Знайсці
13.12.2022 / 18:033РусŁacБел

Што кажуць дыпламаты пра новага міністра замежных спраў?

Апытаныя «Нашай Нівай» дзейныя дыпламаты і людзі з сістэмы лічаць, што Сяргей Алейнік — найлепшая фігура на пасаду міністра замежных спраў у цяперашняй сітуацыі. Але, як той казаў, ёсць нюансы. 

Сяргей Алейнік (у цэнтры). Скрыншот з відэа

«Алейнік — гэта найлепшы сябра Макея. Не толькі ў ведамстве, але і па жыцці. Ён разумее логіку таго, што рабіў Макей, ён не будзе выдумляць новага. Ён ведае Міністэрства замежных спраў, працуе там з 1992-га, адпаведна, за гэты час вывучыў літаральна ўсіх супрацоўнікаў, а многіх і сам прыводзіў на работу.

Адпаведна, малаймаверна, што зараз у МЗС распачнецца новае паляванне на ведзьмаў, малаймаверна, што народ пачнуць звальняць, а на іх месца набіраць людзей з іншых трохлітарных структур — усё застанецца, як было», — сказаў адзін з нашых суразмоўцаў. 

Падобнай думкі трымаецца і іншы суразмоўца з колаў МЗС. 

«Абсалютны пераемнік, чалавек Макея, найбліжэйшы сябар, які меў доступ да ідэй Макея і абмяркоўваў іх з ім. У МЗС нічога мяняцца не будзе, курс будзе працягвацца — ні чыстак мы не ўбачым, ні новых ідэй не пачуем. Алейнік — гэта чалавек здольны, найлепшае, што мае сучасны МЗС на топ-пазіцыях, іншыя асобы, якія «Нашай Нівай» называліся, былі па сваіх прафесійных якасцях горшымі», — сказаў іншы дыпламат. 

Вестэрнізаваны кан'юнктуршчык

«Хоць і кан'юнктуршчык, але вестэрнізаваны кан'юнктуршчык, што хоць у нейкім сэнсе пазітыўна на фоне ўсеагульнай кадравай дэпрэсіі ў сістэме», — дадаў іншы суразмоўца. 

«Канечне, ніякага размарожвання цяпер быць не можа. Наўрад ці Алейнік возьме і пераканае Лукашэнку вывесці расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі ці выпусціць палітычных. 

Але ў тэорыі, для моманту, калі будзе патрэбна пасярэдніцкая місія, Алейнік будзе самым спрактыкаваным кандыдатам — ён больш за дзесяцігоддзе быў амбасадарам пры Ватыкане. Не ведаю, ці яму там цяпер давяраюць, але дакладна ведаюць.

А Ватыкан — самы імаверны пасярэднік, калі дапусціць рэальнасць нейкай хвалі размарожвання ў адносінах рэжыму і Захаду. 

Астатнія кантакты Алейніка згубленыя, у Лондане яго слухаць не будуць, мне здаецца. У Жэневе таксама», — дадаў іншы дыпламат. 

«Не псіх»

А што вядома пра Алейніка як чалавека? 

«Ён спакойны і не псіх. Не павышае голас, калі гаворыць з падначаленымі, такі «чалавечны чалавек».

Таксама ён беларус, хаця як шмат для яго значыць Беларусь — цяжка сказаць. Яўна менш, чым для многіх іншых сумленных людзей. Але ён і не рускі. Такі наш тутэйшы служака, кар'ерыст», — такую характарыстыку даў іншы знаёмы з Алейнікам.

Які бацька, такі сын 

Сын дыпламата, Аляксандр Алейнік, амаль 10 гадоў працуе ў Федэрацыі футбола. Скончыў Лінгвістычны — як і тата, ведае нямецкую і англійскую мовы. Ён дэлегат УЕФА — наведвае міжнародныя матчы, сочыць за адпаведнасцю Статуту і адпраўляе справаздачы ў галоўны офіс. 

Аляксандр Алейнік

Пасля прыходу Уладзіміра Базанава на месца Сяргея Румаса сына моцна гнабілі ў надзеі выкінуць з прыбытковага месца, але вяртанне бацькі ў Мінск на пасаду намесніка міністра гэты працэс прыпыніла.

Па словах нашых суразмоўцаў з каляфутбольных колаў, сын марыць сысці на работу ва УЕФА, скончыў некалькі іхніх курсаў, але цяпер беларусаў і рускіх туды не бяруць.

Сына адносяць да людзей складу ягонага ж бацькі: палітычную пазіцыю ён ніяк не выяўляў.

Абыход санкцый і легітымізацыя рэжыму

Аналізуючы поле работы, якое рассцялілася перад Алейнікам пасля сыходу Макея, нашы суразмоўцы з сістэмы лічаць, што нешта ў Алейніка атрымаецца, а нешта — не ў яго сілах. 

«У замежнай палітыцы цяпер два галоўныя кірункі дзейнасці: эканамічны — пошук партнёраў для абыходу санкцый, і палітычны — спроба легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі і змякчэння стаўлення да яго з боку развітых краін, — кажа суразмоўца «Нашай Нівы». 

— Для выканання абедзвюх задач, у прынцыпе, хаця і без ніякіх гарантый на поспех Алейнік пасуе. 

Паслужны спіс у яго з вынікамі: у Брытаніі ён зрабіў сабе імя, атрымаў падыход да прынца Кенцкага, прывозіў яго ў Беларусь, а Макею, адпаведна, арганізоўваў паездку ў Лондан.

У Лондане яго прызнавалі найлепшым замежным дыпламатам ад еўразійскага рэгіёна ў 2018-м. Кантакты з Брытаніяй за час ягонай кадэнцыі значна палепшалі.

У пэўныя годы кадэнцыі Алейніка Брытанія была ў топ-3 гандлёвых партнёраў Беларусі, хаця і не без схемаў з нафтапрадуктамі. 

Ён шмат займаўся навядзеннем эканамічных мастоў. Яўна, што аброс кантактамі як і сумленных бізнэсменаў, так і жулікаў, якія шукаюць выгаду з любой сітуацыі. Гэта спатрэбіцца ў наладжванні сістэмных працэсаў для абыходу санкцый, бо пакуль што кожны ў Беларусі ваюе сам за сябе ў плане пошуку санкцыйных тавараў.

Па лініі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ён дамаўляўся аб мільярдных лініях падтрымкі на дарогі і інфраструктуру ў Беларусі. 

Пры нармальнай сістэме, калі б Алейнік служыў нармальнай уладзе, ён бы прынёс народу шмат карысці. А сёння ён звязаны па руках і нагах, будзе рабіць тое, што нараджаецца ў тым кабінеце, у якім яго сёння прымалі. 

А вось што ў яго атрымаецца нешта на Захадзе, у палітычным кірунку работы, — гэта сумнеўна», — мяркуе суразмоўца «Нашай Нівы».

«Міністэрства замежных спраў і ўся Беларусь сёння ў закладніках палітыкі дыктатараў, такое лечыцца не дыпламатамі ў гальштуках і не на каралеўскіх прыёмах. Шкада Алейніка як спецыяліста, у нейкім сэнсе», — дадаў суразмоўца. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
КГБ СССР/адказаць/
13.12.2022
Смешна чытаць усе гэтыя дыферамбы:) з 1998 па 1992 "служба у войску". пасля iняза, ага 4 гады:), у якiм войску ён цiкава праходзiў службу, га?:) i маўчок на гэта :) вялiкабрытанiя месяц не хацела даваць згоду на прызначэнне яго паслом:)
1
Вадя/адказаць/
13.12.2022
Макей ушёл в мир иной ,но его дело продолжат друзья и соратники! Простите ,но я по старости лет ,запамятовал ,а чем он занимался?
3
Заправду/адказаць/
13.12.2022
Ну наканецта пойдзе справа ў нашай знешняй палітыцы!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера