шмат смерцяў, асабліва калі пачаўся кавід.

Ратаўнікі ў Польшчы зарабляюць па-рознаму. «Мне пойдзе», — кажа Наста. У яе добрае рэзюмэ, і наймальнікі пастаянна пыталіся, ці не можа беларуска быць галоўнай у брыгадзе, але пакуль не хапае ведання польскай мовы.

Аформленая Наста па дамове тыпу umowa zlecenia — нешта накшталт дамовы падраду.

Па ёй час працы разлічваецца па гадзінах, за адну гадзіну плацяць 30—65 злотых (6—14 еўра), і яшчэ трэба адняць падаткі. Заробак залежыць ад досведу і ад ролі ў брыгадзе, таксама кожны бярэ столькі працоўнага часу, колькі можа.

У брыгадзе Насты тры чалавекі: яна сама — просты ратаўнік, ёсць яшчэ галоўны ратаўнік і ратаўнік-кіроўца, і ва ўсіх іх заробкі адрозніваюцца. Што да часу працы, у мінулым месяцы ў раскладзе Насты стаяла толькі тры змены па дванаццаць гадзін, а ўсе астатнія змены ёй прапаноўвала кіраўніцтва, калі вызваляўся нейкі час.

На што хапае заробленых грошай? «Калі я тут працую на стаўку, мне пасля аплаты арэнды кватэры грошай хапае ўпрытык. Калі ж я знайду яшчэ адну працу ці буду працаваць на паўтары стаўкі, то купчая здольнасць у мяне істотна вырасце. Але трэба ўлічваць, што я жыву ў Варшаве, дзе вельмі дорага здымаць кватэру. Цяпер я плачу за жыллё з усімі плацяжамі 2 600 злотых (каля 550 еўра), гэта аднушка на краі горада», — дзеліцца беларуска.

«Бальніцу ў Польшчы ўспрымаюць як пакаранне»

Сваім болем Наста называе гісторыю па здабыванні працоўнай формы — ці, інакш, пра барацьбу з польскім сэрвісам:

«Лайфхак — у Варшаве трэба адкрываць швейную майстэрню спецформы. На гэтым тут можна ўзбагаціцца, бо канкурэнцыі няма. І ў тых майстэрняў, якія дрэнна працуюць, настолькі вялікія замовы, што ім збольшага ўсё роўна, губляюць яны замовы ці не».

Па дамове тыпу umowa zlecenia беларуска на працы мае шмат абмежаванняў. Напрыклад, у яе няма аплачванага адпачынку, а каб атрымаць бальнічны, трэба пісаць заяву з просьбай здымаць з заробку падатак на бальнічны. Наста напісала гэтую заяву, бо ведае, што такое працаваць на хуткай, калі можаш падвярнуць дзе-небудзь нагу і на два тыдні выпасці.

Па umowie zlecenia формай яе таксама не павінны забяспечваць, трэба было шукаць самой. Так што Калашнікава купляла форму ў прыватнай фірме. Каштуе форма дорага — да паўтары тысячы злотых (каля 320 еўра). Працэс пашыву трохі зацягнуўся: «Каб не было праблем з памерамі, я сама туды паехала, з мяне знялі меркі, і мы ледзьве выбралі мадэль. Абяцалі, што ўсё будзе гатова тыдні праз тры, але ніхто мяне не апавяшчаў пра гатоўнасць, таму праз пяць тыдняў пачала ім званіць. На той час ужо працавала, хаця і была без формы.

Некалькі разоў туды званіла, у выніку мы ледзьве выбралі дату, калі я прыеду да іх па форму. І нездарма я прыехала туды сама: калі курткі мне яшчэ пашылі добра, то штаны былі зусім не па маім памеры, проста з мяне ўпалі, як у мульціку. І іх была адна пара, а не дзве, як я замаўляла».

Нават з другой спробы атэлье не змагло пашыць штаны па памеры.

Польскія пацыенты, разважае Калашнікава, падобныя да беларускіх. Такія ж людзі, гэтак жа п’юць, кідаюцца адно ў аднаго нажамі, гэтак жа часам выклікаюць хуткую на дробязі. Але такіх выклікаў тут менш, і рэч у фільтрацыі выклікаў з боку дыспетчараў.

Людзі тэлефануюць у хуткую з любых прычын, напрыклад, спытаць, якую ваду ім лепш піць, бо ў іх праблемы са страўнікам. Але ў Беларусі ёсць дыспетчары, якія адправілі б на такі выклік брыгаду, бо ў чалавека баліць жывот, а тут брыгада не паедзе. Чалавеку, калі ў яго нешта лёгкае, параяць выпіць таблетку ці самому пайсці да доктара.

Яшчэ адно адрозненне: калі брыгада ў Польшчы кажа пацыенту, што трэба ехаць у бальніцу, вельмі шмат людзей адмаўляецца (пытаюцца ў неэкстранных выпадках).

«Рэч у тым, што ў Беларусі, калі чалавек едзе ў прыёмнае аддзяленне, ён праводзіць там у сярэднім адну-дзве гадзіны. Доўга там не прасядзіш, і ўвесь час, што ты ў бальніцы, цябе абследуюць. У Польшчы ж гэты час расцягнецца да шасці-васьмі гадзін, і медыкам усё роўна, дзіця ты або дарослы, прыехаў ты на хуткай ці на сваёй машыне. Калі ты проста цяпер не паміраеш, на цябе звернуць увагу гадзін праз шэсць, і да гэтага часу, хутчэй за ўсё, табе стане лепш. Так што бальніцу ў Польшчы ўспрымаюць як пакаранне», — расказвае Наста.

Усё гэта не таму, што ў прыёмным аддзяленні ўсяго некалькі дзяжурных дактароў і вельмі шмат пацыентаў, а яшчэ пацыентаў сарціруюць. Калі чалавек прыйшоў са зламаным пальцам на руцэ, а перад ім людзі з траўмамі пасля ДТЗ, ён будзе вельмі доўга чакаць у чарзе. 

І яшчэ заўвага — у Польшчы медыцынскія брыгады амаль не даюць пацыентам лекі. Калі нічога не пагражае жыццю, ніхто не будзе нічога пацыенту калоць. Баліць галава, высокі ціск — схадзі ў аптэку ці выпі таблетку. Шмат залежыць ад брыгады, але ў цэлым такая рыса ёсць — маўляў, гэта не наша праца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Аднойчы дэпутат пакрыўдзіўся, што мы параўналі яго з бамжом». Як цяпер жыве фельчар Сумкін, на стрым да якога завітала Ціханоўская

«У нас ужо два дактары сыходзяць пасля гэтага новаўвядзення». Медыкі — пра свае заробкі з новымі надбаўкамі

Нарколаг — пра бяспечныя дозы выпіўкі, самы шкодны від алкаголю і тое, калі варта звярнуцца па дапамогу

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
ЯНКА/адказаць/
16.12.2022
«Гэта вялікі горад». :)))
16.12.2022
Evgen, и вовка путин на дупцы))
1
Staszek /адказаць/
21.12.2022
Faraon, masz przestarzałą informację, przywrócony został zawód felczera odpowiednim rozporządzeniem Ministra Zdrowia RP… z powodu wojny i braku kadry w Polsce …
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера